Литмир - Электронная Библиотека
A
A

І таму Алесь, які да гэтага жыў у іншым свеце, асабліва балюча ўспрыняў гімназічныя абставіны. Цесна, задушліва, убога па думцы, абмежаваныя настаўнікі.

У будынку доўгія, вельмі змрочныя калідоры са скляпенчатай столлю. Падлогі калідораў і прыступкі сходаў выкладзены чыгуннымі плітамі з візарункам. Пліты адпаліраваныя да бляску пасярэдзіне, а ля сцен чорныя, з цяжкім, як чыгунны галаўны боль, адценнем.

Бразгоча званок. Выйдзеш у калідор, а за адзіным акном не Дняпро, а казённыя гарадскія муры, усе пафарбаваныя ў аднолькавы «іерусалімскі», а па-простаму, па-малярску, — жоўты колер.

Увесь горад нагадвае казарму або бальніцу. І ад гэтай казарменна-бальнічнай дзейнасці хоць ты ваўком вый.

Ён хацеў быў папрасіць бацькоў узяць яго адсюль, адправіць у іншае месца або за мяжу. Туды пускалі неахвотна, але Вежа мог дабіцца дазволу.

Спачатку гэтаму перашкодзіў гонар.

А потым ён нават узрадаваўся, што не ўцёк. Таму, што Мсціслаў прывёў да яго сяброў: Петрака Ясюкевіча, Усяслава Грыму і Мацея Біскуповіча, сына таго пана Януша, з якім Загорскія ездзілі на Кроеравы «хаўтуры». Мацей падобны на бацьку як дзве кроплі вады. Ясюкевіч гожы, як дзяўчынка: велікавокі, з валасамі як залатое павуцінне. А Грыма проста цяльпук, але самы разумны з усёй кампаніі. Гэта было відаць хаця б па тым, што галава ў яго была вялізная і ўся шышкаватая, «розум лез наверх».

З месяц яны прыглядаліся да Алеся, а потым Грыма зайшоў да яго і сказаў, што яны складаюць адну грамаду, што гэтая грамада ставіць сваёй мэтай выхаванне карысных людзей і што яны прапануюць Алесю стаць іхнім таварышам, калі ён таго захоча.

Алесь згадзіўся, і яны ўрачыста прынялі яго пятым членам у «Братэрства чартапалоху і шыпшыны». Члены яго чыталі недазволенае і спрачаліся да пены на вуснах. І ўсё адно гэта было цікава, бо Грыма даставаў аднекуль такія кнігі, сам выгляд якіх дыхаў недазволенасцю і небяспекай. Даставаў часцей за ўсё на адну ноч, таму чыталі ўголас і спрачаліся аж да позняга зімняга світанку. Гэта было зручна рабіць у кватэры Загорскіх або ў невялікім пакойчыку Грымы, дзе ён жыў адзін.

Чыталі польскія падметныя лісты і перапісаныя ад рукі вершы Міцкевіча, чыталі ранняга Пушкіна і «Ліст да Гогаля», чыталі, амаль не разумеючы, Фур'е (захапляла ў ім смеласць, а не думкі) і кнігі «Современника».

Аднойчы трапіў у рукі каліграфічна перапісаны рукапіс «Тараса» — яго таксама зразумелі як забароненую рэч і за адну ноч перапісалі, рагочучы да рэзі ў жываце, каб у кожнага было па экземпляры.

Але гэта было спачатку. Пытанне, пастаўленае перад кожным, патрабавала адказу. Юнакам, амаль дзецям, неадкладна трэба было ведаць, хто яны такія. І тады сталы заваліліся кнігамі па геаграфіі і гісторыі. Алесь шукаў усё, што толькі было магчыма, па гісторыі. На калядныя вакацыі ён спустошыў частку дзедавай бібліятэкі.

За месяц да гэтага рускі флот ураганнай бамбардзіроўкай паслаў страшны агонь на турэцкі порт Сіноп. Неба, караблі, самае мора палалі нястрымна і ўтрапёна. Пачалася сапраўдная вайна, якая павінна была прывесці імперыю на грань краху. Але хлопцам амаль не было да яе справы, бо яны адкрывалі сябе, плакалі над лёсам Ветра, Дубіны і Мурашкі, слухалі аб подзвігах княза Вячка, Міхала Крычаўскага і князя Давіда з Гарадка, сціскалі кулакі, перажываючы бітву на Крутагорскіх палях або сечу на Іваньскіх грывах.

…Перад вачыма падлеткаў, нібы невядомы, уставаў іх родны край. Бясконцыя імшары, пушчы, закінутыя старажытныя гарадкі на балотных астравах, дзе і дагэтуль вісяць на галінах трохсотгадовых дубоў званы. Той змрочны, лясны, тужлівы, але самы родны свет, дзе яны нарадзіліся: Волхава балота, на дзевяноставярстовай гладзі якога гараць балотныя агні, а па берагах знаходзяць рэшткі караблёў ды скамянелыя бярвенні бясконцых дарог, усмактаных на трохсажнёвую глыбіню, Прыпяць і сівавусы Нёман, і багатыя падняпроўскія гарады.

Яны бачылі бязмежныя палавені, якія часам нясуць на сваёй вадзе драўляныя капліцы, асеннія лясы, што палаюць, як грамнічная свяча, і чыстыя крыніцы, у якіх плаваюць лубяныя карцы.

