Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Але я няздольны на тое, чаго вы хочаце ад мяне, — упарта паўтарыў ваенурач.

— А я вам не веру! — сказаў, як падначыўшы, Чубар.

— Тады паслухайце.

І ваенурач пачаў расказваць роўным і глухім голасам, але зноў быццам з завучанай лёгкасцю.

...На тую ноч, як выбухнуць вайне, ваенурач паехаў на чыгуначную станцыю ў Баранавічы сустрэць малодшага брата, які толькі што скончыў школу малодшых палітрукоў і накіроўваўся ў 10-ю армію для праходжання далейшай службы. Штаб 10-й арміі тады знаходзіўся недзе каля Беластока, калі нават не ў самім Беластоку. Вядома, туды хутчэй было ехаць праз Брэст. Але тым жа цягніком і з той жа школы малодшых палітрукоў у Асобую Беларускую ваенную акругу ехаў служыць не адзін доктараў брат — з выпуску сорак першага года сюды атрымалі прызначэнне некалькі чалавек: напрыклад, пяць малодшых палітрукоў мелі накіраванне ў палітупраўленне 3-й арміі, амаль столькі ж выпускнікоў атрымалі накіраванне ў 28-мы стралковы корпус, штаб якога быў у Брэсце. Жыццярадасныя і яшчэ амаль па-студэнцку бесклапотныя, яны нават называлі адны адных паміж сабой — «беластоцкімі», «гродзенскімі», «брэсцкімі». Кажуць, за кампанію і цыган павесіўся. Дык вось і з малодшымі палітрукамі нешта падобнае было — «беластоцкія», у тым ліку і доктараў брат, вырашылі ехаць да месца службы кружной дарогай, праз Гродню, балазе, быў час, і яны, такім чынам, ніколькі не пазніліся.

