Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Выйшлі з тунеля, і тут вачам адкрыўся партэрны фасад палаца, вялізны, трохпавярховы, з круглым бельведэрам, што быў укрыты золатам.

— 3 паўднёвага фасада ёсць каскад, — сурова сказаў князь. — Сотня статуй. Некаторыя з механізмамі. Не будзеш даглядаць, загубіш — шэлег табе цана.

Алесь маўчаў. Яму не хацелася гаварыць з гэтым чалавекам. А князь, здавалася, не заўважаў.

Чацвёртая балюстрада абрывалася над адхонам. Уніз вялі сходы, паўз якія праязджаў Алесь. А далей алея, бераг Дняпра, далячынь. Без канца.

…Князь спяшаўся. Ён ужо шкадаваў, што вырашыў пазнаёміць гэтага чужога чалавека з яго будучымі ўладаннямі. Гэта было ўтомна.

— Надумаешся прыехаць… па неадкладнай справе — адразу ж едзь, — суха сказаў князь.

— Наўрад ці надумаюся прыехаць.

— Чаму гэта?

— Дома весялей.

— Магчыма. Але забаўляць цябе мне, летнаму чалавеку, не да твару. У мае часы дваране твайго ўзросту валілі дзікоў… У вас замест гэтага, здаецца, царква?.. Ёсць яна?

— Ёсць.

— Табе, вядома, там цікавей. Прыедзеш — пастаў там за мяне свечкі Кур'яновым святым, Кукшы, ды Сергію, ды яшчэ якой-небудзь святой Матруне Мокрападоліцы.

— Пастаўлю, — суха сказаў Алесь. — Чаму не зрабіць паслугі таму, хто веруе.

Удар быў несправядлівы, пад самае сэрца, але хлопец не ведаў гэтага.

Князь, падціснуўшы вусны, паглядзеў на яго, але нічога не сказаў.

Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам.

— Мой арсенал, — сказаў Вежа. — Зброя, як кажуць, з часоў Гастамысла і да нашых дзён. Тут яе чысцяць, берагуць… Тут вучаць — у тым двары за мурам — коней, каб не баяліся стрэлаў… Усё гэта нікому не патрэбна… Як усё на зямлі.

…У арсенальнай зале адбылася сутычка.

Князь паказваў шаблі, старыя мячы, кінжалы, корды. І вось адна шабля, лёгкая нават на выгляд, з похвамі, інкруставанымі чырвонай яшмай і мядовым бурштынам, здалася Алесю такой прывабнай, што ён пацягнуўся да яе і пачаў абмацваць інкрустацыю рукамі.

Князь цярпець не мог гэтай прывычкі — мацаць.

— Віншую, — сказаў ён. — Гэта цябе на дзядзькаванні навучылі такім манерам, каб усё церці? Ды, можа, яшчэ, папляваўшы, крысом світкі?

Алесевы шчокі запунсавелі. Чапаць можна было ўсё, акрамя яго мужыцкага мінулага. Хлопец узняў вочы:

— А чаму б і не ўзяць у рукі?

— Гэта інкрустацыя.

— Гэта — сталь, — сказаў Алесь. — Усё астатняе толькі прывесак да яе. А яго можа і не быць.

— Гэта парадная зброя, — суха растлумачыў стары. — Аздоба.

— Зброя не можа быць аздобаю.

— Ого, — сказаў князь. — Дзе ж гэта ты вучыўся павазе да зброі?

Алесь глядзеў проста ў вочы гэтаму чалавеку, якога ён, здаецца, пачынаў ненавідзець.

— У мужыкоў, — сказаў ён. — У тых, у каго яе мала, але ўся яна пры справе.

— Пры спра-аве, — сказаў князь. — Панскія дровы сячэ.

— Мала што яна можа секчы, — сказаў Алесь.

Халодная ярасць аж звінела ў ягоных вушах. А князь падбаўляў жару:

— Каб яна пры справе была, як ты кажаш, не сядзелi б мы тут з табою. Так што ты мне сваiх чарнапятых не хвалi.

Са скрухаю паківаў галавою:

— Аддалі, называецца. Адно цікава было б ведаць: чаму цябе там для душы навучылі? У што ты верыш, акрамя «лусне пан па шчацэ — падстаў другую»?

— Я веру ў каня святога Міколы, — збялеўшы, сказаў Алесь. — І я пайду пры гэтым кані…

— Я шмат бачыў маладых людзей, смелых на язык, — сказаў дзед. — Яны, на жаль, не былі смелыя на справу… Ён «пры кані»… А ты не баішся, што гэты конь цябе ўбрыкне?

— Ён ведае сваіх.

— Ён ведае тых, хто ўмее ездзiць…

Яны выйшлi з арсенала ва ўнутраны двор i спынiлiся ля ўвахода на круглы манеж. Жэрдкi адгароджвалi iх ад арэны.

Якраз у гэты момант некалькі конюхаў вывелі са стайні каня. Яны часта пераступалі нагамі і нацягвалі вяроўкі, не даючы жывёле магчымасці кінуцца ўбок або павярнуць галаву і схапіць зубамі.

Конь дрыжаў ад ярасці. Маленькія вушы былі прыціснуты, белыя ноздры раздзьмуты. Ён ірваўся, але тыя, што так крыўдна прыніжалі яго, моцна нацягвалі вяроўкі.

