— Гэта ён ад сораму, — заўважыў Вежа. — Бо кожны дзень спявалi «Жыццё за цара».
А пасля вячэры Мсціслаў, відаць, вырашыў трохі выпрабаваць старога на радыкалізм.
— Дастаў бы ты, Алесь, тое, што ў цябе ў кішэні, ды пачытаў пану Данілу.
Алесь збялеў. У кішэні ў яго ляжаў спісак «Паэм на маларасійскай гаворцы». Паэмы зваліся «Каўказ» і «Сон». Прозвішча аўтара не было, але яго шэптам перадавалі адзін аднаму: Шаў-чэн-ка.
Алесь паглядзеў на сябра з такім дакорам, што той сумеўся. Але дзед зрабіў выгляд, што нічога не разумее.
— Адну давай, — сказаў ён.
І тады Алесь пачаў чытаць. Дзед слухаў сурова, а калі ўнук скончыў, доўга маўчаў.
— Сцеражыцеся, хлопцы, — сказаў ён нарэшце звонкім ад хвалявання голасам. — Я не буду забараняць: бачу, чаго вы там нахапаліся, ведаю, што позна, вы не паслухаеце. Але сцеражыцеся. Павагаю вашай да мяне прашу. Мне будзе… крыўдна, калі з вамі што-небудзь здарыцца.
Хлопцы, прыгнечаныя страшнай сілай гэтага «сцеражыцеся», маўчалі, быццам упершыню самім сэрцам адчулі небяспеку. І тады стары, шкадуючы іх, раптам сумна ўсміхнуўся:
— А propos de[71] вершаў… Я б гэтага хахла не ў Сібір, а міністрам асветы замест дурня Уварава зрабіў. Нічога, хлопцы. Усё нічога.
І прыкрыў вялікімі далонямі рукі юнакоў.
XXVI
Над Вільняй павольна плыў звон. Званілі ў праваслаўных цэрквах, званілі ва ўсіх касцёлах ад Вострай Брамы да Антокаля. Пад гэты звон, які зусім не пасаваў да празрыстай вясновай лістоты, пакідала горад брычка, у якой, заціснутыя між чамаданамі і кофрамі, сядзелі два — цяпер ужо шасцікласнікі — хлопцы. Пан Юры, збіраючыся ехаць з Вільні на ўвесь час, дабіўся ад папячыцеля вучэбнай акругі дазволу, каб сын і Мсціслаў здалі экзамены датэрмінова. Яны і здалі. З вышэйшымі адзнакамі па ўсіх дысцыплінах.
У апошні момант пан Юры, лаючыся, паведаміў хлопцам, што губернскія дваранскія справы прымушаюць яго на тыдзень затрымацца ў Вільні і што ім давядзецца, каб не мазоліць вачэй сябрам, якія ўсё яшчэ пацелі над вакабуламі ў святаянскім гімназічным падвор'і, ехаць адным пад наглядам Халімона Кірдуна. Грэх сказаць, але сябры ўзрадаваліся і абставінам пана Юрыя, і падарожжу.
Загорскі бачыў гэта, але апраўдваў хлопцаў. Што зробіш, больш за ўсё на свеце маладосць любіць самастойнасць.
Брычка ляскатала па бруку, і Алесь бачыў на тратуары бацькаву пастаць.
Потым тройка завярнула на Дамініканскую. Коні нерваваліся, са званіцы сабора Дамініканаў падаў густы чорны звон.
Над усёй Вільняй гаварылі званы.
Дамініканам праз нейкіх сто сажняў басавіта адказаў святы Ян. Злева пацягнуліся святаянскія муры, дзе была гімназія. На другім паверсе, пэўна, якраз гадзіну таму назад, селі за сачыненне малодшы Біскуповіч, Ясюкевіч і цельпукаваты Грыма.
Звон суправаджаў брычку на ўсім яе шляху праз горад. Званіў Ян, званіў касцёл Базыліянаў, плакала святая Тарэса. І нават калі горад знік, вецер яшчэ часамі даносіў да вушэй юнакоў далёкае водгулле званоў. Званы плакалі.
Плакаць было чаго, хоць улады ў гэтым і не прызнаваліся, даючы загад аб імшы. Набліжаўся час расплаты за слепату, за саракагадовую ўпэўненасць у сваёй непераможнасці.
Першага красавіка саюзнікі засыпалі Адэсу бомбамі, разлілі па яе вуліцах, садах і прычалах мора агню. Чарнаморскі флот амаль адразу страціў ініцыятыву, а потым і зусім засеў у Севастопальскай бухце і быў патоплены.
…На поўдзень, дзе ваявалі, пайшло з сухадольскага наваколля зусім няшмат людзей, і ў тым ліку малады граф Ілля Хаданскі. Выйшла ў яго нечакана. Яшчэ напярэдадні не думаў, але тут прыехаў — па дарозе ў Севастопаль — у свой маёнтак Курылавічы васемнаццацігадовы прыгажун гусар Мішка Якубовіч, адзіны спадкаемца ўдовага бацькі, што нядаўна адышоў «у лона Аўраамле». Шчаслівы спадкаемца, не спадзеючыся на лепшае ў той касталомцы, куды меў трапіць, загуляў з усёй самаадданасцю гвардзейца і пацягнуў з сабою Іллю. Равеснікі пачалі піць і сваволіць. Магілёўскія камеліі, жанчыны з не зусім прыстойнай вуліцы ў Сухадоле, корчмы, рэстарацыі, гасцяванні ў суседзяў, дзе было шмат моладзі, — нічога не прамінулі.
