Гораў глядзеў, як пальцы Пора-Леановіча з незвычайнай пяшчотай мацалі сталь, і здзіўляўся, чаму нешматслоўны, заўсёды іранічны калега сягоння такі гаваркі, быццам баіцца пакінуць язык хоць на хвіліну без працы.
А Леановіч ужо скончыў з пісталетамі, паклаў іх у футляр і сеў да засланага стала.
– Сёння я нап’юся, – вельмі сур’ёзна сказаў ён.
Юрый сеў за стол з другога боку. Ён толькі прыгубіў першую чарку: піць не хацелася.
Спякота за акном стала, відаць, зусім нясцерпнай. Грозны Дняпро ледзь рухаў у разамлелых берагах цяжкія, як расплаўленае волава, плыні. Пярун бурчаў ужо зусім блізка, замрэяна, амаль без перапынку.
Гэта чаканне жахлівага, разлітае ў млявай прыродзе, гняло нервы. Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі. I Леановіч да таго ж ляскаў чарку за чаркай, як быццам жадаў што б там ні было выканаць свой добры намер: напіцца да моцы божай.
Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай «моцы божай» можна было чакаць чагось цікавага. I таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.
– Вайна называецца, – з лютай весялосцю сказаў ён. – Сумна, Юрачка. Мне б тады ваяваць, калі рабавалі, за косы валілі пад сябе дзяўчат. А тут замест усяго гэтага – капеечны віст і бацькоўскае пасячэнне пейзанаў. Абас… мы з расійскай гісторыяй.
Проста перад сабою, на фоне акна, Гораў бачыў яго сілуэт, рэзкі, прыгожы профіль з прамым носам і ссунутымі бровамі.
– Ты кажаш «людзі», – сказаў Леановіч, хоць Гораў нічога не казаў.– Вось калі не ўходаюць цябе мае суайчыннікі і ты дажывеш да нейкага там часу, – ты ўбачыш дажджы Леанід. Гэта зорны дождж. Зямля пападае ў яго кожныя трыццаць тры гады. I тады лятуць Леаніды. Зялёныя. Фасфарычныя. Быццам Пан Бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі запалак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў… Так яны лятуць тысячагоддзі. I кожны раз, як прылятаюць, бачаць на зямлі тое самае: п’юць кроў, гвалцяць, круцяць хвастом добрыя людзі.
За акном – Юрый з трывогай сачыў за гэтым – хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, відавочна пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.
Задуха стала нясцерпнай. I нясцерпным стала чаканне. Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. I Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, – страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.
Леановіч торкнуў пальцам у адзін з лубкоў.
– Мы вось… як гэтыя тры татарыны. Адзін татарын – Філька (так ён зваў генерала Фікельмонта), другі татарын – я, а трэці – вы, вельмі шаноўны Юрый Аляксандравіч… Дзелім цноту прыдняпроўскай зямлі. Занятак з сэнсам. Таму што яна пад каго толькі не клалася. I выяўляецца, што ўсё гэта па меншай меры непатрэбна-с.
I тут пачалося. За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу.
Шаленства пераднавальнічнага ветру не скончылася на гэтым. Ён вырашыў, відаць, наведацца ў госці да людзей у хаце. Раптоўна грукнулі дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы, дзьмухнула ў чалеснікі, задзёрла па дарозе абрус, ледзь не сарвала яго са стала разам з наедкам і вылецела ў комін, сказаўшы выразным фальцэтам:
– Аоў.
Гораў убачыў у акно, як гэты парыў проймы выкінуў з напаўразбуранага коміна галчынае гняздо і пагнаў яго, як кола, па пыльнай траве.
– Сымон, чортаў сын, – крыкнуў Гораў,– каглу забыў зачыніць.
I сам кінуўся да печы, зачыніў каглу, падторкнуў яе анучай. Сымон скочыў у хату як апантаны, паправіў абрус, зачыніў дзверы, шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай.
Гораў убачыў, што Леановiч сядзiць, успёршыся скронню на кулак, вельмi бледны, з заплюшчанымi вачыма. Вусны яго варухнулiся. Не раскрываючы вачэй, ён сказаў:
Стаiць певень над кручаю,—
Заторкнута с… анучаю.
I растлумачыў:
– Разгадка гэтай загадкі – «кагла». Катэхізіс народнай мудрасці ўвесь складаецца з такіх выслоўяў.
Гораў убачыў, што Сымон задаволена хмыкнуў.
– Iдзiце, Сымон, – сказаў ён, гледзячы ў акно.
Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:
– Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.
Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. I раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:
– Што мне, есці гэта? I што такое, наогул, беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. I раптам… бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і – сікась-накась – пальцам у носе калупае…
Пры апошнiх словах зрэнкi Леановiча папаўзлi да пераносся. Твар стаў такi дурны, што Гораў са сваiм легкаважным i вясёлым характарам не вытрымаў, засмяяўся.
– Няма нічога смешнага, – вызверыўся Леановіч. – I ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. I наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу… Чаго ад нас чакаць? Брат на брата, сват на свата. Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба… туды ж яго матары.
А тыя да пакутніцкага скону ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай Праваслаўнай Царквою прылічаны да хеўры святых…
Вераб’іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім няпоўным і непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.
– I заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар – гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. I ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца… А блакітныя мундзіры іх – па мордзе, па мордзе: «Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні…» А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. I не разбярэш, чаго яны галосяць – ці ад болю, ці ад захаплення… А назаўтра – «За цара, за веру, з намі Бог! Бязбожныя французікі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць». Патрыятызм.
Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. I ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра чалавечы мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, – усё мана, усё міраж.
Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна – ён і сам адчуў гэта і пачырванеў – сказаў яму:
– Вы дваранiн, капiтан Леановiч, вы павiнны паважаць традыцыi…
Леановіч ускіпеў:
– А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак «Пора», ці, па-простаму, «Пара»?
– Не, не ведаю.
– Таму што ад бандзюкоў паходзiм, мiл-свет Юрый Аляксандравiч… У цараванне, здаецца, цара-цяляцi горад Магiлёў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воiнства. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасцi жыхароў уганорылi трымаць гарнiзон коштам самога ж вялiкага града. I сталi тут нашы лабiдуды думу думацi. «Гэта каб яшчэ батагамi, дык згода была б – усё жыццё з-пад батагоў не вылазiм. А грошыкi – тут ужо не. Дудкi».