Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Царква была распачата будаўніцтвам у тую вясну, калі бабінавіцкія паны святкавалі другі век свайго (ні графскага, ні княжацкага) роду. І хоць большая частка паноў з гэтага роду належала да католікаў, у тым ліку і сам заснавальнік, на памяць аб якім і задумвалася будаўніцтва, але ў Бабінавічах жыла якраз тая частка роду, якая па прычыне змешаных шлюбаў была абруселая і праваслаўная, таму ўзводзіць намеркавана было ў мястэчку не касцёл, а царкву-храм.

Будавалі яе некалькі гадоў. Рабочыя рукі, цягло, збольшага нават будаўнічы матэрыял — гэта было сваё, мясцовае: сяляне хадзілі і ездзілі на будаўніцтва, як і на іншую паншчыну. Бадай, аднаго галоўнага архітэктара давялося выпісваць у Бабінавічы аднекуль. Час не захаваў яго прозвішча, але царква была пабудавана ў традыцыйным візантыйскім стылі і сваімі пяццю купаламі, ці, як іх называлі ў забесяддзі, булавамі, нагадвала здалёку вядомы Успенскі сабор.

Працавала царква ў Бабінавічах восемдзесят гадоў, пакуль апошні местачковы поп, адданы прыхільнік патрыярха Ціхана, не быў пасаджаны на лаву падсудных за супраціўленне дэкрэту «аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў...».

Першае, што Зазыба пабачыў у сярэдзіне царквы, была вялікая ікона цудатворнай багамацеры. Яна стаяла па правы бок ад царскіх варот. Перад іконай гарэлі тонкія свечкі з воску. Некалькі жанчын стаялі на каленях і, хрысцячыся, шчыра клалі зямныя паклоны. У царкве панавала ціша, як у скляпенні, пахла гарэлым воскам. Трымаючы шапку ў руцэ, Зазыба падышоў блізка да жанчын, якія цалкам былі захоплены маленнем, і спыніўся насупраць цудатворнай. Доўга глядзеў на твар багамацеры — здаецца, першы раз за сталае жыццё свядома і з непадробнай цікавасцю ўзіраўся ў святыя рысы, нібыта хацеў разгадаць тайну тае неадольнае сілы, якая выклікала малітвы людзей.

Божы лік быў непраглядны для вока, не паддаваўся разгадцы. Але стаяць перад іконай было цікава, нібы трымала што ля яе чалавека.

Перашкодзіў Зазыбаваму ціхманаму сузіранню Брава-Жыватоўскі. Той ужо колькі хвілін шукаў Зазыбу на плошчы і прывалокся па яго ў царкву з вінтоўкай. Але не паспеў паліцэйскі датупаць да свайго аднавяскоўца, як з бакоўкі ў прытворы выскачыў царкоўны стараста, які падлічваў дзённую выручку за прададзеныя свечкі.

— Ты што ета, анціхрыст? — накінуўся стараста на Брава-Жыватоўскага. — У боскі храм да са зброяй? Зараз жа вон, каб і нагі твае не было тута!

Брава-Жыватоўскі на нейкі момант збянтэжыўся, але саўладаў з сабой і з незалежным выглядам адхіліў рукой царкоўнага старасту — маўляў, не замінай, шантрапа. Аднак старасту гэтая незалежнасць адно ўзбурыла. Зазыба ўбачыў, што ў царкве наспявае сварка — стараста дасканала ведаў сваю службу і таму кідаўся каршуном на чалавека, які пасмеў са зброяй пераступіць парог храма, а паліцай проста неразважліва паказваў сваю ўладу і сілу, мусіць, па-сапраўднаму не ўсведамляючы, што рабіў. Прысутнічаць пры сварцы не толькі не хацелася, але і недарэчы было, таму Зазыба, ведаючы, што Брава-Жыватоўскі прыйшоў па яго, паказаў на выхад. Брава-Жыватоўскі зразумеў яго, пачаў адступаць.

— Я зараз бацюшку паскарджуся, — не пераставаў пагражаць стараста, — знойдуць цябе і пад зямлёй, хто ты і адкуль! Ета табе не пры бальшавіках! — ён ужо ледзь не выкідваў Брава-Жыватоўскага з царквы.

— Нейкі памешаны, — пачаў лаяцца Брава-Жыватоўскі на цвінтары, — і адкуль яго, чорта, нанесла?

Зазыбу між тым браў смех ад гэтай гісторыі. Але ён душыў яго ў сабе. Затрымлівацца на плошчы небяспечна было: а раптам і сапраўды пачнецца вялікі шум, які прыцягне ўвагу немцаў? Зазыба доўга не думаючы адвязаў каня і наўскач пагнаў па мястэчку. Брава-Жыватоўскаму давялося чапляцца рукамі за гнушку на хаду.

Стараста тым часам ажно падскокваў на цвінтары і, здаволены, што нагнаў на нейкага абротніка страху, махаў наўздагон кулаком. Побач варушыліся жанчыны, што маліліся перад гэтым у царкве. Пры выглядзе двух мужчын, якія ўцякаюць па мястэчку, яны таксама гатовы былі атукаць услед.

Як толькі мінулася небяспека, Брава-Жыватоўскі накінуўся на Зазыбу:

— А ты чаму пайшоў у царкву? Ты ж камуніст, навошта яна табе была? Праз цябе ж усё выйшла!

