Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Конь, асядаючы на зад, спускаўся да наплыўнога моста, які нехлямяжа ляжаў на вадзе.

Алесю не было часу разглядаць усё. На станцыі чакаў і вось-вось мог паехаць Кастусь.

Конь загрукатаў падковамі па насціле. Воз з сенам трапіўся якраз на сярэдзіне — і вада заліла бабкі каню. Конь пацягнуўся да вады, Алесь падняў цуглямі ягоную галаву.

Справа тырчалі з вады магутныя, напаўразбураныя аркі каменнага моста, калісьці, відаць, такога шырокага, то тры вазы з сенам маглі праехаць побач і яшчэ засталося б месцы двум коннікам.

Гэта былі руіны «моста на крыві», на якім калісь вырашалі свае багаслоўскія пытанні задняпроўскія манахі з іхнімі прыхільнікамі і гараджане з католікаў, узначаленыя шкалярамі з езуіцкага калегіума.

А паколькі на доўгія дыспуты ні ў кога не хапала ні часу, ні розуму, то пераконвалі адзін аднаго ў справядлівасці «свайго» Хрыста спосабам, у якім было мала талеранцыі і яшчэ менш гуманізму. Не апошнімі довадамі ў гэтай спрэчцы было завушэнне, розных ступеняў моцы ўдары бібліяй ці каўчэжцам па галаве, выспяткі.

Да ліку неабвержных доказаў, якія даводзілі няслушнасць апанента і з якімі ўжо не было як змагацца, належалі ўдар бязменам по галаве і скіданне з вышыні ў ваду. І так цягнулася дзвесце год, невядома на чыю карысць.

Узняўшыся на другі бераг, Алесь зноў пагнаў каня. Прамільгнулі з левага боку замчышча, мікалаеўская царква і два касцёлы. Наводдаль лёгка ўзносіліся ў неба дзве званіцы Пакрова-Гумённай царквы.

Замкавай вуліцай вырваўся на Пецярбургскую, высякаючы падковамі іскры з каменных пліт.

Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая — хоць ты пальцам на ёй пішы — паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі кофры і сакваяжы.

Ён асадзіў каня і скочыў з яго, кінуўшы павады.

Нейкія не тыя людзі. Стары чыноўнік з клуначкам… Жанчына ў чапцы, відаць, ягоная жонка… Семінарыст… Два шляхцюкі з сярэдніх.

— Скажыце, дыліжанс па смаленскай лініі рушыў ужо?

У той самы момант, як спытаў гэта ў семінарыста, з радасцю ўбачыў, што не спазніўся.

Кастусь сядзей ля сцяны, на лавачцы. Сядзеў, палажыўшы падбароддзе на сугiб рукi, i глядзеў сваiмi сiнiмi вачымi, як запрагаюць коней. Глядзеў пахмура i з вiдочнай нудотай.

Гэта быў той і не той Кастусь. Валасы па-ранейшаму падалі назад, паказваючы высокі і чысты лоб, але былі даўжэйшыя. Ледзь прыкметна прабіваліся вусы, і хлопцаў рот здаваўся, ад асмужанага ценю над ім, яшчэ больш уладным.

Апрануты ён быў у сурдуцік, у бэжавыя нанкавыя панталоны і запыленыя паўбоцікі. На гожай мускулістай шыі сцягваў каўнер белай кашулі шырокі чырвоны гальштук.

Каліноўскі ўзняў галаву і доўгім непаразумелым позіркам, нібы не пазнаючы, абвёў цёмнага ад загару юнака.

— Алеська…

— Кастусь!..

— Панове, — сказаў гарэлачным голасам станцыйны наглядчык. — Проша сядаць.

— Я… еду зараз, — яшчэ цішэй сказаў Кастусь. — Во і дыліжанс.

— Пайшлі яны са сваім дыліжансам! — выгукнуў Загорскі.

Кастусь збянтэжана муляўся. І тады Алесь працягнуў яму рукі.

— Кастусь!.. Во дык Кастусь.

— Алеська! Братка! Алеська!

Яны кінуліся адзін да аднаго ў абдымкі.

Коннікі няспешным трухам выехалі з дрымотный засені векавой пушчы і ўбачылі пад страшным стромым урвішчам Дняпро. Ён спакойна і рэдка зіхацеў дробнымі хвалямі, як сіняе срэбра.

Яны ехалі адны, далёка наперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту.

…Ноч спалі ў котчым вязку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок.

Кастусь ехаў на снежным Ургу, той быў спакайнейшы. Алесь — на Тромбе, які нікога не хацеў ведаць, акрамя гаспадара.

— Дзівоснай якой прыгажосці коні, — сказаў Каліноўскі.

Алесь усміхнуўся.

— Ведаеш, я аднойчы, яшчэ дзіцем, сасніў дзівосны сон. Разумееш, была ноч і туман. І коні. Белыя, дзівоснай прыгажосці. Я ляжаў ля згаслага вогнішча, а коні схілялі галовы і дыхалі цёпла. А паміж коней стаяла мокрае жарабятка. Снежнае ўсё, а хвост смешны, тоўсты… І туман збягае, а ўсюдых белыя коні.

