Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ягонае кругленькае цела калыхалася ад дабрадушнага смеху.

— Ды ён яшчэ i вальтэр'янец, — заўважыў з карэктным гумарам Ходзька. — Будзеце адказваць на тым свеце, пане Вінцук.

— I не буду. I зусім не буду, — калыхаўся гарбун. — У жартах граху няма. І што ж, што татарын. Усякае дыханне хваліць пана бога.

Кіркору, відаць, было замала рэкамендацый, хаця для Алеся абодва паэты, як людзі, былі ўжо зразумелыя.

— Абодва на гаворцы пішуць. На літоўска-мужыцкай.

Алесь звёў бровы:

— Па-беларуску, значыць?

Ходзька нахмурыўся. А вочы Марцінкевіча раптам, на адно імгненне, перасталі быць усмешлівыя, зірнулі на хлопца добразычліва, цвёрда.

«Эге, — падумаў Алесь. — Не такі ты, відаць, прасцячок, не такая божая душа. Ты, брат, дзе трэба, i характар можаш паказаць». I супакоіўся, што знайшоў зразумелага i блізкага чалавека.

— Бачыце, — сказаў Ходзька. — Вось ён, першы плён вашай працы. 3'явіўся ўжо беларус, ды яшчэ i князь. Глядзіце, каб хутка не з'явілася яшчэ, замест мужыцкай гаворкі, нейкая беларуская мова.

— Я не чытаў твораў пана Марцінкевіча, — сказаў Алесь. — Але існаванне беларускай мовы не залежыць ад нашых з вамі жаданняў, пане Ходзька. Як яе ні называй, яна проста — icнye.

Непачцівы Грыма, як заўсёды, рэзнуў проста ў Ходзькавы вочы:

— Разважаеце вы, шаноўны пане, з багатай магнацкай званіцы. Гэтыя словы аб «гаворцы» нам у зубах навязлі. Вы тутэйшы, але, прабачце, чым тады гэтыя вашы разважанні адрозніваюцца ад разважанняў нябожчыка імператара?

Кіркор азірнуўся. Зyciм непрыкметна для іншых. I адразу супакоіўся, заўважыўшы, што ніхто не звярнуў yвaгi, што ўсе свае, што ўсе з цікавасцю чакаюць працягу спрэчкі.

Ходзька холадна сказаў:

— Я — паляк беларускага паходжання. Памятаючы гэта, вы не можаце ўпікнуць мяне ў чужой крыві, у нелюбові да зямлі, на якой я нарадзіўся, у няведанні гаворкі, на якой гавораць яе мужыкі. Я павінен яе ведаць, бо як тады іначай весцi гаспадарку. Выйдзе нешта накшталт непрыемнасці з вaвiлонскай вежай. Але, я лічу, гэтая гаворка зжыла сябе, як зжыла сябе яшчэ некалькі стагоддзяў назад беларуская ідэя. Нічога не зрабілі, акрамя войнаў i звад…

— Толькі Біблію адны з першых надрукавалі, — сказаў Алесь. — Першыя сярод усходніх славян.

У вачах Марцінкевіча Алесь заўважыў пыльную цікавасць.

— Можа, вы не будзеце мяне перабіваць? — сказаў Ходзька.

— Калі ласка, — сказаў Алесь. — Я проста ўдакладніў некаторыя не зусім… пэўныя пастулаты пана.

— Дык вось, — сказаў Ходзька. — Ідэя скампраметавала сябе.

— Або вы яе скампраметавалі, — буркнуў Грыма.

— Ажыўляць нябожчыкаў — гэта не справа гicторый. Мы проста адгалінаванне польскага племені, слабое, чэзлае, якое ідзе дарогаю апалячвання. І хоць гэтай гаворкай гавораць пяць мільёнаў, але яна проста «рабочая мова», каб работнікі рознага паходжання разумелі адзін аднаго.

— Пяць мільёнаў!.. Цi не занадта многа для «рабочай гаворкі»? — сказаў Алесь.

— Я паважаю вашы пачуцці, — сказаў Ходзька. — Але цi не занадта вы малады, каб…

— Чакайце, — сказаў са свайго кута Сыракомля. — Гэта забаронены ўдар.

— Чаму забаронены? — умяшаўся Лізагуб. — Мы сапраўды яшчэ мала ведаем у параунанні з панам Ходзькам.

— Малады чалавек, — сказаў Сыракомля. — Веды i вера ў радзіму — розныя рэчы.

— Магчыма, пане Кандратовіч, — у голасе Лiзaгуба прарвалася непрыязная нотка. — Я проста кажу, што некарэктна перапыняць старэйшага госця.

Ходзька кінуў на яго ўхвальны позірк:

— Я ўдзячны вам. Не турбуйцеся. У мяне яшчэ няма старэчага маразму.

— Паважаю пана, — сказаў Лiзагуб. — Але дадам толькi адно. Брыдка, калi адукаваны чалавек, князь, пачынае насiць лапцi праз нейкiя там меркаваннi. Гаворка гэтая для людзей вашай культуры — тое самае, што лапцi замест чаравiкаў.

— Глупства, — раптам сказаў Марцінкевіч. — Выходзіць, я лапцюжны паэт? I пан Кандратовіч таксама?

— Не звяртайце ўвaгi, — нервова сказаў Сыракомля. — Я не хачу пакрыўдзіць пана Лізагуба, сказаўшы, што яго словы — праява злачыннай абыякавacці да перакананняў.

