— А што рабіць у арміі гінеколагу? На службу ж пакуль бралі мужчын?
— Гэта я па колішняй спецыяльнасці гінеколаг, а так — ваенурач другога рангу.
— Адным словам, доктар?
— Так.
Мусіць, чалавеку не першы раз даводзілася мець размовы накшталт гэтай, таму адказваў ён Чубару як не з завучанай лёгкасцю.
— А цяпер што, з акружэння выходзіце?
Ваенурач не адказаў.
— Тады чаму вось так, — дапытваўся Чубар, — на віду? Можна ж да немцаў у рукі трапіць?
— Я з палону іду.
— Ці не рана гэта? Звычайна ж з палону вяртаюцца пасля вайны?
— Мяне адпусцілі цяпер.
Чубар паціснуў плячамі:
— Хто?
— Немцы.
— І куды вы цяпер?
— У Свярдлоўск.
Тады Чубар плюснуў у здзіўленні вачамі:
— У Свярдлоўск?
— Так.
— А як вы туды дойдзеце?
Але чалавек, здавалася, нават не адчуў Чубаравай унутранай збянтэжанасці — вочы яго былі напоўнены тым жа стомленым страхам, ад якога Чубару ўсё больш рабілася не па сабе.
— Я іду з нямецкага палону, — нібыта пераконваючы Чубара, удакладніў праз нейкі момант ваенурач: ён паводзіў ужо сябе, як на допыце, які безнадзейна зацягнуўся і які, нарэшце, стаў абыякавым для яго.
І Чубару нічога не заставалася, як чыніць гэты несвядомы допыт:
— Дзе вас узялі ў палон?
— Каля Слоніма...
— Параненага?
— Не.
Гаворка паміж Чубарам і ваенурачом увесь час ішла быццам па кругах, але якія, у адрозненне ад тых, што на патэфоннай пласцінцы, не маюць пераходу адзін ад аднаго. Таму кожны раз Чубару даводзілася пачынаць яе амаль спачатку.
Тым часам Чубар ужо глядзеў на доктара, як кажуць, на ўсе вочы, аднак не з тае прычыны, што адчуваў сваю найвышэйшасць над ім, хутчэй, наадварот: знешняя адчужанасць, якую доктар прынёс аднекуль, з кожнай хвілінай усё больш выклікала ўтрапёную незразумеласць.
— І вы праўда — доктар? — пытаўся далей Чубар, нібыта яшчэ цалкам не верыў.
— Ваенурач другога рангу. — Дзеля большай пераканаўчасці чалавек падняў угору рукі, выставіўшы іх растапыранымі далонямі — яны былі ў яго сапраўды доктарскія, як кажуць, выпешчаныя да самых пазногцяў, быццам ён толькі што выйшаў з аперацыйнага пакоя.
Тады Чубар падаўся наперад усім тулавам і, робячы як найбольш даверлівы голас, усклікнуў:
— Гэта добра, што я вас затрымаў!
— Што, захварэлі?
— Не, сам я здаровы.
— А хто хворы?
— Пакуль няма хворых. Але могуць быць. Дакладней, параненыя. — Сказаўшы гэта, Чубар дастаў з кішэні скарочаны тэкст прамовы таварыша Сталіна, атрыманы ад палкавога камісара, падаў доктару: — Пачытайце вось.
Той разгарнуў складзеную лістоўку, прабег вачамі: «У занятых ворагам раёнах трэба ствараць партызанскія атрады, конныя і пешыя, ствараць дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны скрозь і ўсюды, для ўзрыву мастоў, дарог, псавання тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпальвання лясоў...» — Доктар дачытаў дагэтуль, адвёў позірк і нібы задумаўся.
Тады Чубар сказаў няпэўна:
— Вось бачыце!
— Але я не разумею, якое дачыненне... словам, навошта мне чытаць гэта?
— Я ж вам казаў, нас, мусіць, шчаслівы выпадак звёў! Мне во як доктар патрэбны будзе! — І Чубар правёў па шыі рукой.
У прадонні доктаравых вачэй зварухнулася штосьці падобнае на свядомую зацікаўленасць.
— Урэшце, хто вы? — спытаў ён.
— Я маю заданне стварыць партызанскую групу. А лістоўка гэтая — мой мандат.
— Вон што...
Яны памаўчалі.
— Вы тутэйшы? — праз нейкі момант спытаў ваенурач.
— Не. — Чубар падумаў і дадаў: — Але думайце ўжо, што тутэйшы. Праўда, вы мяне трохі здзівілі. Мне здавалася, што Бесядзь гэтая недзе там, — ён махнуў рукой перад сабой. — Але вы кажаце...
— Бо я так у вёсцы пачуў...
— Я не дакараю вас, — усміхнуўся Чубар. — Гэта нават добра, што Бесядзь тут. Я гэту раку ведаю. Працаваў каля яе. У Верамейках. Гэта збоч. Але вы не хвалюйцеся. Мы цяпер з вамі хутка дойдзем туды. Там лясы кругом.
