Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Конь, відаць, таксама яго быў.

Больш пра каня Чубар не стаў гаварыць, і гаспадыня таксама не падумала далей пытацца пра яго. Яна сядзела па той бок стала, амаль насупраць госця, але сама не дакраналася ні да чога: яўна што падабалася ёй, як гэты чужы чалавек мацаваўся харчам у яе хаце, а яна нічога не шкадавала, карміла яго. Думкі ў яе былі нейкія дзіўныя, адрывістыя і блытаныя, што раптоўна прыходзілі ў галаву і тут жа замяняліся іншымі. Мусіць, з гэтай прычыны і гамонка паміж ёй і Чубарам ішла непаслядоўная, таксама блытаная. То гаспадыня пытала, як яго завуць і куды ён едзе, то раптам пачынала ўспамінаць, як сама расла ў дзеўках, як гуляла з хлопцамі, і як яе засваталі, і як на запоінах бацька напіўся і выбіў у хаце акно...

Тым часам за дзвярамі замяўкаў кот, пачаў шкрэбаць па дошках. Яна паднялася з-за стала, упусціла ката на гэтую палавіну. Чубар праводзіў яе пажадлівым позіркам да дзвярэй, а калі вярнулася і зноў села, спытаў нечакана:

— І не баішся?

— Чаго?

— Ды от... немцы прыйшлі... а ты такая прыгожая, ладная...

— Мне ўжо за прыгажосць сваю быццам няма чаго баяцца, — адказала яна зусім спакойна, нават разважліва. — Усё роўна... Словам, што мне казаць трэба, сам бачыш. — Яны абое непрыкметна перайшлі ў размове на «ты». — Але, прызнацца, я не думала гэтак. Ды, мусіць, каб і думала раней, то таксама не стала б калаціцца ад страху. Жыццё такое... што кожны дзень не дае, а забірае нешта ад душы.

Чубар паглядзеў на яе, убачыў задумлівы твар, які зрабіўся, здаецца, яшчэ больш вабны, і адчуў раптам, што яму сорамна і шкада жанчыны... Але ён перамог у сабе гэтае пачуццё, сказаў амаль весела:

— Хадзем са мной?

— Куды? — зусім не здзівілася яна.

— А куды я, туды і ты.

— Не, мне так нельга, — сказала яна проста, як умеюць гэта рабіць натуры шчырыя і непасрэдныя, — я за яго адказваю і перад богам, і перад людзьмі... Без догляду ён не можа. Трэба, каб нехта заўсёды быў пры ім.

Чубар даўно — яшчэ з таго моманту, як зайшоў у хату — прыкмеціў, што пра мужа, які зрабіўся і вялікім няшчасцем для яе і, няйначай, ужо непамерным цяжарам, яна гаварыла без падкрэсленага шкадавання, але і без ценю раздражнёнасці ў голасе; адчувалася — тое, што здарылася з мужам, самым непасрэдным чынам датычыла і яе. Яна ўспрымала гэта з усведамленнем непазбежнасці і свайго абавязку перад ім. Таму Чубар ажно пашкадаваў, што не падумаў пра гэта перад тым, як рабіць сваё недарэчнае запрашэнне. Але гаспадыня на дзіва сама захацела прадоўжыць гаворку. — Лепей ужо ты заставайся тут, — сказала яна без сарамлівай умоўнасці.

— Не, я павінен ісці, — усміхнуўся ён.

Яна падумала.

— Куды цяпер ісці можна?

— Дарог заўсёды багата, — няпэўна адказаў Чубар. — Куды хочаш, туды і ідзі.

— Але ж на гэтых дарогах цяпер неспакойна.

— Так, неспакойна.

— Тады лепей пачакаць тут, пакуль не ўляжацца гэта вайна. Не хочаш у хаце, можна знайсці ўтульнае месца ў лесе. А я да цябе прыходзіць буду. Хоць у вёсцы таксама можна перачакаць. Бачыш, лес адразу за хатай... Уцячы паспееш, калі немцы раптам заявяцца.

— Не, не ў гэтым справа...

— У мяне на столі сена ёсць, калі ў хаце не хочаш.

— Не, я не пра тое.

Чубар ажно дзіву даваўся, як лёгка было гаварыць з ёй, здавалася, пра самыя складаныя рэчы. Галоўнае, не трэба было нічога тлумачыць.

— Заб’юць цябе аднаго, калі будзеш гэтак бадзяцца, — уздыхнула яна.

— Чаму ты думаеш, што я адзін?

— О-о-о, мяне не падманеш!

Чубар апусціў галаву.

— Бачыш, — нібыта выкарыстала момант яна, — я нават не таюся ад цябе. Кажу ўсё, як ёсць. Дзіўна, але сёння на мяне быццам найшло што. Я ж ніколі не была яшчэ такая.