Насваволілі яны з Іллём вышэй меры. П'яныя намагаліся патрабаваць сатысфакцыю ў губернскага скарбніка (у таго была маладая палюбоўніца, і было вырашана, што няхай нават адзін з сяброў і наложыць галавою, дык затое другому будзе добра). Скарбнік пад маркай перагавораў аб дуэлі ледзь не здзейсніў падступны план: завабіць сяброў да сябе ў двор і там сіламі прыгонных адхвастаць абодвух, як марцэліных сабак. Сябры ледзь прабіліся на волю са зброяй у руках, а потым — у гневе на хамства і недалікатнасць скарбніка — абзывалі яго пашахонскім графам і з кампаніяй сяброў тры ночы запар ірвалі ля ягонага дома пятарды.
Потым, якраз на судны дзень, пусцілі ў сінагогу спайманую недзе саву, а дзверы моцна падперлі тоўстым калом.
Паліцмайстар спрабаваў быў сунімаць іх — яны, заплаціўшы задатак, прыслалі да яго на падвор'е труну, абабітую глазетам, і магільную пліту з гранітным крыжам, на якім было ўжо высечана ўсё, што трэба, акрамя года смерці. Паліцмайстар з гора запіў, а ўсе прынады склаў пад павець на сваім двары: усё дзешавей абышліся.
У Сухадоле разышліся. Была пільная патрэба выпіць з афіцэрамі на гаўптвахце. Узялі будынак абвахты, спаліўшы з надветранага боку пуд і чатыры фунты серы. Калі варта разбеглася — выцягнулі ачмурэлых калег з будыніны і ўмыкнулі іх у Курылавічы, дзе і пілі тры дні.
Там іх і заспеў Ісленьеў, што прыехаў у госці да Вежы, і, дачуўшыся пра свавольствы, паехаў сунімаць вісусаў. Прачухана даў надзвычайнага і параіў, калі не хочуць высылкі, кінуць хутчэй ідылічнае развітанне з «мілай радзімай» і ехаць далей. Ілля Хаданскі, якому ўсё роўна не было куды падзецца, пайшоў з Якубовічам добраахвотна змагацца за айчыну, веру і гасудара.
Тым усё і скончылася.
А Ісеньеў пасля непрыемнай гэтай размовы паехаў зноў у Вежу. Стары ўзрадаваўся.
Алесь сядзеў трохі ў іхняй кампаніі. Толькі тыя сядзелі за сталом, папівалі каву і віно, а ён залез у самы зручны куточак, палажыў сабе на калені «Дафніса і Хлою» (такія рэчы за апошні час пачалі цікавіць яго) і то слухаў, а то і чытаў.
А на вітражах вакол плылі дзівосныя птушкі, рыбы і крылатыя жанчыны. Яны свяціліся наскрозь, так, як ніколі не свецяцца звычайныя фарбы. Свяціліся гранатавым, жоўтым, апельсінавым колерам, як свецяцца на сонцы келіхі з віном.
— Прайдзісветы, — усміхаўся Вежа. — Ну што яны, скажыце вы мне, граф, зробяць з тымі французамі ды ангельцамі?
— Анічога, — румяны, як яблыка, твар графа за яснымі вачыма і свежымі зубамі быў грэблівы. — Што ў іхняй галаве, акрамя гэтай брыдоты з савою ды п'янкі.
— Ото і я кажу… Скажыце вы мне, хто тут мае рацыю, тыя, што ідуць біцца, ці тыя, што чакаюць?
Ісленьеў скасіўся на Алеся. Дзед зрабіў абуранае аблічча.
— Тут я і сам не ведаю, — сказаў граф, пагладжваючы сівыя бакенбарды. — Скажу толькі, што нас паб'юць усё адно, неадменна. Дрэнны, пусты чалавек добраахвотна пад кулі не пойдзе, пойдуць лепшыя і загінуць. А іх і без таго не густа.
— Б'юць, — сказаў дзед. — Ой, б'юць. Наторкалі нас носам.
— Гэта ўсе разумеюць. Дазволілі ім пад Еўпаторыяй высадзіць дэсант, такі плацдарм аддалі… І гэтае злашчаснае паражэнне ля Альмы… Што мяне здзіўляе, дык гэта тое, што, дальбог, няма чаго ім асабліва ганарыцца. Салдат наш — смелы, безадмоўны, разумны. Лепшы за іхніх па трываласці, цярплівасці, сіле. Ды і генералы ў іх не лепшыя. Гэты іхні Сент Арно, ён хто? Шулер у былым, акторык, з усімі дрэннымі рысамі гэтай прафесіі.
— Дык у чым жа справа?
— А тое, што самы моцны салдат без хлеба, без зброі, без адпачынку, без… волі скора робіцца дохлай шкапай. І самая лепшая галава, калі на яе сто дурняў, нічога не можа. Нахімаў, бедалага, як пакутуе. Чалавек з мужнасцю, з любоўю да радзімы. А розная поскудзь, якую ўсё жыццё выхоўвалі ў спадзяванні на загад начальства, на старэйшага дзядзьку, — яны з яго пасмейваюцца. Знайшлі ў чалавека «загану», «травіць» ён у моры, хоць і адмірал. Што зробіш, калі арганізм такі. Ён «травіць», але з мосціка не сыдзе, справу да канца зробіць.