Таму нікога не здзівіла, што 18 жніўня на кардон прыляцеў улан на ўзмыленым кані, нешта хутка перадаў Пора-Леановічу і быў перапраўлены на той бок ракі. Конь раняў на насціл белыя хлапякі пены і так цягнуўся да вады, што пасыльны ўдарыў яго. Гораў пераправіў конніка на другі бераг (загад Фікельмонта прадугледжваў абавязковую прысутнасць на плывучым пароме аднаго з афіцэраў пры чатырох салдатах) і са шкадобаю глядзеў, як жывёла, амаль па-чалавечы стогнучы, выносіла ўлана на стромы чырвоны адхон.
Гэта было надвячоркам. Парыла так нясцерпна, што салдаты і капітан абліваліся потам. Паром не быў «самалётам»[1], які рухае сіла плыні, і даводзілася цягнуць яго сілаю ўласных рук.
Цьмянае ад сонца люстра ракі здавалася мёртвым. Не боўтала рыба, і шэрыя чаплі на водмелях стаялі расхрыстаныя, замораныя, падобныя на пачварных вядзьмарак, апранутых у лахманы. Толькі ластаўкі ў быстрым лёце чыркалі крыламі ваду ды недзе за бясхмарным даляглядам бурчаў нябачны пярун. Бурчаў упарта, раз-пораз.
«Будзе вераб’іная ноч», – падумаў Гораў.
Быццам адказваючы яму, адзін з салдатаў уздыхнуў:
– Залье нас сёння. Як вясной, будзем куваць на востраве.
Процілеглы бераг быў нізкі, толькі на ўзвозе, дзе стаяла хатка паромшчыка і адрына, быў высакаваты пясчаны ўзгорак, упрыгожаны дзвюма хвоямі і дзясяткам чорных вольх. Туды вада не даставала.
– Іван, – спытаў салдата Гораў,– ты тут пяты год служыш. Што, шалее ў навальніцу Дняпро?
– Рака з характарам. – Твар у салдата быў чырвоны, абліты сонцам. – У палавень залье ўсю пойму, толькі верхавіны над вадою дрыжаць. I так вёрст на сем. Несаабразнае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Тут і ў вераб’іную ноч дрэнна. Усе старыкі на пойме вадой залье… унь той клін адхопіць. Перапраўляцца нават і не думай. Канцы.
Паром торкнуўся ў бераг, і адразу лаза на беразе, якая дагэтуль плыла перад вачыма, спынілася, замерла.
Салдаты з вясёлым гоманам пацягнулі на ўзвоз чорны мораны дуб, прывезены на паліва.
Капітан уздыхнуў. Яму на хвіліну стала зайздросна. Быць такім шчыра вясёлым, такім неўтаймавана жыццярадасным – гэтага ён не мог, для гэтага трэба было быць істотай іншай пароды.
Усё тое ж самае. Трохі не месяц вочы бачаць той самы абрыдлы кардон, хатку паромшчыка, у якой філасофствуе за гарэлкай Пора-Леановіч, адрыну і вялізную стайню, дзе размясціліся салдаты, паласатую будку вартавога, асклізлы паромны канат.
Адзін паратунак – Дняпро. Дый той ляжыць цяпер пад свінцова-цяжкімі прамянямі сонца, трывожны і немы.
А ў Маскве цяпер цішыня. Масква толькі пачынае ажываць. Пусцеюць дачы і маёнткі. На ліпах Няскучнага саду першыя жоўтыя лісцікі; з багатых, па-асенняму, рынкаў даносіць пахам «валовых мордачак» (улюбёныя яблыкі маменькі). Маменька, пэўна, паехала цяпер у манастыр маліцца за здравіе воіна Юрыя і за дараванне яму веры. Едзе паўз Круціцкае падвор’е ў сваім нехлямяжым, падобным на гарбуз вазку. Фурман Сідар з вялізным – на трох – задам крычыць на сустрэчных страшным голасам: «Адыдзі, сцеражыся!» А ў блакітным небе сляпуча блішчаць купалы сабораў, і плыве бязважкі контур Круціцкага церамка.
А вось і сам ён, Юрый, выходзіць з парадных дзвярэй, праходзіць дарожкай пад ліпамі, з насалодаю дыхаючы празрыстым і ўжо схаладнелым паветрам. Ванька ў армяку з дзіркай пад пахай трасецца на козлах.
– Гэй, Ванька!
I вось ляціць, ляціць вазок. Спачатку па Цвярской, потым бульварам, потым на Арбат. I радуецца, захлынаецца ў грудзях ад радасці сэрца. Так, вайна скончана, вайны ніколі больш не будзе. I ліпы! I Арбат! I цудоўныя асабнячкі… I Nadine ўстае яму насустрач у сваёй белай сукенцы…
– Гэта вы? Божа мой, як я рада!
I зноў – занадта паспешліва – апускае да вышывання нявінныя, цёмна-сінія, дзівосныя вочы. Што з таго, што яны толькі двойчы абмяняліся парай нязначных слоў, што яны амаль незнаёмыя. Усё адно гэта Масква, і сонца, і дзень без крыві і стрэлаў. I Масква гэта, і ёсць Nadine, Надзенька, Надзейка, як кажуць тут. Што з таго, што ён цэлы год не бачыў яе, што яны малазнаёмыя. Вось ён бачыць яе валасы колеру ржавых кляновых лісцяў, такія пушыстыя, мяккія, лягусенькія, падзеленыя белым радком, яе рот з прыпухлай ніжняй губкай.
