Пятроні, даведаўшыся пра ягонае прыйсцё, пайшоў да яго і спытаў: — Ну і што?.. Можа, прыдумалі што новае? А ці Назар пайшоў ужо ў вязніцу?
— Так, — адказвае юнак, прагортваючы валасы, змоклыя ад дажджу. — Назар пайшоў дамовіцца з вартаю, а я бачыўся з Пятром, які загадаў маліцца і верыць.
— Гэта добра. Калі пашанцуе, наступнае ночы можна будзе яе вынесці… — Арандатар з людзьмі павінен быць ледзь свет.
— Адыж дарога не вялікая. Спачынь цяпер.
Але Вініць упаў на калені ў сваім кубікулюме і пачаў маліцца.
Пры ўсходзе сонца падаспеў з Карыёлі арандатар Нігер, прывёўшы з сабою згодна з загадам Вініція мулы, лектыку і чатырох надзейных людзей, выбраных спаміж брытанскіх нявольнікаў, якіх усё ж такі пакінуў у гасподзе на Субуры.
Вініць, які не спаў цэлую ноч, выйшаў яму насустрач, а той жахнуўся, убачыўшы маладога гаспадара, і, цалуючы яму рукі й вочы, адазваўся: — Дарагі, ці ты хворы, ці маркота высмактала табе так кроў з твару, то ж на першы пагляд я ледзь пазнаў цябе?
Вініць запрасіў яго ў нутраную калюмнаду, званую «ксыстам», і там адкрыў яму тайніцу. Нігер слухаў з глыбокай увагай, і на ягоным чэрствым загарэлым твары малявалася моцнае расчуленне, якога нат не хаваў.
— Дык яна хрысціянка? — адазваўся.
І пачаў кемна прыглядацца ў твар Вініцію, а той, відаць, здагадаўся, пра што пытаюць яго вочы селяніна, бо адказаў: — І я хрысціянін… Тады ў вачох Нігера заблішчэлі слёзы; праз момант маўчаў, пасля, падняўшы рукі ўгару, вымавіў: — О, дзякуй Табе, Хрысце, што зняў бяльмо з найдаражэйшых мне ў свеце вачэй!
Ды абняў голаў Вініція і, плачучы ад шчасця, пачаў цалаваць ягонае чало. Цераз хвіліну пазней прыходзіць Пятроні, вядучы з сабою Назара.
— Добрыя весткі! — звяшчае здалёк.
І сапраўды, весткі былі памысныя. Насамперш, Глаўк заручаўся, што Лігія ачуняе, хоць мела такую самую вязнічную эпідэмію, ад якое і ў Туліянуме, і па іншых вязніцах памірала штодзень сотні людзей. Варта і кантралёр смерці распаленым жалезам не зрабілі ніякае цяжкасці. Памагатар Атыс быў таксама ўжо ўгавораны.
— Парабілі мы ў труне даволі добрыя атворыны, каб хворая магла дыхаць, — казаў Назар. — Уся небяспека ў тым, каб толькі не адазвалася або не застагнала, як будзем праходзіць ля прэторыян. Але яна надта аслабеўшы і ад самага рання ляжыць, заплюшчыўшы вочы. А Глаўк дасць ёй на сон лекаў, якія сам прыгатаваў з прынесеных мною з гораду прэпаратаў. Века труны не будзем прыбіваць. Знімяце яго лёгка і забераце хворую ў лектыку, а мы ўложым у труну доўгі мех з пяском, які мусіце вы падрыхтаваць.
Вініць, слухаючы гэтых слоў, быў белы, як палатно, але слухаў з так напружанаю ўвагай, што, здэцца, прадбачваў расказ Назаркі.
— Ці іншых якіх нябожчыкаў не выносіцімуць з вязніцы? — спытаў Пятроні.
— Памерла сянняшняе ночы блізу дваццаць асоб, а да вечара памрэ яшчэ з колькінаццаць, — гаварыў хлапец, — мы мусім ісці з цэлаю чарадою, але будзем ацягацца, каб застацца ззаду. На першым закруце мой таварыш знарок закульгавее. Такім чынам застанемся далёка ззаду. Вы чакайце нас ля малое святынькі Лібітыны. Хаця каб Бог даў цёмную ноч!
— Бог дасць, — пацяшае Нігер. — Учора быў вечар пагодны, а пасля сарвалася навальніца. Сяння зноў неба яснае, але парна ад самага рання. Штоноч цяпер зрываюцца дажджы й буры.
— Ці йсцімеце без святла? — спытаў Вініць.
— Наперадзе толькі нясуць светачы. Вы на ўсялякі выпадак будзьце ля святынькі Лібітыны як толькі сцямнее, хоць абыдна пачынаем выносіць трупы перад самаю поўначчу.
Замоўклі, чутно было толькі неспакойнае зяханне Вініція. Пятроні звярнуўся да яго: — Я ўчора казаў, што найлепш было б нам абодвум застацца дома. Цяпер, аднак, бачу, што і мне самому нельга будзе ўседзець… Бо, каб расходзілася пра ўцёкі, трэ было б большае засцярогі, але, калі яе вынесуць, як нябожчыцу, здаецца, нікому найменшае падазрэнне не стрэліць у голаў.
— Але, але! — пацвярджае Вініць. — Я мушу тамака быць. Сам яе выйму з труны… — А як ужо будзе ў маім доме пад Карыёлі, даю голаў за яе, — заручае Нігер.
