— Ды яшчэ залатым, — непрыкметна падміргнуў Зазыбу Шарэйка.
— А што, мы з Шарэйкам тваім таксама павінны перапісваць яго? — спытаў Зазыба.
— Ну, ад вас дак ужо не дачакаюцца етага ні бог, ні людзі. Хоць што я кажу, ты, мусіць, дак яшчэ... А мой адно зубы паказвае, як жаніх на вяселлі. У яго ні бога за душой, ні чорта... Як Гірша некалі знусціў маладога, дак бязбожнікам і жыве цяпера. Людзі во сянні ў царкву, ледзьве заднела, балазе, столькі паповага голасу не чуваць было, а мой — за стол да машынку круціць. Немца, бачыш, спалохаўся! Зараз трэба хутчэй рабіць! А богава кара яму не страшна! Цяпер во ета пісьмо яму не падабаецца. А таго не ведае, што ўсякі, хто ета пісьмо чытае ці нават слухае, а яшчэ лепш, калі перапісвае — дак ужо, няйначай, ад бога літасці дачакаецца. І ў чыім доме ліст, там ні агонь, ні бомба — нішто не прычыніць бяды.
— Скажы, Зазыба, — глянуў з-пад ілба Шарэйка, — твая Марфа таксама такая во... баптыстка?
Зазыба ў адказ адно ўсміхнуўся. Тады Шарэйка паківаў галавой:
— Цяпера я разумею, чаму мы з табой такія затурканыя!
— Затуркаеш вас! — паглядзела на мужа гаспадыня.
Зазыба ўзяў у свае рукі «святое пісьмо», паклаў у кішэню.
— Дак ты ўжо і праўда перадай тама, Яўменавіч, Марфе, — у каторы раз пачала як не ўпрошваць Ганна. — Няхай яна ў Верамейках першая прадоўжыць залаты ланцуг. Ета няважна, што грамаці не хапае. Можна папрасіць каго граматнейшага, той перапіша.
— Добра, — кіўнуў ёй Зазыба. — Не ведаю, што з етага будзе, але перадаць перадам.
— Апроч карысці — нічога не будзе, — упэўнена сказала на гэта Шарэйкава жонка. — Павінны ж і мы, бабы, памагаць сваім, каб германца вытурыць назад за граніцу. — Шукаючы падтрымкі сабе, Ганна нават паглядзела на Марылю.
— Ну, ну, давайце, памагайце, — усміхнуўся Шарэйка і пакруціў у незразумелым здзіўленні галавой: — Але ж нехта хітры выдумляе ўсё ета!
— Дак не дурны, — з гонарам адказала на яго словы жонка. — Але можаш галавы не ламаць. Немцы проці сябе выдумляць такога не стануць.
— Да ўжо ж... — згаджаючыся з гаспадыняй, тым часам зірнуў на Шарэйку Зазыба. — Мы з табой даўно гаворым, а пра галоўнае, здаецца, і не ўспомнілі, — сказаў ён праз нейкі час, пераводзячы гаворку зусім на іншае. — У вас, кажуць, новая ўлада нават калгаса не зачапіла?
— Гм, ета яшчэ што! І старшыню таго самага пакінула! Так што рыхтуйся і ты, калі Чубара няма ў Верамейках. Таксама зробяць старшынёй.
— А вы ешце, ешце, — пасунула бліжэй да Марылі гаспадыня чыгунок з топленымі дранікамі. — А то, можа, ніколі і не каштавалі такіх?
— Мне Марфа Давыдаўна пякла, — сумелася ад увагі дзяўчына.
— Ну, то ешце і нашы...
— Але праўду казала Ганна, — пакруціў быццам у ачмурэнні галавой Зазыба, — няведамы шляхі боскія.
— Ну, пра ета, бадай, ламаць галаву дужа не варта, — прыжмурыў левае вока Шарэйка. — Здаецца, усё ясна.
— Дак... — Зазыба паглядзеў на яго. — Казалі ж, што немцы супраць калгасаў будуць, а цяпера выходзіць...
— Значыць, калгас і немцам не замінае, — сказаў кравец і прыхінуўся да спінкі крэсла. — Я таксама, каб быў на Адольфавым месцы, не разганяў бы калгасаў. А то што ж атрымліваецца? Недзе яшчэ зусім блізка фронт стаіць і вагаецца, як на тых шалях, а тута ў полі хлеб асыпаецца на зямлю. Немцы — яны хоць і на машынах амаль усе, але таксама жывыя, без харчу не абыходзяцца. А з Германіі сюды не навозішся. Вось і надумалі нашым пакарыстацца.
— Ну, ну...
