А верамейкаўцы паднялі смех — маўляў, Драніца паквапіўся на чужое вуха, бо думае сваё памяняць. Людскі смех, вядома, мае свае адмоўныя і станоўчыя
бакі, але Мяшкова праз той недарэчны выпадак неўзабаве забралі з Верамеек назад у Крутагор’е — упаўнаважаны гэтак нядобра скампраметаваў сябе.
Справа была даўняя, і пра яе цяпер успаміналася без ранейшае прыкрасці. Зазыба мог пасведчыць і тады, і цяпер, што вельмі рады быў ад’езду з Верамеек Мяшкова як упаўнаважанага. Да ўпаўнаважаных (а іх вясковыя людзі таксама называлі начальнікамі) у забяседскіх калгасах былі прывычныя таксама, як паўсюдна. Нямала іх перабыло ў Верамейках за мінулыя гады. Але Зазыба з нейкага часу пачаў заўважаць, што паміж тымі ўпаўнаважанымі, якія прыязджалі ў вёску да калгасаў, і тымі, якіх накіроўвалі сюды пасля, было пэўнае адрозненне. Першыя ўпаўнаважаныя, амаль без выключэння, няблага ведалі вёску з яе людзьмі, мелі ці то агратэхнічную, ці то ветэрынарную адукацыю. Тым часам сярод пазнейшых упаўнаважаных былі ўжо людзі іншага тыпу — часам некаторыя з іх не мелі ніякага дачынення да сельскай гаспадаркі, працавалі да гэтага недзе звычайнымі сталаначальнікамі, можа, пісарчукамі, якія няздольныя былі ўжо з ранейшай здатнасцю трымаць аловак у пальцах.
Якраз тады вось пачаў гуляць па беларускіх вёсках вядомы жарт пра аднаго ўпаўнаважанага, які не мог адрозніць грэчкі ад лубіну...
Мяшкоў таксама належаў да так званага другога тыпу раённых упаўнаважаных. А Зазыба якраз лічыў, што зусім не блага было б, каб такія ўпаўнаважаныя падалей трымаліся ад калгасаў, бо ў адрозненне ад папярэдніх, якія не толькі выступалі на агульных сходах, але таксама давалі сялянам парады, вучылі мужыкоў, як весці гаспадарку па шляху «інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці», гэтыя ўжо лічылі патрэбным загадваць і кіраваць; тады добра, калі такі ўпаўнаважаны п’яніца альбо ціхі лайдак, якому абы грошы ў раёне плацілі, а калі раптам трапіцца зацяты дурань ці, яшчэ горай, шчыры недарэка?
Таму Дзяніс Зазыба ніколькі не пашкадаваў тады, як ад’язджаў з Верамеек упаўнаважаны Мяшкоў...
Успамінаючы цяпер пра ўсё гэта, Зазыба падумаў таксама і яшчэ пра адно — гэта пра Мікітаву здатнасць сыходзіцца з новымі людзьмі, якім выпадала доўга ці мала жыць у Верамейках, асабліва з тымі, што мелі дачыненне да ўлады. Удавалася яму амаль без перашкоды і напэўна «заводзіць дружбу», можа, якраз таму, што, апрача самаахвярнай гатоўнасці да паслуг — прынесці, падаць, — Мікіта яшчэ валодаў адчуваннем той невызначальнай адлегласці ў паводзінах, якая падабаецца багата каму і за якую часам шмат што даруецца. Усе ведалі Мікіту — яго неразборлівасць, перакідлівасць, і ніхто разам з тым не грэбаваў ім. Пакуль гаспадаром у Верамейках быў Чубар, Мікіта «вадзіў дружбу» з ім. Не стала Чубара — Мікіта выбраў сабе Брава-Жыватоўскага, які добраахвотна стаў у Верамейках паліцэйскім.
Зазыба цяпер бачыў Драніцу нібыта наскрозь. Ён здагадваўся, што той не так сабе прыйшоў сёння ў хату, што, няйначай, паслаў яго нечага сюды БраваЖыватоўскі.
Тым часам Драніца і сапраўды меў пэўнае заданне. Брава-Жыватоўскі падгаварыў яго пайсці да Зазыбы і забраць ордэн Чырвонага Сцяга, маўляў, хопіць, параскашаваў Зазыба з прыгожай бляшкай.
— А як не захоча, як тэй таго? — муляўся нейкі час Драніца.
— Тады пагразі, — навучаў Брава-Жыватоўскі.
Але Драніцу ад гэтай прапановы моташна было.
— Ты ж паліцэйскі, а мне ён не аддасць вордзена, як тэй таго, — прабаваў выкруціцца з ласкотнага становішча Драніца: яму папраўдзе не хацелася ісці да Зазыбы з такім незвычайным даручэннем. — Мне яно, як кажуць, і не па кані і не па аглоблях, — даводзіў ён. — Трэба неяк па справядлівасці, як тэй таго, бо вордзен жа зарабіў на вайне Зазыба вон, а не мы з табой.
— Дзівак, але ж немцы і нам нешта могуць даць за такі ордэн. Гэта ж табе не абы-што. Некалі першы ордэн у Саветаў быў. Дык ці мала навошта ён немцам спатрэбіцца. Гэта як спраўны дакумент — пашпарт ці партыйны білет.
— Гм, а то яны самі парцейных бялетаў нарабіць не могуць! Бытта ў іх, як тэй таго, казённай паперы няма? Да і вордзен таксама няцяжка адліць. Для етага ж, як тэй таго, трэба толькі хвормачку мець.
