Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Хадзем, Янечка, хадзем, золатка. Гэта ж яны жартуюць. Гэта ж Алесь пажартаваў… Бач, запырскалася ўся.

Хлопцы глядзелi, як Юрась павёў Яньку ў затоку. Потым у Алесевых вачах з'явiлiся слёзы.

— Дурнi, — сказаў ён, — напалохалi дзяўчо. I ты дурань… Дурань ты, вось хто… Калi я не ваш, дык я i пайду… Не вельмi трэба… Толькi ў Загоршчыну я не хачу. Знайду на гасцiнцы магiлёўскiх або мiрскiх старцоў з лiрамi — з iмi рушу. I заставайцеся вы тут са сваей Равекай i з халернымi вашымi акунямi.

Ён зайшоў па пояс у ваду i пачаў змываць з галавы шызы глей. I раптам адчуў, што Паўлава рука лягла яму на валасы.

— Чакай, — сказаў Павал. — Давай памагу… Ты… даруй…

Алесь выпрастаўся. Так яны i стаялi адзiн супраць аднаго i напалову ў вадзе. На галаве ў Павёлкi была густая ляпёшка; з валасоў Алеся сплывалi на твар i грудзi шызыя струменьчыкi. Яны цяклi i ад вачэй, i нельга было зразумець, вада гэта цi слёзы.

— Паўлюк, — цiха спытаў Алесь, — няўжо возьмуць?

— Не ведаю, — няшчыра сказаў той. — Можа, i абыдзецца. Давай лепш мыцца. Вечарэць скора пачне.

Яны мылiся моўчкi. Яня i салiдны Юрась сядзелi ля самага берага, i Юрась браў вялiзнай чарапашкай ваду i палiваў Янiн жывот.

— Дзецi, — прагучаў голас з адхону, — досыць вам боўтацца: вярба са с… вырасце.

Над урвiшчам, ля грушы, стаяў белы стары, белы ад галавы да нагавiц. Стаяў, абапiраючыся на кантовы чорны кiй з вострым канцом.

— Вылазьце, цi што?

— Яны, дзядуля, зараз, — вiскнула Янька.

Позiрк дзеда адразу памякчэў, як толъкi ён глянуў на дзяўчынку.

— То добра. Вылазьце. Я пайду.

Хлопцы моўчкi дамылiся. Юрась i круглая Янька паднялiся ўжо на адхон i знiклi за грушай.

— Вось i печку, у якой летась бульбу пяклi, абурыў Дняпро, — хаваючы вочы, сказаў Алесь.

Сапраўды, у адхоне, на свежай адколiне, вiдаць была толькi неглыбокая чорная ямка.

Яны ўсё яшчэ марудзiлi, быццам бачылi Дняпро апошнi раз. Алесь паставiў нагу на вялiзную камлыгу зямлi, што коса ссунулася ў ваду i напалову затанула ў ёй.

На той частцы, што яшчэ заставалася над вадою, спяшалiся дацвiсцi гусiныя лапкi i жоўты падбел. А iхнiя браты, пад вадою, таксама яшчэ цвiлi, але былi бескаляровыя, быццам iх пакiнула жыццё.

У Алеся балюча сцiснула горла.

— Хадзем, — цiха сказаў яму Павал.

…Ад грушы вяла да хаты вузкая сцежка. Па абодва бакi ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, i надта белымi i танюткiмi здавалiся ствалы яблынь i вiшань, пабеленыя вапнай. Бязважкi салатавы пух ахутваў дрэвы, i асаблiва шэрай i безжыццёвай выглядала ў гэтай зялёнай хмары старая хата Кагутоў з надворнымі пабудовамi, размешчанымi лiтарай «П». Сцены хаты, сухiя, з глыбокiмi расколiнамi, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха з такiм тоўстым пластом смарагдавага вiльготнага моху, што можна было засунуць руку амаль па локаць.

Арабiны i вiнаград — так завуць у Прыдняпроўi карычку[4] — буянымi хвалямi перахлёствалi цераз мёртвы кaрaвы пляцень, быццам iмкнулiся схаваць ад вачэй людскiх яго пачварнасць.

Над дрэвамi ўжо ўзляталi бронзавыя хрушчы. Сонца хiлiлася на захад, i ў вячэрнiм паветры гучна ляскаў дзюбай бусел на страсе адрыны.

Дзед з малодшымi сядзеў на прызбе, доўгi, снежна-белы ў сваей кужэльнай вопратцы. Сад садзiў ён. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўi пры кожнай сялянскай хаце было не болыш як тры-чатыры дрэвы. Быў, праўда, загад прыдняпроўскай шляхецкай рады, каб кожны садзiў сады, але паслухаўся яго далёка не кожны.

Дзед сядзеў, бязвольна склаўшы карычневыя рукi, а над яго галавою нездаволена басiлi хрушчы.

Непадалёку ад яго ляжала на ўскапанай курамі зямлi Курта. Ляжала на баку, цяжка адвалiўшы страшныя льсняныя саскi, пакутлiва глядзела на людзей.

«Пэўна, нават не пабачу, якiя ў яе будуць шчанюкi», — падумаў Алесь.

Дзед разбiў буркатлiва-ласкавым голасам цiшыню:

— Дзеткi, Юрась зараз агуркi палье, а вы схадзiце скiньце з вышак карове сена… Доўга, чорт на яго, дажджу няма: паевiцца, пасвiцца, а бруха пустое. Потым парсюкам бульбу пасекчы трэба. Марыля спарыла.