— Дапусцім, немцы разгоняць калгасы. Дарэчы, некаторыя нашы мужыкі таксама нічога не мелі супраць, каб падзяліць гаспадарку, перамераць поле зноў на палосы. Але ж камендант адгаварыў. Што яму палосы нашы? Сяляне збяруць ураджай да й пахаваюць кожны сабе. Паспрабуй тады, адбяры ўсё. Канешне, можна і адабраць, на тое ў немцаў цяпера і сіла. Аднак колькі на ета спатрэбіцца яе? Асабліва ў такі час, калі ўсё няпэўна. Ты, Зазыба, не забывай, наша мясцовасць цяпера ў прыфрантавой паласе. Ад нас нават чуваць, як бухкае, можа, адразу за Паповай Гарой. Таго і глядзі, Чырвоная Армія вось-вось вернецца. Не ўсё ж адступаць. Таму немцы і разлічылі правільна. Няхай мужыкі жнуць і малоцяць, як і раней, а калі збожжа ў амбары звязуць, можна распарадзіцца ім па-свойску. Тады не трэба ні па чуланах лазіць, ні зброю ўжываць. Адным словам, як мне, дык з калгасам справа ясная. Здаецца, немцы яго чапаць не збіраюцца. Казалі толькі, што памяняюць назву. Замест калгаса сельская абшчына будзе. Ета каб толькі калгасам не называць. Яно ж і з воласцю так — раён немцы пакінулі, і вобласць ёсць, а Савета няма, заместа Савета вярнулі воласць. Ета каб з памяці людской вытравіць Савецкую ўладу.
Шарэйка па-жаночаму сашчапіў на жываце рукі, пасядзеў трохі з усмешкай, а тады сказаў:
— У нас тута былі таксама пагубляліся ў здагадках. Маўляў, немцы й за калгасы стаяць? Чаму тады ў сябе, у Германіі, не робяць іх? Нават некаторыя дадумаліся да глупства, нібыта Адольф, камендант, тайны камуніст. Асабліва было гаворкі, як Адольф паліцая аднаго пабіў, прымусіў вярнуць бабе мужыкова дабро.
— Але і праўда, — шукаючы падтрымкі свайму ранейшаму меркаванню, пачаў Зазыба, — дужа незразумела... усё. Мы неяк таксама гаварылі ў сябе пра гэта, дак выходзіць.
— Выходзіць, — кіўнуў галавоў Шарэйка, — але ж выходзіць таму, што нам усім вельмі хочацца, каб Адольф, няйначай, апынуўся камуністам, бо наслухаліся рознага... Яно ж нават, калі помніш, гаварылі, што нямецкія рабочыя не дазволяць Гітлеру пачаць вайны з намі. Пралетарыят, маўляў, адразу ўзніме паўстанне альбо пяройдзе на наш бок з акопаў. А дзе ён, пралетарыят той? Ты думаеш, гітлераўскія салдаты, якія прыйшлі сюды, адны буржуйскія сыны? Не, сапраўдных буржуяў тама, у Германіі, не так ужо і багата. Цэлае арміі з іх не складзеш.
З мястэчка Зазыба вяртаўся надвечар. З ім у Верамейкі ехаў і Брава-Жыватоўскі.
— А я думаў, ты ўжо і з хаты не вылазіш! — сказаў, выскаляючы зубы, Брава-Жыватоўскі, убачыўшы Зазыбу з канём на местачковай вуліцы; новаспечаны паліцэйскі ўсім сваім выглядам — і чырвоным, як налітым, тварам з шэрымі вачамі, і плячыстай, нібыта напаказ злепленай постаццю, — здавалася, сведчыў, як можна адчуваць сябе, калі жыццё кругом па душы: мусіць, з таго часу, як прарэзаліся зубы, чалавек гэты ніколі не хварэў больш.
Зазыба меў намер праехаць міма, тады паліцэйскі пайшоў напярэймы.
— Куды ездзіў?
— Пляменніцу вазіў, — адказаў Зазыба.
— Цяпер павязеш мяне!
— А мне абы ў дарогу, — Зазыба пасунуўся на возе, даючы месца.
Але Брава-Жыватоўскі не спяшаўся скочыць на воз: карцела паказаць Зазыбу, што ў мястэчку ў яго важныя справы і што ён яшчэ не паспеў іх зрабіць усе.
— Трэба да каменданта заглянуць, — сказаў ён з выразнай знарочыстасцю.
Пакуль Брава-Жыватоўскі ішоў — і таксама быццам напаказ — да камендатуры, якая размяшчалася ў былым будынку сельскага Савета (гэта адразу цераз базарную плошчу, непадалёк ад местачковай бальніцы), Зазыба цяжкімі вачамі глядзеў яму ў спіну.
«Каб ён хоць не сказаў там чаго пра мяне каменданту, — падумаў Зазыба пра Брава-Жыватоўскага. — Тады пачнецца!.. Лацвей ужо ў сваёй вёсцы адказваць на ўсё і за ўсё».
Яму самому не хацелася бачыць Гуфельда нават краем вока: ужо ён пазбавіць ад ілюзій і сялянскай цікаўнасці — гэта па меншай меры — адносна дзівакаватага нямецкага каменданта; брыдка было нават прызнацца, што магла займаць яго думкі «загадкавая» камендантава асоба.
Сонца ўсё больш хілілася за мястэчка, і цені, што кідалі ад сябе купалы местачковай царквы, датыкаліся, быццам дзіды, кончыкамі крыжоў да сцен аднапавярховага будынка, у якім да вайны была кантора сельскай спажывецкай кааперацыі.
Зазыба пасядзеў трохі, чакаючы ў камендатуры Брава-Жыватоўскага, затым прывязаў лейцамі каня да ліпы, а сам надумаўся зайсці ў царкву — якраз яе не зачынілі яшчэ пасля сённяшняга богаслужэння. Над брамай кінуліся ў вочы пачарнелыя ад даўняе пазалоты лічбы — «1842»: у наступным годзе бабінавіцкай царкве мелася быць сто гадоў.