І крыўдна рабілася за спусташэнне, забытыя магілы і забітых людзей, за прыгнёт, за свіст шпіцрутэнаў на Лукішках, за абрыдлівыя паласатыя шлагбаумы, што закрывалі ўсе дарогі і, здавалася, нават шлях да шчасця.

Яны не ведалі яшчэ, што слава чалавецтва не ў мінулым і што біцца трэба не за мінулае, але іхні парыў быў сумленны і чысты.

Пяцьдзесят трэці год зноў прынёс неўраджай. Дрэнная была азіміна, дрэнная была і ярына, бо ў час жніва лілі дажджы і прарастала ў полі нязжатае жыта.

Людзі галадалі і елі хлеб, падобны на торф. Больш-менш чысты хлеб давалі толькі зусім маленькім дзецям. Цар не мог не ведаць гэтага — усе чулі пра данясенне генерал-губернатара магілёўскага, віцебскага і смаленскага Ігнацьева. Той пісаў пра страшныя рэчы, пра жабрацтва адных і несумненную раскошу другіх.

Цар ведаў гэта, але не хацеў нічым памагчы зямлі, жыхары якой дайшлі да апошняй ступені галечы і прыніжэння.

І хлопцы зразумелі, што гэта не бацька, а айчым. Айчыма можна ненавідзець, і яны цяпер ненавідзелі яго ўсёй сілай нянавісці, якую толькі маглі змясціць іх дзіцячыя душы.

Алесь зрабіў і першую выснову з гэтай нянавісці, калі яны з Мсціславам ехалі дадому на калядныя вакацыі ў прысланым Вежай вазку.

Снежнае поле курэла. Белыя змеі паўзлі па гурбах да кібіткі і перасякалі сляды палазоў. Прывідна матляліся ў зеленаватым святле месяца чорныя палыны ля дарог. Фурман спяваў нешта сабе пад нос.

Юнакам было трохі халаднавата, і яны шчыльней заціскаліся пад мядзведжую апону. Няяснае святло месяца падала ў акенца вазка.

— Ведаеш, Мсціслаў, — сказаў раптам Алесь, — сэрца не вытрымлівае, калі глядзіш на ўсё, што вакол. Так шкада гэтых бедных людзей, гэтую сірату-зямлю.

— Сказаў яшчэ. Каму не шкада. А што рабіць?

— Астаецца адно, — сказаў Алесь глуха.

— Што?

— Зброя.

Мсціслаў варухнуўся пад апонай.

— Разумная галава думала аж дзве хвіліны. Хто яе возьме? Ты? Я? Грыма?.. Пяць гімназістаў. Ты ж ведаеш: і ў нас, і ў шостым, і ў сёмым класе больш не знайшлося ніводнага.

— Можа, і ёсць, ды маўчаць.

— Дык будуць маўчаць і тады.

— Вашчыла пачаў з трыма сябрамі, — сказаў Алесь. — А потым вакол іх стала войска.

— Ну і скончыў, як пачаў.

— Але ж чатыры гады трос дзяржаву.

— Тады народ быў смелы.

— А цяпер? Цяпер яму яшчэ горш. Лепей смерць, чым гэтакае жыццё. Усе разумеюць: гэта пякельнае, абразлiвае рабства!..

Мсціслаў глядзеў праз акенца, завея паўзла на сляды палазоў.

— Не, — сказаў ён нарэшце. — Ты ведаеш, я не баязлівец. Але колькі нас. Мы толькі пачалі разумець сябе. Нават калі мы знойдзем яшчэ сотню-другую людзей, гэта скончыцца стратамі і ганеннямі. Наша маленькая думка проста не вытрымае, згасне, мы загінем, а з намі першыя парасткі. І тады нам канец.

Дзеці сур'ёзна гаварылі аб паўстанні і зброі, і гэта было б нават смешна, каб не іхнія пашыраныя вочы, ліхаманкавы румянец шчок і перарывістыя галасы.

— Не, — паўтарыў Мсціслаў. — Мы страцім усё, прыдбанае з такой цяжкасцю.

— Ты мяне не зразумеў, — сказаў Алесь, — я не кажу пра бунт сепаратыстаў, я кажу пра бунт нездаволеных, хто б яны ні былі. Палякі… рускія… літоўцы… людзі Інфлянтаў.

— Тым больш, — сказаў Мсціслаў. — Астатнім што?! У іх шмат астанецца, калі расстраляюць нават тысячы. А ў нас не астанецца нічога, нават калі расстраляюць сто чалавек. Мы маленькі агеньчык, які ледзь пачаў гарэць.

— Знойдуцца яшчэ.

— Праз сто год? — іранічна спытаў Мсціслаў. — Гэта ты важна прыдумаў.

— Няхай, — упарта сказаў Алесь. — А зброю браць усё адно давядзецца. Да таго часу знойдзем людзей… Зразумей, трэба… У рабстве гіне дух.

Вазок ехаў цяпер зусім па чыстым полі, пакідаючы за сабою самотны звілісты след. І ўсё паўзлі, паўзлі на гэты след белыя змеі.

…Дзед быў усё той самы. Сустрэў абодвух з лёгкай іроніяй і дрэнна схаванай пяшчотай у старэчых вачах. За вячэраю гаварылі аб нязначным: аб зайчыным паляванні, аб тым, што Кроер яшчэ раз паўтарыў свае хаўтуры, на гэты раз куды больш віртуозна, і зноў многія трапілі ў ягоную пастку; аб тым, што ў Маскве згарэў Вялікі тэатр.

67
{"b":"829351","o":1}