Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— A мне ўсё адно… Бацькі ў мяне няма. Маці заўсёды на водах, хворая. Ніхто не прымушае.

— …Ды яшчэ Басак стары і бацькі, калі гавораць са мной, то гавораць па-мужыцку. У чым тут справа?

— A хіба гэта мова для князя? — усміхнуўся Мсціслаў. — Гэта, брат, так… Мужыкі гавораць, бо іх ніхто не вучыў. Хіба іх мову параўнаеш з французскай? Яна бедная і грубая.

— Бадай што, і так, — сказаў Алесь. — Але ж чаму яны не саромеюцца гаварыць на гэтай грубай мове, калі загадваюць мужыкам: «Дашлі сёння сыноў з крыгай. Паны юшку будуць есці, дык, можа, якая рыбіна ўблытаецца?» I тут ужо не саромеюцца такіх грубых слоў, як «крыга», «ублытаецца». Нешта тут не да ладу. Табе што, таксама не падабаецца?

— Мне падабаецца, — пасля доўгай паўзы сказаў Мсціслаў. — Мне нават здаецца, што яна мяккая, толькі іхняе вуха не чуе… Тут, разумееш, нешта накшталт спеву рагоў на псовым паляванні. Італьянец ад яго вушы зацісне, гэта для яго, як Бетховен пасля Беліні, a між тым няма для вуха сапраўднага паляўнічага музыкі, саладзейшай за гэту.

Памаўчаў.

— Толькі… не нашага розуму гэта справа. Потым дадумаю.

У гэты момант y круг гонару ўз'ехала старадаўняя карэта шасцерыком. Спынілася перад сходамі.

— Памыліўся, — вочы Мсціслава смяяліся, — з'явілася нарэшце і добрасардэчнасць. Во, брат, весялосці будзе.

Лёкай абвясціў нейкім асабліва высокім голасам:

— Высакародная панi Надзея Клейна з дачкой.

Сажэннага росту лёкай скочыў з запятак і з ляскам адкінуў падножку, расчыніў дзверы.

— Проша…

У карэце нешта варушылася, не хочучы вылазіць.

Другі лёкай паспеў за гэты час памагчы фурману прыўзняць гальму[32] (пані, відаць, увесь час загадвала трымаць яе на коле, баялася хуткай язды) і зняў з галоўнага каня хлапчыну-фарэйтара, y якога замлелі ногі, a з карэты ўсё яшчэ ніхто не выходзіў.

— Зараз будзе смех, — паўтарыў Мсцiслаў.

З карэты пачулася бурчанне. Потым нехта перадаў на рукі першаму лёкаю моську, вельмі тлустую і азызлую, але — дзіва! — зусім не агідную. Потым яшчэ адну. Лёкай дарэмна спрабаваў прытуліць іх да грудзей адной рукою, каб падаць другую камусьці, хто сядзеў унутры.

— Сабакам нязручна, — сказала з карэты буркатлівае старэчае кантральта. — Трымай Кадошку лепей, чорт бязглузды. A Віялету апусці… Ты што, не бачыш, што яна патрэбу справіць хоча?.. Ды не сунь ты мне сваю руку. Што мне, сто год?

Зноў дзіва: міма Алеся паспяшаў да сходаў бацька. Весела падміргнуў сыну. Збег уніз і, падышоўшы да дзверцаў, галантна падставіў руку.

— I ты яшчэ тут, бацечка… Не рассыплюся, пэўна, неяк.

I тут, нарэшце, з'явілася з карэты і стала павольна апускацца ўніз постаць старой жанчыны, такая незвычайная, што Алесь вылупіў вочы.

Старая была апранута ў карычневы строй з карункамі, такі шырокі, што ўся яе нізенькая постаць здавалася падобнай на невялікі стажок сена. На сівых буклях непрыступна ўзвышаўся беласнежны высокі чапец. Твар старой выглядаў асабліва цёмным пад гэтым чапцом, пергаментна-карычневым. Але цемната гэтая не была безжыццёвай, надта ўжо здаровы буры румянец выступаў на шчоках.

— Ну-к, — прагучала кантральта, — давай пацалуемся хіба, ці што… Пастарэў ты, лэйбус, пастарэў… Спакайната стала ў вачах.

— Якая тут спакайната, — усміхнуўся бацька.

— Я і не кажу, што зусім спакайната. Проста больш чым трэба яе стала. A малайчына быў. Памятаеш, мужа-нябожчыка як з вады выхапіў? Зух быў, зух.

Яна глянула на лёкая з іранічнай ухмылкай, бо той непаразумела глядзеў на Віялету, відавочна не ведаючы, што яму цяпер рабіць. Віялета ляжала, растапырыўшы ўсе чатыры лапы.

— Вазьмі ўжо яе. Аддай Янку. Няхай ляжыць y карэце, калі пераела. Стрымацца не магла, тэльбушына прагная… A сам ідзі ў людскую… Выпі…

Дапытліва зірнула на бацьку:

— Спадзяюся, не паскупіўся ты на гарэлку для людзей?

— Не паскупіўся.

— Ну-ну. Тады ўжо як струбіш багацце — прыходзь да мяне. Хлігер адвяду для цябе дый для сабак тваіх.

I гукнула ў карэту:

— Вылазь, Ядзя. Не бойся, не пакрыўдзяць.

