Литмир - Электронная Библиотека

Уладзімір Караткевіч

Леаніды не вернуцца да Зямлі

Памяці друга майго Гераніма Стулпана – прысвячаю

УСЕ ІМЁНЫ І ПАДЗЕІ Ў ГЭТЫМ РАМАНЕ – ВЫДУМАНЫЯ. УСЯКАЕ ПАДАБЕНСТВА З ЛЮДЗЬМІ, ЯКІЯ РЭАЛЬНА ІСНУЮЦЬ, З’ЯЎЛЯЕЦЦА ВЫПАДКОВЫМ.

© Алена Сінькевіч, 2015

© Кажамякін Г. В., падрыхтоўка тэксту, каментарыі, пасляслоўе, 2014

© Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 2014

© ТАА "Электронная кнігарня", 2015

Прадмова аўтара

– У цябе няма фантазіі,– спакойна сказаў сябра. – У словах наогул няма фантазіі, калі гаворка заходзіць пра працу. Вось паветраныя замкі будаваць – на гэта мы мастакі.

Я разумеў яго стан. Мы былі адны ў вясковай хаце, і за вокнамі шамацеў па бузіне абрыдлівы зацяжны дождж. Неба абклала хмарамі, і распатланы бусел стаяў на верхавіне сухой сасны, прыкрываючы крыламі малых. Жонка сябра паехала з маленькім сынам у горад і затрымалася там. Ноч даводзілася бавіць удвух за бутэлькай віна. Сябра быў відавочна раздражнёны і таму несправядлівы.

– Ствары мне свет, – сказаў ён, – свет вялікі, каляровы, цёплы, такі, як жывы. Каб я мог смяяцца і плакаць з гэтага свету, з людзей, якія ў ім жывуць.

– Гэтага нельга, – сказаў я, – кожны смяецца і плача сам за сябе. Ты можаш смяяцца з прычыны маіх слёз і плакаць ад майго смеху.

– Значыць, ты лічыш, што разумення паміж людзьмі няма?

– Мала, – сказаў я, – і ў меру гэтага разумення я магу па спрабаваць.

– Зноў прыдумаць слязлівую гісторыю пра тое, як Ганна кахала Івана?

– Можна і так. Пра гэта чалавек будзе апавядаць да канца дзён.

– А калі мне абрыдла?

– Нічога, – сказаў я, – тут адным каханнем справа не абыдзецца.

– Я хачу пра наша пакаленне, разумееш? Мы не толькі кахалі і працавалі, мы яшчэ і гінулі…

– І часта ні каханне, ні подзвіг, ні загібель не залежалі ад нас. Добра, будзе табе пра ўсё гэта.

Сябра ўстаў і паглядзеў на мяне. Цені ад свечкі бегалі па яго твары, і таму вачаніцы здаваліся вялізнымі і трагічнымі, а нос яшчэ даўжэйшым за сапраўдны.

– А ты ведаеш, што гэта непасільная задача?

– Я паспрабую.

– І я не стану палягчаць яе табе…

– Я і не патрабую.

– Наадварот, я прыдумаю нешта такое, каб зрабіць яе яшчэ больш цяжкай.

– Валі.

Ён хвіліну думаў. Потым кінуўся ў кут і выцягнуў з-пад ложка даволі вялікую пляскатую скрынку. Паставіў яе на стол, расчыніў.

– Сын не будзе ў крыўдзе, што мы трошкі пагаспадарылі ў яго калекцыі.

– Так, – сказаў я, – тым больш што мы ўсё пакладзём на месца.

І тады друг запусціў рукі ў скрынку, наўздагад выцягнуў адтуль некалькі прадметаў і паклаў іх на стол.

– Чаго толькі не збіраюць хлапчукі,– сказаў ён.

– Так, – сказаў я, – ім усё цікава.

– Дык вось, – сказаў друг, – усё гэта павінна быць у тваім апавяданні. І гэты медаль…

– Цяжка, – сказаў я, – на ім надпіс: «За ўціхаміранне польскага мяцяжу», а гэта было сто год таму.

– Усё адно. Усё гэта павінна быць. І медаль, і старыя канспекты, і сапсаваная аўтаручка, і пяро бусла…

– А галубінае можна?

– Можна… І рыбалоўны гачок, і гэты ржавы зазубраны асколак…

– Ну, гэта ўжо занадта. Медалю сто год, асколку – васямнаццаць, а пяру найбольш – год. Дзе ж тут адзінства часу?

– Сам вінен, – няўмольна сказаў друг, – але гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ там павінны быць Масква, Уладзімір, Мінск, Ленінград. І не на паштоўках, як тут, а сапраўдныя, жывыя.

– І адзінства месца паехала, – сумна сказаў я.

– …І яшчэ скарыстаны чыгуначны білет. І яшчэ няхай хлопец будзе мастак або, лепей, паэт, а яна мастак. І яшчэ няхай пачнецца трагедыяй і скончыцца…

– Хопіць, – сказаў я, – агідны ты хлопец. Чаго ты языком мянціш, мянтуха?

– Нічога, – сказаў друг, – ты яшчэ ў дзяўкох. Каму ж яшчэ і пісаць пра гэта. І яшчэ павінны быць вершы, – я люблю вершы, – і карціны, і музыка. Многа.

