Камісар не запярэчыў, але і адказаў не хутка.
— Мне цяжка меркаваць, — нарэшце пачаў ён, — што ў вас там, у раёне, адбылося. Але я перакананы, што ў вашай мясцовасці таксама нехта астаўся для арганізацыі партызанскага руху. Вы ж самі разумееце, раён ваш крайні на паўднёвым усходзе рэспублікі. Пакуль фашысты захапілі яго, колькі часу прайшло. Цяпер жнівень, а вайна пачалася ў чэрвені. Гэта не тое, што на граніцы альбо паблізу. Там маглі і не паспець стварыць партызанскія групы. А ў вас справа іншая. Вашаму кіраўніцтву часу хапала, каб выканаць дырэктывы партыі і ўрада. А дырэктывы былі пэўныя. — Камісар паляжаў у маўчанні, быццам думаў, што яшчэ сказаць Чубару, а тады ўсміхнуўся і з захапленнем у голасе вымавіў: — А з партызанамі мы з капітанам бачыліся не адзін раз. Асабліва за Дняпром. Яны там пастрэльваюць ужо немцаў!
Камісаравы словы, здавалася, пакуль не краналі за жывое Чубара. Ён успрымаў іх як нешта такое, што абыходзіла яго. І ўжо зусім ненаўмысна пацікавіўся:
— А вы? Вы ж таксама маглі застацца на акупіраванай тэрыторыі? Чаму вы не хочаце партызаніць?
Камісар адказаў:
— Я, таварыш Чубар, стары партызан. Не забылі? — І ён ціха праспяваў: «Партизанские отряды занимали города...» Дык гэта пра нас, далёкаўсходніх. Мы там з Флягонтавым білі і японцаў, і белякоў. Так што мне партызанскае жыццё добра знаёма!
З паста вярнуўся капітан. Ён пастаяў трохі каля ўвахода ў будан, затым прысеў на дыбачкі і гукнуў у цемнату:
— Дзе вы там, таварыш палкавы камісар?
— Якраз пасярод.
— Каб хоць не зачапіць.
— Не бойся, лезь, я каманды табе падаваць буду — правей, лявей...
Але каманды не спатрэбілася. Капітан асцярожна залез у будан і лёг з правага боку ад палкавога камісара.
— Усё ў норме?
— Парадак, — як пахваліўся капітан.
— Як думаеш, заўтра дождж будзе?
— Для нас, можа, і лепей было б, каб ён заўтра не перашчукаў. Маскіроўка. У вялікі дождж можна незаўважанымі прайсці праз любыя пасты.
— Такія яны тады пасты!..
— Дык я ж пра нямецкія! — нібы пакрыўджана, але з выразным прытворствам, усклікнуў капітан.
— Ну, ну, спі!
Праз колькі хвілін палкавы камісар зноў пачаў гаварыць да Чубара.
— Дык вось. Я стары прыхільнік партызанскай тактыкі, каб ведалі, нават знарок запіскі пасылаў некалі ў Рэўваенсавет. Але мне там адзін разумнік, мусіць, ваенспец, я нават не пацікавіўся даведацца хто, сачыніў адказ: маўляў, грамадзянская вайна была ўся пераважна партызанская, таму немэтазгодна займацца асобна пытаннямі тактыкі партызанскіх дзеянняў у такім плане, як гэта робіце вы. Адным словам, адказ быў рашучы. І я пасля такога адказу паклаў свае канспекты на паліцу. Успомніў пра іх гадоў праз дзесяць. Не, нават больш. Так, больш. Сабраўся быў паслаць...
І палкавы камісар назваў адно дужа вядомае ўсёй краіне, але забароненае тым часам прозвішча, а тады нібыта адгадаў у цемнаце Чубарава здзіўленне, сказаў пасуравелым голасам:
— Так, так, не бянтэжцеся, таварышу Якіру. Бог не прадасць, свіння не з’есць, а мы з капітанам адной куляй паранены. Толькі ён лёгка адбыўся, а я ўсё яшчэ не магу стаць на нагу.— Палкавы камісар памаўчаў трохі, пасля зноў глуха пачаў: — Гэта ж каб па-сапраўднаму падысці да справы, то патрэбна было і цэлую партызанскую навуку распрацоўваць. Але зыходзілі з таго, што ваяваць давядзецца на чужой тэрыторыі. Вайна ж паказала адваротнае — прынамсі, што ў планах неабходна прадугледжваць усе магчымасці. Партызанская вайна адрозніваецца ад ваенных дзеянняў рэгулярных часцей, свае законы мае. Але задача адна — біць ворага. Дарэчы, гэта яшчэ нават Дзяніс Давыдаў ведаў. І нападаў на ворага паўсюды, дзе толькі можна. А ў нас пакуль выходзіць іначай. У акружэнні апынуліся цэлыя часці. Але ўсе чамусьці імкнуцца выйсці за лінію фронту. Камандзіры вядуць байцоў з глыбокага тылу, нават у баі староняцца ўступаць. Некаторыя групы ідуць ад самай граніцы. Нават цяпер яшчэ недзе блукаюць па беларускіх лясах.
