– Вядома, ён, – сказала жанчына. – І галасіла ж, пэўна, бедная.
Андрэй заўважыў сум у вачах спадарожніцы і са злосцю шпурнуў у крумкача камлыгай зямлі.
Той узляцеў над зямлёю чорным касым крыжам, зрэдку завальваючыся то на адзін, то на другі бок, быццам не мог трымаць раўнавагі.
– Нічога, – сказаў Андрэй, – яны пайшлі ад нас, добра зрабіўшы сваю справу.
– Нашто вы яго так? – з дакорам спытала яна.
– Ён – ад загібелі. А вы – жывая. Вы вельмі жывая. I каля вас не павінна быць нічога цёмнага, нічога – ад смерці. Гэта вы памятайце.
З прасветленымі вачыма яна павярнулася да яго і сказала:
– Добра, спадзяюся, што гэта так. Хадзем. Нас клічуць.
Ад аўтобуса ўжо сапраўды махалі рукамі сябры, запрашаючы ехаць.
…Уладзімір адкрыўся вачам неяк зусім нечакана. Толькі што змяілася пад нагамі шэрая дарога, толькі што ківалі галовамі наўздагон машыне кветкі, толькі што яна частавала яго шчаўем – і вось ужо з’явіліся ўдалечыні белыя, як трошкі запылены цукар, Уладзімірскія саборы.
Хлопчык сядзеў, задзёршы кашульку, ля канавы. Закінуў у яе нітку на лазінцы: вудзіў. Па манамахавым вале гуляла фана бэрыстая каза. Вочы яе, зялёныя, д’ябальскія, з прамакутнымі вузкімі зрэнкамі, глядзелі на людзей, як на істот ніжэйшай пароды, а выгляд быў на дзіва разбэшчаны і пыхлівы.
– Як калялітаратурная дама, – сказала Горава, і абое засмяяліся, быццам сапраўды было сказана нешта разумнае.
Вецер гнаў праз Залатую Браму лёгкі пыл, гладзіў расплаўленыя купалы сабораў, гуляў з манетамі абдуванчыкаў у траве.
Усё было добра. I Клязьма, і абшар зарэчча, і дзівосныя муры Успенскага сабора. Але, вядома, лепей за ўсё былі фрэскі Рублёва: іхнія вялікія вочы з роздумам, з такім глыбокім спакоем, з такой трывогаю на дне.
I ранішняе ззянне вакол іхніх галоў. I заглушана-сіні, падобны на ваду ў канцы жніўня, сум, што залёг у складках іхніх хітонаў.
Андрэй амаль не чуў, што гаварыла яна. Ён толькі ведаў, што гэта вельмі добра, што гэта значна, ды яшчэ адчуў, калі яна скончыла, што яна вельмі хвалюецца, што яе плячо, павернутае да яго, дрыжыць злёгку, ці то ад знобкасці, ці то ад узбуджэння.
I тады, шкадуючы яе, ён паказаў ёй вачыма на тое месца, куды глядзелі вочы праведнікаў.
I яна зразумела яго. Удзячна ўсміхнулася.
На тым месцы леў, падобны на горнага аўчара, ляжаў поруч з гарбатым, занураным мядзведзем.
Леў быў сапраўды смешны.
– Лаяўся мастак, пэўна, – сказаў Андрэй. – Адкуль яму было таго льва бачыць?
Горава аж жахнулася, узмахнула рукой:
– Што вы, што вы. Рублёў быў манах. Яны да жывапісу істава падыходзілі.
– Не веру, – сказаў Андрэй. – Не-е, такога дзіва не чакайце. Гэта каб наш чалавек ды не лаяўся. Няхай ён нават манахам-разманахам будзе.
Памаўчаў. Прыбавіў:
– Але ж глядзіце, як гэты мой цёзка добра ведаў, што толькі два звяры ў свеце ходзяць спачатку дзвюма правымі нагамі, а потым дзвюма левымі.
– Што за звяры?
– Конь-інаходзец і мядзведзь… Так і намаляваў.
– Ого. А я заўсёды думала, што гэта ўмоўнасць або памылка.
Дзіўна, але Андрэй амаль бачыў, як Рублёў пісаў гэта. Ясна, ледзь не да галюцынацый.
Грынкевіч ведаў: такі стан, як у яго цяпер, будзе ўвесь час абвастрацца. Ён будзе да болю выразна бачыць усё тое, аб чым будуць размаўляць людзі вакол. Гэтыя праявы будуць яскравець, будуць усё больш набываць крыві і плоці, ператворацца з думак у жывыя карціны, нават у сны.
А потым прыйдзе цяга да вершаў, такая непераадольная, што ён кіне ўсё і будзе пісаць з тым самым болем і неспраможнасцю думаць аб іншым, як жанчына, якая нараджае…
…Рублёў стаяў на рыштаваннях, сухі, зарослы лёгкай каштанавай барадой. Валасы ў яго былі падхопленыя раменьчыкам. А вочы былі вельмі маладыя.
За мурамі сабора дагарала на купалах сонца, круціліся вакол іх у ружовым вячэрнім паветры стрыжы, а ў саборы цямнела, гусцелі і наплывалі цені.