– Надзенька, каб вы толькі ведалі, як я сумаваў па вас, як нясцерпна мне было без вас на гэтай зямлі, што стаптана капытамі конных палкоў.
Яна ўсміхаецца. I цішыня. Недзе ўдарыў і змоўк у шкляным паветры далёкі звон. Шчасце! Масква! I цішыня, цішыня ў шатах ліп. Цішыня.
Стрэл.
Гораў ад неспадзяванасці спатыкнуўся аб корань, які – д’ябал ведае нашто – выпер акурат на дарозе. I адразу пачуў за плотам распанелы грудны голас:
– Сымон, давай карту.
Вернуты стрэлам і гэтым голасам на зямлю, Юрый глыбока і цяжка ўздыхнуў і амаль з нянавісцю агледзеў страшны ў чаканні невядомага Дняпро.
Бровы маладога чалавека задрыжэлі. Але ўжо ў наступны момант ён справіўся – нездарма яго паважалі за шалёную храбрасць, хоць толькі ён ведаў, як цяжка яна яму даставалася, – і цвёрдай хадою накіраваўся ў двор, гэты сумны двор, выбіты, як ток, акружаны паламаным плотам.
Сярод двара, тварам да забітай брамы, стаялі два чалавекі: салдат-дзяншчык і афіцэр. Салдат трымаў скрынку з пісталетамі і распачатую калоду карт. Афіцэр браў са скрынкі пісталеты і, амаль не цэлячыся, страляў у браму, у маленькі белы чатырохкутнічак, прыбіты да шулы.
Афiцэр стрэлiў апошнi раз i павярнуўся:
– А-а, камрад… Да зброі, вісусы-гусары…
Горава ў які ўжо раз уразіў яго сухі прыгожы твар, белыя валасы і бакенбарды і, галоўнае, страшнаватыя блакітныя вочы з выразам пустаты і пагарды да ўсяго. I яшчэ рэзкі шнар паўз брыво і левую скронь.
Калі пры першай сустрэчы ён запытаўся ў Пора-Леановіча наконт паходжання гэтай адмеціны, той неахвотна буркнуў:
Шпагаю тут адзін… падурэў. Штафедрон.
Ну і што? – спытаў тады Гораў.
Паспадзяваўся занадта на французскую школу, – з жахлівай іроніяй сказаў Леановіч, – у славутага, бачыце, Мерсье вучыўся.
Гораў ведаў, што чалавек, з якім звёў яго лёс, карыстаецца славаю першага ў палку – і не толькі ў палку – брэцёра, што ён ужывае толькі дуэльныя пісталеты, але за такім заняткам, як сёння, заставаў Леановіча ўпершыню.
– Руку набіваў,– сказаў Пора-Леановіч з паблажлівай ласкавасцю, – адвучвацца нельга.
Сымон, быццам жадаючы пахваліцца поспехамі пана, аддзёр ад шулы карту і здалёк паказаў яе Юрыю.
– Ат, глупства, – пагардліва сказаў Леановіч.
Нічога не разумею, – сказаў Гораў,– звычайны туз… Жалудовы.
А вы паглядзіце лепей, – раўнадушна сказаў капітан. Гораў падышоў, схіліўся над картай і мімаволі пацягнуў ротам паветра.
Туз быў віновы. Тры кулі, пасаджаныя амаль адна ў адну.
Капітан, – сказаў Гораў,– гэта лепшае, што я калі-небудзь бачыў.
– Лухта, – сказаў капітан, – хадзем лепей вып’ем…
…Гэта была звычайная вясковая хата, толькі што з бакоўкаю. Ды яшчэ палілі яе «па-беламу», так што хоць у гэтым сэнсе афіцэрам пашанцавала. Вялізны, даўно негабляваны стол, шырокія лавы, цемнаваты «Спас» у куце.
На вокнах у гаршках «алёнчыны слёзы». Сухія слёзы, бо зямля ўся ў тытунёвым попеле. Аж шэрая.
Адзінай украсай пацямнелых сцен былі два лубкі. На адным Святы Елісей з тварам хітрага ідыёта, насылаў на отракаў мядзведзіцу. Фарба ад німба расплылася ў Елісея па галаве, і невядома было, чаму ён з такой раскошнай шавялюрай пакрыўдзіўся на мянушку «лысы».
На другім лубку тры татарыны дзялілі палон.
Пакуль Сымон ставіў на стол гарэлку, гуркі ў смятане, міску з варанымі кіяхамі і патэльню, на якой клекаталі ў кіпячым масле смажаныя гусцёркі, Пора-Леановіч сядзеў на лаве ля акна, чысціў пісталеты і размаўляў сам з сабою:
– Зброю, міл-свет Юрый Аляксандравіч, трэба даглядаць толькі самому. Гэта адзіная машына, годная двараніна. Масла для зброі – арыстакрат сярод маслаў для ўсіх машын… Толькі самому. Мой сябра аднойчы загінуў з-за таго, што крэмень у дуэльным пісталеце быў тлусты… Нават не брудны, проста тлусты, ад пальцаў.