— Дак яно ж... — памуліўся Парфён Вяршкоў. — Чубар недзе сышоў, а ты во... бытта і не гаспадар цяпера ў калгасе. Як зганяў тых кароў, дак не толькі самога на вёсцы не відаць, але нават голасу не чутно. А час не чакае. І немцы, ты сам кажаш, у Бабінавічах, да і... жніво пара пачынаць. Другі год дак мы ўжо, лічы, канчалі такімі чысламі. А тута, як наўмысля, еты год бытта адно да аднаго. К таму ж Раман, мабыць, праўду казаў, калгасаў немцы не дапусцяць больш. Так што...
— Але не Раману калгасным дабром распараджацца, — са злосцю сказаў Зазыба: сваёй галавой ён разумеў, што Парфён Вяршкоў, гаворачы пра ўсё, меў пэўную рацыю, і клопат быў недарэмны, але сам пакуль не здольны быў ні растлумачыць што-небудзь з таго, што хвалявала людзей у Верамейках, ні зрабіць правільна, каб вырашыць, па сутнасці, неадкладную і надзённую справу, бо не было самае яснасці на яе.
— Вы, мабыць, пачапаліся ета на канюшні з Раманам? — усміхнуўся Парфён Вяршкоў. — Бачу, спярша Раман прыскочыў да нас, як укушаны, пасля ты ідзеш. Па твары відаць, што паміж вас нешта адбылося. Да і маўклівасць твая. Прасядзеў амаль без языка, як той Раманаў татарын. А дарэмна. Мне во давялося гаварыць з ім і за цябе, і за сябе адным часам.
— Я гэта зразумеў, — нібыта жартам сказаў Зазыба.
— А Раман, аказваецца, хітры, — выціраючы рукавом твар ад дажджу, разважаў Парфён Вяршкоў. — Разумее, што свавол можа плачам скончыцца. Таму нейкага татарына хоча падставіць, а сам пры ім — як кажуць, і з мукою, і не пыльна.
— Цяпер усякае г... усплываць будзе, — уздыхнуў Зазыба. — Як у вялікую паводку. Вада сляпая, яна нясе, што патрапіць. Але скажы, мусіць, ты выдумаў цяпера і пра Брава-Жыватоўскага, і пра Драніцу?
— Стану я выдумляць?
— А ўначы я падумаў, што ты проста бурчыш, — сказаў Зазыба. — Але чаму не гаварыў тады ясна, без намёкаў? Мы б іх падаставалі са столяў!
— А то сам не ведаў?
— Каб жа!
— Шкада ўсё ж, чалавек, што ні кажы. Але і я пра Брава-Жыватоўскага не здагадваўся, — прызнаўся Парфён Вяршкоў. — Думаў, адзін Раман Сёмачкін уцёк. А тады бачу ўранні — і Брава-Жыватоўскі ў Верамейках.
— А можа, і яшчэ хто?
— Не, мабыць, яны адны. — Парфён Вяршкоў колькі часу прайшоў моўчкі, пасля зноў загаварыў: — Яно вядома, жыць хота ўсім. Але ж вон іх колькі, з усяе вёскі мужыкі пайшлі па мабілізацыі, а ў Верамейках апынуліся толькі Раман да Брава-Жыватоўскі.
ІІІ
Чубар сапраўды з Верамеек падаваўся ў Крутагор’е. Але ў Белай Гліне бабы раптам сказалі, што ў горадзе немцы — адтуль ужо вярнулася дачка мясцовага ветэрынара, якая рабіла медсястрой у бальніцы.
Чубар спантана апусціўся на лаўку пад вокнамі нечае хаты, адчуваючы, як перасыхае і храсне ў роце; пэўна, і на твары Чубаравым відаць была разгубленасць, бо белаглінаўскія бабы пачалі суцяшаць верамейкаўскага старшыню, а жонка аб’ездчыка Паляноўскага, да якога Чубар, здаралася, заязджаў па дарозе з Крутагор’я, дакорліва паківала галавой, паказваючы на вінтоўку:
— І навошта з етай ламачынай ходзіш цяпера? Кінуў бы ў раку, дак цалей быў бы. А то ні салдат, ні... Схопяць, як зладзюгу якога...
