— Тады вось ва мне і зламалася штосьці ўсярэдзіне, — ківаў галавой Чубару ваенурач. — Здавалася б — урач, бачыў нямала смерцяў нават у мірны час, бо наша прафесія па сабе такая, аднак вось жа зламалася нейкая спружына, на якой трымалася ва мне ўсё. Можа, таму, што брат быў. Словам, цяпер вы не павінны сумнявацца. Я сапраўды нікуды не варты ўжо!..
Чубар дзеля прыліку пачакаў, а тады сказаў, маючы намер адным часам і паспачуваць чалавеку, і падняць дух у яго:
— Гэта вы толькі ўзялі сабе ў галаву. Проста вам адпачыць трэба перад тым, як...
— Вы думаеце, я стаміўся? — Доктараў позірк быў накіраваны на Чубара, але вочы здаваліся ўсё ж невідушчымі.
— Не можа ж быць, каб тое, што здарылася з братам і яго сябрамі, прыгнятала вас увесь час! Урэшце, не павінна быць! Вось адпачнеце...
Але ваенурач зноў перахапіў размову і пачаў тлумачыць:
— Гэта толькі здаецца так. А на самай справе было ўжо часу на адпачынак. Аднак скальпеля ў рукі ўзяць вось не магу і цяпер. Баюся. Адно, на што здатны яшчэ як урач, гэта прапісаць лекі ад жывата ці галавы.
— Значыць, не ўсё яшчэ страчана, — наўмысна весела сказаў Чубар.
— Але дзе цяпер тыя лекі? Гэтым часам вясковы знахар на большае здольны тут, чым мы, адукаваныя дактары. Той хоць травы розныя ведае, а нас гэтаму не навучылі ў інстытутах.
— Лекі ў нас таксама знойдуцца, будзе чым лячыць, — наперад паабяцаў Чубар.
Але ваенурач быццам не пачуў гэтага.
— Я разумею, — гаварыў ён далей, — вас павінна бянтэжыць неадпаведнасць паміж тым, як я разважаю, дакладней, лагічная прыстойнасць маіх разважанняў, і тым, што гавару аб сабе. Але можаце паверыць, што адно другое не выключае.
Тады Чубар пажартаваў:
— Аднак жа дасюль было вядома, што... словам, што людзі з хворай свядомасцю звычайна даводзяць, што яны самыя разумныя на свеце!..
Зноў доктарава гаворка пачынала выклікаць у Чубара насцярожлівае адчуванне, нібыта ў даверлівым тоне яе яўна хавалася нейкая знарочыстасць; Чубару рабілася зразумела, што калі гэтая гаворка будзе працягвацца і далей у такім тоне, то вышэйшасць, якую ён меў дагэтуль над сваім субяседнікам, можа быць страчана. Тым часам Чубар чамусьці самым сур’ёзным чынам лічыў, што для справы, якую ён наважыўся распачаць у забяседдзі, гэты чалавек са сваёй прафесіяй патрэбны быў перш за ўсё. Чубару здавалася, што небараку дастаткова будзе адпачыць у ціхім закутку, каб ачомацца ад нервовага ўзрушэння і набыць душэўную раўнавагу, і таму ён гатовы быў настойліва паўтараць тую ісціну, што сур’ёзная справа сапраўды вяртае чалавеку страчаны воблік...
— Дык я кажу, што адно другога не выключае, — працягваў разважаць ваенурач з ранейшай непраніклівасцю на твары. — У чалавека ў галаве заўсёды знойдзецца месца і для разумных думак, і, як вы кажаце, для вар’яцкіх. — Чубар, вядома, гэтага не гаварыў, але не запярэчыў. — Часам нават цяжка правесці мяжу паміж імі. Асабліва калі чалавек трэніруе свой мозг у адным і тым жа напрамку. А ў мяне для гэтага часу хапала. Таму я паспеў багата чаго перадумаць нанава, нават пераасэнсаваць. Таму няхай вас і не здзіўляе, што я хапаюся адразу за тыя недакладнасці, якія да гэтага атрымалі ў маёй галаве пэўнае вытлумачэнне. І наогул, я... Але не, пра гэта лепей не гаварыць, бо вы пагражалі ўжо, здаецца, паставіць мяне да сценкі. Гэта мы навучыліся — хапаць адзін аднаго за рукі ды затыкаць рот. Няхай будзе па-вашаму. Я і праўда не стану гаварыць пра тое, да чаго прыйшоў, разважаючы на адзіноце аб усім нашым папярэднім жыцці і аб гэтых падзеях, якія раптам выбілі з каляіны столькі народу і не толькі выбілі з каляіны, але ў адных ужо забралі жыццё, другіх зрабілі вар’ятамі, а трэціх асудзілі на пакутлівую невядомасць.
— Вы залішне перабольшваеце, да сценкі ставіць вас я не збіраўся, але рашылі правільна, — сказаў Чубар. — Абы-што гаварыць не варта. Раскажыце лепей, што было з вамі потым?
— Калі?
— Ну, пасля таго, як страцілі брата?
— Трапіў у палон.
— Выходзіць, пра акружэнне?..
