— Вы ж, пэўна, паказваеце пропуск не толькі фашыстам?
— Так.
— Нашым, савецкім людзям, таксама?
— Ну і што? — нібыта насцярожыўся ваенурач.
— А тое, — ужо абураючыся, падаўся тварам наперад Чубар, — што камендантавым пропускам вы шкоды нашай справе наносіце больш, чым!.. Калі дык вы разважаеце вельмі ўжо разумна. Нават дзівішся, адкуль гэта ў вас бярэцца. Хоць чорт вас ведае, мусіць, усе вы, інтэлігенты, такія. Але ж думаць і вам таксама трэба. І не трэніраваць мозг у адным кірунку, а наогул думаць. Каб ніякі фашыст не абвёў вакол пальца. Людзі ж глядзяць на гэты пропуск і вочы талопяць: фашысты калі сёння і не ўзялі яшчэ Свярдлоўска, то заўтра ці паслязаўтра браць напэўна ўжо збіраюцца, бо нездарма ж нават палонных адпускаюць туды. А Свярдлоўск — ён далей за Маскву. Значыць, фашысты ўпэўнены, што і Маскву забяруць, і далей пойдуць. Ніхто іх не здолее запыніць. А вы валачэцеся ад горада да горада, ад вёскі да вёскі і, самі таго не разумеючы, разносіце гэтую ўпэўненасць. Жывая рэклама фашысцкіх перамог! Ды калі хочаце пачуць праўду, то за такое вас нават мала да сценкі паставіць!
Мусіць, на Чубаравым твары не толькі была напісана пагроза, але і рашучасць прывесці яе ў выкананне, бо ваенурач, нягледзячы на ранейшую знешнюю абыякавасць — здавалася, не яму гаварылася! — раптам зварухнуўся ўвесь. Можна было падумаць, што ён зрабіў гэта, каб адно перамяніць позу, ад якой, можа, мулка стала, але не — позірк ашклянелых вачэй таксама пачаў блукаць, нібыта яны ўпершыню здолелі зрушыць з месца ў вачніцах і цяпер шукалі, за што б зноў зачапіцца, а тады спыніліся на вінтоўцы, якая ўсё яшчэ ляжала ў Чубара на ўлонні. Чубар адразу ўнутрана насцярожыўся і, дзеля большай пэўнасці, паклаў сваю правую руку на прыклад.
Чубар хоць і перастаў кідаць абвінавачанні, аднак глядзеў на ваенурача з неастылым абурэннем, не маючы сілы дараваць ягоную няцямлівасць.
Нельга было вызначыць, колькі такіх вось спустошаных і захварэлых душой, што наўмысна павыпусканы з канцлагераў, бадзялася на акупіраванай тэрыторыі. Немагчыма было таксама дакладна меркаваць, якую шкоду нанеслі яны ўжо справе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адно было зразумела — Чубара звяла дарога з адным з такіх. Той сядзеў цяпер насупраць. І Чубар быў адказны за яго.
Здавалася, нішто не пагражала гаворцы, якая ўжо колькі часу вялася паміж Чубарам і ваенурачом, перарасці ў трагедыю. Праўда, Чубара яна пачала абураць па-сапраўднаму, дакладней, не сама гаворка, а тое, пра што паступова даведваўся ён ад ваенурача. Аднак Чубар яшчэ не меў думкі, што ваенурач знарок удзельнічаў у хітрай задуме нейкага фашыста альбо цэлай сістэмы: чалавек, мусіць, у канцлагеры сапраўды быў у стане моцнай душэўнай дэпрэсіі, якая і дагэтуль давала сябе адчуць... І раптам ваенурача нібыта ўдарыла што знутры. У адно імгненне ён адкінуўся на спіну, перакуліўся, як гуллівы мядзведзь, цераз галаву, а тады гэтак жа хутка і амаль незаўважна ўскочыў на ногі і кінуўся бегчы паміж соснаў ад Чубара, які ад нечаканасці таксама адшаснуўся назад і не ведаў што рабіць.
— Стой! — нарэшце крыкнуў ён як не сваім голасам наўздагон.
Але ваенурач не слухаўся. Ён моцна кульгаў на правую нагу, аднак бег, як пры вялікай небяспецы. І тады Чубар ускінуў на ўзровень вачэй вінтоўку перад сабой і стрэліў у спіну: мусіць, і тут працягваў адыгрываць сваё механізм, які нібыта з нядаўняга часу знаходзіўся ўсярэдзіне. Стрэлу свайго Чубар, здаецца, не пачуў, але пабачыў, як ваенурач раптам распасцёр рукі, нібыта хацеў узняць іх, і пачаў валіцца дагары.
ХІ
Гэты раз нават хадзіць пад вокнамі ды загадваць не спатрэбілася. Народ паваліў у Паддубішча — палетак каля трох дубоў — ледзь не на самым світанні. Там быў асноўны масіў калгаснага жыта — праўда, сёлета сеялі яго і на былых наддатках, і непадалёк ад Кулігаеўкі, але ў Паддубішчы было каля сотні гектараў. Расло жыта на так званых схілах верамейкаўскага кургана, на якім стаяў драўляны маяк, звычайная трыянгуляцыйная вышка. Цяпер маяка на кургане не было — яго спілавалі яшчэ ў пачатку ліпеня, калі прыйшоў у сельсавет Ягору Піліпчыкаву пісьмовы загад: казалі, што па маяку лёгка арыентавацца варожым самалётам.