Чубар выцер аб чысты ручнік рукі, падзякаваў за абед.

— А цяпер трэба ісці, — сказаў ён: раптам яму стала невыносна сядзець у гэтай хаце.

— Ужо? — неяк адчужана спытала яна, ускінуўшы галаву.

— Ага.

Чубар падышоў да акна, глянуў на вуліцу. Скрозь было пуста.

— Значыць, не застанешся?

— Не.

Ён узяў вінтоўку, пайшоў да парога. Тады і яна падалася следам.

У сенцах Чубар спыніўся.

— А можа, пабудзеш хоць да вечара? — усё яшчэ не хацела расстацца яна са сваёй думкай. — Я падвезла б цябе куды трэба. Схадзіла б у Гарэлічы. Там у мяне брат брыгадзірам. Дык даў бы каня калгаснага, а я адвезла б цябе, раз ужо не можаш іначай.

Слухаючы, Чубар прыхінуўся плячом да драбінаў, што былі прыстаўлены да сцяны, каб лазіць на паддашак, з удзячнасцю ўзяў жанчыну за руку. Падаючыся наперад, тая сцепанулася ўся ад прайшоўшай па целе гарачай хвалі, і Чубар з пакутлівай выразнасцю ўявіў сабе, як зараз адчуе на твары яе стоенае, але трывожнае дыханне.

VIII

Нехта доўга соўгаўся за дзвярамі, шукаючы клямку ў хату, ажно ляскалі ў сенцах вёдры, што стаялі на лаўцы ўздоўж бакавой сцяны. Тады Зазыба памкнуўся чалавеку насустрач, расчыніў дзверы і, не чакаючы, пакуль той пераступіць парог, адступіў крокі на два на хату.

Увайшоў Мікіта Драніца.

Мікіта быў трохі выпіўшы і напускаў на сябе важны выгляд, але гэта яму не давалася: па-першае, постаццю ён для важнасці не выйшаў, а па-другое, вочы ў яго сёння бегалі так, нібыта ўранні яны сарваліся з цвіка, а ўвечары ніяк не маглі трапіць на сваё ранейшае месца. Вялікі, як сплюснуты, Мікітаў твар ільсніўся; з правага вуха вытыркаліся пакручаныя ў кольцы рудыя валасы. Мікіта, як некалі і бацька яго, недачуваў на адно вуха, можа, таму і вырасталі адтуль гэтыя валасы, але ў адрозненне ад бацькі сын доўга не прызнаваўся ў сваёй глухаце, хоць людзі ўсё роўна здагадваліся пра гэта: пры гаворцы Мікіта заўсёды цішэў, лаўчыўся падстаўляць чалавеку здаровае вуха. Але трэба аддаць яму належнае — у смешныя гісторыі, як гэта часта здараецца, Мікіта пакуль не пападаўся, неяк усё выкручваўся, быццам меў трайное чуццё.

— Як тэй таго, — кашлянуў Мікіта: у іх на дваіх, на Аксюту і на яго, было гэтае недарэчнае «як тэй таго». — Я к табе па справе, як тэй таго, — зноў кашлянуў Мікіта.

— Бачу.

Стаўшы спіной да Драніцы, Зазыба падкручваў кнот у пяцілінейнай лямпе, на якую пакуль хапала газы, скідаў нагар.

— Дык па справе я, як тэй таго, — у нерашучасці тым часам таптаўся ў парозе Мікіта.

— А хто цяпера так сабе ходзіць?

Язычок пабялелага полымя астаўся на кноце, і паламаны цень са столі Зазыбавай хаты пераскочыў на сцяну.

— Дак от... — Драніца ўжо выйшаў на сярэдзіну хаты, але па-ранейшаму ў ім нібыта захрасла што.

Зазыбу ад такой нерашучасці зрабілася смешна, і ён сказаў памяркоўна:

— Дак ці гавары ўжо адразу, ці сядай вон. — Гаспадар паказаў на ўслон.

Драніца паслухаўся і ўтрапёна сеў, заклапочана глянуўшы пад ногі сабе — ці не нанёс Марфе гразі з вуліцы.

Апрануты Мікіта быў па-восеньску: у доўгую, пашытую ў бабінавіцкага Шарэйкі, фуфайку зялёнага колеру, як з вайсковага. Фуфайка даставала яму трохі ніжэй каленяў, была з шырокім поясам, які трымаўся па баках на мацерчатых вушках. Бабінавіцкі Шарэйка багата каму да вайны шыў такія фуфайкі, і дзядзькі шыкавалі ў іх па той і па гэты бок Бесядзі. На шарэйкавы фуфайкі ў навакольных вёсках была ажно мода. Але на Драніцу адмысловая адзежына не ляжала, хутчэй вісела: усё Шарэйкава ўмельства гінула на ім як назнарок.

