Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Кроер плюнуў і зноў, неяк наўскасы пасоўваючы сваю доўгую постаць, рушыў па брудным снезе да звязанага.

— Дзе? — ён ударыў зноў, на гэты раз пад ніжнюю сківіцу.

Корчак сплюнуў крывёю ў снег.

— Уцэліў-такі, — сказаў ён. — Вядома. Над пешым арлом і варона з калом.

Гэта было ўжо занадта. Кроер адчуваў сваю п'яную слабасць і стаў шукаць вачыма чагосьці больш важкага.

Якраз у гэты момант конюх прывёў панам коней. Пан Юры разбіраў павады. І тут Кроер заўважыў у руках у конюха карбач. Ірвануў яго з рук дваровага і з подбегам, сагнуўшыся, ударыў Корчака па твары. Карбач не быў падплецены свінцом — толькі падвіты гнуткім медным дротам, — і гэта ўратавала Корчака ад смерці.

Твар у Корчака заліўся крывёю. Вусны ў пана трэсліся. На шчоках плямамі з'яўляўся і знікаў румянец. Дзесяць, дваццаць, сорак удараў…

Алесь глядзеў на расправу шалёнымі вачыма. Білі звязанага чалавека, які не мог бараніцца…

Корчак не мог ужо стаяць. Ён сеў на снег, заліты крывёй, хапаў паветра.

— Да-бі, — толькі і здолеў сказаць ён.

І паваліўся тварам у снежную кашу.

— Аз-зіят, — вонкава спакойна сказаў пан Юры і дадаў: — Аляксандр, у сядло.

Алесь не мог адвесці вачэй… Удар… Яшчэ… Яшчэ ўдар. Яны падалі, як па сэрцы.

Чалавек у снезе выцягнуўся.

І тады, сам не разумеючы, што ён робіць, падлетак кінуўся да Кроера і падставіў руку. Карбач рассек адным махам вопратку і скуру, закруціўся вакол запясця. І тут Алесь перахапіў яго і з усяе сілы таргануў на сябе.

Яму ўдалося вырваць акрываўлены бізун з рук дарослага. Бледны, з чырвонымі плямамі на шчоках, Кроер непаразумела глядзеў на Алеся.

— Сволач, — у дзіцячым горле нешта клекатала. — Нізкі, злы чалавек.

Паразумеўшыся, Кроер пагрозліва пасунуўся на яго.

І тады Алесь, калоцячыся ад злосці, ведаючы, што гэты можа ўдарыць яго, размахнуўся і — як трымаў — дзяржальнам, з усёй сілы, упершыню ў жыцці, уляпіў… проста ў перакошаны твар.

Кроер схапіўся за сківіцу. Потым ускінуў кулакі.

…І тут дужая рука пана Юрыя адкінула яго ад сына. Мільгануў паўз іх Біскуповіч, схапіў карбач і адшпурнуў яго ў снег.

— Слухай, ты, — сказаў пан Юры. — Дзярмо! Гніль! Калі ты зачэпіш яго, ты жоўцю рыгаць будзеш…

— Чакайце, Загорскі, — спакойна сказаў Біскуповіч. — Не пэцкайце рук.

— В-арта! — ледзь выдушыў з сябе Кроер, і гэта прагучала ціха, але гнеўна.

Рукі пана Юрыя і Біскуповіча леглі на рукаяці кордаў.

— Вы пашкадуеце, Кроер, — спакойна сказаў Біскуповіч. — Каб праламаць вам галаву, хопіць хвіліны.

Кроер азірнуўся. Але жандары відавочна баяліся ўмешвацца ў спрэчку высокіх паноў. Стаялі моўчкі.

Пан Юры спакойна пасадзіў Алеся на Ургу і падвёў Біскуповічу ягонага каня.

Ускінуліся ў сёдлы. З месца — толькі брудныя снежныя пырскі паляцелі — узялі наўскапыта.

…Вёрст праз пяць, калі стала зразумела, што пагоні не будзе, пусцілі разгарачаных коней рыссю. Алесь загаліў рукаў, разглядаючы крывавы рубец.

— Ён мяне ўдарыў, — непаразумела сказаў ён.

Бацька з жалем глядзеў на сына.

— Ты пагарачыўся, — сказаў ён. — Таму што тры чалавекі маглі б налажыць галавою за аднаго, якога ўсё адно чакае Сібір, смерць у рудніках… А як бы тужыла твая маці… Або пана Біскуповіча жонка… Абяцай мне, што ты…

Алесь не вельмі ветліва сказаў:

— Гэтага я не магу абяцаць.

— Правільна! — сказаў Біскуповіч.

…Корчака сапраўды чакала Сібір. Калі Мусатаў, пачуўшы Кроераў крык да варты, выбег з дому, заліты крывёю, але ўсё яшчэ жывы Корчак непрытомна ляжаў у снезе.

Мусатаву ўдалося адгаварыць раз'юшанага пана ад пагоні. Корчака ён аддаў жандарам і загадаў везці яго ў Сухадол.

…А Кроер прыклаў да сківіцы снег і накіраваўся ў дом.

— Гарэлкі, — толькі і здолеў сказаць ён загонавым.

…Пачаўся неўтаймаваны, страшны разгул. Тры дні Кроераўшчына захлыналася ў віне. Галас стаяў над тымі, хто абпіўся, песні, лаянка.

