І тут Ходзька ўсміхнуўся, нібы намацаў у абароне хлопца трэшчыну.
Алесь бачыў вочы гарбуна, арганіста, Сыракомлі. Ва ўcix гэтых вачах жыла трывога. А Ходзька падаўся галавой наперад i цixa працадзiў:
— Хіба не стала нашаму мужыку горш жыць пасля прыяднання да Расіі? Адразу салдатчына, павышэнне падаткаў…
Сыракомля нецярпліва перапыніў яго:
— Ходзька, гэта жорстка!.. У маладога чалавека не столькі ведаў… I ягоныя перакананні…
Алесь узняў руку.
— Не трэба, пане Кандратовіч, — ён усміхнуўся. — Тое, што мне трэба, я ведаю добра. I перакананні ў мяне цвёрдыя i… аб-грун-таваныя, у адрозненне ад пана Ходзькі.
— То стала горш? — настойваў магнат.
— Стала горш, — спакойна сказаў Алесь. — Акрамя старых паноў, нас з вaмi, з'явiлiся новыя. Прычына гэтай галечы тое, што на ўсе старыя ланцугi павесiлi яшчэ адзiн, новы — грошы. А грошай у мужыка пры цяперашнiм стане быць не можа. У яго адбiрае ix тое, што страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце.
Чырвоныя плямы папаўзлі на шчоках у Ходзькі.
— Што ж гэта такое, страшнейшае за ўсё? — цixa спытаў ён.
Алесь пабялеў ад хвалявання. А потым у цішу ўпала адно толькі слова:
— Прыгон!
Вочы ў Лізагуба звузіліся.
Стаяла цішыня. Алесь спяшаўся дагаварыць.
— Мы ніколі… — голас ягоны зазвінеў. — Чуеце? Мы ніколі не паддамося нi вам, нi немцам, нікому. І не таму, што мы не любім вас, а таму, што кожны чалавек мае права на роўнае шчасце з другім, а шчасце — толькі ў cвaiм доме.
— Панове, — перабіў Кіркор, — панове, уладаю гаспадара забараняю вам гэтую спрэчку.
Гарбун паклаў руку на плячо Алесю, паціснуў.
— У мяне ёсць дачка, Каміла, — сказаў ён. — Бог ты мой, якія вы падобныя!
У доўгай паўзе прагучаў самотны голас Сыракомлі:
— Якая ж гэта нязведаная парасць расце!
…Ён i Манюшка ішлі ў адну дарогу з Алесем i Усяславам, Лізагуб i Ходзька пайшлі асобна, хоць пэўны час ім было і па дарозе.
На рагу Святаянскай i Універсітэцкай Манюшка прытрымаў Алеся i паказаў яму налева, на касцельны гмах.
— Музыку любіш?
— Але.
— То прыходзь сюды. Я ведаю, табе нельга. Але унь там дзверы на хоры. Прыходзь падчас імшы i проста так. Я там часта. Музыка, князь, не ведае розніцы вераванняў.
Сыракомля маўчаў усю дарогу. Ягонае, маладое яшчэ, тонкае аблічча выглядала на хворае. Ён моўчкі хутаўся ў футра i нагадваў худую зябкую птушку.
I толькі на скрыжаванні, дзе абодвум старэйшым трэба было павярнуць налева, паэт паклаў руку на плячо Алесю:
— Я, пэўна, не дажыву. Але вам… Дай вам бог удачы…
XXX
Ужо самай раніцай наступнага дня, падымаючыся па сходах на другі паверх, Алесь адчуў штосьці нядобрае.
Можа, гэта было ў тым, што здаровая доўбня, Цыпрыян Дэмбавецкі, аднакласнік Алесеў, насуперак звычаю, адарваўся ад ежы і, калі Алесь праходзіў паўз яго, акінуў каламутным, нібы нежывым, позіркам. Гэта было дзіўна, бо Алесь, колькі быў у гімназіі, заўсёды помніў Цыпрыяна з бутэрбродам у руцэ.
А можа, няладнае было ў тым, што другі аднакласнік, Альберт Фан дэр Фліт, ледзь адказаў на паклон.
Усё гэта была лухта. І Цыпрыяну не вечна ж чамкаць, і Фан дэр Фліт, чалавек халодны і паглыблены ў свае думкі, заўсёды глядзіць нібы праз субяседніка. І, аднак, нешта нібы вісела ў паветры.
Але першым урокам была якраз літаратура. Выкладчык прыгожага пісьменства, перад тым як скончыць гімназічны курс, рабіў агляд сучаснай літаратуры, той, што не ўваходзіла ў праграму. І гэта было добра. Бо ён гаварыў, між іншым, і аб улюбёным Цютчаве. Пушкін — гэта, вядома, Элада паэзіі. Нібы ўся гармонія будучых стагоддзяў увасобілася ў адным. І ён любіў яго. Але трэба мець і нешта патаемнае, што любіш ты адзін. І ён любіў Цютчава.