– Добра, – з фатальным выразам сказаў я.

– І самае галоўнае. Каб я і кожны зразумеў сябе. Каб над сваім лёсам абліўся слязой. Зразумей, дружа, мы перажылі вайну, смерць сяброў, крушэнне шчасця. І яшчэ больш жахлівае. Я хачу бачыць гэта. І смяяцца, і плакаць.

– Гэтага не магу, – сказаў я, – гэта ўжо ад таленту.

– Я ж і кажу. Тут патрэбны вялікі боль.

– Добра, – сказаў я. – Боль я вазьму ўласны. Гэтага дабра хопіць у кожнага.

– Усё памятаеш яе?

– Усё памятаю.

Ён маўчаў.

– Гэта доўгая гісторыя, – сказаў я, – ёй сто год. І яна яшчэ не скончылася. Няма забыцця!

Пралог

Паром на бурнай рацэ

Дарога на поўнач ад горада кантралявалася інсургентамі і была небяспечнай. Таму ганцам, якія павінны былі трапіць у размяшчэнне коннага палка, даводзілася скакаць з захаду, перапраўляючыся ў брод праз Друць або – гэтая дарога была карацейшай, але і больш небяспечнай – ехаць поймаю ракі, паплавамі, каб потым, адолеўшы Дняпро, адчуваць сябе ў бяспецы пад аховаю ўрадавых войск.

На пяцьдзясят вёрст выгінастага рэчышча быў толькі адзін паром, вярстою вышэй ад горада. Яго нельга было аддаць у рукі паўстанцаў, якія маглі б такім чынам парушыць сувязь паміж часткамі карных войск і біць іх паасобку. З гэтай мэтай на левы, процілеглы гораду бераг Дняпра генерал Фікельмонт выслаў роту выпрабаваных у баях салдат пад началам капітана Пора-Леановіча. Капітану не вельмі верылі як нашчадку сепаратысцкай фаміліі і ўраджэнцу Магілёва. Таму «ў дапамогу яму» і «на адпачынак» паставілі, таксама капітана, Юрыя Горава, карэн нага русака са старой маскоўскай фаміліі.

Гораў быў паранены ў правую руку ў сутычцы з атрадам паўстанцаў пад Ракавам і адасланы «ў тыл на лячэнне і адпачынак».

Тылу не было. У гэты трывожны жнівень 1863 года вайна была паўсюль. «Белыя» спрачаліся з «чырвонымі», беларусы абураліся шавінізмам «белага жонду». Успыхвалі, затухалі і зноў выбухалі ачагі абурэння палітыкай цара.

Пераспелае жыта плакала зярнятамі, а ў жыце стаялі шыбеніцы. І не ўстаў ніхто добры, вялікі, любоўны, і не сказаў людзям, што нельга рэзаць адзін аднаго, што свет вялікі і на кожнага выстачыць ніў, што хлеб аднолькава смачны, на якой мове яго ні называй. Не мог сказаць.

Галоўным быў не хлеб. Галоўнай была свабода.

Становішча ставала трывожным. У канцы ліпеня генерал Фікельмонт даў загад знішчыць на Дняпры ўсе чаўны. Асобыя атрады рушылі выконваць загад. Пачалася вакханалія знішчэння. Папрасякалі днішчы чаўноў, віцін, шугалеяў. Не пашкадавалі апошняй душагубкі. Тры дні па ўсім Прыдняпроўі шугаў у неба агонь. Палілі кастры бярвення, з якога інсургенты маглі б звязаць плыты. Прыбярэжнаму насельніцтву, што жыло амаль толькі рыбай, заставалася адно – галадаць.

Кардон, які абараняў паром, жыў нервова і напружана.

А між тым баяцца не было прычыны. Цэнтр паўстання даўно перамясціўся на захад. Галоўны атрад паўстанцаў Прыдняпроўя быў разгромлены яшчэ на пачатку лета, і генералу Фікельмонту гэта не магло не быць вядома.

Інсургенты ў колькасці пяцідзесяці шабель і двухсот штыкоў і кос групаваліся ў Звярынскіх лясах. Там іх выпадкова пабачыў нейкі селянін і кінуўся ў горад – папярэджваць.

Дарогаю ён адабраў прыпрэжку ў ксяндза і ўсю дарогу гнаў коні. Перад самым горадам прыпражны конь здох. Мужык выпраг каранніка, узваліўся на яго і… палкоўнік Фралоў нашчэнт разбіў інсургентаў, акружыўшы іх. Кіраўнік атрада Усяслаў Грынкевіч быў узяты ў палон і асуджаны на смерць. Цяпер ён сядзеў на гарадской гаўптвахце і чакаў. Яго павінны былі вылечыць, выспаведаць перад тварам Усёдаравальнага і толькі потым застрэліць, як сабаку.

Дзеці-дэмакраты пажалі жудасны пасеў прыгоннікаў-бацькоў.

Але асобныя дробныя атрады яшчэ блукалі па пушчах, і плёткі перабольшвалі іх сілу. Ніхто нічога не ведаў, як заўсёды на вайне, і кардон калаціла ліхаманка трывогі і жаху.

1
{"b":"111456","o":1}