З карэты другі лёкай дастаў маленькую і зграбную, як ляльку, дзяўчынку год дзевяці. Дзяўчынка была, таксама як лялька, апранута ў блакітную шаўковую сукенку, высока, амаль пад пахамі, перахопленую танюткім паяском. Валасы дзяўчынкі, попельныя, бязважкія, ляжалі ў доўгай — на грэчаскі манер — прычосцы.

— Во пакутніца малая, — сказаў пяшчотна Мсціслаў.

Алесь не смяяўся. Клейна не была яму смешная. Занадта добра, працягла, зусім як нейкая вясковая бабуля, гаварыла яна па-мужыцку. I было ў яе мове тое, чаго не бывае не ў вясковых людзей: закончаная меладычнасць кожнага сказа, уласцівая для мужыцкай мовы. Як удых і выдых. Колькі набрала паветра ў грудзі — столькі і аддала ім і праспявала сказ, шчодра, не пакінуўшы для сябе ні драбніцы паветра, каб вымавіць яшчэ адно слова.

A малая Ядвіга і наогул кранала яго. Такая маленькая, як лялька. I раток лялечны. I вялізныя сінія вочы глядзяць з такой нявіннасцю і дабрынёй.

A старая ўжо скардзілася бацьку:

— Што гэта за час пайшоў? Што ўжо за долечка такая ліхая, апошняя? Гасцінец каменем забрукавалі ірады гэтыя дурныя. Грукоча і грукоча пад коламі. Раней дык як добра было! Пыл мякенькі, як той дзьмухавец, рысораў табе гэтых ніякіх. A цяпер! I брук, і рысоры. Быццам каменнямі мяне ўсю дарогу білі, як першапакутніка Стафана, бог яму няхай за ўсё адплаціць дабром… Рысораў напрыдумвалі… Гэта ўжо горш за карабель, на якім да мужа на Каўказ ехала, — так закалыхвала. Пасля іх гэта ўжо апошнія часіны нашы настаюць. Апошняя гадзіначка наша. Мудруюць людзі!

Ядзя прыціснулася лялечным тварыкам да яе рукі, і яшчэ больш пяшчотнай і свежай здавалася скура на шчоках дзяўчынкі ў параўнанні з цёмнымі пальцамі старой.

— Глядзі, — шапнуў Алесю Мсціслаў. — Гэта яшчэ што?

У карэце яшчэ нешта заварушылася, a потым з яе вылез нехта такі дзіўны, што Алесь уздыхнуў. У гэтага дзесяцігадовага чалавека зусім не відаць было носа. Скура чорная, як вакса, і таму нос нельга было адразу заўважыць. Чорны, як сажа, стаяў ля карэты хлопец y блакітным курціку, і толькі вільготна блішчалі яго белыя зубы.

— Гэта мой мурын, — з некаторым гонарам растлумачыла старая пані. — Саслужывец мужа-нябожчыка прывёз падарунак. Вымяняў аж y Турэччыне, калі хлот туды хадзіў…

Мсціслаў падштурхнуў Алеся:

— Пра гэтага і я чуў. Таркайлаў брат плётку пусціў, што гэта яна звычайнага хлапчука сажай вымазала… для пыхі. Дык яна яго набіла. Проста так і набіла старэчым сваім кіем. Каб не плявузгаў.

— A нашы і не ведалі…

— Вашы мала з кім сустракаюцца. Шляхта кажа: грэбуюць, заганарыліся… Ды і я толькі што чуў пра яго. Але ж які чорны! Я і не думаў, што можна быць такім чорным.

Старая з дзяўчынкай і пан Юры ішлі ўжо да сходаў.

— Ды нашто ён вам? — спытаў пан Юры.

— A я i сама не ведаю нашто. Але ж павагу аказаў чалавек, нельга не ўзяць.

Старая ўсміхнулася:

— Мурын… Розныя дзiвы бываюць… ой, розныя!

I занепакоена спытала ў бацькі:

— Быў жа, здаецца, святы з мурынаў? Ці, можа, не?

— Быў, — сказаў бацька. — Здаецца, Хведар-мурын.

— Ну вось, — уздыхнула з палёгкаю Клейна. — A я ж і спрачалася, што быў. Таксама, значыць, божыя душы. З сабак, скажам, a ці то з малпаў святых не бывае, не папусціць бог.

— A людзі папусцяць?

— Людзі, брат, за грошы ўсё што хочаш папусцяць. Люцыпару псалмы складаць будуць, бацькаўшчынай гандляваць, ды яшчэ і ў Бібліі адпаведнае месца адшукаюць, што бог, маўляў, і гэта ім дазволіў.

— Святых жа, здаецца, на ўсяленскіх саборах зацвярджалі? — блюзнерыў бацька.

— A там што, не людзі? Таксама, брат, людзі. Не серафімскімі ж крыламі яны ў Нікеі Арыя завушалі. Звычайнымі кулакамі… Біліся, як мой Марка ў карчме.

— Які гэта Марка?

— Быццам і не ведаеш? Таго, што на аброку? A божа ж мой, Марку майго ён не ведае! Ды той самы, што ў Сухадоле па вулках хлеб без скарынкі возіць…

вернуться

32

Гальма — своеасаблівы тормаз.

20
{"b":"829351","o":1}