— Але такая мітрэнга, — уздыхнуў Іван Падзерын. — Тута забудзеш і пра святых.
— А то без етага дак ты дужа помніў пра іх! — засмяяўся Сілка Хрупчык. — Цяпера, даўжно, і папы добра не ведаюць, якое свята за якім ідзе. Я сам пра Ілью помніў, бо пільнаваў, каб на базар у Бабінавічы ехаць...
І раптам задзогалі нагамі хлапчукі — тыя ўсё-такі, на свой страх, збегалі на Драніцаў гарод.
На гародзе сапраўды была пакапана зямля, і яны хутка адшукалі схованку: пад дзірваном ляжала загорнутая ў падраны мяшок вайсковая торба.
Торба была нечым напакавана. Але хлапчукі не сталі трыбушыць, прынеслі, як ёсць, да стайні.
Іван Падзерын узяў торбу, паважыў на вялікім пальцы.
— Ого! — сказаў ён весела.
Мужыкі паўставалі з бёрнаў, абступілі Івана Падзерына, аднак глядзець пры гэтым адзін на аднаго не маглі. На месцы засталіся толькі Дзяніс Зазыба, якому непрыемна стала, што дарослыя раптам ледзь не пачалі блазнаваць, ды яшчэ Раманаў татарын Рахім, які, здавалася, абыякава ставіўся да ўсяго, што адбывалася вакол. Іван Падзерын расшпіліў торбу, сунуў туды руку і выняў цэлы жмут папер. Патрымаў у выцягнутай руцэ, пасля аддаў, расчараваны, Раману Сёмачкіну. Той таксама паглядзеў на паперы ў здзіўленні і па чарзе перадаў іх Парфёну Вяршкову.
— Вынімай усё! — сказаў Сілка Хрупчык.
Іван Падзерын перавярнуў торбу дагары, страсянуў. На зямлю пасыпаліся лісты.
— А я думаў, — расчаравана сказаў Сілка Хрупчык, — можа, грошы якія хавалі яны!.. Ажно во-о-о што! Бярыце, хлопцы, — сказаў ён падлеткам, — да нясіце етую пісаніну ў возера.
— Пачакай, Сіланці, — заступіў падлеткам дарогу Парфён Вяршкоў. — Можа, што важнае, дзяржаўнае. Трэба глянуць. Можа, якія дакументы з раёна. А ты ў возера! Яўменавіч,— гукнуў ён Зазыбу, — паглядзь, можа, што патрэбнае? — нагнуўся, грабянуў па зямлі растапыранай рукой і сам панёс паперы да Зазыбы.
Зазыба прыняў іх на ўлонне, пачаў распрамляць, каб пачытаць збольшага.
Парфён Вяршкоў стаяў, не адыходзячы, і назіраў, як Зазыба паступова хмурыў лоб, удаючыся ў паперы.
Астатнія верамейкаўскія дзядзькі таксама не зводзілі вачэй з намесніка старшыні калгаса. Нарэшце Зазыба падняў галаву на Парфёна Вяршкова і, вінавата ўсміхаючыся, сказаў:
— Глупства адно... Нічога дзяржаўнага няма тута... Можна ў возера кінуць.
— Тады навошта закопваць іх было? — не паверыў Раман Сёмачкін.
— І праўда, чаму? — сталі незразумелыя вочы і ў Сілкі Хрупчыка.
— Мабыць, Зазыба не ўсё прачытаў? — паглядзеў на мужыкоў Раман Сёмачкін.
— А што чытаць? — адмахнуўся Зазыба.
— Да тое, што напісана, — пачаў насядаць на Зазыбу Іван Падзерын.
— Урэшце, ты сам граматны, вазьмі да й чытай, — сказаў яму Зазыба. — Гэта пісьмы падмётныя.
— Цэлая торба?
— Можа, ёсць і яшчэ якія паперы, але мне трапіліся адны пісьмы.
— І ўсё на верамейкаўцаў? — як ашалела плюскаў вачамі Іван Падзерын.
— Мусіць, сабраны са ўсяго раёна, — заступаючыся за Зазыбу, разважаў Парфён Вяршкоў.
— Але на каго? — стаяў у неўразуменні Раман Сёмачкін.
— У кожным разе, не на цябе, — кінуў яму Зазыба.
— Але ж і не на цябе! — нібыта з зайздрасцю сказаў Раман Сёмачкін. — Ты Савецкай уласці служыў верай і праўдай. Ета што яна цябе трохі асадзіла, дак было дужа не старацца. Масея твайго таксама, мабыць, за дужую адданасць забралі. Не, на цябе пісьмаў не пісалі. Каму было пісаць?
— Няхай от пакапаюцца, — кіўнуў галавой Зазыба, — дак, можа, знойдуць і твае.
Мужыкі падступаліся да Івана Падзерына — давай чытай. Але той, нібыта асцерагаючыся чаго, адмовіўся. Тады паклікалі Івана Гаманькова: хлапец перайшоў у шосты клас, і на яго можна было спадзявацца.
Іван Гаманькоў адразу пазнаў сярод почыркаў руку свайго аднакласніка — Міцькі Драніцы: той пісаў пад бацькаву дыктоўку.
Першы ліст трапіўся на Радзівона Чубара. І гэта здзівіла верамейкаўскіх мужыкоў: Мікіта Драніца ўсе гэтыя гады, пакуль Чубар жыў у Верамейках, набіваўся да таго ў дружбу.
