Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Нябачная сцежка, якой яны ішлі, прывяла да высокай зламанай бярозы над самым адхонам. Бяроза зламалася, але не ўпала, затрымаўшыся на суседніх дрэвах, і цяпер жорстка бялела ў цемры сваім мёртвым ствалом.

Адсюль было відно даволі далёка. Сцежка тут раздвойвалася. З левага боку яна ішла да кучаравага ўзгорка, на вяршыні якога невыразна бялела дзвюма званіцамі раўбіцкая царква.

Другі адрожак сцежкі спускаўся з адхону, вёў кудысьці ніжэй, відаць, да другіх белых будынкаў, якія вольна раскінуліся ў чашападобнай лагчынцы, што пачыналася адразу ля падножжа царквы. І, замыкаючы лагчынку з другога боку, паўколам ляжала ў нізіне падкова свінцовага возера.

— Пойдзем па правай, — сказаў Кандрат. — Ну яе да д'ябла, царкву. Раўбіцкія казалі, стаіць, як труна.

Сцежка спускалася па схіле наўскос і неўзабаве вывела на адкрыты з двух бакоў выступ узгорка. На выступе густа раслі дрэвы, а між дрэў шарэла вузкая будыніна, падобная на царкву без барабанаў[48] і купалаў. Гэта была, відаць, старая камяніца, вежа пры доме. Такіх многа ў той час было раскідана ля прыдняпроўскіх маёнткаў. Заўсёды трошкі наўздалёк ад новых дамоў, старыя прыбежышчы роду на выпадак вайны, цяпер ужо нікому непатрэбныя, халодныя, як склеп, бо сонца не паспявала за лета прагрэць і высушыць двухсажнёвую таўшчыню муроў, яны павольна разбураліся, раняючы з кладкі на траву паточаныя каменным слімаком валуны. З часам камяніцы пачыналі нагадваць чорна-жоўтыя соты, мёртвую вашчыну без пчол.

Калісьці былі пісталетныя стрэлы, калісьці былі аблогі і пчаліны гуд стрэл. Цяпер — нічога, акрамя разбурэння.

Дзеці, павольна пасоўваючыся ўздоўж аднаго боку будынка, убачылі яр, што рассякаў лагчыну, а за ярам панскі дом. Дом быў зусім цёмны — ніводнага светлага акна.

— Адкуль жа святло? — шэптам спытаў Паўлюк.

Андрэй паціснуў плячыма. І як толькі яны мінулі рог камяніцы, такой, здавалася, нежывой, такой безнадзейна мёртвай, яны ўбачылі адбітак гэтага святла на кроне волата-дуба, што рос ля сцяны…

…Свяцілася акенца ў верхнім паверсе камяніцы. Свяцілася нежывым, сінім, нейкім зіхоткім агнём: часам мацней, часам слабей.

— Зазірнуць бы, — сказаў Кандрат.

— Потым на дуб палезем, — сказаў Андрэй. — А зараз абыдзем камяніцу. Чорт яго ведае, дзе тут дзверы. Часам нехта выйдзе і схопіць… Я ж казаў, нячыста тут.

Яны рушылі далей, павольна абышлі ўжо тры бакі будыніны і цяпер павінны былі выйсці на чацвёрты бок, што выходзіў на стромы адхон.

Дзвярэй не было i тут, як быццам той, хто палiў агеньчык, прылятаў сюды паветрам. Але затое тут было акно на ўзроўнi зямлi, вiдавочна прабiтае пазней у глухiм муры, i з гэтага акна падала на строму чырванаватае святло.

Яны ўбачылі гэтае святло і адначасова пачулі нягучнае і рэдкае пастукванне жалезам аб жалеза, учулі саладкаваты серны смурод.

З заміраючымі ад цікаўнасці і жаху сэрцамі яны плазавалі да гэтага акна. Паўлюк застаўся з Янькай у хмызах, а хлопцы паўзлі бліжэй, бліжэй. Чырванаватыя ўспышкі рабіліся больш яркія, пастукванне — больш трывожнае і выразнае.

Стук-пых… Стук-стук-пых-х…

Акно было закратаванае, і праз яго яны ўбачылі вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпеннямі. Усе сцены яго, акрамя адной, танулі ў змроку, а тая адна была асветлена зіхоткімі ўспышкамі горна, над якім навісаў чорным грыбам каўпак. Ля горна стаялі каменныя сталы з дзівоснымі прыладамі са шкла і металу.

Стук-пых… Стук-стук-пых …

У сутарэнні былі чатыры чалавекі. Адзін сядзеў за сталом, каля горна, і трымаў над жароўняй нешта падобнае на патэльню. Гэта з патэльні часам пыхаў вінна-чырвоны агонь, і тады чалавек зноў сыпаў на яе чорны парашок, ківаў галавою і каліў далей.

Другі сядзеў наводдаль. Перад ім трапятала, заціснутая адным канцом у ціскі, металічная паласа. Ён пастукваў па ёй невялікім востраканечным чаканам.

Стук-пых… Стук-стук-пых-х…

Два астатнія сядзелі, захутаўшыся ў грубыя суконныя плашчы, і глядзелі ў агонь. І ўсе чатыры былі нечым падобныя; згасала чырвоная ўспышка, і тады нават у святле горна можна было заўважыць фарфоравую бледнасць абліччаў.