— Ты, Алесь, часам вершаў не пішаш?

— Спрабую, — чырванеючы, адказаў Алесь.

І тут пачуў нешта такое, чаго ніяк не чакаў ад Кастуся.

— І я часам… таксама, — натуральна і проста сказаў сябар.

— І… добрыя вершы?

— Дзе там, — уздыхнуў Кастусь. — Каб пісаць добрыя, трэба ўвась час працаваць. А я… Мне здаецца, не ў гэтым цяпер наш лёс.

Алесь здзівіўся, так пазмрачнеў раптам твар сябра. Нешта пакутлівае з'явілася ў яго вачах. Ён быў зусім непадобны на Яраша Раўбіча, ягоны сябра, але агульны выраз вачэй, вуснаў, ссунутых броваў зрабіў іх на хвіліну вельмі падобнымі.

— Цябе нешта прыгнятае? — спытаў Загорскі.

— Потым, Алесь.

— Бачу, — сказаў Алесь. — Ты не хочаш, але…

— Я не хачу, але гэта вышэй за мяне.

— І таму ты не хочаш пісаць вершы? Але ж лёс паэта — самы шчаслівы лёс.

— Хто гаспадар у сваім лёсе? Хто ведае, колькі яму дадзена жыцця і калі прыйдзе смерць?

Коні ішлі ледзь не над самай стромай. Салодкі, магутны вецер ляцеў з-за Дняпра, нёс з сабою пах стагоў, водар звялай лістоты, якой іх прыкрылі зверху, пах сырасці і балотных кветак са старыкоў.

— За такую зямлю ўсё аддаць можна, — ціха сказаў Кастусь. — Усё. — І вярнуўся да ранейшай думкі: — А наконт таго, што твой дзед так накінуўся на цябе за мой ліст, то тут я зрабіў, як апошні ёлуп. Ён, відаць, усё разумее.

— Што ўсё?

— А тое. Тое, што раней душылі і хвасталі, а цяпер… цяпер патроху ціснуць. Забяры ў чалавека ў адзін дзень сваякоў, хлеб, волю, мову. Ён жа ўзбунтуецца. Ён зброю возьме. А тут ціснуць патроху, па каліву, па слоўцу, па чалавеку, па песні — непрыкметна адбіраюць.

— Так, — Алесь матлянуў галавою. — І ўсё ж, пакуль тое, цягне цяплейшым ветрам. Вясною… Пасевастопальскай вясною, калі ўжо так называць.

— Пачакай, дасца яна нам яшчэ ў знакі, тая вясна… Яны заўсёды так спачатку. Адпусцяць нібыта, а потым грабуць ды скубуць… Но, не брыкайся! Адпусцілі ж!

Урга пакасіўся на ездака нервовым вокам.

— Новы цар, здаецца мне, дабрэйшы, — сказаў Алесь.

— Паглядзім, — сказаў Кастусь. — Паглядзім, які ён будзе, як прыпячэ.

Яны сядзелі ўтрох у бібліятэцы, за кавай. Дзед у сваім крэсле, юнакі, падкурчыўшы ногі, на канапе. Праз расчыненыя вокны лілося цёплае вячэрняе паветра і ззянне месяца. Дзве свечкі ў кутым жалезным падсвечніку асвятлялі — высока над сталом — сухое аблічча старога Вежы, яго ссутуленыя магутныя плечы, сплеценыя пальцы змаршчкаватых рук.

Дзед з прыхаванай цікаўнасцю раз-пораз паглядаў на Кастуся. Хлопец і падабаўся і не падабаўся старому. Ён-то і разумны, відаць, і шчыры, але адкуль у ім такая самаўпэўненасць, пачуццё гэткай сваёй racio?

А Кастусь разглядаў сівую грыву валасоў, хвалю белых карункаў на пукатых яшчэ грудзях і думаў.

«Таксама яшчэ… выкапень. Проста “сей остальной из стаи славной екатерининских орлов”. Нібы закансервавалі яго тут. І нa табе яшчэ, разглядае».

Пры сустрэчы дзед амаль нічога не сказаў яму, акрамя назначных слоў прывітання. Потым хлопцы абедалі. І вось сядзелі, мацалі адзін аднаго вачыма.

— Дык гэта ты, значыць, і ёсць Кастусь?

— Кастусь… Сымонаў сын… Каліноўскі.

— Дваранін? — спытаў дзед.

— Цяпер зноў дваранін, — сказаў Кастусь.

— Як гэта? Хіба можна быць сёння дваранінім, заўтра купцом, а паслязаўтра зноў у дваране пасунуць?

— Пры такім урадзе, як наш, усё можна, — зрабіў Кастусь першы выпад. — Сёння чалавек — смецце, заўтра — дваранін, паслязаўтра — зноў смецце.

Алесь усміхнуўся, заўважыўшы, як адно з крылатых броваў Вежы прыўзнялося ў непрыкметным для старонняга здзіўленні.

— Гм… Дык як жа гэта выйшла, мо ўжо ты раскажаш мне?

— Магу!

Вежа зручней прымасціўся ў крэсле і праз краёчак кубка кінуў на юнака дапытлівым хітрым вокам.

71
{"b":"829351","o":1}