Литмир - Электронная Библиотека

– Што ж, – сказаў нарэшце Вайвадс, – я да цябе пасля ўчарашняга стаўлюся асцярожна, як да хворага. Таму паспрабуем лагічна, амаль па-нямецку аднавіць ход дыскусіі, у якой ты плявузгаў розныя глупствы.

Асцярожнае стаўленне.

– Не вяжыся да слоў. Я буду казаць за нашага паважанага Паўла Пятровіча Пружыніна[3], якога я, зрэшты, не люблю больш, як ты, але… лічу, што ён мае рацыю. Справа ідзе пра самае існаванне паэзіі, ты згодзен?

– Так. Бязглуздая спрэчка паміж «фізікамі» і «лірыкамі» гэта давяла.

– Дык вось, яго асноўныя тэзы… Яшчэ ў – х гадах адзін вядомы паэт сцвярджаў, што галоўныя наватары – гэта Хлебнікаў, Маякоўскі, ну… і іншыя.

– I іншыя, – згадзіўся Андрэй. – Ён яшчэ сказаў, што паэты падзяляюцца на «изобретателей» і «приобретателей».

– Потым, – з няўмольнай логікай вяртаючыся да спрэчкі, сказаў Вайвадс, – ён сказаў, што тая старая ісціна не памерла яшчэ і цяпер.

– Якая?

– Ну, падзел верша на складанаасацыятыўны (Маякоўскі, Ціханаў, Лугаўской, Асееў) і ясны, пазбаўлены складаных асацыяцый і метафарычнасці (Жараў, Ісакоўскі, Твардоўскі).

I што паміж іхнімі «спадкаемцамі» дагэтуль існуе ўзаемнае непрызнанне.

– Я ведаю, нашто яму спатрэбілася гаварыць пра гэта, – сказаў Грынкевіч. – Гэта ўсё ён хацеў стукнуць па Панкратаву з Харабаравым, ведаеш, гэтых маладых людзях з інстытута.

Хацеў сказаць, што яны чхаць хочуць на Маякоўскага, а ідуць за Хлебнікавым і іншымі. Памятаеш, крычаў, што яны са стараннасцю «приготовишек» і з «ЛЕФаўскай пагардаю» накідваюцца на пазіцыі Маякоўскага і Твардоўскага, прапагандуючы свае погляды як погляды пакалення… Змяшаў божы дар з яешняй.

– Я не разумею, – паціснуў плячыма Яніс, – чаму ты так абурыўся Пружыніным? Хлопцы сапраўды праз меру захапляюцца занадта дробязнай тэматыкай, сапраўды адмаўляюцца ад дакладнай рыфмы, сапраўды «стыляюць» гэтым. Усё гэта ў дастатковай меры непрыемна. I ўсё ж, дзе праўда – на баку нябожчыка Эйхенбаўма, на баку нябожчыка Беднага?

– На баку жывых, – рэзка сказаў Грынкевіч. – На баку тых, што ідуць, што шукаюць. Нябожчыкі сваё адгаварылі.

Дайце дзейнічаць жывым.

– Пружынін і прапануе «абнаўленне верша ў класічных рамках».

– Ясна, – іранічна сказаў Андрэй, – «росквіт індывідуальнасці дзіцяці ў матчыным чэраве». Не, калі ўжо нарадзілі,– дайце дзіцяці развівацца, як яно само хоча… I ведаеш, Яніс, я паверыў бы ўсім, толькі не Пружыніну. Я не веру бездары, якая брэша на талент. Памятаеш яго словы: «Еўтушэнка, што прыкідваецца разнастайным». А Еўтушэнка пры ўсіх сваіх недахопах у дзесяць разоў больш таленавіты, чым Пружынін, – душачка, якая на чыіх толькі каленях не сядзела. Ды яшчэ і паскудзіла ўсім сваім апекунам, калі яны больш не маглі апекаваць.

– За што ты яго так ненавідзіш? – неўразумела спытаў Вайвадс.

– Чалавек павінен быць шчырым. I верным свайму сэрцу. А значыць, і вершу. На ўсё жыццё.

– Ага, – зларадна сказаў Яніс, – а сам яўна адыходзіш ад яснага верша. Куды?

– Не ведаю, – сказаў Грынкевіч. – У нетры пустаслоўя не кінуся. Скажу табе толькі, што хлусіць не буду, куды б ні прыйшоў. Людзям патрэбна праўда. Пакуль што я не ўспрымаю крайнасцяў ні ад тых, ні ад другіх.

– Ну вядома, – сказаў Вайвадс, – адны дурэюць, а другія хочуць абуць усіх у лапці.

– Можа, і так… Не, не так… Але ў тым-сім твая праўда. Маладыя падкупляюць мяне тым, што яны ваююць, часам выкідваюць дурыкі, але ад чыстага, добрага сэрца. Яны вельмі жывыя… Іх рэакцыя – гэта рэакцыя не супроць паэтаў «яснага верша», а супроць газетных вершаў пра пачатак новага года… А другім трэ было б быць больш памяркоўнымі. I, прабач, менш трымацца за Беднага. Беднаму быў свой час, нам – свой. Разумееш, паэзія стала чымсьці накшталт запаветнага месца. I палясоўшчыкі там жарсткаватыя, хоць у іх ёсць і слава і пашана. А там, дзе палясоўшчыкі такія, – там маладыя людзі займаюцца браканьерствам… Назнарок… I задача: пабачыўшы гэта, не дазволіць адным забіваць другіх.