На пяты дзень на нагах засталіся толькі Кроер ды Іван Таркайла. Сядзелі пры святле адной свечкі ў хатняй малельні, чокаліся адзін з адным і ашалелымі вачыма сачылі, каб другі выпіў да кроплі. Кроер пачаў быў ужо працэджваць віно з бутэлькі праз пальцы, бо ў кожнай бутэльцы сядзеў чорт, вельмі падобны на марскога канька, — але ўсё неяк абышлося. Каб не лаяцца, вырашылі ўвесь вечар гаварыць па-французску. Іван гэтай мовы не ведаў, а п'яны язык Кроера і на сваёй з цяжкасцю сплятаў два-тры словы.

— Ішлі б спаць, чэрці, — грубіяніў Пятро, лёкай Таркайлы.

— О, мон, дыё… нон… Алон!.. Перапіць — кураж! — вёрз немаведама што Таркайла.

Пятро смяяўся. Кроер глядзеў на яго цьмянымі вачыма.

— А ты чаго рагочаш, Пятро? Панімаеш нас?

— Ён в-ведае, — казаў Таркайла.

— Знаеш французскі язык?

Пятро пакрыўдзіўся:

— Анягож.

— Ну то які ён?

— Чырвоны, — сказаў Пятро. — Як… сабачы…

— Пр-равільна, — сказаў Таркайла. — Златавуст.

Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі (магло быць дрэнна, калі задумаюць асвяжацца ў палонцы ці скакаць на конях), а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы:

— Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і п'юць, як перад загібеллю.

— Дзіва што, — сказала кухарка. — Цяпер яшчэ, кажуць, у Пецярбургу змея пусцілі па жалезных каляінах… Змей, разумееш, бяжыць па дарогах. Гэта ўжо канец свету.

— Але, — згадзіўся Пятро. — Гэты не пашкадуе. Гэты зжарэ ўсіх.

XXIII

Спачатку выпусцілі свае коцікі вербы. Потым, перад вялікаднем, пачалі сачыцца празрыстым сокам пні ссечаных бяроз. Пасля пупышкі сталі зялёныя, а лясы — цёмныя. Пазней заплакалі перад купаллем травы: меліся назаўтра загінуць. А затым прыйшла чарга палегчы каласам.

Год не парадаваў. Ён шмат абяцаў дружнай добрай вясною і спорнымі, цёплымі і буйнымі дажджамі. А потым нічога не даў. Зноў не даў. Каторы ўжо раз.

Дажджы пайшлі бесперапынна. Парасткі захлыналіся ў глыбокай халоднай гразі, жоўклі і гнілі. А з канца красавіка наваліліся халады і ўчэпіста трымалі нівы аж да сярэдзіны чэрвеня. Зямля, калі засунуць у яе руку, была не цёплая, а сцюдзёная і ліпучая, як глей, выкінуты з самага дна магілы.

Дні і ночы сталі цёплыя толькі ў канцы чэрвеня. Голад як быццам падрыхтаваў глебу пад сваё зімняе жніво і шчодра кінуў людзям непатрэбную цяпер цеплыню.

На азіміне не вярнулі насення, тым больш што давялося ратавацца: пераворваць палі і засейваць іх пад ярыну. І гэтую познюю сяўбу ледзь скончылі на купалле, а гэта азначала, што восенню рунь амаль напэўна паб'юць ранішнікі.

І ўсё яшчэ, трэці год, хварэла бульба, і клубні яе былі як гразь: не адрозніш ад зямлі.

Пан Юры і стары Вежа ў канцы ліпеня напалову спустошылі свірны, даючы пазыкі, разумеючы, што спадзявацца няма на што, адпусцілі мужыкоў на гадавы аброк. Хай ідуць з плытамі, хай адпраўляюцца ў звоз, хай дабіраюцца на будову чыгункі, абы не голад, абы не спустошыць свірнаў да дна. Бо невядома яшчэ, што будзе ў наступным годзе.

У канцы ліпеня лямант аб дапамозе даляцеў з мястэчка Свіслач, дзе жыла далёкая сваячка пані Антаніды, стрыечная сястра яе маці, Тацяна Галіцкая. Пан Юры надумаў накіраваць туды абоз насеннага збожжа: на наступны год. Паслалі яшчэ і трыста рублёў грашыма, каб быў заклад на выпадак сапраўднага голаду, каб хоць раз на дзень карміць гарачым дзяцей, жанчын і слабых (у цёткі было нешта каля васьмідзесяці душ, жыла яна адна, прасіла толькі насення — магчыма, нейк і пераб'ецца з людзьмі).

Праводзіць абоз павінен быў Алесь. Па-першае, людзі з канторы былі ў разгоне, па-другое, хай звыкае да спраў, па-трэцяе, час хлопцу, наогул, паглядзець свет. Цэлую зіму яшчэ сядзець яму ў Загоршчыне ды ў Вежы, перш чым пойдзе ў гімназію. Цэлую зіму вучыцца, цэлую зіму практыкавацца ў мовах, слухаць Фельдбаўха, monsieur Jannot і іншых. Бацька і той здзіўляўся сынавым поспехам і доўгацярплівасці… Хай едзе, хай паглядзіць свету.

І пачалася далёкая дарога.

Рыпелі колы вазоў, ішлі каля іх мужыкі. А малады Загорскі то ехаў ля абозу на мышастай Касюньцы, то зварочваў з дарогі і скакаў мяккімі прасёлкамі, праязджаючы вёскі і хутары, то ляжаў на возе, высока-высока, і глядзеў на залатыя аблокі.

61
{"b":"829351","o":1}