— Могуць, але сапраўдныя дакументы альбо ардзяны ім таксама патрэбны. Тут важна нумар дакладна ведаць. Тады нідзе не засыплешся. Адным словам, Мікіта, шкандыбай да Зазыбы, патрабуй ордэн. Ды не палохайся калі што. А я ўжо з Адольфам пагавару, як у Бабінавічах буду. Можа, яны і табе які медаль дадуць за гэта.
І вось Мікіта Драніца сядзеў на ўслоне ў Зазыбавай хаце і злаваў на самога сябе — яму б пачынаць размову пра ордэн адразу, як пераступіў парог, а ён даў сябе ўгаварыць і рассеўся, нібыта прыйшоў у госці...
Было ажно горача дыхаць.
Нарэшце Мікітава злосць перайшла мяжу, ён крутануў галавой:
— Дак ета я па справе, як тэй таго! Сказаў ужо!
Зазыба падбадзёрыў:
— Гавары, якая ў цябе справа?
— Вордзен твой патрэбен!
Зазыба ажно сцепануўся.
— Каму гэта ён спатрэбіўся? — як чужым голасам спытаў ён.
— Германцам.
— Германцы з табой гаварылі пра мой ордэн?
— Канешне, гаварылі! — Мікіта адчуў у сабе ўнутраную ўраўнаважанасць: Зазыба нечага не закрычаў на яго і не пагнаў з хаты.
— Не хлусі, — нібыта не паверыў гаспадар.
Тады Мікіта прызнаўся:
— Ета Брава-Жыватоўскі загадаў, як тэй таго...
— А ты і паслухаўся?
Сама па сабе гаворка пра ордэн у такім плане для Зазыбы не была надта нечаканай. Ён разумеў, што некалі — рана ці позна — яна павінна адбыцца.
Ордэн свой Зазыба схаваў яшчэ на тым тыдні ў маленькай кадушцы пад шулам, каля варот, і нават Марфе не сказаў пра гэта.
— Дак няма ў мяне ордэна ўжо! — зрабіў галузаваты твар Зазыба.
Драніца здзіўлена падняў галаву.
— Няма! — як у радасці кіўнуў Зазыба.
Драніца тупа глядзеў на Зазыбу.
— Здаў я свой ордэн у ваенкамат, Мікіта, — здзекліва растлумачыў Зазыба і паказаў абедзве рукі далонямі ўгару — маўляў, паглядзі — пуста. — Браў жа з сабой, калі ганяў калгасных кароў. Таксама насіў на грудзях. Як ні кажы, а з ордэнам чалавеку давер большы. А ў Хатынічах, як дазналіся, што я вяртаюся ў Верамейкі, пазвалі ў ваенкамат. Самога во адпусцілі, а ордэн, сказалі, каб здаў. Ну я і здаў. Так што позна твой Брава-Жыватоўскі спахапіўся. Каб былі тута Мікола Рацэеў ці Іван Хахол, дак і яны б не сталі хлусіць, сказалі б табе, што здаў я ордэн у Хатынічах. Вядома, цалей будзе.
Зазыба гаварыў з падробленым шкадаваннем у голасе, а па Мікітавым твары тым часам блукала паблажлівая ўсмешка — маўляў, ты, канечне, гавары сабе, а мы таксама не на адным гаросе раслі. Але вось Мікіта ўскочыў з услона, прабегся па хаце.
— Ты ета, Яўменавіч, як тэй таго, добра прыдумаў, — па-змоўшчыцку заўсміхаўся ён, — што здаў тама вордзен свой. — Мікіта ўжо разумеў, што Зазыбаў адказ ратаваў іх абодвух. — І сам цяпера, як тэй таго, непрыемнасці мець не будзеш, і мяне ад граху выслабаніў, — ён спыніўся насупраць Зазыбы, які стаяў, прыхінуўшыся да сцяны, і плаксівым голасам пачаў даводзіць: — Ты думаеш, я вельмі хацеў ісці з етым да цябе? Да яшчэ страшыць? Ета ўсё Брава-Жыватоўскі, як тэй таго! Ён і цяпера, можа, слухае, як мы тута...
— Няхай слухае, — усім голасам сказаў Зазыба.
Мікіта кінуў позірк на акно.
— Дак я перадам, як тэй таго, — таксама гучна сказаў Драніца, — што ты здаў вордзен!
— Так і перадай.
Бадай, гаворка паміж імі на гэтым магла скончыцца.
Мікітава шапка ляжала на ўслоне. Але ён не спяшаўся браць яе — адчуванне вінаватасці перад Зазыбам чамусьці затрымлівала яго ў хаце.
Як па-вясковаму, то Зазыбу варта было б усё ж патурыць Драніцу з хаты, аднак ён не рабіў гэтага, з аднаго боку, перасцярогу меў, каб не паставіць супраць сябе недарэку, які мог таксама балюча кусацца, а з другога, дык проста не хацелася заставацца аднаму на ўвесь вечар, бо Марфа яшчэ недзе гуляла на бабінах у Сахвеі Меляшонкавай. Да таго ж асабліва прыкрасці ці якой брыдкасці Зазыба не адчуваў да Мікіты, можа, таму, што ведаў наперад, на што здатны гэты чалавек: так вось амаль усе ў Верамейках паводзілі сябе ў адносінах з ім.