У чэрвені месяцы, напрыклад, у групе было сто чалавек, а ў ліпені, ды і ў жніўні, добра калі пятнаццаць захавалася. Адны загінулі, здаралася, нават выпадкова, другія, на жаль, проста адсталі. І гэта тады, калі не асцерагацца трэба, а біць, біць фашысцкую навалач! Чым болей паб’ём мы іх, тым меней застанецца. Урэшце, фашыстам таксама лік нейкі ёсць. І калі кожны з нас заб’е свайго немца, то яны звядуцца зусім. — Апошнія сказы палкавы камісар гаварыў ужо павышаным голасам, нібыта пераконваў не столькі Чубара, колькі яшчэ кагосьці. — Праўда, вы можаце папракнуць у гэтым і нас, нашу групу, — пацішэў нарэшце ён. — Мы таксама, як і іншыя, цягнемся да фронту. Але паверце, таварыш Чубар, у нас на гэта асаблівая прычына.
Палкавы камісар, вядома, не сказаў Чубару, якая гэта прычына. Аднак прычына на самай справе была: група выносіла з акружэння дакументы — партыйныя і штабныя — стралковай дывізіі, якая была разбіта паміж Бярэзінай і Дняпром на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў ліпені. Сам палкавы камісар не належаў да каманднага складу разбітай дывізіі. Ён прыехаў у дывізію са штаба арміі, калі палкі ўжо ледзь стрымлівалі націск танкавай групы праціўніка. Камандуючы арміяй накіраваў палкавога камісара туды пасля таго, як у штабе арміі стала вядома, што камандзір дывізіі загінуў на камандным пункце ад фашысцкай бомбы і што кіраванне палкамі парушана. Камандарм спадзяваўся, што палкавы камісар наладзіць работу штаба дывізіі і да прызначэння новага камандзіра зробіць усё неабходнае, каб не прапусціць на ўсход танкавую калону. Але было позна — дывізіі, як баяздольнай вайсковай адзінкі, бадай, не існавала ўжо, і ягоны прыезд, па сутнасці, нічога не вырашаў: у той дзень варожыя танкі праламалі абарону палка, што стаяў на цэнтральным участку, і ва ўтвораны пралом рушылі матарызаваныя часці, засланяючы шлях да адступлення. Некалькі дзён зусім парадзелыя палкі дывізіі пад камандаваннем палкавога камісара вялі баі ў акружэнні. Нарэшце настаў час, калі штаб дывізіі — уласна, палкавы камісар не паспеў стварыць яго нанова, і штабам называлася група камандзіраў, якая ўцалела тады пад бамбёжкай, — апынуўся ў вельмі крытычным становішчы. Па-першае, была канчаткова страчана сувязь з палкамі, а па-другое, непасрэдна на штаб дывізіі пачаў наступаць батальён фашыстаў. Рота аховы, якая да гэтага часу таксама панесла страты, абараняла штаб мужна, але сілы былі няроўныя: байцы гінулі пры кожнай новай атацы, ужо не хапала камандзіраў, каб кіраваць боем, і тады палкавы камісар сам лёг у чырвонаармейскі ланцуг, загадаўшы начальніку асобага аддзела паклапаціцца аб дакументах. Фашысты, мусіць, здагадваліся, а мо нават і ведалі, што наступаюць на буйны штаб, таму атакі не спыняліся і з надыходам вечара. Тым часам па стрэлах палкавы камісар ужо разумеў, што далей трымацца рота не здольна: разам з ім, палкавым камісарам, якому куля раструшчыла правую нагу, і гэтым капітанам, таксама параненым, у канцы другога дня абарону займалі ўсяго чалавек дваццаць. Таму палкавы камісар дачакаўся вечара і аддаў загад здымацца з пазіцый. Была надзея далучыцца да якога-небудзь свайго палка, але дарэмна — колькі ні спрабавалі байцы наладзіць сувязь з іншымі падраздзяленнямі, ім гэта не ўдавалася.
Палкавога камісара давялося несці на насілках. Гэта, вядома, дужа замінала групе. Было вырашана — дзеля сакрэтнасці так званых чужых у групу асабліва не прымаць (апрача лётчыкаў і танкістаў) і ў бойкі з ворагам не ўступаць: справай усёй групы цяпер стала — вынесці з акружэння дакументы дывізіі. І вось, высылаючы перадавыя і бакавыя дазоры, а на прывалах — ставячы ўзмоцненыя пасты, адасобленая і невялікая група байцоў на чале з параненым палкавым камісарам падыходзіла ўжо да лініі фронту: Пёкліна, пра якое расказаў Чубар, знаходзілася не больш як за дваццаць кіламетраў.
Капітан, які ў часе размовы, што ішла паміж палкавым камісарам і Чубарам, маўчаў, неўзабаве захроп на ўвесь будан: відаць, чалавек вельмі здарожыўся за дзень і заснуў моцна. Палкавы камісар ажно сказаў у захапленні:
— Сапраўдны салдат! — І дадаў: — Таксама час. Будзем і мы спаць, таварыш Чубар. Калі не дагаварылі што, то заўтра дагаворым, перад расстаннем.