Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.

— A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія «серафімскія крылы».

Усміхнулася:

— Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам…

— Ды які я яму хросны? — зарагатаў бацька.

— A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна… A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.

— Прыгоннага.

— Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.

I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.

— A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?

— Дык хто пойдзе?

— Уce пойдуць, — сказала старая. — Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б… A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п'янюгі ды сабакары, — прабач, бацюхна.

Памаўчала, падціснуўшы вусны.

— A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.

I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:

— Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка… квадратамі… Га?

— Такія не будуць.

— Ну то тады і добра… Будзе мне занятак на старасці год.

Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.

— Гэты, — пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. — Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе. Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.

Зрабіла рэзкі рух.

— I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы… Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту… Ну, давай пацалуемся, Антаніда… A вы, дзеці, марш гуляць… I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.

Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб'ёў, сыпанулі па сходах.

— Karo яшчэ няма, Georges? — спытала матухна.

— Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.

— Добра. Хай ідуць дзеці, — уздыхнула Загорская.

Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.

Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.

— Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? — спытаў Алесь.

Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.

— Я з маці жыву. I з Янкам. У мяне тры старэйшыя браты… Былі тры браты… Два загінулі на вайне… Адзін — хто яго ведае дзе, мне не кажуць. Я апошняя. Ніхто ўжо не чакаў мяне, a я ўзяла ды і нарадзілася. Усе за мяне таму вельмі баяцца. Толькі я не баюся. Я люблю, каб цёпла. Люблю, калі спяваюць. Люблю, каб мне не перашкаджалі. A баюся толькі, калі хлопчыкі злыя… I сабак.

Алесь слухаў гэта з памяркоўнай усмешкай.

— Мы не будзем злыя, — сказаў Алесь. — Праўда, Мсціслаў? I сабакам яе ў крыўду не дамо. Што сабакі. У мяне унь два кані ёсць.

— Сапраўдныя коні? — спытала малая Клейна.

— Анягож.

Дзяўчынка паглядзела на яго з павагай.

— Ну a ты, Янка? — спытаў Алесь.

— Я зусім як яна, — вінавата ўсміхнуўся хлопец, і ўсе зноў здзівіліся, як па-вясковаму, амаль зусім чыста вымаўляе ён словы. — Толькі я не ведаю, дзе мае бацькі.

— Так зусім і не ведаеш? — спытаў Мсціслаў.

— Помню… Слаба… Помню агні… Вакол іх, на ражнах, сушылі рыбу… I зусім не помню бацькоў… Толькі аднаго Кемізі… Напэўна, ён быў мне брат… Не ведаю… I яшчэ помню жаночыя рукі… Нічога больш — адны рукі… Аднойчы з'явіліся крылатыя чаўны… Людзі казалі — «даў»[33] і паказвалі на іх пальцамі. Дзяцей схавалі, але нас усё адно адшукалі… Усе нашы, акрамя нямногіх, ляжалі на пяску… У Кемізі тырчала ў грудзях палка… Потым нас везлі морам… Потым быў нейкі бераг, і белы-белы пясок, і пячора з крыніцай, куды нас заганялі на ноч. Усё гэта звалася Мангапвані[34], a вартавалі нас людзі ў белых павязках на галаве… Потым я згубіў сваіх, іх не стала… Зноў было мора і потым вялікі горад, дзе мяне зноў купілі… I прывезлі сюды.

— Янка, — падаў голас Мсціслаў. — Няўжо гэта ты ад прыроды такі? Можа, гэта проста таму, што ты мыешся не так, як трэба?

— Я мыюся, — уздыхнуў Янка. — Не, тут ужо нічога не зробіш. I спрабаваць не варта.

— Ну і чорт з ім, — сказаў Алесь. — Падумаеш, бяда вялікая.

Яны сядзелі і гаварылі аб розных цікавых рэчах даволі доўга. Потым здалёк, з лагчынкі пад горкай, ударылі чатыры гарматы. Адным залпам.

