Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Корчак быў спакойны. Ён проста разважаў.

Караць павінны ix, a караюць яго. Калі зямны суд такі хлуслівы, такі няправедны — чаму б не судзіць кожнаму, папраўляючы яго. Чаму не губернатару? Чаму не дзядзькаванаму смаркачу Загорскаму? Чаму не… мне? Чаму сапраўды?

Ён няўлоўна ўсміхнуўся навізне і небяспечнасці гэтых думак.

Так ён і зробіць. Суд дык суд. I ўсім, хто страляў y крыжы, не пайсці жывымі. Ён заступіцца за свайго Хрыста. Усе яны адкажуць перад праўдай. Таму што яны не дапамагалі хлебу расці, не дапамагалі зямлі-маці раджаць. Яны толькі глумілі яе, і таму праўды ў іх не было, і яны былі ваўкі. A з ваўкамі — па-воўчы…

XII

Выйшлі з двара надвячоркам, калі ўздоўж вуліцы наскрозь ружавеў ад сонца ўзняты каровамі пыл. Мэкалі авечкі, непаразумела штурхаючыся ля варот, і адусюль даляталі лісліва-абыякавыя галасы гаспадынь:

— Шу-шу-шу.

— Красуля, Красуля… Ах, каб ты здарова была…

Чуліся рыпенне, шумныя ўздыхі, звонкія жаночыя галасы і добрыя плескачы па крыжах жывёл — гукі звычайнай вячэрняй сумятні.

Але нават у неспакоі быў спакой, таму што быў вечар. І, нібы падкрэсліваючы гэтую стому і спакой, сярэдзінай вуліцы ішоў на вячэру ў чарговы дом азярышчанскі пастух Данька, ляніва, ад няма чаго рабіць, прыкладаючы часам да вуснаў даўгую берасцяную трубу.

Гукі былі чыстыя і гучныя: Данька мог круціць трубы, як ніхто іншы. Дзеці ішлі насустрач яму, а пастух ішоў, так спакойна заграбаючы скуранымі поршнямі пыл, што аж зайздрасць брала. Дай бог быць на вялікдзень папом, узімку катом, а ўлетку пастухом. Дай бог! Бо нічога няма лепшага за гэты вечар, чыстыя гукі трубы і патаемныя позіркі дзевак на гожага пастуха.

Падышоўшы да дзяцей, Данька, які зусім і не глядзеў на іх, нечакана паднёс раструб берасцянкі да вуха Кандрату і раўнуў так, што хлопец аж падскочыў.

— Данька, каб на цябе!

— А чаго, чаго ты пасярэдзіне вуліцы ідзеш? — усміхнуўся роўнымі зубамі Данька.

— Ты, Данька, кінь, — сказала Янька. — Няможна.

Яна сядзела на закарках у Андрэя: пабойвалася кароў. Глядзела на Даньку з асуджэннем і павагай. Такі гарэзнік, а кароў не баіцца.

— Не буду, Янечка, — сказаў Данька, усмiхаючыся. — Дальбог, не буду, гаспадынечка. А хто ж мяне тады вячэраю накормiць, як не ты.

Ён гэты тыдзень харчаваўся ў Кагутоў і быў здаволены: есці давалі добра.

Кожная гаспадыня ўлешчвае пастуха.

— Чакайце, хлопцы, — сказаў Данька. — Бярыце вось.

Ён палез за пазуху і пачаў даставаць дзічкі, зеленаватыя, з карычнева-ляжалымі плямамі: кожнаму па жмені.

— Буйныя якія дзічкі, — сказаў Паўлюк, набіваючы рот.

— М-гу, — сказаў Данька, сакавіта чамкаючы вялікай дзічкай. — То ж посеркі[47]. Гэтыя есці мо-ожна.

Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Дзеўка глядзела на яго ўмольна, не ведаючы, што рабіць.

— Кінь, Янечка, — сказаў гаспадарлівы Паўлюк. — Злазь з карка, тут кароў няма. Ну вось… А цяпер глядзі.

Ён палез у Данькаву запазуху і там падчапіў далонню, як каўшом, цэлую горку дзічак.

— На ў прыполік. І не глядзі на гэтага антыхрыста.

— Дык чаго гэта Кагуты сёння такія кагуцістыя? — спытаў Данька. — Толькі пяра аднаго ў Кагутоў няма. І куды ідуць такія прыбраныя Кагуты?

— Пастуха сустракаць, — сказаў Кандрат. — Дарагога госця.

— Ну, гэта яшчэ нічога, — сказаў Данька. — Ад азярышчанцаў можна чакаць і горшага.

Ён быў вывазень з другой вёскі і таму заўсёды трошкі кпіў з Азярышча.

— Вы людзі ветлівыя. Вы не толькі пастуха, вы сена калісь званамі сустракалі. Думалі — губернатар, бо губернатараў вам, па мужыцкай вашай цемнаце, бачыць не даводзілася, а Мінка-салдат казаў: «У-га! Губернатар! Губернатар, браткі, важны, як, не раўнуючы, воз з сенам». Дык вы ўцямілі. Здагадаліся, сустрэлі.

— Кінь, — сказаў спакойна Андрэй. — Брахня ўсё.

— А я хіба кажу: праўда? Куды вы?

— Да Загорскага ў госці, — апусціў вочы Андрэй. — Паклікаў.

