I, перш чым ён паспеў сказаць нешта, яна прыўзняла ў тонкіх руках белы вэлюм, павяла вострымі локцікамі ў бакі, і ў цемры прагучаў рэзкі гук.
— I на цябе не будуць сварыцца, што падзерла? — спытаў Алесь.
— На мяне нiколi не сварацца, — сказала яна.
Яна зрабіла павязку з бантам, як шалік. Ніхто б і не здагадаўся, што гэта павязка. A потым яны пайшлі да палаца, адкуль ужо далятала музыка: пайшлі спярша па спляценні ценю і святла ад каганцоў, потым па каляровых плямах ад ліхтарыкаў.
Каля самага ганка яна павярнулася і, гледзячы яму ў вочы, сказала:
— Я ніколі не буду… Толькі і ты… паменш танцуй з Ядзечкай… Добра?
— Добра, — паабяцаў ён.
…А потым свісталі, імкнуліся кудысь над цёмнымі верхавінамі палымяныя змеі, зменлівае святло бегла па тварах людзей на тэрасе, a італьянскія таполі здаваліся то срэбнымі, то зусім чырвонымі, як кроў. Шалёна круціліся агнявыя колы, гучна лопаліся шматкаляровыя буракі, гарэлі ў небе літары «A» i «З», і Майка міжвольна ўздрыгвала, калі новы барвяны дракон ляцеў y неба.
Калі садзіліся за стол і Майка села побач з Aлeceм, y Ядзечкі сталі такія вочы, што Алесь сумеўся: няўжо каму-небудзь магло быць не так весела, як яму. I тады Майка прыцягнула «ляльку» за руку і пасадзіла таксама побач з Алесем, толькі з другога, правага боку, і загаварыла з ёй, і Ядзі таксама зрабілася весела, тым больш што і Франс сеў з ёю, a Мсціслаў, з месца насупраць, жартаваў так, што ўсе аж трэсліся ад смеху.
A потым госці асталіся за сталамі, a дзеці пайшлі датанцоўваць. Але танцаваць ужо не так хацелася, і Алесь, Ядзя, Майка, Мсціслаў, Янка і Франс распачалі вясёлую гульню: падчас танцаў хто-небудзь знікаў, тады астатнія, спахапіўшыся, пачыналі яго шукаць y напаўцёмных i зусім цёмных сумежных пакоях.
I вось калі Алесю выпала шукаць, ён выпадкова стаў сведкам незразумелай і таму трошкі непрыемнай сцэны.
Ён абышоў ужо тры ці чатыры пакоі і нячутна крочыў авальным пакоем, дзе ў нішах стаяў такі моцны і прыемны водар кветак — зусім бы ў трапічным лесе — і дзе ў адной, самай вялікай, нішы паплюхваў фантанчык. I вось y гэтай самай нішы ён раптам пачуў мужчынскі голас і спыніўся. Там было два галасы: бацькаў і графа Ісленьева.
Разумеючы, што падслухваць нядобра, Алесь на дыбачках павольна пачаў пасоўвацца назад, да выхаду.
— Ténèbres! Ténèbres![40] — казаў граф з ціхімі прыдыханнямі.
— Годзе вам, — супакойваў бацька. — Усе ведаюць, што вы ні пры чым.
— Ах, хіба ў гэтым справа! Як я мог думаць, што можна служыць і аставацца сумленным!
— Што зробіш? Трэба ж неяк жыць.
Граф перарывіста ўздыхнуў.
— Я так і думаў. I ўсё ж лепей было не жыць. Я ўсё часцей думаю аб гэтым. Пасля такога маладога, такога гарачага юнацтва — старасць, якая пахне псінай. Злітуйся, божа, над тымі, хто служыць д'яблу, хто хоць словам, хоць маўчаннем дапамагае яму… Хіба гэта дваране?! Ні сораму, ні гонару. Усё адно каго хваліць, усё адно перад кім звівацца на пузе, усё адно каму бессаромна падтакваць. Усё адно перад кім каяцца ва ўчарашніх подласцях, a сёння рабіць новыя, каб заўтра было ў чым каяцца перад іншым.
Зноў страшны ўздых.
— Божа, якая поскудзь! Якая брыдота! Свежае губяць. Шворкай, маной, крывадушнасцю… Чаму я быў за мяжою ў той дзень… Я ведаю, гэта было ад страшнага адчаю… Яны выйшлі, pour se faire mitrailler…[41]
— Chut! il n'e faut pas parler[42]. Ix ycё адно не вернеш.
— Так, іх не вернеш. A як пачыналі! Помню, y доме Лаваля… Спрэчкі да раніцы! Гарачыя маладыя вочы, дым, словы з-пад самага сэрца… Кандраша Рылееў, друг, такі светлы, пухам яму любая зямля… Так подла яго падманулі на допыце!.. Даверлівыя былі, добрыя, чыстыя. Дзеці!.. Святло было ў душах.
Памаўчаў.
— A тыя, што ёсць, лепей бы не заставаліся.
— Як можна, — сказаў бацька. — Упікаць за жыццё нельга, граф.