Чубар папрасіў напіцца, і нейкая маладзіца заспяшалася ў хату. Неўзабаве яна выйшла адтуль з вядром у руцэ, выліла каля варот на мураву ваду, мусіць, ужо летную, і праворна накіравалася праз вуліцу да калодзежа, што быў непадалёку, двары за два. Адтуль яна прынесла халоднай — па самыя вушкі — і паставіла вядро на лаўку. Чубар апусціўся на калені — чамусьці на дыбачках не стаялася, — схіліўся над вядром, абхапіўшы аберуч. Вада яшчэ гойдалася ў вядры, і Чубараў твар калыхаўся ў ёй таксама, то расплываючыся ўшыркі, як у няправільным люстры, то выцягваючыся ўдоўжкі. Праз момант вада адстоялася, тады Чубар пачаў піць набгом. Піў прагна, але без смаку, адчуваючы слабасць у целе; вада плюхалася на грудзі, сацінавая кашуля, зашпіленая толькі на апошнія гузікі, адразу намокла, халадок пачаў студзіць скуру; зайшліся зубы; тады Чубар паставіў вядро на ўсё донца, аддыхаўся і зноў сеў на лаўку, выпрастаўшы абутыя ў ялавыя боты ногі.
Па левы бок вясковую вуліцу пераходзіла гравійная дарога, якая вяла з Бабінавіч у Крутагор’е, і на ёй цяпер не было на чым воку зачапіцца, адны нізкарослыя, як велізарныя шары, куцобістыя вербы стаялі паабапал, адкідваючы на попельны пясок цені. Але было такое адчуванне, быццам з-за павароту, які пачынаўся за мостам каля валатовак, вось-вось выпаўзе нешта жахлівае і заслоніць сабой увесь прасцяг наперадзе. Паступова гэтае адчуванне набыло ў думках пэўную форму, і Чубару як не бачыўся ўжо імклівы рух па гравійнай дарозе варожых танкаў. Уяўнасць была настолькі моцная, што праз нейкі час верамейкаўскі старшыня не мог болей заставацца пасярод вуліцы. У жыцці ён не належаў да палахлівых людзей, прынамсі, так лічыў нават сам — можа, да першага вялікага страху, але цяпер ледзь не станавіліся ў яго пад скураным картузом валасы: жахліва было б апынуцца аднаму перад фашыстамі...
Развітаўшыся спехам з белаглінаўскімі кабетамі, Чубар пашыбаваў у завулак, што быў насупраць калодзежа.
Здарылася так, што Чубар, заняты эвакуацыйнымі справамі ў калгасе, страціў жывую сувязь з райцэнтрам. Сувязь да апошняга часу, вядома, была, але аднабаковая — старшыня калгаса адно прымаў з райцэнтра каманды, якія павінен быў выконваць. Пакуль ішлі ў Верамейкі тыя каманды, ён адчуваў сябе спакойна, прынамсі, у такой ступені, як здольны адчуваць чалавек, які ведае, што ўжо насоўваецца навалай фронт. Але настаў час, калі тэлефон перастаў званіць: у адказ у тэлефоннай трубцы адно гуло, і на лініі сувязі, што праходзіла па кругавой ледзь не па ўсім раёне, не было чуваць нават галасоў тэлефаністак. Чубара гэта адразу занепакоіла. Аднак у галаву яшчэ прыйшла думка — сапсавалася недзе тэлефонная сувязь. Першы тэлефонны вузел на шляху да райцэнтра быў у Бабінавічах, і Чубар разважыў, што, можа, якраз на гэтых сямі кіламетрах і ёсць пашкоджанне, бо мястэчка таксама не давала на званкі адказу. Тады Чубар пасадзіў на каня старога Цітка і загадаў, каб той праехаўся верхам уздоўж тэлефонных слупоў. Ціток выканаў усё, што хацеў старшыня, але пашкоджання не знайшоў — дрот па-ранейшаму туга вісеў на белых кубках, а слупы стаялі праз роўныя прамежкі скрозь. Ціток вярнуўся ў Верамейкі, далажыў Чубару. І яны ўдвух доўга сядзелі ў калгаснай канторы, меркавалі, чаму так выходзіла, што і слупы цэлыя, і дрот не парваны, а тэлефон не працуе. Нарэшце старшыня сказаў Цітку застацца ў канторы да самага вечара, калі патрэбна будзе, то і на ўсю ноч — уласна, Ціток і без таго, бадай, ад пачатку вайны амаль не адлучаўся з канторы, дзяжурыў пры тэлефоне, — а сам пайшоў у хату, дзе кватараваў, пачысціў выструганым прутком вінтоўку, палічыў патроны і ў трывозе засігаў па бальшаку. У яго была надзея, што заспее там савецкіх і партыйных кіраўнікоў, тым больш што на тэрыторыі раёна дзейнічаў знішчальны батальён, якім камандаваў начальнік міліцыі. Да гэтага батальёна былі прыпісаны неваеннаабавязаныя актывісты, таксама старшыні сельскіх Саветаў і калгасаў, якія падпадалі пад бронь, у тым ліку і Чубар. Накіроўваючыся ў Крутагор’е, Чубар браў у разлік таксама і тое, што раённы знішчальны батальён у кожным разе павінен далучацца да рэгулярнай арміі, тады не трэба будзе актывістам туляцца абы-дзе, можна адступаць разам, стаўшы байцамі якой-небудзь чырвонаармейскай часці. І вось усяму гэтаму — разлікам і спадзяванням — прыйшоў канец: раптам у Белай Гліне высветлілася, што Крутагор’е занялі фашысты!..