— Але ж якраз тады ніякага акружэння не было. Проста нехта пусціў правакацыйную чутку. Можа, лазутчыкі. А танкі тыя выскачылі аднекуль знянацку. Нават не затрымаліся на дарозе. Адно патрушчылі, каго паспелі, гусеніцамі. Падбіць іх не было чым. «Саракапяткі» не паспелі нават стрэліць. Так што... — Ваенурач памаўчаў. — А ў палон нас узялі праз дзень, — пачаў ён зноў. — Гэта на другі бок ад Слоніма. Немцы высадзілі за Шчарай дэсант, і нашы часці, якія не мелі суцэльнай лініі абароны, былі заціснуты паміж гэтым дэсантам і галоўнымі наступаючымі сіламі. Нават бою вялікага не адбылося. Сам я зразумеў, што знаходжуся ў палоне толькі тады, як на скрыжаванні шасейных дарог, куды мы нарэшце выйшлі, убачыў нямецкіх матацыклістаў. Адстрэльвацца я, вядома, не мог, бо не меў нават асабістай зброі... Аднак дзеля дакладнасці трэба сказаць, што і ніхто іншы не аказаў тады супраціўлення... — Гаворачы пра гэта, ваенурач паглядзеў на Чубара — ці верыць той. — Гэта пасля ўжо, калі хапілі шылам патакі ў лагеры ваеннапалонных, некаторыя спахапіліся. Але позна было — вакол калючы дрот і вартавыя. І тым не менш сёй-той пачаў строіць планы, як бы ўцячы з лагера. Не ведаю, ці ўдалося каму зрабіць гэта, бо мяне неўзабаве выпусцілі з лагера назусім.
— Чым вы патрапілі гэтак фашыстам?
— Я і сам задаваў сабе такое пытанне. Але пасля разважыў, што нічога дзіўнага не было ў гэтым. Проста камендант лагера першы прыкмеціў тое, чаго не хочаце бачыць, напрыклад, вы: гэта — што я сапраўды ні на што ўжо не варты. З нейкага часу, як выпадала яму ісці праз лагер, ён кожны раз падзываў мяне пальцам да сябе і распытваў пра ўсё, што датычыла майго жыцця. Цікавіла яго таксама мая думка пра вайну, пра немцаў. Словам, мяне ён настойліва вылучаў сярод іншых ваеннапалонных. А праз два тыдні выклікаў у кабінет, выпісаў пропуск і загадаў немцу-салдату, каб той вывеў мяне за вароты лагера і адпусціў на волю. І вось я каторы дзень ужо тупаю па Беларусі, цяпер...
— І ні разу не здаралася па дарозе, каб фашысты зноў не спрабавалі загнаць вас у які-небудзь лагер?
— У мяне ж пропуск ад каменданта. — Ён расшчапіў рукі на каленях, выпрастаў правую нагу і дастаў з кішэні галіфэ кардоначку, выразаную прамавугольнікам: да вайны на такіх друкавалі розныя мандаты для канферэнцый.
Чубар узяў кардоначку ў рукі, пакруціў з абодвух бакоў, а тады пачаў глядзець на тое, што напісана друкаванымі літарамі па-руску і па-нямецку. Вядома, Чубар па-нямецку не разумеў, таму чытаў тое, што было па-руску: маўляў, ваеннапалоннаму, урачу другога рангу, і прозвішча — Скварцоў Аляксей Ягоравіч, дазваляецца следаваць па тэрыторыі, акупіраванай германскімі войскамі, да месца жыхарства ў горад Свярдлоўск; і далей, ужо ў якасці так званай заўвагі, — прыпынак на начлег рабіць толькі ў межах населеных пунктаў, надаўжэй, чым суткі, у адным населеным пункце не затрымлівацца, прад’яўляць пропуск кожны раз, як таго запатрабуюць мясцовыя ці вайсковыя ўлады... Адным словам, то была самая сапраўдная бестэрміновая падарожная, накшталт тых, што выдавалі ў царскі час катаржанам, якіх выпускалі на волю, але якім не было вызначана месца жыхарства ва ўсёй краіне: рэшту жыцця, якое яшчэ заставалася за імі, належала пражыць у дарозе...
— Можна падумаць, што камендант гэты вялікі жартаўнік, — аддаючы пропуск, пакруціў галавой Чубар.
— Так, пачуцця гумару ён не пазбаўлены, — згадзіўся ваенурач, мусіць, не цалкам усведамляючы, што меў на ўвазе Чубар. — Але ж зразумеў мой стан...
— Скажыце, а вам раней, ну, да сустрэчы з камендантам, не даводзілася думаць пра сябе вось гэтак?
— Як?
— Ну, так, як гаворыце пра сябе цяпер?
— Не.
— А калі ж гэта пачалося?
— Мусіць, тады, як я паглядзеў на сябе ў камендантавым кабінеце ў люстэрка.
— Тады скажыце яшчэ, — паглядзеў на ваенурача прыжмуранымі вачамі Чубар, — а вам не здаецца, што вы сталі проста несвядомай цацкай, якую надзвычай разумна выкарыстаў нейкі мацёры фашыст?
— Як гэта?