Литмир - Электронная Библиотека

Астатняе залежала ўжо ад густаў жыхара. Ложак засцелены дывановым пакрывалам. На шыфаньеры бронзавы званар б’е ў звон. На пісьмовым стале, акрамя паперы, два гравіраваныя партрэцікі: Максім Багдановіч і Блок. Ды яшчэ дзве латышскія забаўкі: гліняны мядзведзь нясе вулей і драўляны, бачоначкам, піўны куфаль з вечкам, трохі больш напарстка. Над сталом невялічкая рэпрадукцыя з «Сіксцінскай мадонны». Аскетычна голыя сцены ўпрыгожвала яшчэ толькі адна рэпрадукцыя «Блакітнай галавы» Паўля Клее. Вайвадс у вясёлы час двойчы пераварочваў яе дагары нагамі, казаў, што ўсё адно нельга разабраць, што там да чаго і што так нават выразней. Шуфляды стала былі напхатыя паперамі, сшыткамі, а ў верхняй шуфлядзе, пустой, ляжала фотакартка маці і самая вялікая яго каштоўнасць – выцвілы, пабляклы дагератып Кастуся Каліноўскага. Срэбра яго стала вясёлкавым, і заўважыць вобраз можна было толькі гледзячы збоку.

Грынкевіч узяў з ложка букет мімозы, выйшаў і спусціўся па сходах паверхам ніжэй. Там спыніўся ля адных дзвярэй, выцягнуў з кішэні маленькі ключ ад французскага замка і, пастаяўшы хвіліну, адчыніў дзверы і зайшоў. Калі ён стаяў з прыплюшчанымі вачыма і цяпер – на твары яго нічога нельга было заўважыць, акрамя нуды і звычайнага суму.

Пакой быў такі самы, толькі, па-жаночаму, больш утульны, хоць утульнасць была з цыганшчынай. Слабае святло начніка асвятляла ражок стала і ложак. На ложку, раскінуўшы валасы па падушцы, спала жанчына.

Грынкевіч паставіў букет у вазу на стале, сеў у крэсла і задумаўся, гледзячы на спячую. Халодны твар, веі злёгку ўздрыгваюць у сне, светлыя валасы ляжаць на падушцы. Тонкая коўдра лёгка ўздымаецца на грудзях ад подыху. Твар у сне добры, з усмешкаю і… чужы. Быццам гэта не яна стала яму блізкай.

«А што, сапраўды, нас звяло? – спытаў сябе Андрэй. – Бадай што, нічога. Няма таго, вялікага, што было з Алёнай… I ніколі не будзе. Ні з кім…»

Ён горка ўсміхнуўся ў паўцемры.

«Што звяло? Шкадаванне да яе, чыё жыццё склалася так няўдала, любоў да яе сына, цудоўнага маленькага чалавечка… Ну, яшчэ абыякавасць да таго, з кім ідзеш. Таму што з усімі аднолькава… I яшчэ абыякавы халадок душы і боязь пустэчы поруч з сабой».

Жанчына варухнулася, святло ўпала ёй на твар. Грынкевіч асцярожна паправіў абажур. Зноў задумаўся.

«Хіба ў аднаго мяне так? Яна ў нечым нядрэнная жанчына, у меру добрая – для тых, каго любіць, – часам даверлівая ад недалёкасці. Дрэнна толькі, што апошнім часам яна яго бязглузда, па-дурному, раўнуе. Дарэмна. Ён сумленны ў адносінах да яе. Не паграшыў пакуль што ні ўчынкам, ні позіркам. Жанчыны наогул бываюць дурнымі ў рэўнасці: не ведаюць, што калі мужчыну ўвесь час беспадстаўна раўнаваць, то ён нарэшце можа сапраўды пусціцца ва ўсе цяжкія грахі,– «калі ўжо раўнуюць, дык няхай хоць недарэмна». Вось і гэта: пачала з жартоўнай рэўнасці, потым уцягнулася, і цяпер ёй сапраўды здаецца, што кожная сустрэчная жанчына толькі й думае, каб зрабіць замах на мяне. Дурная. Таму дурная, што няма куды мне ад цябе ісці. Не таму, што кахаю – кахання ў мяне якраз і на шэлег няма, хлушу табе толькі,– а таму, што ўсё адно. I любоў да твайго хлопца, і проста лянота не дазволяць мне пайсці ад цябе».

Ён узяў кавалачак паперы, накрэмзаў на ім некалькі слоў, паклаў на крэсла каля ложка і накіраваўся да дзвярэй.

«I ўсё ж гэта гнюсна, вось такое звыклае i халоднае сяброўства. I нiякiя апраўданнi, што ты жывы чалавек, – не дапамагаюць».

Гэтая бязлітасная думка мільганула ў яго галаве толькі на імгненне. Потым ён асцярожка зачыніў за сабою дзверы, падняўся на свой паверх і пастукаў у пакой Вайвадса.

Яніс стаяў ля пісьмовага стала, перачытваў скончаны ліст. На стале стаяла ўжо халасцяцкая вячэра: каўбаса, сыр, хатняя вяндліна, кафейнік з чорнай кавай. Да ўсяго гэтага – з выпадку свята – сёння была дабаўлена бутэлька сухога віна і паўбутэлькі рыжскага бальзаму, які сябры, як існыя маладыя варвары, не дабаўлялі ў каву, а пілі проста так.