— І мы іх паліць павінны?
Доктарава някемнасць здалася Чубару знарочыстай. Але Чубар не дазволіў сабе зазлаваць. Наадварот, прытворна засмяяўся і кінуў з ледзьве прыкметным ушчуваннем:
— У лістоўцы ж не адно гэта сказана. Трэба чытаць правільна. А то вы неяк...
— Большага не прачытаеш, як напісана, — зацята сказаў ваенурач.
— Аднак абы-што гаварыць таксама не варта, — з выразным падтэкстам параіў яму Чубар. — Тым больш што асабіста вам нічога не давядзецца паліць. Рыхтуйцеся партызан лячыць.
Здавалася, гэтым размова магла і скончыцца. Але не — Чубар спытаў яшчэ:
— Дык прымаеце маю прапанову?
— Не.
— Чаму? — здзівіўся Чубар.
Ваенурач, не задумваючыся, адказаў:
— Разумееце, я не падыду вам.
Чубар зрабіў незразумелыя вочы, сабраўшы гармонікам шырокі лоб.
— Не ведаю, як растлумачыць, — сказаў тады ваенурач, — але я ўжо не падыходжу для вашай справы. І наогул...
— Доктар, вы на сябе паклёп узводзіце, — засмяяўся Чубар.
— Не, я праўду кажу. Мне давялося багата перажыць апошнім часам... Пра гэта доўга расказваць. Але няўжо не відаць па мне, што я...
Чубар павёў галавой — маўляў, не відаць.
— А я ўжо каторы дзень баюся на сябе глядзець не толькі ў люстэрка, а і ў вадзе, калі, бывае, нахіляюся ды п’ю. Не, я ўжо нікуды не варты. Нават людзей лячыць. Бо хворы чалавек не можа другіх лячыць.
— Але па тым, як вы разважаеце, зусім не чуваць...
— Не далікатнічайце, гаварыце. — На доктаравым твары з’явілася штосьці падобнае на пагардлівую ўсмешку.
Тады Чубар загарэўся чырванню і сказаў быццам у злосці:
— Я хацеў сказаць, што вы не падобны на таго, кім хочаце выдаць сябе. Свядомасць ваша, мяркуючы па размове, таксама ў поўным парадку. Нават злосці хапае, нягледзячы што з выгляду абыякавы да ўсяго.
— Гэта, бадай, не злосць, а хутчэй — бездапаможная зласлівасць.
— Бачыце, нават самі разумееце. А навошта тады гаварыць абы-што? Самі ведаеце, за такое...
— Вы думаеце, гэта цяпер самае страшнае?
Чубар не адказаў, уражаны нечаканым адкрыццём — з кожнай хвілінай яму ўсё цяжэй станавілася размаўляць з гэтым чалавекам.
— Самае страшнае, — тлумачыў тым часам доктар, — бадай, усведамленне таго, што ты ўжо ні на што не варты.
— А вам не здаецца, таварыш ваенурач другога рангу, — прыжмурыў вочы Чубар, — што гэтыя словы могуць нагадваць самыя звычайныя хітрыкі чалавека, якому па нейкай прычыне вельмі патрэбна выдаць сябе... ну... за вар’ята, ці што?
— Вось бачыце, гэты раз вы ўжо больш дакладна называеце рэчы, — не мяняючыся ў твары, сказаў ваенурач, але ў голасе ягоным пачулася дрэнна схаваная злараднасць, нібыта чалавек нарэшце атрымаў тое, чаго дамагаўся.
Чубар пакруціў галавой.
— І тым не менш у сваім вар’яцтве вы мяне не пераканалі, — жорстка сказаў ён.
— А я і не імкнуўся рабіць гэта, — спакойна запярэчыў доктар. — Проста я хацеў сказаць, што мне давялося перажыць момант такога нервовага напружання, якое чалавека робіць у канчатковым выніку калі не вар'ятам, як вы гавораце, то ўжо непрыгодным ні для якой справы.
— Але ж вы не будзеце адмаўляць, што сур’ёзная справа вяртае чалавеку яго сапраўдны воблік? — Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. — Добра, я абяцаю забыць пра ўсё, — быццам ратуючы становішча, сказаў тады Чубар, — што вы нагаварылі тут, але далей вам ісці не варта, трэба выкінуць з галавы, мякка кажучы, ненармальную ідэю дайсці адсюль у Свярдлоўск, зрэшты, пасмяяцца з яе!..
— Паверце, мне зусім не цікава — забудзеце вы пра нашу размову ці не. Да таго ж нічога асаблівага, што падлягала б пакаранню, я не нагаварыў тут. Таму пагрозы вашы...
Чубар не даслухаў.
— Мне доктар патрэбны, разумееце? — хвалюючыся, затрос галавой Чубар. — Таму я і ўгаворваю вас. Урэшце, таму я і не кажу вам, што непадалёк адсюль спыніўся фронт і што вам засталося ўжо нядоўга ісці да яго!