Зазыба акінуў Драніцу ўсмешлівым позіркам, успомніў, як гаварыў пра яго Парфён Вяршкоў, калі прыходзіў у той вечар.

Парфён нездарма нагадаў тады раённага ўпаўнаважанага па Верамейкаўскім сельсавеце Мяшкова. Сапраўды, Мяшкоў быў тым чалавекам, што паплаціўся-такі за сваю дружбу з Драніцам. Тады яны ехаці разам з мястэчка. Выклікалі ў Бабінавічы ўсё верамейкаўскае начальства — вядома, упаўнаважанага, таксама старшыню сельсавета Ягора Піліпчыкава і ўсіх старшынь калгасаў — на нейкую куставую нараду. Але так павялося ўжо — дзе начальства, там і Мікіта Драніца. Той раз ён таксама выдумаў сабе справу ў Бабінавічах: сталі гаварыць, што верамейкаўскі крамнік Даніла Боц намачыў назнарок соль — цяжэй будзе, і Мікіта доўга абураўся, пакуль жонка не дазволіла схадзіць па соль у сельпо, за сем кіламетраў. І вось Мікіта напакаваў важкую торбу, прынёс на горбе да вазоў і закапаў глыбей у сена, што было на санях упаўнаважанага. Мерзнуць у мястэчку яму давялося да самага вечара, калі пасля нарады сельсавецкія і калгасныя старшыні сабраліся ў сельпоўскай краме, балазе, на вуліцы стаялі калядныя марозы, якія нанач асабліва даймалі ў дарозе. Зазыба з Ягорам Піліпчыкавым паехалі з мястэчка адразу, адно пастаялі трохі са знаёмымі старшынямі на базарнай плошчы перад царквою — Зазыба наогул з маладых гадоў неахвочы быў да пітва, а Ягор Піліпчыкаў у той дзень чамусьці спяшаўся дамоў. Найдаўжэй у мястэчку затрымаўся Мяшкоў. Да яго і далучыўся Мікіта Драніца. Мусіць, яны ў краме доўга адзін аднаго пераважыць не маглі, але каня пасля ўсё ж неяк здолелі выкіраваць за мястэчка і пусціць па наезджанай дарозе на Верамейкі. Конь у Мяшкова быў прывучаны да бабінавіцкай дарогі — упаўнаважаны нечага часта ездзіў з вёскі ў мястэчка, казалі, што ў яго там жыла братава ўдава, таму вазакі і апынуліся неўзабаве ў Верамейках, каля пажарнай, дзе ў прыбудове была сельсавецкая стайня. Абое яны былі моцна п’яныя і ляжалі ў абдымках адзін у аднаго на халодным сене. Лейцы былі завязаны зашмаргам на Мікітавай назе. Калі стары Ціток убачыў іх каля пажарнай, на дварэ ўжо быў глыбокі вечар; на ўсім, на сонных мужчынах, на кані, што прывёз іх у вёску па сваёй ахвоце, ляжаў іней. Ціток ажно злякаўся спярша — гэта ж такі мароз, магло ўсё здарыцца! — але пачуў, што людзі дыхаюць, замітусіўся каля саней. Першага ён завёз упаўнаважанага. Той кватараваў у Сілкі Хрупчыка, і Ціток разам з Сілкам аднеслі нерухомага Мяшкова ў хату, паклалі нераздзяванага на ложак. Лягчэй было з Мікітам Драніцай. Аксюта нібы адчувала што і выбегла за вароты адразу, як заскрыпелі пад вокнамі палазы. «У-у-у, заліў недзе зенкі, як тэй таго!» — яна дала мужу кухталя і сама, як ваўчыца якая, кінула яго на плечы сабе, патарабаніла ў хату. Здаволены, што гэтак развёз людзей на спачын, Ціток паехаў адганяць каня, які дрыжаў на марозе ўсёй скурай. І толькі на другі дзень, ужо ад людзей, стары пачуў, што Мікіта Драніца па дарозе з мястэчка ледзь не адкусіў упаўнаважанаму Мяшкову вуха. Мікіта заўсёды, як напіваўся, страшна скрыгатаў зубамі, тады нават жалезным чым разняць іх цяжка было. Але пра гэта ў Верамейках ведалі, і не знаходзілася дурняў падстаўляцца яму. Не ўбярогся адзін Мяшкоў. Калі яны ляжалі на возе ў абдымках, Драніца неяк дацягнуўся да ягонага вуха і пачаў жаваць. Уратавала трохі Мяшкова тое, што вуха само выслізнула з зубоў. Назаўтра Мяшкову давялося паехаць у бальніцу, каб там палапілі вуха.

36
{"b":"849478","o":1}