Паспакайнеў Чубар тады, як выйшаў за Белую Гліну і апынуўся каля дзебры — старога рэчышча, па якім некалі цякла Бесядзь і якое цяпер парасло вольхай і вербалозам. З вёскі Чубара ўжо нельга было заўважыць. Дарога, якая ішла з Бабінавіч у Крутагор’е, ад дзебры таксама не праглядвалася.
Чубар зняў з пляча вінтоўку і паволі, быццам з неахвотаю ці ў вялікай задуме, пакрочыў па лузе, падмінаючы падэшвамі ботаў пасохлы плюшч і застаялую мурожніцу, пракладваючы след па густой і злямцаванай, як мядзведзева шкура, траве. Як і ў Верамейках, у Белай Гліне калгасны луг таксама не ўвесь пакасілі — паўсюды цяпер не хапала мужчынскіх рук: за гэтыя няпоўныя два месяцы вайны адбылося ўжо некалькі мабілізацый. Копы стаялі на лузе толькі ў вусці — там у Бесядзь упадала Дзяражня, можа, самы вялікі прыток гэтай ракі, што пачыналася недзе на Смаленшчыне і ўлівалася непадалёк ад Гомеля ў Сож. Было на лузе трохі і непагрэбенага сена, але яно даўно сапрэла ў пакосах і выгляд мела, як леташняе; на пракосах ужо адскочыла атава, якая неяк незвычайна, нібыта пафарбаваная, зелянела паміж пажоўклага цурбылля: была маладая і кволая, як мокрае восеньскае жыта пасля зазімку. Дзебра шмат дзе перасохла за лета, дно там — глеістае і парэпанае — паспела пакрыцца пячоначным мохам і яшчэ нейкай мяккай, паклычанай травой, а па азярынах, між пагрызенага лісця белых і жоўтых гарлачыкаў, плавалі качкі. Пасярод лугу тырчала пахіленая вітка — можа, яшчэ з вясны засталася стаяць, калі запіралі сенажаць, і Чубар, як толькі дайшоў да яе, самахоць прыпыніўся, каб выпрастаць. Азірнуўся, вядома, і на Белую Гліну. Высокі бераг над старым рэчышчам больш не засціў сваім горбам вясковыя стрэхі. Чубар задумаўся — дарэмна ён гэтак заседзеўся ў Верамейках, здаецца, што каштавала перадаць калгасныя справы Дзянісу Зазыбу. Тады б пэўна ўжо не давялося бадзяцца тут, быццам пакалечанаму буслу перад пакровамі. Чубар успомніў, як нядаўна не паехаў у Машавую, калі выклікалі туды па тэлефанаграме з райкома партыі. Тады ён не надаў гэтаму выкліку асаблівага значэння, дакладней, не столькі не надаў, колькі не здолеў сабрацца: тэлефанаграму яму ўручылі з вялікім спазненнем, бо ў той дзень яны з Іванам Падзерыным ездзілі за Гаўрылаву пожню абмерваць стагі. Больш таго, нават на другі дзень ён не сабраўся пазваніць у райком, растлумачыць сваё нез’яўленне — усё яшчэ пакладаўся на даваенны час, калі выклікаў на розныя нарады было, можа, сапраўды замнога, і таму трэба было мець асаблівае чуццё на іх, каб адгадваць, на якую наведвацца абавязкова, а на якую не. А тут раптам чамусьці выклікалі не ў Крутагор’е, а ў Машавую, звычайную вёску, што за дванаццаць кіламетраў ад Верамеек. І вось цяпер Чубару пачало рупіць, што менавіта апошняе, хоць і несвядомае непаслушэнства, калі можна сказаць так, і было прычынай, з якой вынікалі сённяшняе хваляванне і сённяшняе няведанне.