І ўсе маўчалі, быццам словы паміж імі былі зусім непатрэбныя.

Успышкі ўсё часцелі. І вось чалавек ля горна зняў з сагана зусім круглую бутэльку з вузкім рыльцам, ускалаціў нейкі асадак і паказаў чалавеку з паласой. Той сцвярджальна апусціў галаву.

Трапятала чырвонае полымя.

Чалавек падаў паласу аднаму з тых, што сядзелі. Вызваліў другую паласу, крутой дугою выгнутую між двума ціскамі, і падаў суседу першага. Тыя скінулі плашчы і, застаўшыся ў суконных нагавіцах і белых сарочках, пачалі маўклівую і страшную сваёй маўклівасцю гульню ва ўспышках чырвонага святла. Пачалі біць паласой аб паласу, па-рознаму трымаючы іх, білі па чарзе. Потым адзін біў па паласе другога, уторкнутай адным канцом у шчыліну паміж плітамі падлогі. Потым другі біў даволі тоўстай доўбняй па паласе першага.

Адзін з удараў доўбні зламаў метал. І ўладар доўбні моўчкі, са змрочным тварам, развёў рукамі.

І тут успышка небывала чырвонага густога полымя ахапіла сутарэнне. Чалавек над жароўняй стаяў і выскаляў зубы ў патоках чырвонага святла, якія змяіліся ўсё вышэй і вышэй. Рукі ягоныя былі пераможна ўскінутыя ўгору.

Гэта было так страшна, што хлопцы кінуліся прэч і апамяталіся толькі за рогам будыніны.

— Што бачылі? — спытаў Паўлюк.

— Выклікалі кагось, — коратка сказаў Андрэй.

— Каго?

— Не ведаю. Але не на дабро. Пайшлі адсюль.

— А агонь? — напомніў Кандрат.

— Так, агонь, — у Андрэя ўпаў голас.

Яны ўзнялі вочы да акна і ўбачылі, што сіні агеньчык згас. На яго месцы цяпер цямнеў правал акна. Звычайны мёртвы правал. Больш нічога.

І хлопцы адразу адчулі, як жах саступіў месца расчараванню. Агонь быў так блізка, такі высокі і сіні. Хто ведае, якія дзівосы ён асвятляў. І вось яны, дурні, пакінулі яго, дачакаліся, пакуль ён згас.

— Ёлупы, — сказаў Кандрат. — Боўдуры.

Гэта сапраўды было горка, калі ўжо забыцца на страх. Столькі разоў бачыць іскру над шатамі парку, наважыцца, нарэшце, ісці сюды, нацярпецца жаху, убачыць агонь зблізку, такі зменлівы і сіні. І ўсё зглуміць.

— Пайшлі, — сказаў Андрэй.

Зноў сцежка, на гэты раз з уступу, у абход невялікай падковы возера. Зноў пах грыбніцы і стылая раса.

Хлопцы ішлі моўчкі, з апушчанымі галовамі. Было халодна і няўтульна пад шатамі дрэў. Добра, што хаця Янька не плакала, бо ёй было ўсё адно, так яна хацела спаць. Андрэй зняў з сябе світку, і яны падвязалі дзяўчынку на спіне Кандрата, зрабіўшы нешта накшталт мяшка, у якім было цёпла і ўтульна. Кандрат цяпер мог вызваліць рукі, яму стала лягчэй.

— Прыйдзем яшчэ сюды? — ціха спытаў ён у Андрэя.

— Прыйдзем, — падумаўшы, адказаў Андрэй. — Трэба прыйсці.

— Каго ж яны ўсё-ткі выклікалі? — спытаў Кандрат.

Андрэй не адказаў. Ды і што можна было адказаць?

Цемра. Глухія крокі. Сонныя пасопванні Янькі на спіне ў Кандрата. Пачынае прабіраць холад, той санлівы холад, калі сківіцы раздзірае пазяханне і чалавек марыць, як аб вышэйшым шчасці, аб ахапку сена, у які можна зашыцца.

Мужны дух прадпрымальнасці і прыгод заўсёды церпіць ад такіх акалічнасцей.

Яны мінулі возера, з якога патыхала вільготным халадком і рыбнай сырасцю. Парк зноў зрабіўся густы, — не парк, а нейкія нетры з лаўжамі і ветрабоем, з рэдкімі глухімі сцяжынкамі.

Па адной з такіх сцяжынак яны ішлі даволі доўга; ішлі і амаль не спадзяваліся, што калі-небудь ёй будзе канец. Але сцежка ўлілася ў папярочную сцежку, што была шырэйшая і нагадвала хутчэй вузкую дарогу, па якой ледзьве можа праехаць воз. Дарожка гэтая была як тунель, так спляталіся над ёю галіны дрэў, з левага боку яна праз нейкіх пяць сажняў улівалася ў невялічкую паляну. І палянка была таксама цёмная, бо над ёю схіляліся, засцячы неба і ўтвараючы над ёю шацёр, верхнія галіны магутных, вычварна-каржакаватых дрэў. А пад шатром, займаючы амаль усю палянку, стаяла самая дзівосная будыніна, якую ім давялося бачыць у сваім каратусенькім жыцці.

вернуться

48

Барабан — круглая надбудова, якая трымае купал.

32
{"b":"829351","o":1}