Марфа пераводзіла свой позірк з аднае танцоркі на другую, па-жаночаму зайздросціла іхняй маладосці і тым жа часам, нечага ажно стыдаючыся, шкадавала яе.
Але адзін танец, нават без музыкі, не можа цягнуцца бясконца.
Быццам па якой камандзе, танцоркі перасталі раптам спяваць, стоўпіліся пасярэдзіне хаты — усё роўна як яны былі на ігрышчы і цяпер чакалі, пакуль зайграе новая музыка. Але музыка не пачыналася — ёй не было адкуль брацца. Тады Дуня Пракопкіна задзірыста, нібыта робячы выклік, тупнула нагой і, уся гарачая ад узбуджанасці, канчаткова ўзяла ролю завадатара на сябе.
— Ай, гоп, гра-ча-ні-кі... — запела яна на ўвесь голас.
Дуніны «грачанікі», як на ляту, падхапілі яшчэ тры галасы. Не ўтрымалася нават Роза Самусёва, якая расчырванелася ўся і ўжо бліскала сваімі чорнымі вачамі, што заўсёды вылучаліся на яе смуглым твары: яна спявала і моцна тупала нагамі, нібыта наважылася прабіць наскрозь чужую падлогу. Танец цяпер падобны стаў на звычайную вясковую «трасянку», калі ўжо ідуць у скокі ўсе, хто на пагулянцы — танцоры ці не танцоры, затое зацята дзогаюць па гнуткіх, спаласаваных шавецкімі цвікамі масніцах — называецца, прыбіваць абцасамі. Маладыя жанчыны як выхваляліся адна перад адной сваёй спрытнасцю, пасля, запыханыя, ажно клаліся па чарзе на ўслон, млелі ў бессаромнай жаночай знямозе, а праз нейкі час зноў працягвалі даўно пачатую «трасянку».
Нарэшце вярнулася з дому Рыпіна Ціткова, паглядзела на раздурэлых маладзіц і сказала, але быццам усцешаная чым:
— І праўда, панапіваліся бабы!.. От табе, Сахвейка, і брага. — Яна падышла да стала і з вялікай ахвотай выпіла яшчэ карэц брагі, выцерла бязгубы рот, павінілася перад Марфай: — Даруй, што забавілася.
— Тае бяды, — махнула рукой Марфа.
— Я дак паляжу пакуль, — сказала тады Рыпіна і палезла на тапчан.
На дварэ між тым пашарэла ўжо. Надыходзіў вечар. Недзе яшчэ бавіўся на вёсцы Сахвейчын хлопчык, і Марфа ўзяла на сябе клопат адшукаць яго. Знайшоўся малы ажно ў Антона Жмейды, гэта каля самае кузні, што на галоўнай вясковай вуліцы, і пакуль Марфа вяла яго адтуль у Падліпкі, звечарэла па-сапраўднаму.
Танцаў у Меляшонкавай хаце не было ўжо.
Сахвея давала на тапчане грудзі дачцэ.
Навокал прыбранага ад посуду стала скупіліся госці — Дуня Пракопкіна ціскала ў пальцах запаленую васковую свечку, якая ўсё не прыліпала да пашкрэбанай дошкі, а Гэля Шаракоўская трымала напагатове ў руцэ белы пярсцёнак, зроблены з сярэбранай манеты. Пасярэдзіне стала стаяла шклянка чыстай вады: нягледзячы што каляды былі далёка, жанчыны збіраліся ў гэты вечар варажыць...
Першы раз пярсцёнак кідалі, загадваючы на Івана Самуся, але Роза дарэмна чакала, яна не пабачыла свайго мужа — у шклянцы пад вадой не ўзнікла нават ценю.
— Цяпера на Меляшонка трэба, — сказала Ганна Карпілава, якой зусім не было на каго загадваць.
Гэля Шаракоўская патрымала над шклянкай пярсцёнак, кінула ў ваду. Пярсцёнак апусціўся на дно, ціха бразнуў аб шкло. Патрывожаная вада ў шклянцы праз нейкі час астоялася, і ўсе чатыры жаночыя галавы схіліліся над сталом. З дзіцем на руках нясмела падышла гаспадыня. Яна стала ўпрытык да стала, выцягнула шыю і, чырванеючы ад хвалявання, таксама ўтаропіла вочы на шклянку. У хаце запанавала цішыня. Толькі чуваць было, як дыхала на тапчане Ціткова Рыпіна. Але вось жанчыны заварушыліся, і Ганна Карпілава, уздыхнуўшы з палёгкай, усклікнула:
— Жывы твой Меляшонак, жывы!
— Праўда, Сахвея, жывы твой! — следам за Ганнай, нібыта ў вялікім здзіўленні, сказала і Роза Самусёва.
Але сама Сахвея пакуль нічога не бачыла ў шклянцы. Пярсцёнак нерухома ляжаў на дне, без ніякае чалавечае постаці. Тады Сахвея асцярожна абышла стол, прыпала прагнымі вачамі да шклянкі з таго боку, дзе сядзела Ганна Карпілава. Сапраўды, цяпер у самым пярсцёнку пад вадой падалося ёй нешта падобнае на чалавечы адбітак. Сахвея ўпэўнілася ў гэтым і адразу нібыта самлела ад неспадзяванай радасці — здаецца, упершыню пасля таго, як нарадзіла, адчула сваю слабасць. Яна заплюшчыла вочы і пахіснулася, быццам у непрытомнасці, ажно Марфе Зазыбавай давялося падтрымаць яе за плечы.