У Рублёва балелі стомленыя вочы, балела шыя, пальцы зводзіла сутаргай. Святла было мала, і працаваць было нельга. Але ён не мог не працаваць. I не таму, што сохнуў тынк. Проста нельга было адкінуць шалёную прагу работы.
I тады пальцы рукi, што трымала кiсць, успыхнулi ад гэтага жадання i асветлiлi фрэску мяккiм, як апошнiя промні на купалах, святлом.
I вось гэтае святло засталося на скляпеннях і застанецца ў векі вякоў…
– Андрэй, – кранула яго за рукаў Ірына Сяргееўна.
– Ведаеце, – сказаў Грынкевіч, – мне здаецца, я яго бачыў.
– Я пачынаю вас баяцца, – сур’ёзна сказала яна.
…Аўтобус зноў памчаў усю кампанію. На гэты раз па гасцінцы. Да палаца князя Андрэя ў вёску Багалюбава.
– Шанцуе мне сёння на цёзак, – смяяўся Грынкевіч.
– Вы не смейцеся, – сказала яна, – зараз будзе вам, бадай што, страшнавата з вашай уразлівасцю.
– Чаго гэта, – спытаў Андрэй, – тут восемсот год таму было весела – ветразі падалі на захадзе, лёталі цюкі з шоўкам, бачонкі з сонечным віном. Людзі сабе ў лугах лебедзяў стралялі. Чаго ім было не жыць?
– Куды ўжо весялей, – iранiчна сказала яна, – крамола, нашэсцi, мячы. Татары пад мурамi.
Падумала.
– I ўсё ж нічога. Яны тады толькі пачыналі думаць, і ім гэта, напэўна, падабалася.
– Яны, мне здаецца, шырэйшымі былі па натуры, больш памяркоўнымі. А потым пачалася татаршчына і ламанне хрыбтоў.
– Ну, ламання хрыбтоў і тады было досыць… I заўсёды. Багалюбава страшнае не гэтым. Справа ў тым, што тут усё ў мінулым. I яшчэ тое страшна, што тут мастацтва гарэла цьмяна, жудасным нейкім святлом.
– Чаму? – спытаў Вайвадс.
– Таму што фарбы не размешваюць на крыві, вось што, – сказала яна. – Дзе пачынаюць забіваць людзей, там бывай мастацтва і бывай чысціня.
Яны выйшлі з аўтобуса. Нехта пайшоў па вартаўніка, які павінен быў адамкнуць палац. Ад палаца засталася толькі вежа ды яшчэ галерэя да старой царквы. Зеляніна палыну, быццам кранутая марозам, горка і сумна ліла свой пах у вокны белых палат.
Горава адышла ўбок разам з завучам, і ўпершыню за дзень поруч з Андрэем апынулася Марыя.
Яны стаялі трохі наўздалёк ад усіх: Марыя, Андрэй і, кроках у чатырох, Яніс, расчулены Рублёвым ледзь не да ўздыханняў сардэчных.
Марыя глядзела на Грынкевіча прыжмуранымі халоднымі, як лязо брытвы, вачыма. Перавяла позірк на Яніса. Зноў на Андрэя.
Адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта зусім недарэчнае, Андрэй усміхнуўся ёй.
– Кінь глупствы, – сказаў ён, – давай мірыцца, ці што?
Яна хмыкнула:
– Брыдка глядзець на вас. Завіхаецеся каля… гэтай, як два кабялькі. Ні сораму, ні гонару. А ўжо яна над вамі панствуе.
Дарвалася.
Андрэй раптам адчуў, што нейкая гарачая хваля кінулася яму ў твар. Ён ведаў, што за гэтым прыйдзе выбух несамавітага, страшэннага гневу, такога, які ён перажыў за ўсё жыццё разы тры, і таму баяўся. Ён хацеў устрымацца, але не мог. Мора чырвонага святла ўстала ў вачах.
– Ты… ты, – глухім голасам сказаў ён і сарваўся ў страшэнным крыку, нізкім і гарлавым, – не руш чалавека. Не руш, кажу, чалавека.
Быў ён жахлівым у гэту хвіліну. Жахлівым, як прадзед у баі пад Зверынам. Прарвалася-такі старая кроў.
– Не руш яе!!!
На іх азірнуліся, убачылі ўстрывожаны твар Яніса, збялелы ад жаху твар жанчыны.
Ускінула насцярожаныя вочы Горава.
Але Андрэй, адчуўшы, што яшчэ адна хвіліна і здарыцца непапраўнае, ужо бег да ўвахода ў царкву, за рог палаца.
Дзіўна, але ўсе, хто наглядаў за гэтай сцэнай, падумалі, што ён крычаў на Яніса.
…Знайшлі Андрэя толькі хвілін праз дзесяць. Ён сядзеў у царкве, што амаль напалову ўрасла ў зямлю, сціскаў кулакамі скроні.
Горава ўзяла яго за плячо, падвяла Вайвадса:
– Ну што за дурыкi. Адразу ж мiрыцеся.
Андрэй паспеў ужо прыйсці да свайго заўсёднага добразычлівага настрою:
– Мы не сварыліся з ім.
Усе падумалі, што гэта гонар, але настойваць не сталі.
Андрэй агледзеў вачыма сяброў і пабачыў, што Марыі сярод іх не было.
Гэта было лепей. Ён не мог цяпер бачыць яе.