У Баранавічы пасажырскі цягнік прыйшоў па раскладу, але там яго затрымалі. Прычыны ніхто ў цягніку не ведаў, пасажыры — пераважна вайсковыя людзі — казалі, што наперад прапускаюць нейкі другі цягнік. Аднак вагоны на запасныя рэйкі не заганялі, і гэта трохі дзівіла. Тым часам для братоў, якія колькі гадоў не бачыліся, затрымка цягніка была дарэчы. Яны пахаджвалі пад занавешанымі вокнамі вагонаў, паціху гаманілі і нават не заўважалі, што ўжо радчэла цёплая ноч і ўвачавідкі світала. Ніхто не здагадваўся, што заставалася мала часу да таго моманту, калі на савецкую зямлю разам з раніцай упадуць варожыя бомбы і даваеннага жыцця больш не будзе, і наогул — багата для каго яго зусім не стане. Тым не менш нават тады, як на падлёце да горада пачуўся гул фашысцкіх самалётаў, ваенурач, а разам з ім і іншыя людзі, якім здарылася не спаць, не падумалі, што гэта вайна — урэшце, маглі ляцець таксама савецкія самалёты, да таго ж немцы ў канцы мая ўжо рабілі такі масавы налёт, дасяглі Баранавіч, але павярнулі назад: і дасведчаныя, і недасведчаныя людзі, якім давялося бачыць майскі палёт, палічылі яго за звычайную правакацыю, хоць то была ўжо генеральная рэпетыцыя... У тую ноч, дакладней — раніцой 22 чэрвеня, у Баранавічах рабілася аднолькава, як і ва ўсіх больш-менш буйных гарадах, што знаходзіліся не вельмі далёка ад дзяржаўнай граніцы. Пакуль суд ды справа, цягнікоў на захад не пускалі. Вайсковыя людзі рушылі натоўпамі да каменданта горада. Ваенурач і ягоны брат разам са сваімі таварышамі таксама падаліся туды. Каля гарадской камендатуры неўзабаве сабралася багата камандзіраў у розных званнях — і тыя, што вярталіся з чарговага адпачынку, і тыя, што ехалі яшчэ толькі па накіраванню. Але камендант нікога не мог задаволіць, адно казаў, каб усе як найхутчэй дабіраліся ў свае часці. На каманду малодшых палітрукоў — іх з чамаданчыкамі зайшло ў кабінет да яго дванаццаць чалавек — глядзеў не столькі з заклапочанасцю, колькі з неўразуменнем і разгубленасцю, быццам сапраўды не ведаў, што з імі рабіць: усё круціў у руках іхнія прадпісанні ды моршчыў, як ад вялікай пакуты, лоб. Хоць камендант і разумеў, што буйныя штабы ўжо, няйначай, занялі падрыхтаваныя ў іншых месцах камандныя пункты, але і малодшым палітрукам параіў тое, што раіў другім камандзірам — хутчэй дабірацца да месцаў прызначэння. Разам з тым ён паклікаў па тэлефоне нейкага капітана і загадаў выдаць кожнаму па рэвальверы сістэмы «наган». Малодшым палітрукам давялося вяртацца зноў на чыгуначную станцыю. Але дарэмна: цягнікі па-ранейшаму стаялі на рэйках. Нават ваенурач не мог даць сабе рады, хоць яму, здавалася, было прасцей: артылерыйская брыгада, дзе той меў сабе медыцынскую службу, стаяла на паўдарозе ад Гродні сюды, і туды па чыгунцы было зусім не багата ехаць. Але чыгунка пакуль не дзейнічала, спадарожных машын таксама дарэмна было шукаць; апрача таго, ваенурач ведаў, што брыгада па камандзе ўжо рушыла з вайсковага гарадка. Адным словам, становішча складвалася такое, калі выйсце з яго цалкам залежала ад самаініцыятывы і кемнасці, і ваенурач, адчуўшы раптам адказнасць за малодшых палітрукоў, павёў так званых «беластоцкіх» і «брэсцкіх» за горад, на скрыжаванне дарог, бо ў яго была надзея, што там натрапіцца нешта спадарожнае. Аднак за ўвесь першы дзень «беластоцкім» палітрукам ледзь пашанцавала апынуцца ў Альберціне: дзіва, але да самага паўдня на шашы, акрамя як на Брэст, не было ніякага руху; уздоўж граніцы ўжо на ўсю моц грукатала вайна, а тут, непадалёк ад Баранавіч, нібыта сцішылася ўсё ў задуманай нерашучасці, нібыта шукала сабе яшчэ нейкае пэўнасці. З Альберціна — гэта на другую раніцу — тры малодшыя палітрукі на чале з ваенурачом другога рангу рушылі далей, трымаючыся дарогі на Ваўкавыск, але за Слонімам пачаліся бамбёжкі, і неўзабаве ўжо амаль нельга было рухацца наперад, бо ад граніцы, як выйшаўшая з берагоў вада, хлынулі на дарогі адыходзячыя чырвонаармейскія часці. Давялося паварочваць на прасёлкі, але і там рабілася немаведама што — чамусьці ва ўсіх напрамках рухаліся цэлыя вайсковыя падраздзяленні, а таксама асобныя групы байцоў і камандзіраў. Нарэшце пайшла паміж чырвонаармейцамі чутка, што неўзабаве ўсе войскі, якія запоўнілі лясныя і палявыя дарогі ў чатырохкутніку Слонім — Ваўкавыск — Поразава — Ружаны, увойдуць у непасрэднае сутыкненне з праціўнікам. І тады ваенурач убачыў, як ажылі духам ягоныя малодшыя палітрукі: маючы ў наганах па адным барабанчыку патронаў, яны з усёй ахвотаю прагнулі бою з ворагам, пра якога за гэтыя дні ці мала чаго наслухаліся. Тым часам каторы дзень ужо далятала з захаду кананада, а ўначы стала чуваць, як страчылі за Зяльвянкай кулямёты. Аднак доўга паваяваць з фашыстамі малодшым палітрукам не давялося.