— Тромб! Тромб! — пяшчотна шапнуў дзед.

Адзін з конюхаў здалёк звярнуўся да пана:

— Збіў усіх і ў стайню заляцеў. Як пачуе стрэл — вар'яцее.

— Паспрабуйце некалькі дзён страляць амаль няспынна, пакуль не атупее.

— Спрабавалі, княжа.

— Паспрабуйце яшчэ раз. Іначай які ж з яго конь? Ні на паляванне, нікуды. Татарам хіба на махан…

Пачуліся стрэлы. Жывёла прысядала на заднія ногі. Высакародны белы дрыкгант, увесь у дробных чорных плямах і смугах, як леапард.

— Пусціце! — нечакана крыкнуў Алесь. — Вы што ж, не бачыце? Ён не хоча.

— Памаўчаў бы ты, — суха сказаў князь, — хрысціянін.

— Ды ён жа не хоча. Ён пратэстуе! А яны не могуць!

— А ты можаш? — спытаў князь.

Алесь апусціў галаву. Усё было скончана. Прыніжэнне няшчаснага Тромба завяршыла ўсё. Eн ненавідзеў гэтага чалавека ўсёй сілай сваёй дзіцячай нянавісці. Так, ён не мог. Але чым вінаваты Тромб?..

Тромб раптам кінуўся ўбок, даў свечку — і людзі паляцелі ад яго.

Людзі сыпанулі хто куды — той на мур, той у стайню, толькі вароты ляснулі.

Поле бітвы ў імгненне асталося за канём. А ён то біў пярэднімі капытамі ў вароты, то насіўся па манежы.

Князь адчуў нейкую пустату і павярнуўся.

…Алеся не было побач з ім. Хлопец падлез пад жэрдкі. Ён быў ужо амаль на сярэдзіне манежа… Iшоў да каня, танюткі, вельмі маленькі на пустым, сляпуча белым крузе.

Позна было крыкнуць. Позна кінуцца надапамогу. І Вежа толькі ўчапіўся пальцамі ў валасы.

Раз'юшаны конь заўважыў новага ворага, стралою кінуўся да яго і ўскінуў у паветра страшныя пярэднія капыты.

Князь не заплюшчыў павек — проста ў яго на хвіліну пацямнела ў вачах. Зараз апусціцца капыт… Ён сам не помніў, як ногі перанеслі яго пад жэрдкі, на дапамогу, на бязглуздую дапамогу.

Конь апусціў капыты… на пілавінне. Хлопец стаяў амаль паміж ягоных ног. Шыя каня была закінута, вочы глядзелі зверху на чалавечка, і ашчэраная пашча была ў некалькіх вяршках ад Алесевага аблічча.

Над манежам вісела вострая цішыня. Крыкні — і ўсё сарвецца. І ў гэтай цішыні пяшчотны, журлівы хлапечы галасок праспяваў пяшчотныя словы:

— Не трэба… Не трэба… Тромб…

Цяжка сказаць, як гэта адбылося. Можа, конь стаміўся, можа, ён разумеў, што нельга чапаць слабога дзіцяці. Але ён адвёў храпу і гучна пырхнуў.

Рука працягнула яму на далоні кавалак цукру. Ён зноў прыціснуў вушы — у людзей за цукрам заўсёды ідзе бізун.

— Вазьмі, Тромб, — спакойна сказаў чалавечак, і ў голасе яго цяпер не было журлівасці. — Вазьмі… Ну.

Тромб скасавурыўся. Хлапчынка быў маленькі і нястрашны. І гэта белае на далоні…

Ён пацягнуўся і ўзяў цукар. І Алесь адчуў, як нешта ў ім упала, адчуў слабасць.

Князь падыходзіў да яго, і Алесь сказаў глухім, каб не расплакацца, голасам:

— Загадайце прывесці мне маю кабылку… Я хачу дадому.

Вочы іх сустрэліся. І адным гэтым позіркам стары спасціг душу дзіцяці.

— Даруй мне, сынок, — сказаў ён. — Даруй.

XVI

Яны ішлі рука да рукі. Нічога не змянілася. Толькі хлопчык увесь час пытаў, а стары ўвесь час адказваў тым самым стрыманым тонам. Нават мова была тая самая, французская, толькі цяпер князь часцей ужываў мужыцкія словы, ужываў, не націскаючы на акцэнт, не агрубляючы іх, спакойна і натуральна.

Конюхі, калі стары і малады адыходзілі ад стайні, збянтэжыліся: не было ніякага загаду аб Тромбе. А Тромб, быццам баючыся астацца адзін, пайшоў асцярожна за хлопцам, касавурачыся вачыма на людзей. І тады стары павярнуўся.

— Каня — у стайню, — суха кінуў ён, — падвойную долю аўса і фунт цукру штодзённа.

— Дарэчы, — сказаў князь суха, — я не супраць пакаштаваць качыны. Загадай, каб засмажылі ў іспанскай падліве, з гваздзікай.

Усе здзівіліся: князь цярпець не мог ні качынага мяса, ні гваздзікі. Ён любіў з дзічыны толькі кулікоў, ды і тое пад мясцовай поліўкай.

44
{"b":"829351","o":1}