Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Няма чаго шкадаваць мяне, — сказаў ён неўзабаве. — Лепей вон пагразіў бы Рослаўцаву.

— І Рослаўцаў, можа, свайго дачакаецца...

— Не-е, тут ужо хто каго! — з’едліва ўсміхнуўся і крутануў галавой Брава-Жыватоўскі.

— Ну-ну...

Некалькі часу яны праехалі моўчкі, а тады Брава-Жыватоўскі, мусіць, надумаўшыся і назлаваўшыся сам-насам, пачаў раптам зноў палохаць.

— Ты яшчэ, Зазыба, павінен маліць бога. Адным словам, каб ты быў Чубарам, то... Давялося б табе ўмыцца ўжо крывёй. — Ён паглядзеў на Зазыбу і весела ўсміхнуўся: — А ведаеш, чаму ты трымаешся яшчэ на паверхні? Цябе топяць, піхаюць уніз, а ты ўсё ўсплываеш? Не ведаеш? Не? Да таму, што ты не сапраўдны камуніст быў.

— Цябе не зразумець, — засмяяўся, паціснуўшы плячамі, Зазыба. — Адзін раз ты кажаш, што я сапраўдны камуніст і не быў, а ёсць, нават пагражаеш на перапіс павесці за шворку, а другі — усё наадварот.

— Сапраўдны камуніст — гэта Чубар. А ты, Зазыба... — Брава-Жыватоўскі пакруціў галавой. — О-о не, Зазыба, ты не сапраўдны камуніст. Ты дзесяць разоў азірнешся, перш чым зрабіць што.

— Але нешта я не ўцямлю, ці ты гэтым хваліш мяне, ці ганіш? — пасля такога дзіўнага, а больш недарэчнага тлумачэння спытаў Зазыба.

— Ты вочы замазаў усім, — нібыта не пачуў Зазыбавага здзіўлення Брава-Жыватоўскі,— вось я табе скажу. Асабліва верамейкаўцам. Як жа, герой! Перад начальствам нават за каго не баішся пастаяць. Таксама пакладзісты. Людзей нібыта шкадуеш. Разумееш, што селянін — тое ж садовае дрэва, трусі яго колькі хочаш, а пад корні не заглядвай. Адным словам, разумны гаспадар на зямлі. Думаеш, я не ведаю, што цябе зачапіць нават цяпер нельга? Ого, паспрабуй толькі, дык нажывеш сабе ворагаў, бадай, у кожнай верамейкаўскай хаце. Не толькі самога звядуць са свету, але і трэцяму калену не даруюць. Я вас, верамейкаўцаў, вывучыў! Я на вас у гэтыя гады наглядзеўся! Кругом ажно скура дымілася на людзях, а з вас нават валасок ні з аднаго не зляцеў! І ўсё праз цябе! Усё праз тваю паказную самастойнасць ды жаласць. Але маліцеся богу, што Чубара вам позна прыслалі. Час не той стаў. А то б пайшло і ў Верамейках усё пад грэбень. Чубар-то ўжо не тое, што ты, баптыст. Ён не стаў бы шкадаваць кожнага.

Зазыбу ніяк не выпадала падтрымліваць гэтую паліцыянтаву размову: ён наогул не любіў, калі хто пачынаў гаварыць пра яго, а тут і зусім чалавек нёс непатрэбнае...

— А я нават не здагадваўся, што ты нешта маеш да Чубара, — сказаў Зазыба, каб перш за ўсё адвесці ад сябе неразумную гамонку. — На каго-каго, а на цябе дак і не падумаў бы. І наогул... От слухаў я цябе і жахаўся.

— А ты адкуль мяне ведаеш? Можа, я і праўда не той, кім паказваў сябе?

— Ну, калі і паказваў, дак умела.

Колькі часу яны зноў ехалі моўчкі. Пасля Брава-Жыватоўскі глянуў на Зазыбу, сказаў, нібыта выклікаючы на давер:

— А ты, Зазыба, дарэмна гэтак на мяне. Чалавек ты, канешне, заслужаны. Праўда, я таксама... — І павярнуў усмешлівы твар да Зазыбы. — Але няхай! — Нахмурыў ён лоб. — Пра гэта пазней. Гаворка цяпер не аба мне. Дык я і кажу, чалавек ты заслужаны. Маеш свой капітал. І не толькі ў вёсцы. Дакладней, меў, бо цяпер...

— Як я разумею, дак ты падаеш мне руку на дружбу?

— Так.

— Тады дарэмна.

— Чаму?

— Да таму, што мы з табой і даўней дружбы не вадзілі. Праўда, я цаніў цябе ў калгасе, работнік ты неблагі быў. Але душы тваёй ніколі не ведаў.

— Чалавечая душа — пацёмкі!..

«Сапраўды, пацёмкі, — падумаў Зазыба. — Ці ж можна было дапусціць, што Брава-Жыватоўскі дэзерціруе з арміі і падасца ў першы ж дзень да немцаў на службу? А цяпер от наважыўся цэлую паліцыю стварыць у Верамейках!..»

Уласна, а хто больш чаго ведаў пра гэтага чалавека?

