Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— А я i не чуў нiчога, што ён там баяў, — сказаў Кандрат.

— Дык ты скажы, Андрэйка, — папрасiў Павал.

Андрэй кашлянуў, збiраючыся з думкамi.

— Гаўрыла гэты з панскага дазволу палюе. Калi там старому Загорскаму-Вежы качкi спатрэбяцца цi яшчэ што, дык Гаўрылу кажуць. I вось пайшоў ён раз у пушчу i заблудзiў. Бачыць, што да ранiцы ўсё адно дарогi не знойдзе, i вырашыў начаваць. А багна вакол, дык ён выбраў сухое месца, расклаў на iм цяпло i сядзiць, грэецца. Пачаў быў ужо драмаць. Аж тут бяжыць з цемры нейкi ягамосць, худы, вёрткi i тварам цемнаваты. «Як ты, мужык, смееш на панскiм шляху вогнiшча палiць?! Тут паны хутка будуць ехаць!» «Паночак, — узмалiўся Гаўрыла, — якая тут табе дарога, калi адно багнiшча ўсюдых. Жыватом хутчэй наложыш, чым канем праедзеш». Той i слухаць не стаў, параскiдаў у багну галавешкi, аж тыя засычэлi толькi, а сам пабег далей. Гаўрыла стаiць i чакае. «Во, — думае, — напасць. Вiсус нейкi, басурман, жартаваць надумаў з хрысцiянскай душы». А потым чуе: тупочуць капыты, вiшчаць колы. Кацiць карэта шасцерыком, вакол яе конныя. А зверху на карэце паля прывязана. Крык, рогат, конi ржуць. А паны, — i у карэце, i на конях, — усе чорныя, акурат як тэты, са змяёю. Твары цёмныя, валасы чорныя, вопратка чорная з золатам. I карэта чорная. «Набок, мужык!» — крычаць. Тут Гаўрыла i зразумеў: балотныя паны. Кацяць па дрыгве, як па сухiм. Гарэзнiкi! I так цэлымi начамi ганяць будуць. Але Гаўрылу губляць няма чаго: яшчэ, можа, i ўдзень з дрыгвы не выйдзеш. Дык ён пачаў прасiць: «Мае вы паночкi, мае галубочкi, пакажыце дарогу, як мне выйсцi. Заблукаў». Тыя рагочуць: «Чапляйся ззаду за карэту». Гаўрыла падчапiўся — як памчалiся яны. Памчалi, як куля. Грукат, дрэвы паабапал валяцца, рогат. Блiзка-далёка-вузка-шырока i вышэй, вышэй. Дух заняло. Зоры вось-вось нiжэй колаў будуць. I тут якраз над галавою галiна высокага дрэва. Ён — цуп за яе! Карэта з-пад ног iрванула i памчалася далей. Толькi хурман зарагатаў i крыкнуў: «Ну, маеш шчасце!» — ды канцом доўгай пугi — мiж вушэй. Гаўрыла заверашчаў, але галiны не адпусцiў. Трымаецца, крычыць гвалту. А далей агледзеўся — аж гэта ён у сваiм двары, вiсiць на перакладзiне, на сваiх варотах. Жонка з хаты выходзiць. Якраз першыя пеўнi. I жонка яму кажа: «Звечара, — кажа, — прапаў, халера. Чаго ты туды палез, чаго ты гарлаеш, чаго лопаiссi, п'янюга?»

Кандрат пакiваў галавою i адразу заўсмiхаўся, таксама ўспомнiў:

— З Гаўрылавым шваграм яшчэ лепей было. Той дачуўся ад кагось, што калi не есцi цэлы дзень у апошнiя дзяды перад каляднымi запускамі i потым аднаму легчы ў хаце i не гаварыць, не смяяцца, дык можна ўбачыць «дзядоў». Так i зрабiў. А вечар цёмны, лiстападаўскi. Во ён ляжыць i бачыць, — лезуць праз вяршок для дыму… Спачатку бацька ягоны, нябожчык, лезе, потым дзед, потым прадзед. Пэўна, усiх, аж да самога Адама, пабачыў бы. Аж за прадзедам лезе дзядзька. Святога жыцця быў чалавек, службы нiводнай не прапусцiў. Вечна яго жыццём малому вочы калолi, як, бывала, забярэцца ў чужы гарох цi рошчыны цiшком возьме i наесца. Лезе дзядзька i лезе, амаль увесь ужо прасунуўся, аж тут яго нешта затрымала: як нi тузаецца— не пралазiць, i ўсё. Аж гэта ў яго да пояса барана прывязана. Украў у зямным жыццi i нават на споведзi не пакаяўся. Тут Данiлаў швагер прыпомнiў усе мукi, што праз дзядзькаву святасць нацярпеўся, ды як зарагоча. Ну i ўсё. Вылецелi яны ўсе ў вяршок i знiклi.

Паклаў у вогнiшча вялiкую сухастоiну.

— Кладзiцеся ўсе, хлопцы. Досыць.

…Усе паклалiся. Алесь толькi як ляжаў, так i застаўся. Андрэй паклаў кажух побач з iм, укруцiўся, цiха гукнуў.

— Спiць? — спытаў Кандрат.

— Спiць, — шапнуў Андрэй. — А ты заўважыў, што ў Раўбiча агонь пагас?

«I не сплю зусiм», — хацеў быў сказаць Алесь, але адразу правалiўся ў такi глыбокi сон, што не паспеў нават варухнуць вуснамi.

