Цяпер Брава-Жыватоўскі наведваўся ў Бабінавічы амаль кожны дзень, як гаварыў — хадзіў на даклады да каменданта Гуфельда. Тым часам вёска жыла ў прытручаным стане, і дакладваць не было пра што: проста Брава-Жыватоўскі не хацеў, дакладней, баяўся жыць у няведанні.
Сёння ён таксама патраціў там дзень, бо Гуфельд паехаў у Крутагор’е на нараду: якраз стваралася адміністрацыйная акруга, у якую павінны былі ўвайсці некалькі былых раёнаў, і камендантаў гарнізонаў выклікала начальства да сябе.
Х
Чубар усім цяжарам здарожанага цела ляжаў на баравым пяску непадалёк ад жоўтай ямы, што акурат нагадвала варонку ад магутнай авіябомбы. Але яма ўсё ж была ўтворана не выбухам бомбы: тады б, няйначай, кінуліся вачам на блізкіх дрэвах жывыя меціны ад гарачых асколкаў, а яшчэ больш — кавалачкі паспяканага металу на самым дне, якое б мела таксама характэрны нагар сіняга колеру. Хутчэй за ўсё, паблізу недзе працаваў смалакурны завод, на якім здабывалі звычайную каламазь і шкіпінар, і яшчэ не дужа даўно — краі ямы не паспелі парасці — падрыўнікі з таго завода «апрацоўвалі» тут аманалам сасновы пень, які адзін, можа, даў ім цэлыя кубаметры патрэбнай сыравіны.
Чубар выбраў гэтае месца — бліжэй да ямы — знарок, каб у кожную хвіліну можна было не толькі схавацца, але і заняць, як цяпер належала думаць па-вайсковаму, кругавую абарону. Месца для гэтага было сапраўды прыдатнае: выносісты схон, парослы рэдкімі соснамі, навісаў, быццам уцёс, над дарогай і панаваў ледзь не над усёй мясцовасцю; прынамсі, адсюль Чубар бачыў і раку, якая блукала паміж парослых ракітамі берагоў па шырокім лузе, і дзве невялікія вёскі — адну па левы бок ад сябе, а другую насупраць. Калёсная дарога, з якой збочыў Чубар паўгадзіны таму, вяла праз луг да другой вёскі, што была насупраць. Далей Чубар таксама меркаваў ісці па гэтай дарозе, але цяпер не хацелася рабіць з сябе жывую мішэнь. Менавіта па гэтай прычыне ён і зрабіў тут прыпынак. Але ні ў хаванні ў яме, ні тым больш у кругавой абароне патрэбы, здаецца, не было.
Чубар не здагадваўся, але знаходзіўся ён ужо менш як за паўкіламетра ад Бесядзі. Рака, што цякла наперадзе, была самай сапраўднай Бесяддзю. Аднак выйшаў Чубар да яе далёка па левы бок ад Верамеек.
Чубар чакаў шарай гадзіны, таму ляжаў на схоне спакойна, падкурчыўшы пад сябе ногі, якія ажно смылелі ў закарэлых анучах. Быў ён у такім стане, калі чалавек нарэшце даходзіў ва ўсім, прынамсі, у галоўным, што найперш займае галаву і сэрца, да той яснасці, якая не пакідае больш ніякіх сумненняў альбо проста выклікае ўсведамленне, што з усіх магчымых варыянтаў вось гэты калі і не адпавядае дакладнаму выбару, то ўжо найбольш мэтазгодны напэўна. Усё, што магло выпасці цяпер на долю ў сувязі з вайной, ён успрымаў ужо са спакоем і гатовы быў нават дзівіцца з таго, што столькі багата патраціў часу, здавалася, на непатрэбнае, хоць і разумеў — яснасць гэтая склалася ў яго менавіта пасля сустрэчы з палкавым камісарам. Пасля размовы з тым, а больш — з шыраеўскімі мужыкамі, калі давялося выдаць сябе за партызана, ён ужо іначай і не называўся людзям. Але затое пачаў лавіць сябе на думцы, што багата чаго рабіў быццам наперакор сабе. Цяпер яму нават здавалася, што замест яго дзейнічае нейкі механізм, які ўстаўлены ўсярэдзіну.
Чубар такі затрымаўся тады ў Шыраеўцы на колькі гадзін: Палага не адпусціла яго задарма — праўду кажуць дасведчаныя людзі: з бабай, як з чортам, лепей не садзіся на адно чарано... Спярша, ажно да наступнай раніцы, Чубар адчуваў у сабе прыкрую спустошанасць ад выпадковай сувязі з жанчынай, але ў дарозе паступова вастрыня пачуццяў страчвалася, перагараючы і астываючы ў душы і свядомасці, і цяпер пра ўсё, што адбылося тады ў вясковай хаце, успаміналася без шкадавання і згрызоты, як пра нешта далёкае і незваротнае...
Сонца ледзь скранулася з зеніту, але далёкі захад пераліваўся ўжо найтанчэйшымі адценнямі фарбаў. Дрэвы, што стаялі на схоне, былі быццам аточаны паветрам.
