Над зямлёю Дняпроўскай i Сожскай Праляталi янгалы смерцi. Дзе лятуць — там вымерла вёска, Дзе прыселi — там горад вымер, Там жыццё папам i далакопам. У Янькi шырока акруглiлiся вочы. Так нарэшце край абязлюдзеў, Што i янгалам страшна стала: «Чым пражыць, як памрэ апошнi?» І галоўны сказаў: «Хопiць лётаць, Трэба нам на зямлi пасялiцца». Збудавалi яны палацы, Збудавалi муры з каменняў, Увесь Дняпро мiж сабой падзялiлi, Ўсiх людзей ад краю да краю… Дзед змоўк на хвiлiну, быццам прапусцiўшы некалькi асаблiва хвосткiх радкоў, але струны скардзiлiся, можа, нават не менш выразна за словы… …Збудавалi цэрквы i касцёлы, Па малiтву ладанам кураць, Задымiлi, як лазню, неба. Твар старога стаў паважным, амаль велiчным. Бог гадамi сядзеў i нюхаў, А пасля сказаў сабе Юр'ю: «Многа дыму да нас далятае, Вельмi мала шчырай малiтвы. Твой народ па Дняпры i далей. Што рабiць з тваiм удзелам, Юры?» I сказаў яму Юры-пераможца: «Ты пашлi на зямлю Мiколу. Ён з сялян, ён добра рассудзiць». Грозна бог свае бровы нахмурыў: «Добра ведаю я людзей вясковых, Вечна яны скардзяцца, ныюць, Хiтрасцю ж аплятуць i чорта. Я пашлю з Мiколам Касьяна. Ён з паноў, ён другое заўважыць». Цiха Юры адказвае богу: «Знаецца Касьян з нячыстай сiлай, Сэрца злоснае ў твайго Касьяна». Дзед перастаў граць. Толькi голас, засмучаны і журботны, вельмi цiха вёў песню. Бог салдата свайго не паслухаў, Даў загад Мiколу i Касьяну. Вось абодва спусцiлiся з неба I пайшлi па сёлах i вёсках. Быў Мiкола ў кужэльнай свiтцы, А Касьян у парчы залацiстай. Струны раптам так застагналi, што стала страшна. Гэта былi ўсё тыя ж чатыры-пяць нот, але, здаецца, большай роспачы i болю не было яшчэ на зямлi. Ходзяць, ходзяць. Ад болю i жалю У Мiколы заходзiцца сэрца: Панства горш за цароў турэцкiх, Басурманы не так лютуюць… Алесь нясмела ўзняў вейкi i ўбачыў, што пальцы малога Юрася, сцiснутыя ў кулачкi, аж збялелi на суглобах. Убачыў жорсткi вялiкi рот Паўла. Ён i сам адчуваў, што ў яго перарывiста ўздымаюцца грудзi i гарачыя робяцца шчокi… Раззлаваўся нарэшце Мiкола: «Хопiць iх шкадаваць, сыраядцаў. Пойдзем, браде Касьяне на неба, — Хай заб'е iх бог блiскавiцай». Адказаў Касьян чорнавалосы: «До, Мiкола, пароць гарачку. Хлопы лепшых паноў не варты, П'юць гарэлку, бярвеннi крадуць, На мяжы б'юцъ вiламi брата. Кожны заслужыў свайго пана. А калi паноў паб'еш маланкай — Хто тады нам храмы збудуе? Хто тады нам ладан запалiць? Здохнем з голаду, дурань, на небе». На нейкi асаблiва ганарысты i жорсткi твар дзеда падалi апошнiя праменнi сонца. Цiха гулi струны, прыглушаныя рукой. А голас з жорсткага рабiўся мяккi i спеўны:
Пакiваў Мікола галавою, I пайшлi яны моўчкi на неба… Вечар крадзецца над зямлёю, Недзе у пушчы ваўкi завылi. Чуе у дрэвах хрыпы Мiкола, Чуе ён няпэўныя рухi. Янька з круглымі ад жаху вачыма забiлася памiж плячом дзеда i сцяной, i дзед толькi на адно iмгненне адарваўся ад струн, каб накiнуць ёй на плечы крысо дзiравай свiткi. Алесь убачыў гэта i сцiснуў далонямi скронi, так шкада яму стала сябе i ўсiх. «Хто такi? — спытаў Касьян Мiколу. — Цi не мiшка, баранi нас божа?» «Не, не Мiшка, — проста кабыла», — Адказаў Мiкола спакойна… Памiж хвояў стаiць кабыла, — Не кабыла, а здань без цела. Страшна рэбры стырчаць, як латы З абадранай страхi сялянскай. Карак збiты, бяльмо на воку… I… жарэбiцца тая кабыла! Голас дзеда сарваўся. Пацягнулася да святога, Як дзiцёнак хворы, зiрнула: «Можа, гэты мне дапаможа?» Стаў Мiкола, макаўку пачухаў: «Брат Касьян, давай дапаможам». Тут, як чорт, Касьян раззлаваўся: «Гэтай падле найлепей здохнуць, Чым цягаць барану i бярвеннi Ды жывiцца гнiлою саломай. Канавал я, цi што, нарэшце? Хочаш — пэцкай мужыцкiя рукі. Я прыйду на неба незайманым, Чыстым стану прад божыя вочы». Юрась з жахам глядзеў на дзеда. I дзед спаймаў яго позiрк, усмiхнуўся i без музыкi, — струны яшчэ замiралi, — амаль скорагаворкай, пaвёў песню далей. Тут Мiкола склаў сваю свiтку, Вогнiшча развёў мiж лаўжамi. Сеў Касьян да цяпла, рукi грэе, А Мiкола стаiць ля кабылы, Мацае ёй бруха рукамi, Па крыжы далонямi гладзiць… Каб ля Оршы ён быў канавалам Паўрубля яму б заплацiлi, Завалiўся б грашыма Мiкола. Нясмелая ўсмешка дрыжала ў краёчку вуснаў Паўлюка. Ён нягучна крануў Алеся ў бок, i Алесь адказаў усмешкай. Зноў павялi свой напеў, загулi струны. Цiха-цiха. Не спявалi яшчэ i пеўнi, Як кабыла глыбока ўздыхнула: Мокры, цёплы белы жарэбчык Мякка лёг у Мiколавы рукi. Аж да поўдня чакаў Мiкола, А пасля ён пагнаў худобу, I за ёй жарабятка пабегла. З палёгкаю ўздыхнула i легла на бок Курта, быццам i яна зразумела, што ўсё скончылася добра. А сонца сядала, i зелень дрэў набыла аранжавае адценне. Йшлi яны i прыйшлi на паляну. На паляне — курная хата. Каля хаты чвэртка валокi I сухая старая дзiчка. Стаў Мiкола у лесе i бачыць: Гаспадар бяжыць да кабылы. На нагах падраныя поршнi, Твар змарнелы, на твары слезы. Адвярнуўся Мiкола i кажа: «Вось i ўсё, хадзем, брат Касьяне, Паспяшаем хутчэй на неба, Дасць нам бог за затрымку па шыi». |