Але як настаць сённяшняй раніцы, амаль скрозь ноч у памяшканні калгаснай канторы засядалі верамейкаўскія праўленцы. Вядома, не даваенным складам, бо маладзейшыя члены калгаснага праўлення падлягалі мабілізацыі і цяпер былі недзе на фронце.
Зазыба, як прыехаў з Бабінавіч, паклікаў на двор Гаманьковага Івана, балазе, недалёка было, і папрасіў, каб той прывёз на буланым з Кулігаеўкі Сідара Раўнягіна. Тым часам Марфа Зазыбава збегала па Кузьму Прыбыткова і Парфёна Вяршкова. То былі старэйшыя людзі ў вёсцы, і Зазыба не хацеў вырашаць калгасныя справы без іх.
Хоць Брава-Жыватоўскі і папярэджваў Зазыбу, каб у Верамейках дачакаліся камендантавага распараджэння, а тады ўжо вырашалі справу з калгаснай маёмасцю, але Зазыба надумаў сваё. Бабінавіцкі кравец Шарэйка разважлівасцю і цвярозым стаўленнем да падзей як нанава адкрыў Зазыбу вочы на тое, што адбывалася навокал. Зазыба разумеў, што цяпер, калі не было ў Верамейках Чубара, адказнасць за калгасную маёмасць, за лёс калгаса наогул зноў ляжала на ім; менавіта за ім было апошняе слова і менавіта з яго першага маглі спытаць за ўсё як свае, так і фашысты. З усіх бакоў выходзіла, нібыта Чубар цалкам меў тады, у Зазыбавай хаце, падставу — была свая суровая праўда ў тым, каб любым коштам пазбавіцца ў калгасе ад усяго, што магло трапіць да немцаў. Па гэтым часе ды пры такім павароце падзей Зазыбу, няйначай, ужо і прызнавацца нельга было, што ён таксама меў не меншую падставу, калі бараніў у размове са старшынёй калгаса сваю пазіцыю...
Пакуль не прывёз Іван Гаманькоў у Верамейкі Сідара Раўнягіна, мужыкі сядзелі ў калгаснай канторы і, як звычайна, гаманілі.
Кузьма Прыбыткоў, напрыклад, успомніў, як біліся верамейкаўцы пасля рэвалюцыі за Зінкевічаў луг. Той належаў бабінавіцкім панам, але быў па гэты бок Бесядзі. Бадай, гэтая акалічнасць і стала прычынай, што на луг пасягалі адразу некалькі вёсак, і верамейкаўцам даводзілася адстойваць свае правы на яго сілай — рабіць уноч перад касавіцай засады, нападаць на касцоў з лесу... Скончыліся бойкі тым, што Панцялей Казёл паслаў на той свет мужыка з Малога Хоцімска. Міліцыі давялося ці не тры гады ездзіць у Верамейкі, каб выкрыць забойцу, але дарэмна — ніхто не выдаваў свайго чалавека, хоць усе і ведалі, што мужыка таго Панцялей забіў дарэмна: небарака не прымаў удзелу ў бойцы, проста сядзеў каля вогнішча на ўскраіне лесу і пёк бульбу, а Панцялей наскочыў на яго таксама выпадкова, можа, нават старонячыся бойкі, аднак жа ўдарыў калом па галаве... Зінкевічаў луг верамейкаўцы адваявалі сабе ў дзевятнаццатым годзе: з Клімавіч і Чэрыкава, тагачасных павятовых гарадоў (Малы Хоцімск належаў да Чэрыкаўскага павета) былі накіраваны ў забяседдзе каморнікі, і тыя, пад аховай узброеных міліцыянераў, паставілі межавыя слупы.
Амаль усе, хто прысутнічаў у калгаснай канторы, ведалі пра тыя падзеі не горш за Кузьму Прыбыткова, але слухалі старога з нейкай новай настроенасцю, нібыта непакоіліся, што можа ўсё паўтарыцца.
Іван Падзерын, які прыйшоў у кантору пазней за ўсіх, сказаў:
— Дак ета ж нашы выйгралі тады, што большага хабару далі начальніку міліцыі. А калі раптам перайграць цяпер захочуць і ў Малым Хоцімску, і ў другіх вёсках да таксама хабар свой павязуць? Улада ж памянялася!
— Навошта казаць абы-што, — паглядзеў на яго Парфён Вяршкоў. — Ніякага хабару не давалі верамейкаўцы. Само выйшла. А болей таму, што на нашым баку луг. Не дай бог, каб ён на тым баку Бесядзі быў, не бачыць бы нам сена з Зінкевічавага лугу, як чорту салодкіх вушак. Не, хабару мы не давалі. Ета плёткі пусціла тады пакрыўджаная старана, маўляў, верамеўкаўцы падкупілі начальніка міліцыі. Ну, і дагэтуль во гавораць, не перастаюць.
— За луг не давалі, — згадзіўся з Парфёнам Кузьма Прыбыткоў,— ета праўда, а от за Панцялея Казла ці не вазілі кадушку мёду?