– Дазвольце прысутнічаць? – спытаў Андрэй.
– Калі ласка, – адказаў з цемры жаночы голас.
– Андрэй, сюды, – гукнуў голас Вайвадса.
Праходзячы на месца, Андрэй спатыкнуўся аб провад, што змяiўся ў праходзе. Ледзь не ўпаў.
Вайвадс пасунуўся і даў яму месца.
– Ну як? – шэптам спытаў Андрэй.
– Думаў, не прыйдзеш… Слухай.
I вось з цемры загучаў голас:
– …і вы трапляеце ў самую сярэдзіну жахлівай, смяротнай сутычкі. Вы адразу пазбаўляецеся слыху, аглушаныя выццём, ровам, скрыгатам. Вы адчуваеце нават пах потных цел. Дзеці Геі-зямлі – волаты і багі (таксама дзеці Геі) пачалі біцца. I малодшыя перамаглі старэйшых. Хутка такі самы лёс чакаў і Афіны. Але нават і ў загібелі сваёй дух Афін быў прыўкрасным.
Яна сцiхла на хвiлiну. Андрэй дарэмна намагаўся разгледзець яе. Чуў толькi голас, дзiвосны па мяккасцi i глыбiнi. Ды яшчэ, калi яна паказвала нешта на экране, бачыў вузкую руку з доўгiмi, тонкiмi на канцах пальцамi.
Зноў загучаў голас жанчыны:
– У другім стагоддзі Рым захапіў Грэцыю. Скончылася залатое дзяцінства, пачалася пакутлівая сталасць. Захапленне будучыняй, вера ў яе – загінулі. Рым, які спачатку быў падобны на Грэцыю, які верыў у свабоду, скончыўся разам з перамогамі рымлян і патокам золата. Вайна давала багацце. Таму ўся ўстаноўка была на заваяванні, а рэжым Рыма стаў таталітарным рэжымам. Гэта адбілася і на светапоглядзе рымлян. Яны свята верылі ў сваю гістарычную місію, у вайсковае прызванне. Анхіз сказаў: «Няхай іншыя выводзяць мармуровыя абліччы. Прызванне рымлян панаваць і бурыць гарады».
– Ну як? – спытаў Яніс.
– Пакуль нядрэнна. Голас прыемны.
– Фу, – сказаў Яніс.
Голас сапраўды быў вельмі прыемны.
– Дух ваеншчыны абумоўліваў усё. Нават планіроўку гарадоў. Іх зрабілі падобнымі на казармы. Улады ўсялялі рымлянам усведамленне безумоўнай перавагі над усімі народамі, даводзілі, што свет трэба перарабіць на свой капыл.
Ці было гэта духам рымскага народа? Не. Гэта было проста актыўнае, свядомае скарыстанне ўсіх сродкаў ідэалагічнага ўздзеяння на свядомасць людзей. Гэта ўпершыню была прапаганда. Упершыню ў гісторыі ў Рыме адбываюцца народныя сходы з платнымі аратарамі. У пышных урачыстасцях і святах сцвярджаецца ідэя кесарскай улады. Бразганнем зброі імкнуцца адцягнуць народ ад асабістага жыцця.
I народ верыў у гэтыя догмы, бо яны апеліравалі да яго духу, да яго рэспубліканскіх традыцый. Гэта была спекуляцыя на пачуццях народа.
Але якія б ні былі прапаганда і прыгнёт, чалавечая свядомасць развіваецца сваім шляхам… У рымлян ніколі не было такой прысягі, як у грэкаў: змагацца супраць тыраніі заўсёды, нават тады, калі ты адзін супраць усіх. I таму ў грэкаў іронія і сумленне былі толькі ў перыяд элінізму. У рымлян – заўжды. Толькі ў іх удачлівы палкаводзец думае аб тленнасці, толькі ў іх на гулянцы думаюць аб смерці.
Фактычна рымлянін пазбаўлены права голасу. Ён не прыйшоў на форум, а апафеоз Цэзара ўсё адно адбыўся. Рымлянін пакінуты самому сабе. Яму застаецца толькі барацьба за існаванне, напружаная і ўтрапёная.
Яны ўмелі жыць і будаваць. Іхнімі мастамі людзі карыстаюцца і цяпер, іхнія акведукі і дагэтуль даюць ваду. I ў гэтых умовах ідэальнай рэгламентацыі жыцця кожнага чалавека рымлянін быў цалкам адзін. Да Бога яго вёў толькі рытуал. Ды і што гэта былі за багі: бог удачы, бог шчаслівага выпадку. Фактычна яны былі атэісты.
I нават у сваіх камедыях яны адвучыліся ўздымаць вялі кія праблемы. Дробныя пачуццейкі. Дробязнае, вартае жалю, абывацельскае. На тварах статуй, калі яны не афіцыйныя, – самота, разгубленая ўзрушанасць, неўраўнаважанасць.
I поруч з гэтым – аркі, пад якімі не праходзіць войска, якія існуюць толькі для прапаганды. I поруч з гэтым будынкі, якія ўражаюць не высакароднасцю прапорцый, а памерамі. А поруч з гэтым ваўчыха, Этрурыя, адлітая з бронзы ваўчыха, якая стала сімвалам Рыма, жорсткага, ненасытнага і прагнага.
