Яна пайшла, а Люк яшчэ доўга сядзеў на краі ложка і тупа глядзеў на дзверы. Потым паціснуў плячамі і адзеўся. У Паўночным Квінслендзе гэта робіцца хутка. Нацягнуў шорты — і гатова. Калі паспяшацца, ён яшчэ паспее да аўтобуса, каб вярнуцца на плантацыю разам з Арнэ і астатнімі хлопцамі. Слаўны хлопец Арнэ. Сапраўдны таварыш, хлопец што трэба. Жаніцца — адна дурнота. Пасцель пасцеллю, а мужчынская дружба — гэта зусім іншая рэч.
V. 1938-1953
ФІЯ
14
Мэгі не хацелася нікога папярэджваць пра свой прыезд, і ў Драгеду яе падвёз стары паштальён Непаседа Уільямс, побач з ёю на сядзенні ў машыне спала ў плеценай калысцы Джасціна. Уільямс вельмі ёй абрадаваўся, усё распытваў, як яна жыла гэтыя чатыры гады, але непадалёку ад хаты здагадаўся змоўкнуць і пакінуць яе ў спакоі.
I зноў навокал усё светла-карычневае і серабрыстае, і зноў пыл, і ва ўсім дзіўная чысціня і стрыманасць, чаго так не хапае Паўночнаму Квінсленду. Тут не расце нястрымна, не буяе зелень і не спяшаецца згніць, саступаючы месца новым парасткам; тут у прыродзе адбываецца няспешны і немінучы кругазварот, падобны на рух сузор’яў. Здаецца, яшчэ болей развялося кенгуру. Стаяць невысокія, роўныя, акуратныя дрэвы вілгі, круглявыя, паважныя і сціплыя, быццам добрыя гаспадынькі. Узлятаюць чароды папугаяў гала, над галавою калышуцца ружовыя воблакі іх падкрылля. З усіх ног уцякаюць цыбатыя эму. Саскокваюць з дарогі трусы, задзірліва мільгаюць белыя пушыстыя хвосцікі. Сярод траў падымаюцца цьмяныя шкілеты мёртвых сухіх дрэваў. Калі праязджалі раўніну Дзібен-Дзібена, далёка на выгнутым дугою гарызонце паказаліся гаі — толькі па варухлівых блакітных лініях у самым нізе можна разгледзець, што гэта не сапраўдныя дрэвы, а міраж. Сумна каркаюць вароны — Мэгі і не здагадвалася, што засумавала па гэтым карканні. Сухі асенні вецер гоніць міма бурую касую заслону пылу, быццам нейкі брудны дождж. I травы, сярэбраныя і светла-жоўтыя травы Вялікага Паўночнага Захаду, як блаславенне, раскінуліся да самага краю нябёсаў.
Драгеда, Драгеда! Прывідныя эўкаліпты і сонныя волаты — перцавыя дрэвы так і гудуць, поўныя пчалінага зумкання. Вось і жывёльныя двары, свірны і хлявы, складзеныя з жоўтага, як масла, пясчаніку, занадта яркая зелень газона вакол Вялікага дома, асеннія кветкі ў садзе — жоўтафіёль і цынія, астры і вяргіні, аксаміткі і наготкі, хрызантэмы і ружы, ружы... Высыпаны пяском чорны двор, місіс Сміт стаіць на ганку, здзіўлена разявіўшы рот, засмяялася, заплакала, падбягаюць Міні і Кэт, старыя жылістыя рукі ланцугамі абвіваюцца вакол Мэгі, вакол самога сэрца. Тут, у Драгедзе, яе родная хата, і тут яе сэрца — назаўсёды.
Выйшла Фія паглядзець, што за шум.
— Добры дзень, мама, я вярнулася.
Пагляд шэрых вачэй не змяніўся, але пасталелаю сваёю душою Мэгі зразумела: мама радая ёй, проста не ўмее гэтага паказаць.
— Ты пакінула Люка? — папыталася Фія, само па сабе ёй было зразумела, што місіс Сміт і Міні з Кэт маюць не меншае, чым яна, права пра гэта ведаць.
— Пакінула. Я ніколі да яго не вярнуся. Яму нічога не трэба — ні хата, ні я, ні дзеці.
— Дзеці?
— Ага. У мяне будзе яшчэ дзіця.
Тры жанчыны завойкалі, заахалі, а Фія тым самым роўным голасам, што прыкрываў яе затоеную радасць, прамовіла свой прысуд:
— Калі ты яму не патрэбная, правільна зрабіла, што вярнулася дахаты. Мы тут зможам паклапаціцца пра цябе.
Вось і яе колішні пакой, з акна відаць сад і Галоўная сядзіба. А побач пакой Джасціне і таму, хто яшчэ народзіцца. Так добра дома!
Боб таксама ёй абрадаваўся. Жылісты, трохі ўжо сутулы, ён стаў яшчэ болей падобны на Пэдзі, здаецца, сонца насуха прагартавала і скуру яго і косці. У ім чуецца тая самая спакойная сіла духу, але, можа, таму, што ён не абзавёўся вялікаю сям’ёю, на яго твары няма, як у Пэдзі, бацькоўскае спагадлівасці. Падобны ён і на маці. Маўклівы, стрыманы, зусім не схільны дзяліцца сваімі пачуццямі і думкамі. А яму ж даўно ўжо за трыццаць, раптам са здзіўленнем падумала Мэгі, і ён яшчэ ўсё не ажаніўся. Потым прыйшлі Джэк і Х’югі, абодва — дакладная копія Боба, толькі мякчэйшыя, і сарамліва ўсміхнуліся, убачыўшы сястру. Мабыць, у гэтым прычына, падумала Мэгі, зямля зрабіла іх сарамлівымі, зямлі ж не патрэбна красамоўства, свецкая абыходлівасць. Зямлі патрэбна толькі тое, што яны ёй даюць, —маўклівая любоў, бязмежная адданасць.