Дзецi спалi. Сухастоiна павольна дагарала, рассыпаючы жар. Туман узняўся з лагчыны i падступiў блiжэй, быццам хацеў паслухаць сонныя подыхi. Конi таксама ўжо танулi ў тумане, i толькi iхнiя галовы ды доўгiя шыi ўздымалiся над малочным туманным возерам.

IV

Палявая дарога нырала ў лагчыны, узбiралася на пагоркi i зноў звiвiста падала ўнiз. I так было без канца, а вакол ляжала густа-зялёная, без анiводнай праплешыны рунь, такая маладая i вясёлая на ўзгорках i бяздонная ў лагчынах, такая прагрэтая на сонцы i сцюдзёна-шызая ў ценю, што аж дух займала.

Вельмi-вельмi рэдка траплялiся пасярод бясконцага зялёнага кiлiма вялiзныя, як дубы, дзiчкi, ды там-сям, дзе ў яры выбiвалася крынiчка, схiлялася над ёй срэбная вярба.

I зноў рунь, адна толькi рунь. А над рунню, прывязаныя нябачнымi нiцямi, трапечуць жаўрукi. А на зямлi, на ўсiм яе густа-зялёным абшары, толькi адна рухомая кропка: едзе дарогаю рысорны англiйскi кабрыялет, а ў iм хлопчык адзiнаццацi год i трыццацiгадовы мужчына.

Хлопчык у белым палатне, як мужык. Мужчына ў чашунчовай тройцы, чаравiках i шыракаполым саламяным брылi…

— Можа, вам брыль аддаць, панiч? — голас у мужчыны легкаважны, з выразным польскiм акцэнтам. — Галоўку напячэ.

— Не трэба, пане Выбiцкi.

— То добжэ, глядзiце. Нех тылько панi потым не лае Выбiцкага, калi ў дзiцяцi забалiць галоўка.

— Я каровы на сонцы пасвiў. То яны часам загiзуюць i бягуць як шалёныя, а самому нiчога.

Пан Выбiцкi глядзiць на хлапчука, i на яго маладым, наiўным твары з'яўляецца пакутнiцкi выраз: дзiця пасвiла каровы, — Езус Марыя! Яму хочацца зрабiць хлопцу нешта прыемнае, i ён лезе пальцамі ў кiшэнь камiзэлькi.

— На цукерэк.

— Нашто? — сур'ёзна кажа мужычок. — Яны грошай каштуюць. Завязiце лепш сваiм дзецям.

— Але ж у мяне няма дзяцей, — непаразумела кажа Выбiцкi. — Зусiм няма. Бяры.

— Ну, тады ўжо давайце.

Пан Выбiцкi са скрухаю кiвае галавою. «Мужычок, зусiм мужычок. I гэта сын загоршчынскага князя. Спадкаемца амаль дваццацi дзевяцi тысяч сем'яў, калi прыйдзе час. Дурны звычай!»

Выбiцкаму да слёз шкада хлапчука.

Так яны едуць i едуць. А вакол рунь, рунь i рунь.

…Пан Адам Выбiцкi яшчэ шэсць год назад ледзь не памiраў з голаду разам з бацькамi. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такiх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час.

…Нават год яго нараджэння быў годам чорнага недароду. А потым пайшло i пайшло. Чатыры галодныя гады, з дваццатага па дваццаць чацвёрты. Год адпачынку. А потым пяць год страшнай пошасцi на худобу, калi па ўсiм Прыдняпроўi ледзь засталася дзесятая частка коней i iншай худобы. Каб не кончыцца наглай смерцю, давялося прадаць восем дзесяцiн зямлi з дзесяцi. Ды i апошнюю няма чым было абнасенiць, i яна зарастала гiрсаю, i асотам, i, ад вялiкай кiслаты, хвашчом. У дваццаць чатыры гады Адаму было ўжо так, што хоць у кавалкi iдзi. Тут яго i падабраў Юры Загорскi. Аканомам хлопца прызначаць было рана, i таму пан зрабiў яго чымсьцi накшталт фактара i перакупшчыка, з пенсiяй трыццаць рублёў месячных ды яшчэ з панскiм жыллём, вопраткай i ежай. З таго часу Выбiцкi ног пад сабою ад радасцi не адчуваў.

Фактар з яго быў нявопытны, але рухавы i, галоўнае, бездакорна сумленны, капейкi пад ногаць не зацiсне. I таму Загорскi прывык да яго i адпускаць не хацеў.

I вось зараз яны ехалi ў панскiм кабрыялеце, белы, як апошнi мужык, шэравокi панiч i Выбiцкi, гарбаносы i кашчавы, ушчэнт спалены сонцам, але са старанна дагледжанымi вусiкамi. Ехалi моўчкi, насцярожаныя адзiн да аднаго.

— Што ж, цi падабалася там панiчу? — спытаў нарэшце Выбiцкi.

— Вельмi.

— То ж бачыў я, што тая хлопка так плакала, быццам роднага сына за свет вязуць.

— Яна не хлопка. Яна Марыля, другая мацi мне.

Пан Адам пакруцiў галавою.

— За што ж гэта вы iх так паважаеце, панiч?

— Бо яны працуюць, як Адам i Ева, — завучана сказаў хлопец. — Аруць зямлю i прадуць лён.

Выбiцкi ўздыхнуў:

— Э-эх, панiч. Прайшоў той час, калi на зямлi былi толькi Адам i Эва. Прайшоў i не вернецца. Цяпер над Адамам i Эвай цар, потым губернатар, потым ваш ойцец, а потым я, паўпанак.

9
{"b":"829351","o":1}