На гэтым скончылася гутарка. Нігер пайшоў у гасподу да сваіх людзей.
Назар, узяўшы пад туніку капшук з золатам, вярнуўся ў вязніцу. Для Вініція пачаўся гарачы, поўны трывогі, неспакою і чакання дзень.
— Справа павінна ўдацца, бо добра абдумана, — казаў яму Пятроні. — Лепш нельга было ўсяго зладзіць. Ты мусіцімеш прыкідвацца маркотным і хадзіць у цёмнай тозе. Да цыркаў, аднак, хадзі. Хай цябе бачаць… Так усё абдумана, што не можа быць няўдачы. Эгэ, гм! Адыж арандатар твой чалавек зусім пэўны?
— Гэта хрысціянін, — тлумачыць Вініць.
Пятроні глянуў на яго, зрабіў плячыма рух здзіўлення ды пачаў гутарыць быццам сам да сябе: — На Палукса! Як гэта, аднак, шырыцца! І як прыліпае да людскіх душ!.. Пад гэтакай пагрозай людзі адразу выракліся б усіх багоў рымскіх, грэцкіх і егіпскіх. Гэта ўсё ж такі дзіва!.. На Палукса!.. Каб я верыў, што нашы багі маюць на свеце яшчэ нейкі ўплыў, абяцаў бы цяпер кожнаму па шэсць белых быкоў, а Капіталінскаму Ёвішу дванаццаць… Але і ты не шкадуй дэкларункаў свайму Хрысту… — Я аддаў Яму сваю душу, — адказаў Вініць.
І разыйшліся. Пятроні вярнуўся ў кубікулюм, а Вініць пайшоў цікаваць здалёк на вязніцу, адтуль дайшоў аж да Ватыканскага ўзгор’я, да тае хаты фосара, дзе з рук Апостала атрымаў хрост. Здалося яму, што ў гэнай хаце Хрыстус выслухае яго хутчэй, чым дзе інакш, дык, знайшоўшы яе, кінуўся на зямлю, напружыў усе свае сілы збалелае душы ў малітве пра літасць, аж забыў пра ўсё на свеце, дзе ён ды што з ім дзеіцца. На паўдні збудзіў яго водгалас трубаў Нэронавага цырку. Выйшаў тады з хаты й пачаў разглядацца навокал як бы спрасоння. На свеце была гарачыня і цішыня, раздзіраная часамі толькі дзынкам бронзавых труб. Паветра зрабілася парнае; небасхіл над горадам быў яшчэ блакітны, але ад боку Сабінскіх гор збіраліся нізка на самым даляглядзе цёмныя хмары. Вініць вярнуўся дамоў. У атрыюме чакаў яго Пятроні.
— Быў я на Палатыне, — кажа. — Паказаўся там знарок і пагуляў нат крыху ў косці. У Аніцыя вечарам банкет; я запавясціў, што прыйдзем, але аж пасля поўначы, бо мусім добра выспацца. Вось жа, я пайду, а добра было б, каб і ты быў.
— Ці не было якіх вестак ад Нігера або ад Назаркі? — спытаў Вініць.
— Не. Будзем бачыцца з імі аж пасля поўначы. Звярнуў ты ўвагу? Будзе, здэцца, навальніца.
— Але. Узаўтра маецца быць відовішча з укрыжаваных хрысціян, можа, вось аднак дождж перашкодзіць.
Гэта вымавіўшы, падыйшоў і, узяўшы Вініція за плячо, сказаў: — Але яе не аглядацімеш на крыжы, толькі ў Карыёлі. На Кастара! Не аддаў бы я тае хвіліны, у якой вызвалім яе, за ўсе рымскія гэммы! Вечар ужо недалёка… І сапраўды, вечар быў ужо блізка, а цямнець пачало раней, чым абыдна, ад хмараў, закрыўшых далягляд. Хутка прайшоў даволі вялікі дождж, які, паруючы на распаленых дзённаю гарачынёю каменнях, напоўніў імглою горад. Пасля то пераставаў дождж, то зноў прасцёбаў кароткі лівень.
— Спяшаймася, — адазваўся ўрэшце Вініць. — З прычыны дажджу магчымуць раней вынесці трупы з вязніцы.
— Пара! — адказаў Пятроні.
І, апрануўшы галійскія накідкі з каптурамі, выйшлі праз агароднія веснічкі на вуліцу. Пятроні ўзброіўся, як заўсёды, беручы з сабою кароткі рымскі нож, называны сіка.
Горад з нагоды дажджу быў пусты. Час ад часу раздзірала хмары маланка, азараючы вострым бляскам сцены новазбудаваных, яшчэ не скончаных дамоў ды мокрыя каменныя пліты вуліцы. Пры такім святле ўгледзелі ўрэшце капец, на якім стаяла маленькая святынька Лібітыны, а пад капцом — гурток коней і мулаў.
— Нігер! — гукнуў прыцішна Вініць.
— Я, спадару! — адазваўся голас праз шум дажджу.
— Усё гатова?
— Так, саrissimе. Чакаем тутака ад змяркання. Але збочцеся пад застрэшанне, бо наскрозь прамокнеце. Што за навальніца! Няўжо гэта будзе град?
Здагадка Нігера спраўдзілася, бо пачаў сыпаць град, спачатку дробны, пасля штораз буйнейшы і гусцейшы. Паветра хутка ахаладзілася. Стоячы пад страхою, закрытыя ад ветру й ледзяных шрапнэляў, прыцішна гутарылі.