— Па-першае, я цяпера не партыйны, — спакойна запярэчыў Зазыба.

— А ты перада мной не вылузвайся. Я цябе наскрозь бачу. Скора камуністы, якія ёсць у воласці, будуць рэгістрацыю ў камендатуры праходзіць, дык цябе таксама не міне гэта, няважна, што білет адабралі.

Але ў гэты час Брава-Жыватоўскі большую злосць усё ж меў на старасту, які вытурыў яго з царквы.

— Я яго прыхвачу яшчэ дзе-небудзь! — пакінуўшы ў спакоі Зазыбу, пачаў ён пагражаць царкоўнаму старасту. — Будзе ён у мяне, як уюн той у кашы, круціцца!

Нарэшце Брава-Жыватоўскі пачаў зусім астываць — лаянка, мусіць, задаволіла яго, і ён узяў у рукі вінтоўку, якая ляжала дагэтуль на каленях, паклацаў, як для застрашэння, затворам.

І Зазыба, і Брава-Жыватоўскі ехалі на адной драбіне, седзячы спіной да заходзячага сонца, і Зазыба мог назіраць за паліцэйскім нават па цяні, што неадлучна поўз па зямлі, то выгінаючыся на канавах, то выпростваючыся зноў на роўным полі.

За местачковым садам — яшчэ даўнім, панскім, пачаліся калгасныя засевы.

— Сёлета, чорт вазьмі, можам застацца без хлеба! — сказаў раптам з сялянскім сумам у голасе Брава-Жыватоўскі.

Зазыба кіўнуў галавой.

А Брава-Жыватоўскі загаварыў далей:

— Гэта каменданта толькі не было сёння на месцы, а то б можна было ўсё вырашыць нават у мястэчку. Праўда, у нас была ўжо гаворка пра Верамейкі. У яго зроблены поўны расклад на ўсю воласць — недзе неўзабаве павінен прыехаць і да нас, у Верамейкі. У нас таксама, як і ў Бабінавічах, калгаса не будуць дзяліць. Так што, Зазыба, можаш яшчэ застацца на сваёй пасадзе. Нават на павышэнне можаш разлічваць. Твае камуністы скінулі цябе са старшыні, а немцы могуць паставіць.

— У вёсцы цяпера, мусіць, знойдуцца ахвотнікі і без мяне старшынёй быць, — усміхнуўся Зазыба. — Той жа Мікіта Драніца...

— Ну, Мікіта яшчэ не дарос,— адчуўшы Зазыбаву іронію, сур’ёзна запярэчыў Брава-Жыватоўскі.

— Ды й ты во чым не старшыня?

— Але я так лічу, што паставяць цябе, — усцешаны Зазыбавай увагай, сказаў памяркоўна Брава-Жыватоўскі. — У Бабінавічах жа пакінулі Абабурку. Не паглядзелі, што і пры Саветах быў. Так што, на ўсякі выпадак, рыхтуйся. А мне старшынёй няма чаго хацець. Мне і так няблага будзе. Набяру вось паліцэйскіх, арганізую стан у вёсцы. Камендант жа ставіць гэта за самае галоўнае перада мной. Думаю, што Раман Сёмачкін пойдзе, можа, Сілка Хрупчык...

— Дак ён жа сухарукі!

— Нічога, вінтоўку ўтрымае, — няйначай, падбадзёрваючы сябе, кіўнуў Брава-Жыватоўскі. — Ты, бачу, ужо лічыш, што акрамя цябе ды Чубара ў Верамейках няма каму і ў начальніках хадзіць? Другія таксама не лыкам шытыя. Толькі не ўсім шанцавала. Табе, напрыклад, твой ордэн памагаў, а Чубара проста аднекуль прывезлі. Нават не спыталіся ў нас. Але я яго апошнія дні ўвесь час пільнаваў. Хацеў на мушку ўзяць.

— Ты от што, — зрабіўшы выгляд, што прапусціў міма вушэй самыя апошнія словы, сказаў Зазыба, — ты дарэмна прысылаеш да мяне Драніцу. Я табе сам скажу. Ордэн я здаў у Хатынічах. Так што...

— А я Драніцу не пасылаў, — раптам пачаў адмаўляцца Брава-Жыватоўскі.

— Не паверу ж я, што яго падбіў на гэта бабінавіцкі камендант. Да й...

Брава-Жыватоўскі адчуў, што Зазыба пачне сарамаціць, як таго вулічнага блазнюка, таму натапырыўся ўвесь:

— Толькі не надумайся пагражаць!

— Я табе не пагражаю, але...

— Што — але? Што — але? — заёрзаў Брава-Жыватоўскі. — Сіла і права цяпер не ў цябе, а ў мяне! Улада перамянілася! Як кажуць, станцыя Беразай!

— І надоўга?

— А назаўсёды!

Зазыба зірнуў на Брава-Жыватоўскага — твар у таго быў як зрушаны.

— Мы тута едзем з табой адны, — сказаў ціха Зазыба, — і ты са зброяй, а я не. Так што... Але я от што павінен табе сказаць, раз ужо едзем адны. Дарэмна ты лезеш у пятлю сваёй ахвотай.

Брава-Жыватоўскі са злосцю паглядзеў на Зазыбу, але не закрычаў. Тады і наогул быццам зніякавеў: Зазыбава шчырасць як раззбройвала ўжо.

47
{"b":"849478","o":1}