— Жывы! — сказала Сахвея, яна прытуліла да сябе малую і гэтак прайшлася па хаце.— Чуеш, жывы наш тата! — радасна сказала яна і хлопчыку, які пазіраў ужо з-за коміна.
Тады папрасіла паваражыць на свайго Дуня Пракопкіна.
І на яе мужа пярсцёнак у шклянку кідала Гэля Шаракоўская.
Жанчыны зноў ссунулі галовы над сталом. Але ў сярэбраным кружочку на дне шклянкі ўзнік ледзь прыкметны цень, які нечым нагадваў скрыню.
— Глянь, труна, — шапнула Розе Самусёвай Ганна Карпілава.
Дуня пры гэтым сцепанулася ўся, спалохана крыкнула:
— Дак ета ж я на хаўтурах ягоных скакала!..
VII
Чубар пачаў сядаць на каня. Цяпер ён рабіў гэта не так, як першы раз — падвёў да вываратня, ступіў на яго і, занёсшы правую нагу, амаль зверху апусціўся задам на падатлівую канёву спіну. Конь адшукаў на моху глыбокія ўмяціны ад учарашніх слядоў і павёз седака да дарогі. Аднекуль з-за дрэў выскачыў наперад вялікі, увесь у жоўтых зябрынах, кот. Ён выгнуўся, быццам размінаючыся, і сеў крокаў за восем. «Перабяжыць ці не перабяжыць дарогу мне?» — загадаў наўдачу Чубар. Але кот не кранаўся з месца. Тады Чубар гучна, па-хлапечы, свіснуў, і кот спалохана скокнуў убок, знікаючы ў пажоўклай папараці. «Значыць, пашанцуе!» — падумаў Чубар. А шанцы былі пакуль усяго на тое, каб уз’ехаць на патрэбную дарогу.
У ім зноў жыў неспакой чалавека, якому рупіла немалаважная справа: ён хоць і не прымаў яшчэ таго, што мусіў падавацца ў забесяддзе, як асэнсаваную і адзіна патрэбную ў ягоным становішчы рэч, але не паслухацца палкавога камісара ўжо не мог.
Па-першае, палкавы камісар у дачыненні да яго старэйшы чалавек і па ўзросту, і па партыйным становішчы, а па-другое, у довадах палкавога камісара была абгрунтаваная пераканаўчасць — сапраўды, каму, калі не такім камуністам, як Чубар, найперш трэба было заставацца на месцы, каб наладжваць барацьбу ў тыле варожых войск? Праўда, Чубар асабліва не падманваў сябе: Зазыба меў рацыю, калі дакараў пры апошняй сустрэчы, што за час старшынства ён так і не сышоўся па-належнаму з верамейкаўцамі. Цяпер Чубар нават вызначыць не мог для сябе, на каго ў вёсцы можна будзе разлічваць, калі справа дойдзе да барацьбы. Колькі ён не перабіраў у галаве мужчын, якія па розных прычынах, а больш за ўсё па непрыгоднасці да вайсковай службы, засталіся ў Верамейках, логіка разважанняў прыводзіла да сумных вынікаў — акрамя Дзяніса Зазыбы ды, можа, Мікіты Драніцы, вельмі спадзявацца не было на каго. Вядома, белабілетнікі — сухарукія ды кілаватыя — не ішлі ў разлік. А пра дэзерціраў, такіх, як Раман Сёмачкін ці Брава-Жыватоўскі, ён нават думаць не мог пакуль.
Раніца ўжо бралася паступова, і па тым, якое высокае стаяла над лесам неба, можна было меркаваць, што дажджу сёння не прадбачылася, прынамсі, на пачатку дня.
Конь выйшаў на дарогу, стаў упоперак, нібыта рашыў пачакаць, чаго захоча гаспадар. Тады Чубар паляпаў яго па мускулістай шыі, і той паслухмяна павярнуў направа.
Да вёскі было недалёка.
Не праехаў Чубар і паўкіламетра, як у прасветлінах паміж дрэў выступілі хаты. Яны пачыналіся амаль ад самага лесу. І наогул, вёска стаяла нібыта ў лясным тупіку, толькі па левы бок, калі глядзець з дарогі, адкрывалася вачам поле, на якім была ў бабках нейкая збажына.
Вёска — то была Шыраеўка — здалася Чубару ціхай. Па самым узлеску шныпарылі, узрываючы дзярніну лычамі, сялянскія свінні. Відаць, іх павыганялі з хлявоў яшчэ на досвітку і трымалі цяпер на ўзлеску, каб пасля можна было найхутчэй схаваць у лесе, абы заспела небяспека. Пад вокнамі крайняй хаты стаялі і гаманілі аб нечым людзі — усе мужчыны. Калі б у вёсцы былі немцы, разважаў Чубар, то наўрад ці стаялі б сяляне гэтак навідавоку. На ўсякі выпадак ён даслаў у патроннік зарад і, узяўшы на рукі вінтоўку, як бяруць звычайна паляўнічыя стрэльбу, уз’ехаў з-за дрэў на вясковую вуліцу. Конніка заўважылі адразу. Больш за ўсіх не зводзіў з яго погляду селянін, які стаяў пасярод круга. У вачах селяніна было адным часам і здзіўленне, і неспадзяваная радасць. Пад'язджаючы, Чубар нават усміхацца пачаў — было такое ўражанне, нібыта яны пазнавалі адзін аднаго. Але селянін раптам выйшаў з круга і кінуўся да конніка, чапляючыся абедзвюма рукамі ў канёву грыву.