— A пачыналі ж мы, — з нейкім нават злосным смяшком сказаў граф. — Мы, недабітыя. Нацярпеліся жаху, пакуль нас было мала, і аддалі стырно другім, якія палалі, a цяпер студзяць свой агонь y галадайскім пяску ці ў сібірскіх снягах… Вы ж мелі шчасце сустракацца з Міхаілам Мікалаевічам?[43] Самы разумны з усёй гэтай камарыллі. I ніяк не можа забыць грахоў маладосці, Ліс Патрыкеевіч. Кідаецца ва ўсе бакі, слухае кожны вецер, абы толькі сабе не пашкодзіць. Пачакайце, ён яшчэ дасца ўсім y знакі, я яго ведаю… A гэта ж мы, гэта мы прымалі ў кола першых. Я ўспомніў Пушкіна… Дык вось бліжэйшага ягонага сябра прымала ў грамаду гэтая свіння з тытулам графа. I вось Пушчын y Сібіры, напэўна, памёр, a свіння жыве, робіць выгляд, што забыла маладыя сумленныя словы. Да яшчэ, напэўна, кажа пра «гарачую маладосць», што «мы таксама былі такія», што «ўсё гэта пройдзе». A загадаюць — будзе вешаць гэтую моладзь… Няма горшай свінні, чым адступнік. Былі франдзёры, a цяпер адзін дзяржаўны муж, a другі — к-хат!!! О божа, божа!
— Супакойцеся, граф, не трэба.
— Жыць не трэба, калі здрадзіў ахвярніку, калі кадзіш кату, вось што я вам скажу, князь… Жыць не трэба… Не трэба хаваць галаву ў пясок. Гераічная эпапея! Вялікі эксперымент! Вось чым ён скончыўся. Трупамі і здрадай. Былі юныя, чыстыя сэрцам людзі, a цяпер старыя мярзотнікі, якія загубілі радзіму.
Спалоханы гэтымі словамі такога спакойнага з выгляду чалавека, Алесь ціха выйшаў з пакоя.
Ён ішоў y цемры да вельмі далёкага, амаль нябачнага святла, што прабівалася наперадзе праз вузкую шчыліну. Глуха гучалі крокі. За вокнамі ледзь вымалёўваліся ў цемрыве ночы пагрозлівыя шаты паркавых дрэў. Там, за асветленымі дзвярыма, чакалі Майка і сябры, там была радасць…
Ён ішоў, a ў вушах яго ўсё яшчэ гучалі прыглушаныя словы:
— Ténèbres! Ténèbres!
IX
У Півошчах адбылося так.
Вёска была вялікая, на чатырыста рэвізскіх мужчынскіх душ, і жыла з рыбалоўства — багатыя і сярэднія мужыкі арандавалі ў свайго пана рыбныя тоні на незлічоных старыках Дняпра — і возніцтва. Зямлі было не так ужо і многа, дый тая напалову ўрадлівы лёсавідны суглінак, a астатняя — пясок ды цяжкая гліна. Півошчы ляжалі на пясчаных пагорках, абкружаныя з трох бакоў старыкамі і мокрымі плаўнямі.
Півошчынцам з гэтай прычыны было лягчэй, чым сялянам Кроераўшчыны, другой вёскі пана Канстанціна. Там шэсцьсот астатніх рэвізскіх душ жылі на зямлі, багацей за якую была толькі зямля Загорскага-Вежы, і спаўна адраблялі ўрокі. Ім даводзілася тры дні на тыдзень, па ўмове, працаваць ад цямна да цямна, a з пятнаццатага мая па пятнаццатае жніўня — з пяці гадзін раніцы да заходу сонца.
Працавалі многа, як быццам пан Кроер меў не тысячу душ, a нейкіх няшчасных сто. Многа яшчэ і таму, што Кроер y свае сорак пяць год хадзіў ycё яшчэ «ў дзяўкох», a такія звычайна выдаткуюць меней. Але ж вядома, нежанаты пан часам большая бяда, чым той, y каго пяцёра дзяцей. A ў Кроера быў яшчэ і няшчасны для мужыкоў разгульны характар. Жаніцца ён наогул не хацеў і яшчэ больш не хацеў пасля смерці павялічваць багацце Загорскіх, якім пераходзілі ў спадчыну цераз маці Алеся, «любенькую стрыечніцу, святую дурніцу», вёскі пана. Таму пан Канстанцін і разбаляваўся так. Супыну на яго не было.
Таму мужыкі і працавалі на яго лішні дзень, чым гэта заведзена было ў больш дробных паноў, што ледзь ліпелі на сваіх лічаных валоках.
I гэта ў той час, калі па ўсім Прыдняпроўі звычаёвае права прадугледжвала два дні паншчыны. Два дні па чатырнаццаць гадзін. Патрабаваць большага — паны ведалі — нявыгадна. Звычаёвае права вялося ледзь не з літоўскіх часоў, калі трэба было дагаджаць, каб памежныя землі не чынілі здрады, і за стагоддзі так уелася ў плоць і кроў жыхароў, што мяняць яго было проста небяспечна: пачнуць працаваць цераз пень-калоду, не будуць сачыць за панскімі земляробчымі прыладамі, пераламаюць іх — «гары яны ясным гарам, калі такая ўжо справа». A тады палі зарастуць гірсай, і скулле ўжо атрымаеш з іх.