Чубар згадзіўся з ім. Але з прыхаванай крыўдай падумаў сабе — палкавы камісар ужо сёння адмаўляе яму ў тым, каб ісці разам за лінію фронту...
Здавалася, сон прыйдзе хутка, варта адно заплюшчыць вочы, але было наадварот. Чубару доўга не засыналася — апрача ўсяго іншага, не хацелася страціць каня, які стаяў каля будана. Чубар ляжаў на яловых лапках, думаў і адным часам лавіў вушамі кожны канёў рух. Пасля ўсё ж стома адолела і яго. Першы сон, які цягнуўся не больш за дзве гадзіны, быў асабліва моцны, і, можа, таму ў астатні час Чубар праз кожныя некалькі хвілін прахопліваўся, вяртаючыся да яснай свядомасці, заклапочана насцярожваўся: ці на месцы конь? Дзіва, але каню, мусіць, таксама па нейкай прычыне не выпадала пакідаць новага гаспадара. За ўвесь час, пакуль Чубар знаходзіўся ў будане, ён не зрабіў нават спробы зрушыць куды-небудзь — па-ранейшаму стаяў і, прыслухоўваючыся да чалавечага дыхання, сам забываўся ў кароткім сне. Так яны і дабылі да шостай гадзіны, калі пачало днець.
Раніца, нягледзячы нават ледзь не на восеньскую пару, бралася хутка, і калі заварушыўся лагер — чырвонаармейцы першыя паўставалі са сваіх буданоў, — у лесе праглядваліся ўжо голыя месцы. Угары, недзе паміж шатаў, пішчала нейкая птушка, нібы хто жывую смажыў яе на вогнішчы. Чубар скінуў з сябе коўдру, павёў па будане вачамі. Капітана ў будане не было. Толькі палкавы камісар, седзячы, паціраў — можа, яму дужа свярбела — вышэй калена параненую нагу.
Чубар паварушыў здранцвелымі плячамі, моўчкі выпаўз на волю. Капітана ён убачыў крокі за чатыры ад будана. Той стаяў і нешта гаварыў учарашняму Чубараву канвойнаму. Чырвонаармеец і сёння быў хмуры, слухаў капітана, як і тады Чубара, з апушчанай галавой, раз-пораз папраўляючы на носе акуляры.
Пакуль палкавы камісар сядзеў у будане, Чубар быў адзін. Пры выглядзе падрыхтаванняў, якія рабіліся ў лагеры перад паходам, яму стала ажно не па сабе. Было нават сорамна неяк за сваю непрычыннасць да ўсяго. Тады ён падышоў да схаладнелага за ноч каня і з усёй чалавечай удзячнасцю, на якую хапіла яго, правёў рукой па персці, маючы жаданне ўтуліцца тварам у прасохлую за ноч грыву. Конь адчуў чалавечую прыязнасць, павярнуў галаву. У левым воку яго Чубар неспадзявана ўбачыў сваю ссутуленую постаць, быццам у гэты час на ім ляжаў цяжарам ледзь не ўвесь свет і ён не меў ужо сілы трымаць яго на сабе.
Чырвонаармейцы вынялі — менавіта вынялі — з будана палкавога камісара і асцярожна, каб не зачапіць параненай нагі, пасадзілі на пень.
Капітан адразу ж подбегам падскочыў да яго, па ўсёй форме далажыў:
— Таварыш палкавы камісар, група заканчвае падрыхтоўку да выхаду. Перадавы дазор высланы ў кірунку да вёскі Петраполле.
— Байцы задачу на сёння атрымалі?
— Так.
— Добра, капітан.
Палкавы камісар пашукаў вачамі Чубара, паклікаў да сябе.
— Мы ўранні не раскашуем з харчамі, спадзяёмся звычайна на вячэру, — незразумела ўсміхнуўся ён. — Так што, выбачайце, таварыш Чубар, што не да канца гасцінныя.
Чубар чакаў, што пачне гаварыць палкавы камісар пасля гэтакага перапрашэння.
Палкавы камісар узяў у капітана карту, разгарнуў яе на выстаўленых руках, спытаў у Чубара:
— Адкуль вы? Дзе ваша вёска?
Чубар адшукаў на карце Крутагор’е, пасля звілістую Бесядзь, а тады на невялікай адлегласці — Верамейкі.
— Тут, — паказаў ён.
— Зірні, капітан, — нібыта ўзрадаваўся палкавы камісар, — там жа ў іх адны лясы! Нават вёска пасярод лесу! Не, таварыш Чубар, грэх вам шукаць дзесьці на чужой старане тое, што можна знайсці дома.
Чубара, вядома, не пераконвалі камісаравы словы, бо яму не вельмі хацелася вяртацца ў Верамейкі, і ён стаяў перад палкавым камісарам з маўкліваю крыўдаю, адчуваючы, як храсне ад гэтага ўсё ўсярэдзіне. Але ні запярэчыць, ні папрасіцца ў адну дарогу з чырвонаармейцамі ён не адважваўся, бо лічыў, што свае асноўныя довады выказаў ужо ўчора.
