Литмир - Электронная Библиотека
A
A

А ёй сэрца аж выскаквала. Здавалася ёй, ляціць у нейкую пропасць, а той Вініць, што нядаўна выдаваўся ёй так блізкім і пэўным, замест ратаваць, цягне яе туды. Парваў жаль на яго. Пачала зноў баяцца і таго банкету, і сябе самое. Нейкі голас, моў Пампоніі, чула ў душы: «Лігія, ратуйся!» — але штось падказвала ёй адначасна, што быццам ужо запозна, ды каго авеела падобнае полымя, хто ўсе дзеі падобнага банкету бачыў, у кім сэрца так скакала, як у ёй, слухаючы словы Вініція, ды каго праймалі такія дрыготы, як праймалі яе падчас прытуляння — той ужо прапаў, той ужо без ратунку. Пачало ёй рабіцца млосна. Часамі здавалася ёй, што абамлее, і пасля станецца нешта страшнае. Ведала, што нікому не можна ўстаць, пакуль не падымецца цэзар, але без яго яна ўжо ўстаць не ўздужае.

Тым часам да канца банкету было яшчэ далёка. Нявольнікі падносілі ўсцяж новыя стравы, напаўнялі кружы віном, а перад сталом, устаўленым у форме падковы, з’явіліся два сілачы, каб пацешыць гасцей баруканнем.

І ўміг пачалі барукацца. Магутныя, блішчастыя ад алівы мускулы склубіліся ў вадну брылу, аж косці пачалі трашчаць ды скрыгітаць сківіцы. Час ад часу чутны былі глухія ўдары іхніх ступоў аб прытрэсеную шафранам падлогу, то зноў застывалі ў заядлай скамянеласці, моў выкананая з каменя мастацкая група. Вочы рымлян з любасцю слядзілі йгру напружаных хрыбтоў, лыдак і плечукоў. Ды не доўга трывала змаганне, бо настаўнік школы гладыятараў Кратон нездарма лічыўся наймацнейшым у дзяржаве чалавекам. Праціўнік ягоны хутка зазяхаўся, пачаў храпці, потым счарнеў на твары, урэшце хлыснуў праз рот крывёю і абвіс.

Громы воплескаў укаранавалі змаганне, а Кратон, паставіўшы ступу на плячах пакананага ды ўзяўшыся пад бокі з відам трыўмфатара, вадзіў вокам па залі.

Увайшлі пасля гэтага прадстаўляцелі звярат і галасоў іхніх, балаўнікі й блазны, але на іх мала ўжо звярталі ўвагу, віно бо ўжо марочыла вочы глядзельнікаў. Банкет паступова ператвараўся ў прайдацкую папойку. Сірыйскія баханткі палезлі за сталы. Музыка змянілася ў бязладны дзікі бразг цытраў, лютняў, армянскіх цымбалаў, егіпскіх цытраў ды труб, а хто жадаў пачаць гутарку, дык выў на музыкантаў, каб ішлі прэч. Паветра, перасычанае пахам кветак, водарам алівы, якою прыгожыя дзетанькі скраплялі бяседнікам ногі, бо паветра, насычанае людскім потам і шафранам, пачынала аж душыць. Прыцьміліся лямпы, пакрывіліся вянкі на галовах, твары пабляднелі ды папацелі.

Вітэлі пакаціўся пад стол. Нігідыя, абнажыўшыся да паясніцы, прытуліла сваю дзяцінаватую галаву да грудзей Люкана, а той, не менш п’яны, пачаў здзьмухваць з ейных валасоў залатую пудру, вывернуўшы з уцешлівасці вочы ўгару. Вестын упорыста паўтараў дзесяты мо ўжо раз адказ Мопса на праконсулаў ліст, а Тулій, бязбожнік, трызніў, чхаючы: — Бо калі сфэра Ксэнафонэса круглая, дык такога бога, ведаеш, можна каціць перад сабой нагою, моў бочку.

На гэта Даміцый, стары шэльма і даношчык, абурыўся і з абурэння на такую чаўпню абліў сабе туніку фалернам. Ён заўсёды ў багоў верыў. Людзі кажуць: Рым згіне, ды ёсць нат такія, якія перакананы, што ўжо гіне. Пэўна!.. Але таму так дзеецца, што моладзь не мае веры, а без веры няма й цноты. Забываюць таксама й пра даўнейшыя суровыя звычаі, а нікому й у голаў не прыйдзе, што эпікурэізм не ў змозе будзе проціставіцца барбарству. Дарэмная гутарка! Ён жа каецца, што дажыў такіх часаў ды што лякарства ад маркотлівасці змушаны вось шукаць у банкетах.

Гэта вымавіўшы, прыгарнуў да сябе сірыйскую бахантку і бяззубымі губамі пачаў цалаваць яе шыю й плечы. Бачачы гэта, консул Рэгул пачаў рагатаць і, начупырыўшы прыхарошаную ў вянок лысіну, пытае: — Хто кажа, што Рым гіне?.. Дрэнь!.. Я, консул, найлепш ведаю… Videant consules!..[24] Трыццаць легіяў старожыць нашую pax romana!..[25] Тут падняў кулак ды давай крычаць на цэлую залю: — Трыццаць легіяў!.. Трыццаць легіяў!.. Ад Брытаніі да граніцы партаў!..

Але раптоўна апамятаўся і, уставіўшы ў лоб палец, паправіў: — А бадай што й трыццаць дзве… І асунуўся пад стол ды пачаў аддаваць назад языкі фламінгаў, печаныя рыжкі, марожаныя грыбы, жамяру на мёдзе, рыбу, мяса і ўсё, што еў ці піў.