— Да дзядзькаванага паніча? Д-добра. Вы ж там глядзіце, хлопцы. Не накідвайцеся на розныя дабраны-смакаваны, як Лапатаў кныр на панскі мэляс. Гонару трымайцеся. Не ў іх адных ён ёсць.

— А мы ведаем, — сказаў Паўлюк. — Мы не з пустымі рукамі ідзём. Мы во лузанцы нясём, гарэхі, мёд.

— Ды нешта позна ідзяце? — спытаў Данька.

Дзеці пераглянуліся. Потым Андрэй сказаў спакойна:

— А мы пераначуем. А раніцай пойдзем глядзець усё.

— Ну, глядзіце, — сказаў Данька. — Шчаслівай вам дарогі.

І ён пайшоў, заграбаючы поршнямі пыл.

…Дзеці выйшлі за весніцы. Ісці было прыемна. Ласкавы і яшчэ цёплы пыл прыемна казытаў пальцы, фантанчыкамі ўсплёскваў між іх.

— Добра, што ты не сказаў яму, Андрэйка, — вымавіў урэшце Кандрат. — Ніхто і ведаць не будзе. Нават бацькі. Толькі мы ды Алесь.

— Што я, дурны? Скажу я Даньку, што мы задумалі. Адразу б нас на возе ў Загоршчыну завезлі. А так збочым з дарогі, пройдзем лішнія тры вярсты ды і залезем у Раўбічаў парк. Разгледзім усё ды і пойдзем сваёй дарогай… А то ўсё: Раўбіч — чарадзей, Раўбіч у прычасць страляў, над Раўбічавым маёнткам цмокі лётаюць, да яго балотныя паны ездзяць… А хто бачыў? Хто ведае? Вось і трэба… памацаць…

— А калі нас тыя балотныя паны зловяць?

— Нічога не зробяць, — сказаў Андрэй. — Я з-за абразоў свянцоную ваду ўзяў.

— А страшна. З аднаго пуду можна памерці.

— Страшна, — сказаў Адрэй. — Ну і што ж.

Сонца села, калі яны звярнулі з загоршчынскай дарогі на вузейшую, якая вяла на Раўбічы. Перайшлі ўброд неглыбокую Равеку, што ўвабрала ў ваду апошнюю чырвань неба, і папраставалі ў лугі.

Атава адрасла сёлета такая ладная, што на паплавах не калолася, не балюча было ісці. Касіць пачалі значна раней Янавага дня.

Прайшло больш за месяц, як адгучаў апошні шаст касы, а на дварэ стаяў толькі пачатак жніўня, цёплага і лагоднага, як усё гэта лета.

Незлічоныя стагі цямнелі на росна-шызым абшары, струменілі той асаблівы водар, які бывае ў сена, не кранутага дажджом. Такі ўжо ўдалы быў у той год пакос. Яны былі вялізныя, тыя стагі, і выглядалі ў цямноцці нават трошкі злавесна.

Дзеці ішлі і гаманілі. Яньку неслі на спіне па чарзе, а то пускалі тупаць сваімі нагамі. Але размова пакрысе глохла, а потым стала чамусь шапатлівай. …Бо злева, вельмі цьмяна, выплылі ў цемры далёкія шаты Раўбічавага парку. Зусім як у той майскі начлег. Яны былі далёка, тыя шаты, не менш як паўтары вярсты шызым поплавам. А над шатамі, зусім як тады, гарэў ледзь прыкметнай іскрай далёкі агеньчык.

— Зноў не спіць, — сказаў Паўлюк.

— Ніколі не спіць, — уздыхнуў Андрэй. — Чакае.

Цяпер блізняты ішлі першыя, поплеч. Каб першымі, у выпадку чаго, сустрэць бяду.

Гарэў над паплавамі далёкі, вельмі самотны ў цемры агонь. І дзеці ішлі на яго.

Шаты выраслі над галавою зусім нечакана. То былі ўсё далёка, далёка, а то раптам насунуліся на дзяцей і навіслі над галовамі. І агонь знік.

Агароджа з тоўстых жалезных прутоў ішла ў левы і правы бок, і ёй не было відаць канца.

— Пойдзем направа, — шэптам сказаў Андрэй. — Не можа быць, каб дзіркі нідзе не было.

Але iм давялося iсцi даволi доўга, пакуль Кандратава рука, якой ён увесь час вёў па прутах, не натрапiла на пустое месца. Нехта выламаў адзiн прут.

Трэба было лезці. Але парк цямнеў так страшна, што яны міжвольна марудзілі.

З парку даляцеў крык, ціўканне птушкі, якую, відаць, заспеў у сонным гняздзе нейкі начны драпежнік. Можа, то куніца гаспадарыла па чужых кублах, а можа, соўка-начніца. І гэтае ціўканне быццам абудзіла ўсіх.

— Ну-к што ж, — перахрысціўся Андрэй. — Палезлі…

Яны пералезлі, і цёмныя паркавыя шаты прагна накрылі іх.

…Крокі былі бязгучныя. Густая трава глушыла іх. Цемра востра, па-начному, пахнула грыбамі, вільготнай лістотай, моцным дубільным духам дубовых хмызоў і трошкі душным, лазенным водарам бяроз.

вернуться

47

Асабліва буйныя дзічкі, якія растуць ля затравелых лясных сцежак і дарог. У Прыдняпроўі некалі верылі, что яны выраслі з памёту мядзведзяў і дзікоў і таму былі такія вялікія.

31
{"b":"829351","o":1}