— Багата чым памагчы цяпер не магу, — сказаў палкавы камісар, — але патронаў і вінтоўку дам. А там — здабывайце зброю самі. І, далібог жа, не бадзяйцеся па незнаёмых закутках. Падавайцеся ў свае лясы. На месцы адчуеце сябе другім чалавекам. Самі абставіны падкажуць, што рабіць. Вас там ведаюць, і вы таксама ўсіх ведаеце. Палохацца не трэба. Усё будзе як найлепш. Пасля некалі нават дзякуй скажаце, што паслухаліся мяне. Для яснасці скажу, што вы не першы, каго мне давялося гэтак пераконваць. І яшчэ... таксама для яснасці... Да нашай групы спрабавалі прыстаць многія. Але мы адмаўлялі. Праўда, не ўсім. З намі, напрыклад, ідуць два лётчыкі і адзін танкіст, бо гэтым у тыле няма чаго рабіць. Іхняя зброя — самалёт, танк. Асабліва калі ўлічыць, што лягчэй зрабіць самалёт ці той жа танк, чым навучыць чалавека ваяваць на ім, таму мы гэтым траім і не адмовілі. А іншым адмаўлялі. І я лічу — правільна рабілі. І не толькі таму, што я няздольны па-сапраўднаму камандаваць па прычыне ранення. Не. Цяпер людзі ўжо, мусіць, недзе б’юць фашыстаў, узнімаючы народ на барацьбу з ворагам. Вы таксама павінны гэта рабіць. — Ён зноў паказаў на карту. — Вось глядзіце. Мы знаходзімся цяпер тут. Бачыце? Адразу за гэтым лесам вёска. Шыраеўка. А там вашы Верамейкі. Напрамак трымаць адсюль трэба ўвесь час амаль на поўнач. Бярыце карту і пакуль мы тут, вывучайце па ёй свой будучы маршрут.
Чубар колькі часу сядзеў над картай: спярша проста так, у зацятай, пакрыўджанай маўклівасці. Пасля пачаў знаходзіць на ёй знаёмыя назвы, набраныя дробным шрыфтам. І тады адбылося нечаканае — тапаграфічныя абазначэнні раптам нібы ажылі перад вачамі, і ён стаў з цікавасцю адшукваць патрэбныя дарогі, рачулкі, вёсачкі, усё больш захапляючыся гэтым. Карта нібыта перанесла яго ў забесяддзе, і ён амаль нанава пазнаваў там усё.
Палкавы камісар тым часам загадаў капітану, каб далі Чубару зброю. Тады капітан сам насыпаў у торбу ад процівагаза вінтовачных патронаў, узяў у некага яшчэ зусім новую трохлінейку і кляцнуў для пэўнасці затворам.
— Гэта вам, — сказаў палкавы камісар Чубару, калі той перастаў чытаць карту. — Будзем лічыць, што мы з вамі дамовіліся. — І ўсміхнуўся: — Прозвішча ваша я запомню, гэта, аказваецца, няцяжка. У паведамленнях Саўінфармбюро пачуць спадзяюся.
Чубар павесіў на плячо торбу з патронамі, узяў у рукі вінтоўку — гэты раз яна нібыта пякла рукі.
Палкавы камісар спытаў:
— Страляць умееце?
— Умею, — адказаў Чубар, хаваючы аслупянелыя вочы: яму чамусьці ажно няёмка, нават сорамна было размаўляць з палкавым камісарам.
— Тады будзем развітвацца.
Двое чырвонаармейцаў выцягнулі з камандзірскага будана самаробныя насілкі, і палкавы камісар з дапамогай капітана ўспоўз на іх.
— Гэта мой конь, — нявесела сказаў Чубару камісар, быццам апраўдваючыся за сваю фізічную бездапаможнасць.
Тады Чубар прапанаваў:
— Бярыце майго, — і паказаў на каня.
— І не шкода?
— Вам ён больш патрэбны.
— Не, я ўжо да канца паеду на сваім, — нават не задумваючыся, адказаў палкавы камісар.
VI
Сонца выбілася з-пад хмар толькі на чацвёрты дзень — на ўсходзе, амаль над самай зямлёй, раптам утварыўся разрыў у хмарах, і чырвоны круг нязвыкла паплыў па ачышчанай сінечы неба.
У Верамейках сонца гэтае бачылі адны лічаныя хвіліны, акурат з-пад крыса, але надзея на перамену надвор’я была ўжо — як і заўсёды, з надыходам новай квадры.
Кажуць, прыйдзе Ілья — наробіць гнілля. Але не кожны год здаралася, каб амаль скрозь усе спасы на дварэ стаяла багно.
Зазыбава Марфа закутала юшку — вуголле было загрэбена і пабралася ўжо белым попелам у пяколках, — але пастаяла ў хаце, слухаючы, ці запахне чадам. Сёння яна добра-такі напаліла печ, бо Дзяніс паскардзіўся ўначы, што стынуць ногі, і яна падумала тады, што ў гэтыя дажджлівыя дні трэба не пашкадаваць дроў — і самім будзе лацвей, і хата дарэмна не стане сырэць. А яшчэ Марфа чула, як паціху, нібыта скардзячыся, кашляла на той палавіне хаты Марыля. Марфа неяк непрыкметна, але хутка прыкіпела душой да гэтай негаваркой дзяўчыны, якую нечага патрэбна было выдаваць за пляменніцу з Латокі. Гэтая патаемнасць прымушала ажно шкадаваць дзяўчыну і ні на хвіліну не забываць пра яе — нібыта варушылася хворае сумленне ці нейкая несвядомая боязь была за Марыльчыну будучыню. Аднак за час, пакуль жыла дзяўчына ў іх, Зазыбава Марфа адно разы са два зачапілася гаварыць з ёй. І кожны раз Марыля пачынала прыгадваць пра сваю маці, якая недзе таксама жыла на зямлі...