Здаецца, упершыню за сталае жыццё Чубар меў сабе магчымасць думаць пра тое, хто ён, адкуль прыйшоў у гэты свет і як жыў. На другое пытанне адказ быў гатовы даўно — уласна, вось ужо амаль паўтара дзесятка гадоў, як Чубар стаў дарослым чалавекам, адказ гэты ішоў следам за ім у разлінеенай анкеце: нарадзіўся за восем гадоў да рэвалюцыі, рана застаўся без бацькоў і таксама рана трапіў на «выхаванне» да чужых людзей... Гэтыя акалічнасці, бадай, і сталі вызначальнымі у фарміраванні яго як асобы. Аднак крытэрыі ацэнак у адносінах да сябе і да людзей, з якімі давялося сустракацца ў жыцці, выпрацоўваліся пасля, калі з дзіцячай працоўнай камуны ён трапіў спярша па найме да багатага хутараніна, а адтуль, незадоўга да суцэльнай калектывізацыі ў вёсцы, паступіў у школу каморнікаў — трохі не звычайную межавую навучальную ўстанову для вясковых дзяцей, якая адкрылася ў былым маёнтку царскага генерала, што перайшоў на службу ў Вышэйшы вайсковы савет маладой Чырвонай Арміі. На трэцяе пытанне — як жыў? — таксама няцяжка шукаць адказ. Тым больш што яно было далейшым працягам другога пытання. Напрыклад, Чубар добра ўсведамляў сабе, што выйшаў у жыццё пасля смерці бацькоў — маці памерла ад тыфусу ўранні, а бацька надвечар таго дня — толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі, якой раптам стала справа да ўсяго ў краіне, у тым ліку і да такіх вашывых беспрытульнікаў, якім апынуўся дзевяцігадовы Родзька, сын нябожчыкаў Антона і Хадоры. У чалавеку заўсёды жыве ўдзячнасць да тых, хто рабіў калі добра яму. Ад Чубара таксама людзі мелі падставу чакаць такой удзячнасці. Але ў ягонай душы яна трансфарміравалася з нейкага часу ў адно, і ён жыў з удзячнасцю да той рэвалюцыі, якая не дала яму прапасці ў вялікім брудзе лахманоў. Можа, не кожны раз ён добра ўсведамляў сабе тое, што рабіў, затое заўсёды, ці амаль заўсёды, ведаў, дзеля каго і дзеля чаго рабіў. Але бліжэй да анкеты! Каморніцкай школы тады Чубару не ўдалося скончыць — пачалася калектывізацыя, і ён, ужо дваццацігадовы чалавек, пайшоў разам з іншымі актывістамі «збіваць» сялянскія гаспадаркі ў адну вялікую, якая абяцала перайначыць вясковае жыццё. Усё спадзяваўся, што некалі вернецца ў школу, давучыцца, але падзеі закружылі яго ў сваёй віхуры, і праз нейкі час ён адчуў, што трэба выбіраць сабе новую лінію жыцця. На працягу наступных дзесяці гадоў, якія занялі час ад калектывізацыі да вайны з нямецкімі фашыстамі, Чубар працаваў на розных пасадах, пачынаючы ад сакратара сельскага Савета, збольшага вучыўся, а то зноў працаваў. І калі б хто старонні паспрабаваў уявіць сабе Чубара збоку, то магло б, няйначай, здацца, што той нечым нагадваў зрушанага з берлагу мядзведзя... Займаючыся цяпер супастаўленнем фактаў, дакладней, момантаў свайго жыцця, аналізам вызначальных альбо проста пабочных падзей, якія складалі гэтае жыццё, Чубар найбольшую цяжкасць меў адказаць на першае пытанне — хто ён? Было такое ўражанне, што сам ён наогул няздольны расказаць пра сябе да канца і што патрэбны нехта іншы, хто ведае яго і хто б сапраўды даў звесткі пра ўсё.
Чубар паспрабаваў абудзіць так званую фантазію, і неўзабаве ў галаве ўжо маляваліся карціны адна ярчэйшая за другую... Мозг у сваіх лятунках звычайна не ведае межаў, але Чубар не дазваляў яму завельмі адрывацца ад рэальнасці.
Усё, ці амаль усё, можна было збольшага наперад прадбачыць у думках, а вось тое, як складуцца ў Чубара справы, калі ён вернецца ў забесяддзе, нельга было нават уявіць...
Чубар пазяхнуў — ужо як брала разморанасць, аднак засынаць так небяспечна было: па-першае, зямля, нягледзячы на баравы пясок, не пазбавілася пакуль тае настыласці, якую прынеслі нядаўнія дажджы, да таго ж, справа наогул была пад восень, а па-другое, рабіць гэтага нельга было і па самай простай прычыне, якая тлумачылася наяўнасцю побач дарогі. Чубар паклаў на далонь твар і ўбачыў паміж пасохлай травы жывую сцежку, па якой у вялікай заклапочанасці спяшаліся ва ўсе канцы рыжыя мурашкі, нібыта назнарок перавязаныя пасярэдзіне. Недзе паблізу павінен быў знаходзіцца мурашнік, але колькі ні азіраўся Чубар, не заўважыў яго. Тым часам мурашкі былі вялікія — значыць, лесавыя. Такія не захочуць жыць ні ў паточаным пні, ні тым больш пад зямлёй. Чубар ведаў, што мурашкі таксама часам перавандроўваюць у іншыя месцы, асабліва калі на мурашнік нападаюць дзікі. Пэўна, і гэтыя вымушаны былі па нейкай прычыне пакінуць свой дом, і Чубар цяпер бачыў іхнюю дарогу перасялення. Дзіва, але мурашкі былі гэтак заняты сваёй справай, што нават не звярталі ўвагі на чалавека, які ляжаў побач.