– Волчица, ты их вскормила, – не вытрымаў Андрэй.
– Так, – сказала яна, – ваша праўда.
Волчица, ты их вскормила,
Ты помнишь ли их, когда,
Рыча от бранного пыла,
Сжигали они города.
У гэтую хвіліну зазвінеў званок. Успыхнула святло, прымусіўшы Грынкевіча на хвіліну заплюшчыць вочы.
Калі ён глянуў, жанчына стаяла ля стала з дыяпазітывамі, перабірала іх.
Андрэй па голасе ўяўляў яе зусім не такой. Невялічкага росту, па плячо яму, яна была вельмі худзенькая, але так пада браная, што нагадвала яму балерыну.
Можа, гэтаму ўражанню дапамагала і клятчастая спадніца званочкам, і шэрая кофтачка з нейкага там нейлону.
Вельмі худзенькая, як дзіцятка. Але вось пераступіла з нагі на нагу, адкінула непакорлівыя валасы няўлоўным рухам, і гэты жэст выявіўся споўненым такой прыгажосцю кожнага руху, што лёгка і весела стала глядзець на яе.
Звычайны твар. Мяккія шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, густыя вейкі. Валасы попельна-залацістыя, сабраныя на патыліцы ў вялізны вузел. I растрапаныя злёгку, аніяк не хочуць ляжаць у прычосцы.
Такая растрэпка!
Велікаваты, усмешлівы рот. Вось глянула на Андрэя, усміхнулася. Зубы не вельмі добрыя, але ўсмешка ўсё адно такая, што аж святлей стала.
Вельмі прыгожыя ногі, вельмі прыгожыя рухі. I ўсё гарманічна – хоць малюй. Андрэй не заўважыў, што вочы, нягледзячы на ўсмешку, насцярожаныя. Проста яму стала весела: вось і яшчэ адзін добры і разумны, відаць, гарманічны чалавек стаў на шляху.
Лёгенькая, пушыстая, як галінка вярбы з коцікамі.
Такая ластаўка.
I ён шырока ўсміхнуўся. Яна ўсміхнулася ў адказ.
– Што ж гэта наш такi добры знаўца паэзii не ходзiць на лекцыi па мастацтве?
Грынкевіч пашкроб патыліцу:
– Ды я думаў, што вы зусім не такая.
– А якая?
– Ды я думаў, што вы чытаеце аб уплыве рускага флоту на рост грыбоў,– шчыра прызнаўся ён.
Яна засмяялася. Грудным, цёплым кантральта.
– Ну і як цяпер?
– Цяпер буду хадзіць. Абавязкова.
– Спадабалася хоць трошкi?
– Лекцыя з думкай. І з пачуццём.
– Ну, і то добра. Калі ласка. Рада буду вас бачыць.
Андрэй выйшаў у калідор. Закурыў. Вось, здаецца, і нічога не адбылося, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі. Добра стала жыць.
Марыя стаяла ля акна і нервова курыла. Калі ён падышоў бліжэй, – скамечыла муштук папяросы, ружовы ад губ, і кінула ў попельніцу.
– Ты прабач, – сказала яна, не ўздымаючы павек, – я пагарачылася. Вядома, ні з кім ты не быў. Проста я дурное, раўнівае дзяўчо. Не злуйся. Проста я вельмі-вельмі цябе кахаю.
Андрэй засмяяўся.
– Чаго там, – сказаў ён, – вядома, глупства. Ну, пакінь злавацца.
Яму чамусьці хацелася быць вельмі добрым.
– Мне кожны дзень без цябе – пакута, – сказала яна.
– Дурнічка, я ў бліжэйшы час табе яшчэ такі сюрпрыз падрыхтую. Так што давядзецца звыкаць.
– Чаму? – з трывогай спытала яна.
– Еду дадому, у Востраў. На некалькі дзён.
– Чаго?
– Бацька нешта захварэў.
– Перадай прывітанне, – сказала Марыя.
Андрэй паглядзеў на сад за акном, увесь белы, пульхны, молада чысты і радасны, і зноў шырока без прычыны ўсміхнуўся.
Раздзел VI
Гарбаты вiядук перакiнуўся цераз пуцi ад агнёў станцыi кудысьцi ў цемру. У цемры глуха шапацелi галiны таполяў з рэдкiмi жоўтымi кроплямi агнёў, што заблыталiся ў iх.
Пасля Масквы ціша здавалася асабліва гучнай, снег – асабліва белым, паветра – асабліва мяккім. На маленькай плошчы за віядукам было пуста. Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык.
Было далёка за поўнач, і таксі ўжо не хадзілі.
Андрэй падумаў хвіліну, ці не вярнуцца на вакзал, каб чакаць раніцы, але потым успомніў, што да горада ўсяго пяць кіламетраў, што начны марозік такі свежы і калючы, што так добра рыпіць пад чаравікамі снег, і вырашыў ісці пешшу.