Хлопцы моўчкi пайшлi за хату. Дзед сядзеў нерухома i слухаў, як буркочаць у кошыку пад вiльчыкам галубы. Яня ўзлезла яму на каленi.

— Дзеда, а баяць калi будзеш?

— Вось хлопцы вернуцца. Сёння я не толькi табе з Юрасём, сёння я i хлопцам баяць буду.

Дзед i ўнучка маўчалi. Цiшыня была асаблiва поўная ад буркатання галубоў.

…Урэшце вярнуўся Юрась i сеў поруч з дзедам. Нагавiцы ягоныя былі амаль да каленяў мокрыя, мiж пальцамi босых ног — чорныя земляныя рагi. З хляўца даносiлася частае чахканне секача.

— Сёння Павал з Алесем пабiлiся, — сказаў Юрась.

— Хто першы?

— Алесь.

— Тады добра… Тады нiчога…

— Чаму гэта нiчога?

— А ты забыў, чаму вас, дзяцей, вучылi?

Юрась адказаў бойка:

— Пакормнага панскага сына не бiць i першым з iм бiцца не лезцi.

— Правiльна, — сказаў дзед.

Яня лашчылася да старога галоўкай. Юрась сядзеў натапыраны, як галчаня, i суровы: вiдаць, абдумваў нешта. Потым сказаў:

— Я нешта не чуў, дзеда, каб яго нам за грошы аддалi. Сёння Павал казаў пра нейкае «пакормнае» i «дзядзькавое»… Гата што? I чаму гэта толькi ў нас ды ў Маеўшчыне пакормнiкi ёсць?

Дзед перабiраў шурпатымi пальцамі валосiкi ўнучкi, аж чуваць было, як яны чаплялiся за далонi. Сумна ўсмiхнуўся:

— Зводзiцца стары звычай, Юрак. Калісь па ўсiм Прыдняпроўi i далей гэта як звыклае было. Я помню, да французаў яшчэ, мала хто з паноў, праваслаўных асаблiва, не рабiў гэтага… А цяпер усе радзей i радзей…

— А нашто гэга? — спытаў Юрась.

Дзед гаварыў з iм, як з дарослым, i малому гэта, вiдаць, падабалася, бо слухаў, вушы развесiўшы.

— Каб ведалі, як даецца зямля, — сказаў дзед, — каб не збэсцiлiся на сабаку. Аддавалi, бывала, як толькi чатыры гады дзіцяцi. Хто на тры, а хто і на пяць год. I зусiм не дапамагалi халопскай сям'і. А потым, калі возьмуць хлопца зноў у двор — даюць мужыку пакормнае, за тое, што хлопец з'еў, i дзядзькавое, бо ўсе мы як быццам дзядзькi малому, выхоўвалi яго, розуму вучылi.

— Пойдзе ад нас Алесь, — па-даросламу ўздыхнуў Юрка. — Які яшчэ ён потым будзе?

— Пэўна, усё ж лепшы за iншых, — сказаў дзед. — Чуў, як саха зямлю скрабе. Каб не забыў толькi. З бацькам і дзедам яго нам, можна сказаць, пашанцавала. Акім, прадзед ягоны, таксама нiчагоўскi быў. Можа, i яблычка па яблынi. Можа, i не забудзе вас i мяне… Бо, крый божа, калі будзе, як суседскi Кроер…

— Калі яго забяруць? — спытаў Юрась.

— Заўтра. Заўтра яго забяруць, — сказаў дзед. — Толькi маўчыце, дзеткi. А зараз бяжы, Юрка, прынясi лiру.

Калi Павал i Алесь вярнулiся да прызбы, дзед сядзеў ужо з пацьмянелай, залапанай лiрай на каленях. Павольна, быццам спрабуючы, пакручваў ручку, слухаў чмялiнае гудзенне струн. Курта глядзела на яго i цяжка дыхала.

— Во, — сказаў дзед Паўлюку, якi ўжо сеў на траву, — не любяць яны, чэрцi брахучыя, нашыйнiка… як чалавек… Быў у мяне сабака, нiколi на сворку не iшоў. А тут у мяне скула на шыi села. Жонка-нябожчыца падзерла старую сарочку, закруцiла мне шыю. Дык сабака пабачыў, завiскатаў, кiнуўся скакаць, за горла хапае. Думаў: у гаспадара нашыйнiк. — Уздыхнуў: — Ну то добра, сядайце. Паслухайце, пакуль нашы не вернуцца. Песня пра жарабя святога Мiколы… Толькi вось што, Алесь, калi ты ў Загоршчыне пачнеш расказваць, якiя тут песнi спяваюць…

Алесь пачырванеў:

— Доўга вы тут мяне крыўдзiць будзеце? То адзiн, то другi. Я не горш за вас, калi трэба, маўчаць умею… Перад кiм мне там языкацца?

Дзед уважлiва глядзеў на яго, быццам усё яшчэ вагаючыся.

— Глядзi, сыне. Песня таемная. Не пры ўсiх нават сваiх можна… Але ўсё адно. Я ўжо чалавек стары. Выслухай маю апошнюю навуку…

Дзед павольна павёў ручкай, потым раптоўна i рэзка крутнуў яе. Высокiм енкам заплакалі струны, быццам залямантаваў нехта ў роспачы.

Хлопцы сядзелi ля яго ног, Юрась i Янька ляжалi з двух бакоў, грэлi жыватамi прызбу, але стары Кагут нiкога ўжо не заўважаў. Зусiм цiха пачаў гучаць старэчы i таму слабаваты, але надзiва чысты голас:

вернуться

4

Какалуша, iрга.

3
{"b":"829351","o":1}