І з Ахайі не хацеў выязджаць, ажно калі Геліюс данёс яму, што далейшае адцягванне павароту можа спрычыніць дэтранізацыю, выехаў у Неапаль.
Там зноў граў і пяяў, пушчаючы міма вушэй весткі пра штораз больш грозны ход справы. Дарэмна Тыгэлін талкаваў яму, што даўнейшыя бунты легіёнаў не мелі правадыра, а цяпер стаіць на чале муж Аквітанскага каралеўскага роду, ды прытым слаўны і дазнаны ваяўнік. «Тут, — адказваў Нэрон, — слухаюць мяне грэкі, якія адны толькі слухаць умеюць, ды якія адны толькі годныя маёй песні». Тлумачыў, што першым ягоным абавязкам — мастацтва і слава. Але, калі ўрэшце дайшла да яго вестка, што Віндэкс назваў яго марным мастаком, скочыў і выехаў у Рым. Пятроніевы раны, загоеныя ў Грэцыі, закрывавіліся ў ягоным сэрцы нанава, і маніўся ў сенаце шукаць справядлівасці за так нечуваную крыўду.
У дарозе, напаткаўшы групу, вылітую з бронзы, прадстаўляючую галійскага ваяка, паваленага рымскім рыцарам, уважаў гэта за добрую варажбу і ад гэнай пары, калі згадваў збунтаваныя легіі і Віндэкса, дык толькі дзеля блазноцкае наругі над імі. Уезд ягоны ў горад зацміў усё, што дагэтуль бачыў свет.
Уехаў на тым самым возе, на якім калісь Аўгуст адбываў трыумф. Збурылі адзін лук цырку, каб адкрыць уваход для працэсіі. Сенат, рыцары і незлічоныя грамады збегліся на яго спатканне. Сцены дрыжалі ад воклічаў: «Вітай, Аўгусце, вітай, Геркулесе! Хай жыве боскі, адзіны, Алімпійскі, Фытыйскі, несмяротны!» За ім неслі здабытыя вянкі, назовы гарадоў, дзе трыумфаваў, і выпісаныя на табліцы імёны спаборнікаў, якіх паканаў. Нэрон сам быў упоены і пытаў з расчуленнем акружаючых яго аўгустыян: чым быў трыумф Юлія Цэзара ў параўнанні з ягоным трыумфам? Думка, каб жа на такога мастака-паўбога хто з смяротных адважыўся падняць руку, не хацела месціцца яму ў галаве. Пачуваўся іставетна Алімпійскім і праз гэта бяспечным. Энтузіязм і бурлівасць натаўпу падбуралі й яго. Сапраўды, магло выдавацца ў дню ягонага трыумфу, што не толькі цэзар і горад, але свет увесь збіўся з глузду.
Пад краскамі й кучамі вянкоў не ўмеў ніхто дагледзець пропасці. Таго ж яшчэ вечара калюмны й сцены пакрыліся напісамі, у якіх цэзару вытыкана людажэрства, пагражана блізкаю помстаю і высмейвана ягонае мастацтва.
З вуснаў да вуснаў хадзіў сказ: «Патуль пяяў, пакуль не збудзіў пеўняў»[92].
Трывожныя весткі абеглі горад і раслі да неймаверных памераў. Аўгустыянаў агарнула трывога. Людзі з няпэўнасці, што прынясе будучыня, не смелі выяўляць жаданняў і надзеі, не смелі адчуваць і думаць.
А ён і далей жыў толькі тэатрам і музыкай. Цікавілі яго новавыдуманыя інструменты музычныя і новы вадзяны арган, з якім рабілі доследы на Палатыне. У здзяціненай, бязраднай ды бяздзейнай галаве ўяўляў сабе, што далёка сягаючыя ў будучыню намеры спектакляў і відовішчаў адвернуць тым самым небяспеку. Найбліжэйшыя, бачачы, што замест турбавацца пра спосабы й войска стараецца толькі знайсці сказы, трапна малюючыя пагрозу, згубілі толк. Іншыя думалі, што толькі заглушае сябе і другіх цытрамі, маючы ў душы трывогу й разлад. І праўда, учынкі ягоныя сталіся гарачкавымі. Штодзень тысячы намераў пралятала яму праз голаў. Іншы раз зрываўся, каб выбегчы супраць небяспекі, загадваў пакаваць на вазы цытры й лютні, узбройваць маладыя нявольніцы на манер амазонак, а адначасна збіраць легіі з Усходу. А часамі зноў здавалася яму, што не вайною, а песняй паложыць канец галійскім закалотам. І ўсміхалася яму душа да таго відовішча, якое было б наступствам паканання песняю ваякоў. Вось легіяністы абступяць яго з слязьмі ўваччу, а ён заспявае ім эпініцыюм, пасля якога пачнецца залатая пара для яго і для Рыму. Часамі зноў дамагаўся крыві; часамі вырашаў абмежавацца толькі да ўладарства ў Егіпце; прыгадаў пра варажбітаў, якія прарочылі яму панаванне ў Ерузаліме, або расчуляўся думкай, што, як вандроўны спявак, зарабляціме на штодзённы хлеб, а гарады і край уганаруюць у ягонай асобе ўжо не цэзара, кругасветнага валадара, а небывалага песняра.
І так кідаўся, дурэў, граў, пяяў, змяняў намеры, змяняў цытры, змяняў сваё жыццё і жыццё свету ў нейкую недарэчную мрою, фантастычную і страшэнную адначасна, у гучнае буянства надзьмутых слоў, дрэнных рыфмаў, стогнаў, слёз і крыві, а прымеж таго хмара на Захадзе расла й магутнела з кожным днём. Мера была перабрана, блазноцкая трагікамедыя набліжалася, відаць, да свайго канца.