— Прыехаў нехта, — з неахвотай падняўся Алесь. — Трэба ісці.

— Сядзі-і, — сказаў Мсціслаў.

— Не, брат, трэба. Можа, гэта дзед. Тады не пахваляць.

— Дзеду тройчы стралялі б… Гэта або Раўбічы, або Кроер.

— Усё адно. Трэба ісці.

Калі яны падыходзілі да круга гонару, на ім, ля самай тэрасы, кідалі павады на рукі слугам два чалавекі. Адзін з іх, худы і жылаваты, вельмі пахмуры, быў незнаёмы Алесю. Гэты чалавек злазіў з белай кабылкі павольна, з падкрэсленай стрыманасцю. Ваўкавата глядзелі вочы з-пад калматых брывоў, доўгія, як вiлы, вусы звісалі на зялёны паляўнічы гарнітур.

Затое другога Алесь пазнаў адразу. Ні з чым нельга было зблытаць гэтыя зеленаватыя, як y рысі, вочы пад брывамі пясочнага колеру. Ні ў кога не было такіх учэпістых рук і такіх кашэчых спрытных рухаў.

Жандарскі паручнік Мусатаў уласнай персонай завітаў y Загоршчыну.

Перадаўшы коней слугам, абодва пайшлі па сходах на тэрасу — адзін справа, другі злева, быццам не жадаючы папіраць нагамі адны і тыя ж прыступкі.

Алесь заспяшаўся. Калі дзеці падышлі да Загорскіх, Клейны і Ісленьева, Мусатаў ужо стаяў перад імі. A пахмуры чалавек чакаў наводдаль, муляўся, быццам не адважваючыся падысці.

— Прабачце, мадам, — сказаў Мусатаў. — У мяне справа да іх сіяцельства.

На абліччы Ісленьева з'явілася грымаса пакуты.

— Ну што яшчэ? — спытаў ён.

Матуля, каб не перашкаджаць віцэ-губернатару, звярнулася да бацькі:

— Чаму ж гэта Кроер не едзе?

— Асмелюся звярнуцца, мадам, — шчоўкнуў абцасамі паручнік. — Пан Кроер не прыедзе.

— Чаму? — спытаў бацька.

— У адной з вёсак пана Кроера бунт, — ціха сказаў Мусатаў.

— Дзе?

— У Півошчах.

— З якой прычыны?

Паручнік паціснуў плячыма. Твар Ісленьева скрывіўся.

— Якія захады вы прынялі? Спадзяюся, ніякіх агіднасцей? Стараліся ўгаварыць?

— Стараліся. На жаль, не дапамагло. Давялося страляць. Ёсць параненыя.

Свежае аблічча графа збялела:

— Ведаеце, чым гэта можа скончыцца?

Голас яго сарваўся. Наступаючы на Мусатава, ён патрасаў перад яго носам белымі сухімі старэчымі рукамі.

— Гэта чорт… Гэта чорт ведае што такое! Beau monde! Notabilités![35] Як вы смелі прыехаць да мяне пасля такога?.. Мала было крыві? Мала шыбеніц на верках?

— Супакойцеся, супакойцеся, граф, — дарэмна спрабаваў сказаць слова бацька.

Мусатаў павярнуўся і пайшоў да сходаў, вонкава амаль спакойна. I толькі тут граф, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў глухім голасам:

— Стойце… Вазьміце з сабою лекара… Спадзяюся, пан Юры дазволіць…

Бацька моўчкі схіліў галаву.

— Вось, — сказаў Ісленьеў. — Загадайце запрэгчы коней… I запамятайце, вы ніколі не з'яўляліся сюды з вашымі ганебнымі звесткамі. Я нічога не чуў… Я нікога не бачыў…

вернуться

33

Судна гандляроў рабамі.

вернуться

34

Астравок ля заходняга берага Афрыкі. База арабаў — гандляроў рабамі.

вернуться

35

Свет! Ганаровыя асобы! (франц.).

21
{"b":"829351","o":1}