Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— У семнаццатым стагоддзі мой продак, Амброзій Самойлаў Каліноўскі, купіў маёнтак у Бельскай зямлі.

— І няблага зрабіў, — сказаў Вежа.

— Мы там не прабылі і сотні год. Роўна праз дзевяноста, у тысяча семсот шэсцьдзесят дзевятым, прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі.

— Як жа клікалі яго высакароднасць?

— Мацеем… А далей пачалі жыць так. Што праўда — у шляхецтве нам не адмаўлялі. Пацвердзілі яго трыццаць тры гады назад на беластоцкай губернскай зборні. А праз дзесяць год, пасля паўстання, пачалі нас усіх гнаць у аднадворцы. Тысячы людзей пайшлі ў падатковы стан. Бацька пабіваўся, як той лін аб лёд. Праз чатыры гады пасля паўстання ён (а яму ішоў ужо сорак адзін год і пазнавата было пачынаць «справу», але з голаду здыхаць — таксама рана) пазычыў у фабрыканта з Астраленкі, Ігнацыя Бонды, грошай, ды сам далажыў, ды і адкрыў у Мастаўлянах сваю «справу». Пан Радавіцкі дазволіў. Шкадаваў беззямельных. Ды і гонар: «споспешествовал промыслам в крае». Спачатку было на фабрычцы чатыры варштаты. У год майго нараджэння, у трыццаць восьмым, ужо дзевяць, з семнаццаццю рабочымі. А ў саракавым годзе, калі Бонда паступіўся сваёй доляй, стала ўжо дванаццаць ваштатаў і дваццаць рабочых.

Вежа слухаў гэтую сумную гісторыю пакутнай бітвы за дабрабыт, кавалак хлеба і незалежнасць без усмешкі. Вочы яго былі ласкавыя і сумныя.

— Пяўся, як вол у баразне, — казаў далей Кастусь. — Дзіва што! Такая сям'я. Трэба было ўсё павялічваць колькасць варштатаў. Узбіваўся ўжо на пятнаццаты, а тут ледзь не крах. Палатніна пачала выходзіць з моды.

— Вядома, — зноў вяртаючыся да ўлюбёнай іроніі, сказаў Вежа. — Куда ўжо нашым дарабковічам на палатняных абрусах есці, пад палатнянай прасціной спаць, палатнянай сурвэткай выціраць вусны… А што, палатніну выраблялі простую?

— І простую, і чынаватую, і клятчастую. Але ўсё ледзь не пайшло макам. Выручыла лібаўская філія данцыгскай фірмы «Ленке і Берг». У іх на палатніну заўсёды попыт, а ў нашым пасведчанні сказана, што нашы сурвэткі і абрусы не горшыя, а чынаватае палатно лепшае за замежнае.

— Спадобіўся пан Сымон, — сказаў Вежа.

— Спадобіўся, ды не дужа, — сказаў Кастусь. — Бо якраз памерла маці.

— Ты яе памятаеш? — спытаў Алесь.

— Дрэнна, — адказаў Каліноўскі. — Амаль не памятаю. Ведаю толькі: прыгожая была. Часам сустрэнеш жанчыну з добрым гожым абліччам — і шукаеш у яе рысах матчыны. Мо такая была. А мо і не такая. Не помню. Ведаю толькі: маладая была надзвычай прыгожая.

— Якога роду? — спытаў Вежа.

— Вераніка з Рыбінскіх.

— Н-не ведаю, — на гэты раз ужо ўсур'ёз сказаў стары.

— Я дрэнна яе памятаю. Толькi рукi. I яшчэ вочы. Ды песню, якую спявала. Захварэла задоўга да смерцi. Расказвалi, якраз калi хрысцiлi мяне. Прывезлi ў Ялаўскi касцёл. Быў познi вечар. Пакуль на бабiнцы рыхтавалiся, купель ставiлi, пакуль тое — матуля з кумою ды мной пайшлi па цвiнтары прайсцiся. Цвiнтар там вялiкi. Падышлi да магiлы Леакадзii Купчэўскай, швагеркi ялаўскага пана (яна маладая памерла, i ўсе казалi, што матуля чымсьцi на яе падобная была, толькi прыгажэйшая, i таму мацi заўсёды там спынялася). Стаяць. А з-за помнiка, з-за барэльефа панi Лiёшкi — раптам морда. Ды страхалюдная, зарослая.

Пакуль зразумелі, што гэта мясцовы юрод, Якубка Кот, — ногі ў абедзвюх самлелі. А той ідзе за імі да касцёла, вытанцоўвае ды кажа нешта накшталт: «Кумы дзіця хрысцілі, горла крапілі, у кажушаны рукаў паклалі, па дарозе згубілі… Ляжыць дзіця на марозе, свечачкі вакол. Пальчыкам варухне — перуны смаляць, кулачок сцісне — грамніцы б'юць. У “чорнага”! У “чорнага”!» Маці крок паскарае, а той плача: «Падбярыце дзіця, добрыя людзі. Ці доўга яму, халоднаму, пальчыкам варушыць? А людцы міма ідуць, а грамнічкі слабнуць. Вох-вох!!!» Юрода, вядома, пагналі. Ледзь пачалі хрысціць — грымоты за цвінтаром. А гэта сусед, Цыпрук Лазарэвіч, сабраў хлопцаў і кажа: «Пагрымім на шчасце кугакалу». Ну, і стралялі ў неба. А ўсім спачатку здалося — грымоты. Пасля юродавых слоў жанчыны аж абамлелі: грымоты ўзімку. Хросная казала: з гэтага дня ў маці і пачалося. Пачала марнець, чэзнуць. Работы шмат. Дзяцей адных дванаццаць чалавек. А яшчэ маладая. Мяне чамусьці вельмі шкадавала.