Калі весткі пра Гальбу і прылучэнне да паўстанцаў Гішпаніі дайшлі да ягоных вушэй, закіпеў закатнаю сярдзітасцю й шалёнасцю. Бразнуў чары аб стол пры банкеце, перавярнуў стол і выдаў загады, якіх ні Геліюс, ні сам Тыгэлін не смелі выканаць: вымардаваць галаў, што жывуць у Рыме, пасля йшчэ раз падпаліць горад, выпусціць звяр’ё з арэнарыяў, а сталіцу перанесці ў Александрыю. Гэта выдавалася яму вялікім геройствам, годным подзіву ды не цяжкім. Але дні вялікамагутнасці ягонай ужо мінулі, і нат судзейнікі даўных злачынстваў пачалі глядзець на яго, як на шалёнага.
Смерць Віндэкса і разлад збунтаваных легіяў, казаў бы, зноў перацягвалі шалю на ягоны бок. Ужо новыя банкеты, новыя трыумфы і новыя прысуды запавешчаны былі ў Рыме, калі нечакана аднае ночы на запененым ліхачы прылятае з прэторыянскага лагеру пасланец з дакладам, што ў самым горадзе войска падняло сцяг бунту і агалосіла Гальбу цэзарам.
Цэзар спаў падчас прыбыцця пасланца і, прачнуўшыся, дарэмна клікаў прыбочнае варты, што ахоўвала начамі ягоную камору. У палацы была ўжо пустка. Нявольнікі толькі рабавалі ў далейшых куткох усё, што трапляла пад руку. Але ягоная прысутнасць напалохала іх, а ён блукаўся адзінокі па ўсім доме, напаўняючы яго крыкам трывогі і роспачы.
Урэшце, аднак, вызвольнікі Фаон, Спірус і Эпафродыт прыскочылі яму на ратунак. Намаўлялі, каб уцякаў воміг, як стаіць, але ён дурыўся шчэ спадзевай. А што, калі б убраны ў жалобу прамовіў да сенату? Ці ж сенат не ўзяў бы пад увагу ягоных слёз і красамоўства? Калі натужыць усе свае сілы рэторыкі і акторства, ці ж хто-небудзь у свеце здолее слухаць яго абыякава? Ці ж бы яму не далі хоць прэфектуры ў Егіпце?
А яны, падхалімцы, не смелі й цяпер запярэчыць, толькі асцерагалі яго, што пакуль здолее дайсці да Форума, народ разарве яго на кавалкі, і загразілі: калі воміг не сядзе на каня, дык і яны пакінуць яго.
Фаон ахвяраваў яму прытулак у сваёй вілле за Намэнтанскаю брамаю.
Праз момант паселі на коні і, панакрываўшы галовы плашчамі, паімчаліся на край гораду. Ноч бялела. На вуліцах кішэў, аднак, ужо рух, запавяшчаючы паважнасць хвіліны. Ваяры то паадзінкава, то невялікімі аддзеламі рассыпаліся па горадзе. Недалёка абозу цэзараў конь рвануў нечакана ўбок, спудзіўшыся трупа. З галавы ехаўшага асунуўся плашч, і ваяр, які ў той жа хвіліне прасунуўся вобак яго, пазнаў манарха, але, збянтэжаны неспадзяваным спатканнем, аддаў яму ваярскі гонар. Праязджаючы міма абозу прэторыянаў, пачулі гром воклікаў на гонар Гальбы. Нэрон сцяміў урэшце, што канец ягоны недалёка. Апанаваў яго страх і пакуты сумлення. Скардзіўся, быццам бачыць перад сабою цемру, моў чорная хмара, а з тае хмары вышчэрваюцца да яго твары маткі, жонкі, брата. Зубы ляскалі ад жаху, а ўсё ж камедыянтская душа ягоная і тут як бы бачыла нейкі чар трагізму хвіліны. Быць усёўладным валадаром свету і страціць усё выдавалася яму зенітам трагедыі.
І, верны самому сабе, разыгрываў галоўную ў ёй ролю да канца. Апанавала яго похатная гарачка цытатаў і жада перадачы ягонага майстэрства нашчадкам. Сягды-тагды крычаў, што хоча паміраць, і заклікаў Спікула, які найзручней за ўсіх гладыятараў забіваў. Часамі дэкламаваў: «Маці, жонка, айцец на смерць мяне ўзываюць!» Проблыскі надзеі будзіліся часамі, аднак, у ім, пустыя, дзіцячыя. Бачыў ідучую да яго смерць і адначасна не верыў у яе. Намэнтанская брама была адчынена. Едучы далей, прасунуліся міма Острыянума, дзе Пётр навучаў і хрысціў. На світанні былі ў вілле Фаона.
Там вызвольнікі не хавалі ўжо перад ім, што пара памерці, дык загадаў капаць сабе яму і лёг на зямлі, каб знялі акуратную меру. Глядзеў на выкіданы з ямы пясок і калаціўся ад страху. Наліты твар ягоны збялеў, пот выступіў на лбе, бы крапліны ранняе расы. Ацягаўся. Мярэчыў трэмолавым акторскім голасам, што яшчэ пара не падаспела, дый зноў давай цытаваць. У канцы прасіў, каб яго спалілі. «Што за мастак гіне!» — бедаваў жахліва.