Даміцыя, аднак, не супакоіла колькасць легіяў, гарантуючых рымскі мір: — Не, не! Рым прападзе, бо згінула вера й суровыя звычаі! Згіне Рым, а шкада! Жыццё бо ёсць, аднак, прыемнае, цэзар ласкавы, віно добрае… Ой, шкада, шкада!..

І, утуліўшы голаў у лапаткі сірыйскае баханткі, расплакаўся: — Што там жыццё загробнае!.. Ахілес праўду казаў, што лепш быць парабкам у падсонечным свеце, чым панаваць у кімэрыйскіх прасторах. Дый то пытанне, ці існуюць якія багі, бо ж бязвер’е губіць моладзь.

Люкан тым часам раздзьмухаў увесь пыл з валасоў Нігідыі, якая ад п’янасці заснула. Пасля зняў перавяслы зялёнае поўсці з вазаў вобак ды абкруціў імі заснуўшую, а даканаўшы гэта, рассмяяным ды пытаючым вокам вадзіў па прысутных. Потым і сам убраўся ў зелень, прыгадваючы быццам з перакананнем: — Ці ж я чалавек? Я фаўн… Пятроні не быў п’яны, затое Нэрон, які спачатку мала піў, шкадуючы свайго «нябеснага» галаска, пад канец перакідаў чару за чарай, пакуль не ўпіўся. Хацеў нат далей пяяць свае вершы, гэтым разам грэцкія, ды, на жаль, забыў іх і праз памылку запяяў песеньку Анакрэонта. Акампаніяваў яму Піфагор, Дыядор і Тэрпнас, але кінулі, бо не ўдавалася. Нэрон замест таго пачаў захапляцца, як знаўца і эстэта, чароўнаю ўрадлівасцю Піфагора ды цалаваць ягоныя рукі. Так пекныя рукі ён бачыў толькі калісь… у… некага… І, прылажыўшы далонь да мокрага чала, пачаў сабе прыпамінаць. Нараз жахнуўся: — Ага! У маці! У Агрыпіны!..

І нагла апанавалі яго жудасныя крозы.

— Кажуць, яна бродзіць ноччу месячнаю па моры, каля Баяў і Баўлі.

Больш нічога, толькі ходзіць, ходзіць, бы чаго шукае. А як зблізіцца да лодкі, дык паглядзіць ды адыйдзе, але рыбак, на якога глянула, памірае.

— Нішто сабе тэма, — адзываецца Пятроні.

Вестын, шыю выцягнуўшы, як журавель, таёмна шаптаў: — Не веру ў багі, затое веру ў духі — ой!

Але Нэрон не зважаў на іхныя словы і гаварыў далей:

— Я ж і лемураліяў адправіў. Не хачу аглядаць яе! Гэна вось ужо пяты год.

Я мусіў, мусіў яе страціць, бо наслала на мяне пагубніка, і калі б яе быў не ўпярэдзіў, не чулі б сяння маіх песняў.

— Дзякуем табе, дзякуем ад імя гораду ды свету! — крычаў Даміцый Афэр. — Віна! І хай удараць у тымпаны!

Гоман падняўся зноў. Люкан, увесь у зелені, хочучы яго перакрычаць, устаў ды пачаў гарланіць: — Я не чалавек, я фаўн, і жыву ось у лесе! Ээ… хо…ооо!

Спіўся ўрэшце цэзар, спіліся мужчыны й жанчыны. Вініць не менш быў п’яны за іншых, а ў дадатку, вобак жады, будзілася ў ім ахвота да спрэчкі, гэта здаралася яму заўсёды, калі перабіраў меру. Пабляднела ягонае чарнявае аблічча, а язык у роце ўжо калом станавіўся, як хацеў голасна сказаць: — Дай губкі! Дай узаўтра, усё роўна!.. Даволі гэтага! Цэзар узяў цябе ад Аўлаў і падарыў мне, зразумела? Заўтра на змроку прышлю па цябе, зразумела?.. Цэзар перад забраннем цябе мне абяцаў… Ты мусіш быць маёю! Дай губкі! Не да заўтра ж чакаць… Дай хутка, дай!

Ды абняў яе, але Актэ пачала яе бараніць, дый сама яна баранілася, як магла, чула бо гібель. Але дарэмна намагалася абедзвюма рукамі зняць з сябе ягоную безвалосую руку, дарэмна жаласлівым і трывожным галаском маліла яго, каб адкасніўся, каб зжаліўся над ёю. Перасычанае віном дыханне аблівала яе штораз бліжэй, а твар ягоны збліжаўся да ейнага твару. Не той ужо гэта быў Вініць, што даўней, быў то п’яны люты сатыр, наганяючы на яе жах і абрыду.

Сілы, аднак, ейныя слабелі. Дарма адхілялася, хавала твар, каб абараніцца ад ягонага цалунку. Ён сарваўся, схапіў яе ў абедзве рукі, прыцягнуў да сябе голаў ды пачаў расціскаць, сапучы, ейныя збялелыя вусны сваімі вуснамі.

Але ў той жа момант нейкая страшэнная сіла адгарнула яго рукі з ейнае шыі так лёгка, як бы тое былі дзіцячыя рукі, а яго адсунула на бок, бы сухую былінку ці кволы лісток. Што сталася? Вініць працёр аслупелыя вочы і бачыць над сабою магутную постаць ліга, званага Урсусам, якога бачыў у Аўлаў. Ліг стаяў спакойна і толькі глядзеў на Вініція так дзівосна, што маладому чалавеку аж кроў замірала ў жылах, пасля ўзяў на рукі сваю князёўну і мерным ціхім крокам выйшаў з трыклініюма.

вернуться

24

Хай консулы пільнуюць!.. (лац.).

вернуться

25

Мір рымлянам!.. (лац.).

17
{"b":"982042","o":1}