Литмир - Электронная Библиотека
A
A

А на стале, у дубовай труне, ляжаў Кроер. Дзве тоўстыя — з руку — васковыя свечкі кідалі жаўтавата-ружовыя адбіткі на нерухомы твар.

— Адгуляўся, — сказаў бацька.

А ў паўцемры залы гучалі страшныя манатонныя словы псалмаў «у суцяшэнне сумуючым».

Святло дня ледзь прабіваецца ў высокія вокны, пыльнае, бы ў склепе, грыфельна-шэрае. І асветленая пляма — гэта толькі твар Кроера, рукі, складзеныя на грудзях, і чырванаватая парча, што закрывае цела да самых рук.

Людзі ішлі паўз труну і жагналіся. Некаторыя з відавочнай асалодай і з удавана журботнай мінай на абліччы.

Пан Юры з Алесем спыніліся ў нагах нябожчыка.

— Бывай, швагер, — сказаў пан Юры. — Хай Бог будзе лiтасцiвы да цябе, як даруе ён усялякую правiну.

Алесевы вочы трохі спалохана аглядалі траюраднага матчынага брата. І раптам хлопчык здрыгануўся: праз прыплюшчаныя павекі выглядала жаўтаватая палоска бялка.

Кроер глядзеў.

— Iдзi, — сказаў пан Юры. — Рана табе. Iдзi i не глядзi.

Яны прайшлі паўз труну.

— Швагер прыйшоў, — пачуў пан Юры ціхі голас. — Дзень добры, швагер.

Не разумеючы, адкуль голас, пан Юры азірнуўся. І раптам па зале, як вецер па начных галінах, прабег уздых жаху:

— О-о-ох-х!

Яны азірнуліся. Натоўп адхіснуўся ад труны, як жыта пад ветрам.

Мярцвяк сядзеў.

Алесь сціснуў сківіцы, каб не закрычаць. А нябожчык сядзеў і глядзеў на людзей. Потым дастаў з-пад чырвонай парчы вялізную бутэльку шампанскага.

Сект стрэліў у столь — па бутэльцы паліліся белыя ручаі. І адначасова шырока расчыніліся дзверы ў сталовую, і ўсе ўбачылі там мора агню ад свечак, бочкі з віном ля сцен, сурвэты, бель абрусаў, сталы, што знемагалі ад ежы, якая грувасцілася на іх.

У зале грымеў хор звычайных сабутэльнікаў пана. Спявалі задастойнік:

— «Ангел вапіяша благадатней: чыстая Дзева, радуйся! І пакі рэку: радуйся! Твой сын васкрэсе трыдневен ад гроба, і мёртвыя ваздвігнувый: людзіе, весяліцеся!»

Пан Юры непаразумела глядзеў на ўсё гэта.

— Свіння, — сказаў Біскуповіч. — Маці Божую не пашкадаваў, блюзнер.

І тады пан Юры плюнуў.

А нябожчык, працягваючы чашу з сектам, вёў:

— «Са страхам божыім і вераю прыступіце…»

Пан Юры цягнуў Алеся да дзвярэй.

— «Не прэпятствуйце дзецям прыходзіць да мяне», — спяваў мярцвяк.

І, працягваючы чашу, узглашаў:

— Пійце ад нея ўсі.

— «Відзехом святло сапраўднае, — спявалі галасы, — прыяхом духа нябеснага… То бо нас уратавала ёсць».

Пан Юры не ішоў, а ляцеў да дзвярэй. І тут дарогу яму перагарадзілі ўзброеныя загонавыя.

— Швагер, — сказаў Кроер. — Траюрадны швагер, куды ж ты? Паслухай мяне.

Загорскі спыніўся.

— Прабачце, панове, за жарт, — сказаў Кроер. — Іначай ніхто не прыехаў бы.

— І правільна, — сказаў Біскуповіч. — Бо ў гэтым доме ад кожнай п'янкі хто-небудзь ды памрэ.

— Забудзем спрэчкі, — казаў далей Кроер. — Мне абрыдла аднаму. Забудзем спрэчкі хаця на некалькі дзён. Я нічога не шкадую. А ты куды, швагер?

У пана Юрыя дрыжалі ноздры. Ён зрабіў крок да дзвярэй — загонавыя самкнуліся. Загорскі, Алесь і Біскуповіч паклалі рукі на эфесы кордаў.

Кроер абводзіў усё гэта вар'яцкімі, у чырвоных мяшках, вачыма.

І, відаць, не пажадаў псаваць свята.

— Пусціце іх, — кінуў ён. — А ты, швагер, пачакай маёй смерці яшчэ год дваццаць.

Ён меў на ўвазе спадчыну. Але Загорскі рассунуў рукамі загонавых і пайшоў, не азіраючыся. Гэты чалавек не мог абразіць яго.

— І даруй, — сказаў Кроер.

Потым ён стаў у труне.

— Астатніх прашу не скардзіцца. Дарога доўгая, мокрая — жывіце тут.

Людзі аглядаліся. Ва ўсіх вокнах узвышаліся ўжо ўзброеныя загонавыя. Чалавек трыццаць, прапусціўшы Біскуповіча і Загорскіх, самкнуліся і стаялі ў дзвярах. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці.

Але ніхто не пратэставаў. Буйных дваран, з якімі Кроер пабаяўся б сварыцца, у зале не было. І людзі рушылі ў сталовую залу.