«Чым жа вы багатыя, панове? — успомніў дзед. — Дзецьмі, ды смехам, ды дняпровай вадой».

А Кастусь расказваў далей:

— Памерла. Бацьку трэба было думаць, як з дзецьмi. Без мацi не кiнеш. А ў таго Цыпрука Лазарэвiча, што на маiх хрэсьбiнах у неба страляў, — сваячка. Трохi з тых гадоў выйшла, калi сваты ля варот ацiраюцца, i прыгажосцi не першай, але добрая баба. Так i з'явiлася ў мяне мачыха Iзабела, ды яшчэ сем братоў i сёстраў. Дзевятнаццаць было б усiх, але двое памерла.

Кастусь памаўчаў.

— У мачыхі знайшліся сякія-такія грошы, бацька наскроб, i купілі мы фальварак, а пры ім дзве сотні трыццаць дзесяцін зямлі. Па трынаццаць дзесяцін на чалавека. Фабрыку перавезлі, жыць стала як адной купай — дык i не дрэнна. Ну i што? Падзеліш — зноў бязглуздзіцца. Горш за іншых сялян. Бацька старэйшых сыноў — вучыцца, на свой хлеб. I, карыстаючыся, што зямля ёсць, — парогі абіваць. «Куку ў руку» даваць. І вось у гэтым годзе, урэшце, уганорылі, далі сенацкую пастанову: лічыць уладара фальварка Якушоўка, Сымона Стафанава Каліноўскага, год шасцідзесяці аднаго, веравызнання рымска-каталіцкага, як i нашчадкаў ягоных, дваранінам. Дваццаць чатыры гады спатрэбілася на прысуд. Пачаў дабівацца малады, у трыццаць пяць год, маці была маладая, здаровая, а дабіўся — руінай. Ненавіджу я ўсё гэта.

На сківіцах у Кастуся хадзілі ўпартыя жаўлакі. Гарэлі на шчоках дзве чырвоныя плямы.

— Нішто, брат, — сказаў Вежа. — Вывучышся вось, галава ў цябе добрая, дойдзеш да вялікіх начальнікаў — толькі перайка з «меншых» ды з «малодшых» братоў паляціць.

— А што, — усміхнуўся Кастусь. — I тарыф над галавою павешу, як зэльвенскі пісар: за подпіс тры рублі ды пірог з вязігай, за пацвярджэнне дваранскай годнасці — тысячу рублёў ды жонцы сем аршынаў аксаміту. А я сам — у сенаце шышка дужа вялікая. Заходзіць гасудар імператар выпадкова: «Гнаць, — кажа, — яго за такую таксу».

— Правільна, — буркнуў Вежа. — «Бо ён нам усім цану збівае, — скажа імператар. — Мне унь за канцэсію на пабудову чыгункі колькі плацяць, ды і то мала. А тут… пірог з вязігай. У дурня і песня дурная»[73].

Лiлося праз вокны ў пакой святло месяца i змешвалася з ружовым святлом свечак.

— Ты што, Кастусь, — спытаў Вежа, — ты, значыцца, паляк?

— Не, я тутэйшы, — асцярожна сказаў Калiноўскi.

— Ён беларус, дзеду, — сказаў Алесь.

— А гэта што такое? — непаразумела спытаў дзед.

I тoлькi тут упершыню заўважыў, як малады чалавек напружыўся, нiбы яго ўдарылi, зiрнуў на Вежу змрочнымi вачыма.

— Ён жа вам казаў, пан Вежа, — сказаў Каліноўскі.

— Я казаў табе, — сказаў Алесь.

— А, — нібыта ўспомніў Вежа, — прыпамінаю. I вы верыце ў гэтыя жарты?

Тут успыхнуў i Алесь. I Вежа зразумеў, што зайшоў далекавата. Але бес усё яшчэ сядзеў у iм.

— Як жа не паляк, — сказаў ён. — Хрысцілі цябе ў касцёле. Веравызнання ты — рымскага.

— Ну i што, — цяжка рухаючы сківіцамі, сказаў Кастусь. — Прашу прабачэння, заўтра я ахрышчу вас у касцёле — i вы не станеце з гэтай прычыны палякам. А я перайду ў магаметанства i не стану туркам. Будзе беларус магаметанскага веравызнання і беларус веравызнання каталіцкага.

— Нядрэнна для пачатку, — сказаў дзед.

— I для канца нядрэнна. Тым больш што ваш малодшы ўнук — каталік. Па вашаму загаду.

Вежа ажно вохнуў. Чарцяня біла проста пад дыхала.

— Але ж мясцовасць, адкуль ты родам, гэта Польшча?

— Магчыма, — сказаў Кастусь. — Але цяпер гэта Гродзенская губерня. А заўтра наш… гм… Аўгуст… далучыць да Гродзенскай губерні Варшаву.

— А жыхары, якія называюць сябе ліцвінамі, а свой край Літвою?

Размова i падабалася i не падабалася Вежы. Падабалася, бо чарцяня ведала, чаго хоча. Не падабася, бо гэтыя веды пагражалі і ўнуку i самому чарцяняці небяспекай.

вернуться

73

Прадажнасць вышэйшых колаў дасягнула небывалых памераў. Нягледзячы на частыя працэсы, кралі ўсе, і вінаватых не было. Канцэсія на пабудову чыгуначнай лініі каштавала таго, што каштуе, плюс мільён-паўтара рублёў хабару. Калі пасля забойства Аляксандра ІІ ацэньвалі ягоную маёмасць, дык толькі «добранабытая» ім самім сума дасягала амаль шасцідзесяці мільёнаў.

72
{"b":"829351","o":1}