І гэтыя, такія розныя, імёны сучаснікаў, і такое разнастайнае гучанне іхніх радкоў, падобнае то на мёд, то на ярасную пену прыбою, то на атруту, прымусіла Алеся забыцца на тое, падсвядомае, што папярэджвала.
Ён трымаў для сябе імя Цютчава доўга. У старых дзедавых часопісах адшукаў калісьці і адзначыў у памяці гэтыя незвычайныя радкі.
І «Вясеннюю навальніцу» ў «Галацеі», і «Цэцэрона» з «Апошнім катаклізмам» у альманаху «Дзянніца»… Часам ён пазнаваў аблічча паэта і ў вершах, змешчанных пад ініцыяламі, і гэта было — нібы пазнаць блізкага сябра пад маскай.
Дзіўна было, што Алесь яшчэ не нарадзіўся, а паэт ужо адказаў на тыя пытанні, што пачынаюць мучыць яго, Загорскага, толькі цяпер.
Оратор римский говорил
Средь бурь гражданских и тревоги:
«Я поздно встал — и на дороге
Застигнут ночью Рима был!»
Тут усё было праўда. Сапраўды, вакол была ноч краіны. Сапраўды, усе яны нарадзіліся занадта позна. І ўсё ж…
Счастлив, кто посетил сей мир
В его минуты роковые —
Его призвали всеблагие
Как собеседника на пир.
І гэта было цудоўна. Як цудоўныя былі радкі «Mal'aria», што спісаў аднекуль Мсціслаў. І радкі «Апошняга кахання». Настаўнік чытаў іх трохі нараспеў, як ніколі не чытаў Дзяржавіна. І вокладка часопіса, з якога ён чытаў, была старанна загорнута ў паперу. Бо гэта быў «Современник», якога баяліся, як чумы, і не падпускалі да гімназічных муроў.
Алесю было смешна. Няўжо настаўнік думае, што яны — дзеці і чытаюць толькі тое, што прадугледжана праграмай. Гэты нумар часопіса чальцы «Братэрства шыпшыны і чартапалоху» зачыталі да дзірак два гады назад.
О, как на склоне наших лет
Нежней мы любим и суеверней…
Сияй, сияй, прощальный свет
Любви последней, зари вечерней!
Гэта было нязнанае, неймавернае на зямлі шчасце.
Полнеба обхватила тень,
Лишь там, на западе, бродит сиянье, —
Помедли, помедли, вечерний день,
Продлись, продлись, очарованье.
У тым сумным, суровым і пяшчотным настроі, які заўсёды авалодваў ім пасля добрых вершаў, ён праседзеў другі ўрок, геаграфіі. Мсціслаў збоку паглядаў на яго. І ў вачах была іскра насмешкі і іроніі.
«Павяло», — падумаў Мсціслаў.
А Алесь не заўважаў. Як не заўважаў і таго, што Цыпрыян Дэмбавецкі, крадком жуючы нешта, раз ці два азірнуўся на яго.
Пачалася вялікая рэкрэацыя. Гімназісты, карыстаючыся трыццаццю хвілінамі перапынку, сыпанулі на сонечны двор, дзе на сугрэве, каля мура, было ўжо зусім цёпла, брук нагрэўся, а апошні чорны снег ляжаў толькі ў вечным ценю процілеглай аркады двара.
Алесь выйшаў павольна, апошні, і адразу ўбачыў, што на паваротцы да сходаў стаіць група «арыстакратаў з лёкайскай», як аднойчы ахрысціў іх Сашка Волгін.
«Арыстакраты з лёкайскай» трымаліся заўсёды купкаю і вельмі крыва глядзелі на Алеся і Мсціслава за тое, што яны староняцца іх і водзяць сяброўства з Грымам і Ясюкевічам.
Яны стаялі купкай і цяпер. Прылізаны і карэктны Ігнацы Лізагуб. Побач з ім Альберт Фан дэр Фліт з халоднымі вачыма, якія, нягледзячы на светлы колер, былі цьмяныя, як сутонне. А за імі стаяў Дэмбавецкі.
Яшчэ адзін чалец іхняга гуртка, Альгерд Корвід, стаяў ля сценкі і глядзеў убок. Прыгожае, жорсткае аблічча Альгерда было абыякавае.
І, убачыўшы яго, Алесь зразумеў, што справы — дрэнь. Альгерд Корвід вызначаўся тым, што мог адным непрыкметным ударам пад дыхала або яшчэ некуды кінуць чалавека ў непрытомнасць і вывесці з бойкі на доўгі час.
Як на грэх — нікога не было вакол. Ні сяброў, ні проста прыязных людзей, якія маглі б папярэдзіць. У Алеся нарадзілася раптам брыдкае і халоднае пачуццё бездапаможнасці і агіды. Яго ніколі не білі вось так. Здараліся, вядома, сяброўскія або варожыя бойкі недзе ў прыбіральні ці на вілійскім лёдзе, але гэта былі сумленныя бойкі: адзін на адзін ці сцяна на сцяну.