«І тады, — чытаў Іван Гаманькоў, — я прыгласіў таварыша Чубара Радзівона Антонавіча да сібя. — Драніцу, мусіць, вельмі хацелася, каб напісана было па-руску. — Пілі мы самагонку, якую прынёс мне Хвядос з Дзяржыння, а таксама маскоўскую гарэлку, каторую бралі за свае грошы ў магазіне. Таварыш Чубар пры етым ругаў прысядаціля рыка таварыша Сілязнёва, крыцікаваў таксама таварыша Качуру, які прыяжжаў учора ў Вірамейкі. Зацем таварыш Чубар сабраўся і паехаў у пасёлак Мамонаўку да сваёй палюбоўніцы Аграфены Азаравай, каторая пацірала мужа ў філянскую вайну. Учом і распісваюся. Нікіта Драніца».
Быў сярод папер ліст і на старшыню Верамейкаўскага сельскага Савета Ягора Піліпчыкава. Паслухалі і той з вялікай і непадробнай сялянскай цікавасцю.
— А еты ўжо пра дзядзьку Дзяніса, — сказаў Іван Гаманькоў праз нейкі момант, адшукаўшы запісаны буйнымі літарамі ліст з вучнёўскага сшытка.
— Чытай! — падбадзёрылі хлопца дзядзькі: ім нечага ажно смешна было слухаць, як пісаў Драніца пра сваіх аднавяскоўцаў. — Што ён тама пра Зазыбу піша!
Але Гаманькоў адно азіраўся на Зазыбу.
— Нічога, чытай, — наступіў падлетку на нагу Парфён Вяршкоў.
Тады Зазыба пакруціў галавой, усміхнуўся.
— І любіце ж вы... — але не дагаварыў да канца сваю думку.
«Сапшчаю, — пачаў чытаць Іван Гаманькоў, — што паследнія ўрэмя я наглядаў за нашым заўхозам Зазыбам Дзянісам Я., каторага тры гады знялі з прысядаціля і паставілі Чубара. Д. Я. Зазыба маўчыць, але ёсць людзі, якія не вераць яму, патаму што ён не п’ець. У далейшым буду таксама атпісваць Вам і пірыдаваць ціраз маю бабу, бо яна возіць па пятніцах у раівон сліўкі з гуцянскага сіпаратара. К сяму — Нікіта Ляксеявіч Драніца».
— Як той рашпіль, — пакруціў галавой Іван Падзерын і перадражніў Драніцу: — К ся-му Ні-кіта Ляя-ксеявіч... Хто б падумаў?
— Дак ён жа пра Дзяніса не вельмі каб, а? — павадзіў па ўсіх вачамі Сілка Хрупчык.
Тады зарагатаў Раман Сёмачкін:
— Здаецца ж, як той сабака, ніколі бліноў не пёк, а цестам еў!
— А ты — рот нараспашку, — зрабіў дурнаваты твар Парфён Вяршкоў.
Раман Сёмачкін адчуў, што гаворка ад Мікіты Драніцы можа перакінуцца на яго, таму адразу надзьмуўся, хоць Парфён Вяршкоў, па сутнасці, нічога абразлівага не сказаў. Тым не менш Раман ужо назнарок чырванеў ад злосці, якая нібыта распірала яго і якую ён стараўся стрымаць у сабе.
Парфёну Вяршкову Раман Сёмачкін ужо не адказваў. Ён павярнуўся да Рахіма, буркнуў:
— Хадзем, а то... можа, тама немцы ўжо ў вёсцы, а мы...
— Яно й праўду кажа Раман! — нервова засмяяўся Іван Падзерын. — Пакуль мы сядзім тута, дак немцы, можа, да баб нашых!..
Але жарту ніхто не падтрымаў — Парфён Вяршкоў нездаволена спахмурнеў, правёў даланёй па сухіх губах; Сілка Хрупчык тым часам дастаў з-пад бярна вупраж на цэлага каня — хамут, сядзёлку, дугу — і сказаў падлеткам:
— Занясіце на канюшню.
— Дак жа ты збіраўся па клёпкі ехаць? — насмешліва глянуў на яго Зазыба.
— Куды цяпера паедзеш! — адвёў вочы Сілка Хрупчык.
Разыходзіліся ад стайні па два — спярша рушыў Раман Сёмачкін, павёў некуды свайго татарына, за імі падаліся дамоў Іван Падзерын і Сілка Хрупчык; Дзяніс Зазыба ішоў разам з Парфёнам Вяршковым — ім было ў адну дарогу.
Ужо капаў дождж.
Хмары цяпер чапляліся ледзь не за вясковыя стрэхі. Былі яны, як пашматаныя, плылі яшчэ не спрэс, часам пасярод можна было бачыць само неба.
Рэдкія, але буйныя кроплі дажджу падалі на чорную сцежку, вытаптаную паўз платоў, лапаталі на гародах па бульбоўніку і гарбузоўніку, збівалі прыдарожны пыл з падтынніку — чортавага серабра, што не паспела адцвісці і да гэтага часу.
Буслінае гняздо, якое ўзвышалася на бярозе ля могілак, таксама было атулена хмарамі. Яно то вынырала з іх на кароткі час, і тады было відаць, як стаяла там старая бусліха, што прылятала каторы год на гняздо, то хавалася зноў ад вачэй.
— А вы таксама, — сказаў з дакорам Зазыба, — прыйшлі на работу! Але самі хоп на пасядзенне, а баб на канюшню паслалі. Няхай тыя раскрадаюць калгасную маёмасць, а мы, маўляў, ні пры чым.