Непадалёку ад вёскі Чамуры раптам усчалася беспарадкавая страляніна, яна чулася ва ўсіх баках, і тады ў паветры павісла палохаючае слова — «акружэнне»; паколькі вопыту вядзення баёў у акружэнні не было, то гэтае слова ў атмасферы няўпэўненасці і трывогі гучала пакуль аднолькава, як і «палон». Вядома, ніхто з малодшых палітрукоў у палон да фашыстаў не збіраўся трапляць: акружэнне, палон — ганьба!.. Але неўзабаве зноў пачуліся крыкі — і не менш жахлівыя: танкі!.. Байцы і камандзіры, якія рухаліся па дарозе ў доўгай, ці не на два з паловаю кіламетры калоне, сталі азірацца навокал. Сапраўды, з-за пагорка, што быў ад дарогі метраў за семсот, ужо выпаўзалі нямецкія «панцыры», пакідаючы за сабою шлейфы пылу — акуратна палегшы над зямлёю дым. Артылерыйская батарэя, якая таксама рухалася па дарозе паміж пяхотных падраздзяленняў, тут жа з’ехала на абочыну, і коні, нібыта ўпершыню адчуўшы на сваіх крыжах паспешлівыя ўдары ездавых, памчалі саракапяціміліметровыя гарматы на невысокі ўзлобак, аслонены з тыльнага боку маладым сасняком. Было відаць, як услед за гарматамі беглі на той узлобак ланцужкамі артылерыйскія разлікі. На дарозе спадзяваліся, што зараз паміж нямецкімі танкамі і артылерыстамі, няйначай, пачнецца паядынак. Але выйшла не так. Стралялі са сваіх гармат адны варожыя танкі. Мусіць, фашысты прыкмецілі артылерыйскія запрэжкі яшчэ тады, як тыя збочвалі з дарогі і накіроўваліся на ўзлобак, адкуль можна было страляць прамой наводкай без малое перашкоды, бо адразу некалькі танкаў застылі жоўта-зялёнымі купінамі на схіле пагорка, сталі варушыць гарматамі, пільнуючы «саракапяткі». Іншыя танкі тым часам працягвалі падмінаць цяжкімі гусеніцамі нейкую збажыну ў нізіне, набліжаючыся з правага боку да дарогі, на якой, бы ў чаканні самага сапраўднага дзіва, спыніліся чырвонаармейскія падраздзяленні. Нарэшце пачуўся першы гарматны стрэл: штосьці бліснула, як маланка сярод белага дня, на схіле пагорка, а тады насупраць першай артылерыйскай запрэжкі, якая ўсё яшчэ імкліва рухалася наперад, раптам вырас пясчаны куст. Пасля першага выбуху снарады пачалі рвацца зусім густа, высаджваючы на ўзлобку цэлы пясчаны зараснік, і хутка там не стала відаць ні коней, ні артылерыстаў. Гэта раптам ачомала ўсіх на дарозе — была страчана надзея на тое, што артылерысты паставяць перад танкамі заслон, і чырвонаармейцы, паўзводна, а то і паротна, кінуліся ў поле займаць абарону. Ваенурач з малодшымі палітрукамі знаходзіўся якраз у пачатку калоны, паміж двума невялікімі пяхотнымі падраздзяленнямі, з якімі яны рухаліся з учарашняга дня. Па гэтых падраздзяленнях, як па самых блізкіх, ужо страчылі з кулямётаў варожыя танкі. На дарозе застагналі параненыя. Ваенурач кінуўся дапамагаць ім. Ён ратаваў на абочыне параненага ў жывот незнаёмага лейтэнанта, як адчуў раптам, што танкі перасталі страчыць з кулямётаў і вакол усталявалася незразумелая цішыня, быццам зноў нечага ўсе насцярожыліся і чакалі. Тады ён падняў галаву і глянуў у той бок, адкуль рухаліся танкі. Тыя сапраўды больш не страчылі з кулямётаў. Аднак за час, пакуль ваенурач быў заняты параненым лейтэнантам, некаторыя з іх паспелі апынуцца на дарозе і цяпер рухаліся па ёй. Ды не гэта выклікала нечаканую цішыню. Усе ўбачылі, як раптам насустрач танкам рушылі па дарозе на ўвесь рост тры камандзіры. Ваенурач пазнаў іх адразу. То былі ягоныя малодшыя палітрукі. І вёў іх на танкі доктараў брат!.. Самаахвярнасць і палохаючая недарэчнасць такога гераічнага ўчынку — кідацца на варожыя танкі з аднымі наганамі! — няйначай, і прывялі ва ўтрапенне ўсіх, хто здольны быў назіраць цяпер за імі, нават фашыстаў, якія перасталі страляць з кулямётаў. Паміж пярэднім танкам і доктаравым братам заставалася ўжо некалькі метраў. З кожным імгненнем адлегласць усё скарачалася. Тады ваенурач ад жаху схапіўся за галаву і закрычаў на ўвесь голас... Калі было скончана ўсё, а на дарозе замест малодшых палітрукоў, таксама як і замест іншых байцоў і камандзіраў, якія не паспелі адбегчыся за прыдарожныя канавы, засталіся адны крывавыя плямы, ваенурач, на вачах якога здарылася гэта непапраўная з’ява, сам паваліўся камяком на зямлю і сутаргава пачаў раздзіраць рукамі, быццам грудзі сабе, прыдарожны дзірван. Трагічны ўчынак малодшых палітрукоў падзейнічаў на яго так, што сівець ён пачаў, мусіць, ужо да таго, як зніклі на дарозе варожыя танкі і сціхнула ў наваколлі страляніна...

52
{"b":"849478","o":1}