У той вечар сабраліся ўсе браты Кліры, трэба было разгрузіць фургон з зернем, якое Джымс і Пэтсі купілі ў Джыланбаўне.
— Ведаеш, Мэгі, я зроду не бачыў такое сушы, — сказаў Боб. — Два гады не было дажджу, ні кроплі. I яшчэ напасць — трусы, яны горшыя за кенгаў, жаруць болей травы, чым авечкі і кенгі разам узятыя. Мы спрабуем адмовіцца ад падножнага корму, але ты ж ведаеш, што такое авечкі.
Дзіва што, Мэгі добра гэта ведала. Бязмозгія стварэнні зусім пазбаўленыя здольнасці пра сябе паклапаціцца. Калі іх продкі і мелі нешта падобнае да мазгоў, дык пародзістыя арыстакраты, выведзеныя дзеля найлепшае воўны, страцілі апошні розум. Яны нічога не будуць есці, апрача травы пад нагамі ды галля, зрэзанага з кустоў, што растуць навокал. Але ў Дрэгедзе не хопіць рук нарэзаць удосталь галля, каб накласці поўныя яслі на сто тысяч авечак.
— Напэўна, я вам спатрэблюся? — папыталася Мэгі.
— Яшчэ як! Калі ты зможаш, як некалі, аб’язджаць блізкія выганы, у нас вызваліцца чалавек на рэзку.
Блізняты, як і абяцалі некалі, назусім вярнуліся дадому. У чатырнаццаць гадоў яны развіталіся з вучобаю, ім не цярпелася хутчэй вярнуцца на чарназёмныя раўніны Драгеды. Ужо цяпер яны дзіўна падобныя на старэйшых братоў, гэтаксама адзетыя, на манер усіх жывёлаводаў Вялікага Паўночнага Захаду: фланелевая кашуля і грубыя шэрыя штаны паступова аджылі сваё, іх замянілі белыя малескінавыя брыджы, белая кашуля, шырокі шэры фетравы капялюш з пляскатым верхам, невысокія боцікі для верхавой язды з гумкамі на баку і амаль без абцасаў. Толькі жменька мяшанцаў — жыхароў джыланбаўнскіх ускраін, беручы прыклад з каўбояў амерыканскага «дзікага Захаду», фарсіць у ботах на высозных абцасах і ў «стэтсанаўскіх» капелюшах з верхам памерам вядра на паўтара. Аўчару чарназёмных раўнін такая мода толькі перашкода, нікчэмнае перайманне чужых звычаяў. На высокіх абцасах цераз зараснік кустоў не прадзярэшся, а па зарасніках даводзіцца хадзіць часта. I ў капелюшы з вядзёрным верхам занадта цяжка і горача.
Буланае кабылкі і варанога каня даўно не стала, іх стойлы ў канюшні апусцелі. Мэгі пераконвала, што з яе даволі і простага рабочага каня, але Боб з’ездзіў да Марціна Кінга і купіў ёй двух мяшанцаў — буланую кабылу з цёмнаю грываю і хвастом і даўганогага буланага каня. Чамусьці страта тае буланае кабылкі ўзрушыла Мэгі ледзь не мацней, чым разлука з Ральфам, мабыць, толькі цяпер яна папраўдзе адчула гэтую разлуку; нібыта вось тут стала канчаткова зразумела — ён паехаў, яго болей з ёю няма. Але так добра зноў ездзіць па выганах, калі побач скачуць сабакі, і глытаць пыл, падняты атараю, і глядзець на птушак, на неба, на зямны прастор.
Суш стаяла страшэнная. Колькі помніла Мэгі, лугі Драгеды заўсёды неяк перажывалі засуху, але на гэты раз выйшла іначай. Паміж уцалелымі пучкамі травы віднелася голая зямля, яна спяклася ў цёмную скарынку, парэзаную частаю сеткаю трэшчын, і яны зеўралі, быццам сасмяглыя перасохлыя раты. I ўсё гэта найболей з трусінае ласкі. За чатыры гады пасля ад’езду Мэгі яны надзвычай распладзіліся, хоць, думала яна, і некалі ад іх было нямала шкоды. А тут раптам жыцця зусім не стала. Яны кішма кішаць на выганах і пажыраюць каштоўную траву.
Мэгі навучылася ставіць пасткі на трусоў; не вельмі прыемна глядзець, як стальныя зубы калечаць мілых пушыстых звяркоў, але Мэгі змалку працавала на зямлі і не прывыкла ўвільваць калі трэба, значыць, трэба. Забіваць дзеля таго, каб выжыць, — не жорсткасць.
— Праклятыя помі, патрыёты слінявыя, падбіла нячыстая прывалачы да нас трусоў! — бурчаў Боб.
Некалі трусы ў Аўстраліі не вадзіліся, англічане прывезлі іх сюды як нейкі лірычны напамінак пра радзіму — і яны зусім парушылі экалагічную раўнавагу кантынента; з авечкамі і каровамі гэтага не адбылося, бо іх з самага пачатку гадавалі па ўсіх правілах навукі. У Аўстраліі не было сваіх драпежнікаў, якія перашкодзілі б трусам нястрымна пладзіцца, а прывазныя лісы не прыжыліся. Хочаш не хочаш чалавек сам узяў на сябе ролю драпежніка, але людзей аказалася вельмі мала, а трусоў вельмі многа.