– Чакай, – сказаў Яніс, – я зараз.

Андрэй сеў ля стала і стаў глядзець на нехлямяжы, вельмі мяккі і добры твар.

З Янісам яны, прыехаўшы ў інстытут, пасябравалі не адразу. Толькі потым, калі аднойчы Грынкевіч абмовіўся, што ён з Віцебскай вобласці, Яніс здзіўлена сказаў:

– А мы былой Віцебскай губерні. Тады мой край называлі, здаецца, «інфлянты». Я латыш, з Латгаліі… I наш Райніс адтуль.

З таго часу «землякі» пачалі прыглядацца адзін да аднаго. Уважліва прачыталі вершы. Вершы абодвум спадабаліся, хоць у Вайвадса яны былі больш грамадзянскія, а ў Андрэя – больш лірычныя.

Так ішоў час, і цяпер яны ўдвух нават жылі камунай, маючы ўсё агульнае. Вайвадс як больш гаспадарлівы быў загадчыкам забеспячэння. I ўвесь час яны былі разам. Баранаўскас, які добра ведаў беларускую мову, бо жыў ля самай мяжы Беларусі з Літвою, часам бурчаў: – Такая дружба, што сарочку няма калі перамяніць.

Але гэтыя два былі цалкам задаволены сабою і другам. У Вайвадса было цяжкае жыццё.

Сын селяніна з беднай Латгаліі, краіны бяроз над азёрамі і саламяных аканіц, касцёлаў і шчымлівых спеваў, ён у раннім дзяцінстве застаўся без маці. З таго часу ён ненавідзеў дактароў: урач адмовіўся пайсці да хворай, бо па яго нельга было паслаць каня і не было надзеі на багаты ганарар. Гэтая нянавісць да дактароў – хоць час змяніўся і ўрачы, вядома, былі не тыя – стала ўрэшце формай ідыясінкразіі: ён не называў іх іначай як «жывадзёры».

Бацька хадзiў парабкаваць у багатую Земгале, капаў канавы. Такi лёс чакаў i Янiса. I Вайвадс пачаў ненавiдзець не толькi дактароў. Нельга было абразiць яго больш балюча, чым назваўшы «земгалес будзiс»[2]. Тады ён смешна злаваўся. Ён наогул прымаў жарты толькi ад Грынкевiча i другiх самых блiзкiх сяброў. Спакойны, як i нiвы яго Латгалii, цяжкi, як каменне на яе скупых палёх, ён быў у глыбiнi душы вельмi страсны, вельмi добры i вельмi чысты чалавек. Гэтыя страснасць i чысцiня абумовiлi ўвесь ягоны шлях.

Сялянскі хлопец, які пасвіў каровы і якога за бліскучыя поспехі ў вучэнні вясковы ксёндз хацеў паслаць вучыцца і меркаваў на сваё месца, раптам адкрыў у сабе звонкі і чысты, як крыніца, талент песнятворцы.

Песні, якія ён пачаў складаць яшчэ ў гады нямецкай акупацыі, былі простымі, мужнымі і чыстымі, як ён сам.

Парабчанская доля шмат чаму навучыла яго. I ён не стаў ксяндзом. Ён стаў адным з першых камсамольцаў у Латвіі, калі немцы адкаціліся на захад. Гэта быў дзікі і страшны час: стрэлы ў акно, расправы з абрэзаў і аўтаматаў. Быць камсамольцам, – на гэта патрабавалася мужнасць. I Андрэй, трохі па-інтэлігенцку іранічны, паважаў за гэта Яніса, паважаў нават за тыя рытарычныя вершы, якія ён пісаў у сваё камсамольскае юнацтва. На шчасце, рытарычнасць не захапіла Вайвадса на доўгі час: паступова ў ім узмужнеў самабытны і яскравы талент, той, пра які грузінскі паэт сказаў: «I здрыганецца, вершам працяты».

Яніс і цяпер быў трошкі артадаксальны, але гэта была добрая артадаксальнасць абаяльнага і светлага чалавека. I Грынкевіч любіў яго.

Канчатковым штуршком, які зрабіў Вайвадса яшчэ больш памяркоўным і па-чалавечаму цёплым, былі дзве падзеі.

Першая – канец культу асобы.

А другая падзея адбылася з ім самім і была звязана з першай. Яніс вучыўся тады ва ўніверсітэце і сябраваў з дзяўчынай. І вось аднойчы палітычна нехлямяжы, дубаваты дурань прапанаваў яму пад пагрозай спагнання «спыніць гэтую брыдоту», бо ў дзяўчыны «неакрэсленыя палітычныя погляды». Яніс моўчкі выслухаў пагрозу і… на другі дзень падаў заяву ў загс. Іначай ён не паважаў бы сябе.

Ён не памыліўся. Жонка стала яму верным другам ва ўсіх адносінах.

I вось цяпер… сын. Андрэй радаваўся за Яніса не менш, чым ён сам.

Хлопцы вонкава не былі цёплымі адзін да аднаго. Іх адносіны былі адносінамі добрай мужчынскай іранічнасці. Але гэта нікому не перашкаджала.

Яніс скончыў нарэшце чытаць ліст і сеў да стала.

– Езус-Марыя! – сказаў ён. – Каб ты толькі ведаў, Андрэйка, які я шчаслівы!

вернуться

2

Земгальскі кулак.

12
{"b":"111456","o":1}