Брава-Жыватоўскі жыў у Верамейках даўно, але не належаў да карэнных жыхароў вёскі. У Верамейках ён паявіўся гадоў васемнаццаць таму, дакладней, нават не ў саміх Верамейках, а сперша ў невялікім пасёлку Стараселлі, што па той бок Бесядзі: там, у былым маёнтку белаглінаўскіх паноў, стварылася камуна, і Брава-Жыватоўскі ажно ці не паўтара года жыў сярод камунараў. Ён лічыўся там за чырвонаармейца, родам з Вілейскага павета, але паколькі мясцовасць тая адышла пад Польшчу, то яму давялося шукаць сабе прыпынку на жыццё на ўсходзе Беларусі. Камуна ў Стараселлі і стала для яго на нейкі час тым надзейным прыстанкам. Але неўзабаве камуна распалася — па той жа самай прычыне, што і большасць іншых тагачасных сельскагаспадарчых аб’яднанняў, і Брава-Жыватоўскі падаўся за Бесядзь. У Верамейках ён прыстаў да Параскі, чырвонаармейскай удавы, якая мела хоць і запушчаную, але даволі зайздросную па тым часе гаспадарку: цэлы трацяк, як лічылася ў Верамейках, сенажацяў, няўдобішчаў і ворнай зямлі. Такім чынам, было да чаго здароваму чалавеку прыкласці рукі. А Брава-Жыватоўскі, акрамя мужчынскае сілы, меў яшчэ добрую сялянскую кемлівасць і няблага ведаў зямлю — за некалькі год ён урабіў як след пяць Парасчыных дзесяцін і ў калгас паступаў ледзь не серадняком. Жыў Брава-Жыватоўскі, калі гаварыць па-вясковаму, праз тры хаты на чацвёртую — гэта значыць, перш чым выйсці на вуліцу, выглядваў з акна, каб мець пэўнасць пра суседзяў.

Але першы, хто пачуў іншую гісторыю яго жыцця, быў камендант нямецкага гарнізона ў Бабінавічах Адольф Гуфельд. Пачуў той яе ад самога Брава-Жыватоўскага.

Што ў гэтай гісторыі мела пад сабой рэальны грунт, а што было дадумана дзеля большай важнасці, каб вырасці ў вачах прадстаўнікоў новае ўлады, сказаць цяжка: гэта ці высветліў бы нават следчы самога д’ябла, калі такі існуе дзе.

Брава-Жыватоўскі апавядаў Гуфельду пра сябе некалькі гадзін... Сапраўды, паходзіў ён з той мясцовасці, што ў дваццаць першым годзе адышла да Польшчы, але нарадзіўся і жыў да першай імперыялістычнай вайны пад Баранавічамі. Прозвішча Брава ў дадатак да свайго — Жыватоўскі — ён атрымаў у Гуляй Полі, калі апынуўся ў бацькі Махно. Былы чырвонаармеец, які заснуў на пасту і, баючыся адказнасці — пагражаў трыбунал, — перабег спярша ў белую армію, а затым да махноўцаў. Тым часам недзе ўжо відзён быў канец вайне. Неабходна было пашукаць сабе сталае месца на жыццё. Дакументы яго не засмучалі — у бацькі Махно іх таксама няблага падраблялі. Заставалася толькі добра пачысціць кішэні, каб пазбавіцца ад усяго лішняга. Спачатку Брава-Жыватоўскі падаўся ў Чарнігаўскую губерню, прыбіўся там да аднаго манастыра, але неўзабаве адчуў, што манахі таксама займаюцца небяспечнай дзейнасцю — манастыр быў ледзь не прытулкам для розных банд, — і палічыў за лепшае ўцячы адтуль. З Чарнігаўскай губерні Брава-Жыватоўскі пераехаў у Магілёўскую, паблукаў трохі па ёй, а тады асталяваўся каля Бесядзі ў Старасельскай камуне — балазе, гэта было далёка ад так званых бітых шляхоў. І ўжо зусім паспакайнеў Брава-Жыватоўскі, калі апынуўся ў Верамейках. Паступова ён стаў усім падобны да верамейкаўцаў (апрача, можа, таго, што гаварыць зусім па-верамейкаўску не навучыўся, быццам асцерагаўся, што ад гэтага задужа мяккі стане яго язык) — вядома, нікому нават і ў галаву не магло прыйсці капнуць пад ім грунт, тым больш што ніколі не даваў зачэпкі на гэта: у ягоным становішчы за лепшае было не выклікаць нядобрай зайздрасці да сябе і сваіх спраў; між тым самога Брава-Жыватоўскага ўвесь час не пакідала зайздрасць — з яго розумам ды з яго адукацыяй (Брава-Жыватоўскі меў не толькі вяскова-школьную адукацыю, але таксама і гарадскую, бо вучыўся некалі ў Баранавічах) пры новай уладзе можна было мець больш за тое, што ён меў, займаючыся гаспадаркай. На наступную вайну, у тым ліку з немцамі, ён не спадзяваўся, бо не верыў, што знойдзецца такая армія, якая хоць трохі падолее Чырвоную. І калі здарылася, што немцы раптам узялі верх з першых дзён вайны, Брава-Жыватоўскі прымусіў сябе паглядзець на рэчы іначай: здалося, што жыццё, нарэшце, можа павярнуцца да яго другім бокам. Прызваны ў армію па другой мабілізацыі, ён пільнаваў выпадак, каб адстаць ад вайсковай часці і перачакаць недзе альбо падацца ў Верамейкі і там схавацца да прыходу немцаў. Выпадак такі неўзабаве трапіўся — артылерыйскі полк, у складзе якога ён ваяваў, быў разбіты непадалёк ад Бабруйска. У Верамейкі дабраўся Брава-Жыватоўскі ўначы, паспаў да раніцы на сямейным ложку, пасля палез на паддашак. Там яму давялося чакаць таго дня, пакуль не прайшлі праз вёску апошнія чырвонаармейцы. Тым часам разляцелася чутка, што ў Бабінавічы ўступілі немцы. Тады Брава-Жыватоўскі пакінуў сваё сховішча і раніцой пайшоў у мястэчка — падумаў, што першаму, пакуль яшчэ той шапачны разбор будзе, няйначай, большае што дастанецца.

48
{"b":"849478","o":1}