– Так. Паэзія – гэта табе не сварка на блінах у цешчы. Абодва маўчалі. За клятчастымі латышскімі парцьерамі, недзе зусім непадалёк, гарэў чырвоны агеньчык на страле вежавага крана. Часам недзе ў цясніне вуліцы шалахцела машына: Масква спала неспакойным сном вялікага, стомленага працай чалавека.

– I ўсё ж ты нарабіў глупстваў,– разважліва сказаў Вайвадс, – крычаў, як хлапчына: «Не ўсё стрыжы, што расце!» Ну нашто ты абазваў крытыкаў акуламі, што яны «харчуюцца еўтушэнкамі»?

– Не ўсіх крытыкаў,– зморана сказаў Грынкевіч, – толькі аднаго. Ён сапраўды на ім капітал зарабляе.

Андрэй нервова закурыў, потым пачаў гаварыць, горача і пераканана:

– Адно мяне толькі здзіўляе, Яніс, чаму ніхто не заўважае, што і «стылянне», і пошукі гэтых хлопцаў маюць карэнні.

– А Езус-Марыя, справа ж не ў гэтым! Маладыя стаяць за недакладную рыфму, вось і ўсё.

– Не. Ты думаеш, чаму Твардоўскі з Ісакоўскім нічога па сутнасці не сказалі. Яны вельмі разумныя людзі, яны разумеюць, што не да ладу ў нашай паэзіі. Кажаш, не трэба спрачацца? Трэба, таму, што гэта сведчыць аб тым, што ў літаратуры нядобра. І трэба не аб рыфме спрачацца (дарэчы, усе чамусьці хацелі спрэчку адвесці ў гэта рэчышча), а аб тым, пра што ніхто не сказаў і назва чаму: расколіна паміж двума пакаленнямі. Адны крычаць душою: «Супакоіліся!», а другія: «Зарваліся!» Адны крычаць: «Вас мяшчане падтрымліваюць!» Другія: «З высотнага будынка людзей не бачыце!»

– Ну, а ты што думаеш?

– Не ведаю, я буду пісаць не так, як яны ўсе. Але скажу толькі: трэба больш увагі да людзей. У маладых яна ёсць, праўда, трошкі скажоная. Таму што на іх пакрыкваюць – яны часам аддаюць сэрца, няхай на дзень, такому мастаку, які гэтага зусім не варты… Але ім абрыдла мяшчанства.

– А Пружынін крычаў, што мяшчане іх і падтрымліваюць.

– Хіба нашы студэнты, наша моладзь – мяшчане? Ну не, братка. Проста яны наеліся па горла фільмаў з багатаю жратвою ў канцы.

– I за якую ты рыфму?

– Я за дакладную рыфму і за ўсякую рыфму. I зусім без рыфмы – абы добра.

– Ну, у гэтым я з табою вораг, – сказаў Вайвадс.

– Дарэмна, Яніс. У адным мы з табою сябры і паплечнікі. Я лічу, што адзіная ерась – вольны верш без рыфмы і рытма, амаль зліты з прозай. Паэзія, ці бачыш, не музыка, паўзай слова замяніць нельга.

Уздыхнуў. Устаў.

– Проста трэба ісці да людзей, да іх пачуццяў і адносін. Яніс падышоў да яго, успёрся моцнай рукою на плячо Андрэя.

Масква ляжала перад ім, начная, сцішаная. Гледзячы на пустыя рэчышчы вуліц, на снегаачышчальнік, які поўз маладым бульварам, ссоўваючы брудны апошні снег, Яніс сказаў: – Ведаеш, братка, я стаў з табою зусім іншым, не такім дубаватым.

– А я з табою – не такiм крыклiвым i свалачным. Абодва засмяяліся.

– I вельмі хачу табе шчасця, – сказаў Яніс. – Я сёння ўсю ноч думаў над тым, што ты мне распавёў. Закахацца табе трэба, вось што.

– Не магу.

– Ну і натурачка, – пакруціў галавою Яніс.

– Каго кахаць? Марыю Крат? Вось я ўспомніў старую гісторыю – і не магу я да Марыі ісці. Брыдка. Сёння зноў не быў… Ведаю, што заўтра мяне скандал чакае. Ат, за ўсе грахі адна паляндра ўчамярыцца.

Яніс наліў яшчэ па кубку кавы.

– Я вось думаю, што табе вельмі павінна спадабацца адна жанчына.

– Хто такая? – ускінуў галаву Андрэй.

– Ірына Горава. Вось гэта жанчына, вось гэта чалавек! Грынкевіч раптам утаропіў вочы кудысьці ў кут, задумаўся:

– Чакай, чакай… Горава… Аднекуль я памятаю гэта імя…

– Даўно памятаю і – не ведаю. Мо ад маці? Што яна, старая?

– Што ты, наадварот. У тваіх гадах, можа, на год ці два старэйшая. А выглядае такім дзяўчом.

– Кажаш, не старая, – абыякава сказаў Андрэй, – тады я і не ведаю, дзе я мог пра яе чуць.

– Схадзі на лекцыю, паглядзі. Можа, успомніш.

– Ну не, – махнуў рукою Грынкевіч. – Мне сваё здароўе даражэй. Што я, не чуў гэтых занудаў?

– А што ты пра іх ведаеш? – усхадзіўся Яніс.

вернуться

3

Тут і далей па тэксце ў рукапісе У. Караткевіча гэты персанаж мае прозвішча Дружынін (заўв. уклад.).

18
{"b":"111456","o":1}