I замкнуўся, нервова перабіраючы брэлокі. Лізагуб, на знак павагі да слоў паэта, схіліў галаву.

Усім было трохі някавата. Алесь бачыў, што ўсе глядзяць на яго. Нават Манюшка кінуў сваю каву i ўглядаўся, мружачы добрыя вочы.

— Я адкажу спачатку пану Марцінкевічу, — сказаў Ходзька. — Не, я не кажу, што ваша паэзія лапцюжная. Я з прыемнасцю слухаю вашы ідыліі. Ваша «Сялянка» — гэта добра.

— Калі-небудзь я напішу такую ідылію, што вы не будзеце ведаць, куды схавацца ад людскога смеху, — буркнуў гарбун.

— Не, яна не лапцюжная. Яна недарэчная. Пішучы на беларускай гаворцы, вы насаджаеце сярод мясцовага люду, сярод мужыкоў i нават сярод некаторых дваран, як мы бачым, правінцыялізм.

Дунін-Марцінкевіч засмуціўся. Развёў рукамі.

— Я не хачу звадаў, — глуха сказаў ён. — Я хачу i намагаюся пераканаць у патрэбнасці гэтага ўcix… Я хачу, каб yciм было добра, каб на зямлі панавалі гармонія і радасць. Досыць ужо вытрымаў агню гэты няшчасны край. I што ж, мяне кусаюць адусюль. Няма такога сабакі, які не палічыў бы cвaiм абавязкам ухапіць мяне за нагу. А я не хачу даваць кухталі людзям. Нават дрэнныя, яны — людзі.

— Гуманізм, які б'юць і справа і злева, — буркнуў Грыма. — Зноў тое самае.

Але гарбун, відаць, не заўсёды трымаўся таго правіла, што людзям трэба дараваць, нават калі яны кусаюць за ногі. На ягоныя вусны ўспаўзла павольная разумная ўсмешка.

— Самае дзіўнае, што ніхто не выступіў супраць маёй паэзіі ў каралеўстве, у Польшчы. Лаюцца толькі тыя, каму гэтая справа павінна была б стаць блізкай, нашы паны. Больш ваююць за Польшчу, чым самі палякі. Відаць, таму, што ніколі iм не быць ні беларусамі, ні палякамі, ні немцамі, хоць яны схільны быць і тым, і другім, і трэцім.

— Зразумейце, пане Марцінкевіч, — сказаў Ходзька. — Я не супраць гэтага як рэдкасці, як своеасаблівага рарытэту. Але ж гэта наследаванне нязграбных тутэйшых песняў… Ці варта паўтараць тое, што памрэ.

І тут Алесь убачыў, як гаротна затрэсліся вусны інтэлігентнага каротказорага чалавека, які дарма намагаўся схаваць за кавай сваю разгубленасць і ніякаватасць.

— Я таксама gente albarutenus natione polonus[75], — сказаў Манюшка. — Мяркую, нядрэнны паляк. Мне добра быць палякам. Але я ніколі не дайду да думкі, што быць палякам — азначае душыць астатніх. Быць палякам — гэта, хутчэй, змагацца за шчасце астатніх. I вы дрэнна цяміце ў музыцы, пан Ходзька, калі ганіце тутэйшыя песні… Гэта ўжо я магу вам заявіць.

На твары чалавечка на хвіліну з'явіліся рысы вышэйшай адухоўленай прыгажосці.

«А мо сапраўды бог?» — падумаў Алесь.

— Яны, песні, не хочуць быць рарытэтамі. Яны звіняць, смяюцца, плачуць. Нават уначы, у сне, я чую іхнія галасы. Я ад Польшчы, я і ад іх.

І нібыта звяў. Зноўку сеў, не ведаючы, куды падзець рукі. Манюшка i Дунін-Марцінкевіч пераглянуліся. Гарбун усміхнуўся, схіляючы галаву.

— Што ж, — спытаў Ходзька, — замест Чымарозы смярдзючы мужык?

— Я з мужыкоў, — сказаў Каратынскі, — будзеце злоўжываць гэтым — скончыцца дрэнна.

— Што ж, — сказаў Ходзька. — Шлях натуральны. Замест культурнага, памяркоўнага гаспадара — п'яны кат з бузуном.

— Мы не хочам ні ката, ні гаспадара, — сказаў Грыма. — Мы хочам волі.

— А атрымаеце бізун… Вам далі магчымасць часова развіваць сваю гаворку. Бо вы — наш фарпост. Але тое, што робіцца тут, — гэта ўжо занадта. Пісаць на ёй? Называць сябе быдлячым iмeм? Калі мы дазволім такое — вас самнуць.

Алесь адчуў, што ў яго звініць у галаве ад гневу.

— Мы, здаецца, пачыналі спрэчку з вамі?

Ходзька з цікавасцю глядзеў на шэравокага маладога чалавека.

— Кажыце далей, — памяркоўна дазволіў ён.

— Нам не трэба нічыйго дазволу на тое, каб дыхаць, — перахопленым горлам сказаў Алесь. — А пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак натуральна, як дыхаць. — Ён павысіў голас. — Мы не хочам быць нічыім фарпостам. Чым слова «магнат» лепшае за слова «барын»? Досыць, панюхалі.

вернуться

75

Паходжання беларускага, нацыі польскай (лат.)

76
{"b":"829351","o":1}