Цяжка зачыніліся за імі дубовыя дзверы.

Кроер кінуў парчу на плячо, накшталт плашча, і саскочыў на падлогу. Яго трошкі хістала, ён быў знясілены шматдзённай п'янкай, але сіліўся стаяць роўна.

Адзін з загонавых падышоў да яго і нешта сказаў, і ў Кроера вышчарыліся зубы.

— Дзе? — страшным ціхім голасам спытаў ён.

— Ля ганка, пане.

Кроер, цягнучы за сабою край парчы, памкнуўся да дзвярэй. На хаду спыніўся.

— Усе з акон. Усе да дзвярэй і не адыходзіць. Іначай — засяку… на зямлі. Сачыце, каб ніхто з гасцей не ўцёк… каб трупамі ляжалі да раніцы.

І амаль выбег з параднай залы.

…Ён перагнаў Загорскіх з Біскуповічам, калі тыя выходзілі на ганак. І не звярнуў на іх аніякай увагі, кінуўшыся на прыступках уніз.

Пан Юры кінуў аднаму з загонавых, які праводзіў іх:

— Коней.

— Зараз, — заспяшаўся той.

Яны чакалі коней, стоячы на ніжняй прыступцы, і глядзелі на тое, што адбывалася ніжэй сходаў, на пляцоўцы, укрытай бруднаватым патоўчаным снегам.

На пляцоўцы стаяў у атачэнні трох «блакітных» і дзесятка земскіх бялявы мужык у расхрыстаным кажуху. Рукаў кажуха быў адарваны: з вялікай дзіркі, як махры эпалета, падалі на плячо касмыкі аўчыны. Звычайны мужык год пад трыццаць, засівералы, дужы. Незвычайныя былі толькі вочы. Чорныя, дрымучыя, яны з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера, што набліжаўся да купкі людзей бязгучнымі кашэчымі крокамі.

У баку ад гэтай купкі людзей стаяў Мусатаў. Глядзеў як быццам у другі бок, пагладжваў шчэцістыя бакенбарды. Зеленаватыя, як у рысі, вочы прабеглі па абліччах Алеся, пана Юрыя, Біскуповіча і абыякава пачалі разглядаць, бы першы раз бачылі, бліскучыя ад вільгаці дзікія камяні будынка, высокія вокны, падушкі зялёнага моху ля вадастокаў.

Мусатаў ведаў шалёны нораў Кроера, ведаў, што той можа з гарачкі ўчыніць такое, чаго потым і рукамі не развядзеш, тым больш што сведкам будзе сам маршалак. І Мусатаў пайшоў паўз Кроера да сходаў. Праходзячы, зрабіў яму прывітальны жэст.

Кроер усміхнуўся. Ён зразумеў гэта так, што Мусатаў развязвае яму рукі. «Што ж, добра. І якая, сапраўды, каму можа быць справа да рахункаў гаспадара са сваім рабом».

Мусатаў знік у доме. І Кроер, дачакаўшыся гэтага, падышоў і спыніўся крокі на тры ад мужыка.

— Што, Корчак, нядоўга давялося хадзіць? Пагуляў — плаці.

Вар'яцкія вочы глядзелі з усмешкай.

Корчак маўчаў.

Тры чалавекі на ганку ўскінулі галовы, пачуўшы прозвішча.

— Бацька, што гэта ён? — спытаў Алесь.

— Брыда, — сказаў пан Юры. — Ты не слухай, сыне, мы не маем права ўмешвацца.

Кроер рабіў то крок управа, то крок улева: разглядаў.

— Дык пан Корчак ужо і эпалет прыдбаў? У генералы пану Корчаку захацелася? Можа, гаспадар Корчак і ў імператары мерыцца?

Корчак маўчаў.

— Мерыцца, — з удаваным шкадаваннем сказаў Кроер. — Непiсьменны, бедалага. Не чытаў. Не ведае, чым цар Мурашка скончыў[70].

— Чаму не ведаю? — сказаў раптам Корчак з нейкім заліхвацкім адчаем. — Вельмі нават добра ведаю:

Галовачка бедная ад жару трашчыць,
Ножкі на чырвоным на жалезным сядле.

У адказ пан Кроер ударыў, відаць, не вельмі моцна, бо быў знясілены п'янкай.

Алесь глядзеў на гэта разгубленымі вачыма: ён упершыню бачыў, як б'юць звязанага.

Галава ў Корчака не хіснулася ад удару. З нейкай злоснай радасцю ён сказаў:

— Дрэнна б'еш… А шкада, паночак, што мяне па дарозе да сваіх схапілі. Вух, як бы з гэтага кубла дымком ірванула! — Корчак глытнуў паветра. — Шкада… Аднаго шкада: разлічыцца не паспеў…

Кроер адпачываў, і вочы яго былі каламутныя ад гневу.

— Дык у цябе яшчэ і свае былі? — ціха спытаў ён.

— А як жа. Не святым жа я духам жыў са жніва да масленай. Хавалі, памагалі.

— Дзе хавалі? Хто?

— А гэта ты ўжо сам даведайся.

вернуться

70

Падчас вялікай сялянскай вайны семнаццатага стагоддзя паўстанцамі — мужыкамі Міншчыны — кіраваў Мурашка. Згодна з паданнем, смяртэльна параненага ў бітве «мужыцкага цара» пасадзілі на распалены дачырвана жалезны трон.

60
{"b":"829351","o":1}