Трэба прызнацца, целам ён жадаў яе яшчэ пасля таго першага пацалунка, але жаданне ніколі не было ў ім такое вострае, такое неадступнае, як любоў; і яму здавалася, гэта не два бакі аднаго пачуцця, адзін з адным не звязаныя. А яна, бедная, заставалася незразуметая, на яе дык не напала такая бяздумная слепата.
Калі б у яго ў гэтую хвіліну быў хоць які-небудзь спосаб збегчы з вострава Матлак, ён уцёк бы ад Мэгі, быццам Арэст ад Эўменід. Але ўцякаць было нельга — і ў яго хапіла мужнасці застацца з Мэгі, а не кінуцца бяздумна бадзяцца ўсю ноч па востраве. Што ж мне рабіць, як загладзіць сваю віну? Я ж і праўда яе люблю! А калі люблю, дык безумоўна таму, што яна вось такая, як цяпер, а зусім не ў кароткую пару яе напалавіну дзіцячай закаханасці. Я заўсёды любіў тое, што ёсць у ёй жаноцкага: бясконцае цярпенне, з якім нясе яна цяжар свайго лёсу. Дык вось, Ральф дэ Брыкасар, скінь шоры, пара ўбачыць яе такую, якая яна ёсць, а не якая была некалі. Шаснаццаць гадоў назад, шаснаццаць доўгіх, няпраўдападобных гадоў... Мне сорак чатыры, ёй дваццаць шэсць, абое мы ўжо не дзеці, але мне непараўнана далей да сталасці.
У тую хвіліну, калі я вылез з Робавай машыны, ты вырашыла, што ўсё ясна, усё само па сабе зразумела, ці не праўда, Мэгі? Падумала — нарэшце я здаўся. I яшчэ не паспела апамятацца, як мне давялося паказаць табе, што ты памылілася. Я разарваў тваю ружовую мару на шматкі, нібыта брудную анучу. Ох, Мэгі, што ж я з табою зрабіў? Як я мог быць такім сляпым, такім чэрствым сябелюбцам?
Вось прыехаў цябе пабачыць — і ані нічога не дасягнуў, толькі цябе змучыў. Усе гэтыя гады мы любілі адно аднаго па-рознаму і зусім адно аднаго не разумелі.
А Мэгі глядзела яму ў вочы, і ў яе вачах усё выразней праглядваліся сорам і прыніжэнне; а па яе твары праносіліся цені самых розных пачуццяў, пад канец ён выказаў бязмежны жаль, і тут яна зразумела, як страшна, як жорстка памылілася. I яшчэ горай, зразумела, што ён гэта ведае.
Прэч адсюль, уцякай! Уцякай ад яго, Мэгі, зберажы апошнія мізэрныя рэшткі гонару! Ледзь падумала гэтак, яна ўскочыла і напраўду кінулася ўцякаць.
Яна не паспела выбегчы на веранду — Ральф перахапіў яе, яна з размаху наляцела на яго з такою сілаю, што закружылася сама і траха не збіла яго з ног. I ўсё аказалася дарэмным — цяжкая ўнутраная барацьба, доўгія старанні зберагчы душу ў чысціні і сілаю волі заглушыць жаданне; у адно імгненне Ральф перажыў дзесяць жыццяў. Уся сіла, што драмала ў ім, заглушаная, задушаная, толькі і чакала малога штуршка — і вось выбух, хаос, і розум пакорна схіляецца перад жаданнем, і воля розуму тухне перад воляю плоці.
Рукі Мэгі падняліся і абвілі яго шыю, яго рукі сутаргава сціснуліся ў яе за спінаю; нахіліўшы галаву, ён шукаў губамі яе губы, знайшоў. Яе губы — жывыя, цёплыя, ужо не проста няпрошаны, нежаданы ўспамін; яна абвіла яго рукамі, быццам ніколі болей не выпусціць; цяпер здавалася, яна — воск у яго руках, і цёмная, што ноч, і ў ёй сплецены памяць і жаданне. Напэўна, доўгія гады ён прагнуў вось гэтае хвіліны, прагнуў яе, Мэгі, і адмаўляў яе ўладу, і проста не дазваляў сабе бачыць у ёй жанчыну!
Ці данёс ён яе да пасцелі на руках, ці яны ішлі разам? Яму здавалася — ён яе занёс, а можа, і не; але вось яны абое на пасцелі, і ён адчувае далонямі яе цела і яе далоні на сваёй скуры. О божа! Мэгі мая, Мэгі! Як жа мяне змалку прывучылі думаць, быццам ты — брыдота?
Час ужо не адлічваў секундаў, а хлынуў патокам, і захліснуў яго, і страціў сэнс, засталася толькі глыбіня невядомага дасюль вымярэння, болей праўдзівая, чым сапраўдны час. Ральф яшчэ адчуваў Мэгі, але не як нешта асобнае, хай жа канчаткова і назаўсёды стане яна неаддзельнаю часткаю яго істоты, адзінаю тканінаю, якая і ёсць ён сам, а не нечым, што з ім спаяна — і ўсё ж іншае, асобнае. Ніколі яму ўжо не забыцца сустрэчнага парыву гэтых грудзей, жывата, сцёгнаў, усіх патаемных ліній і складак гэтага цела. Папраўдзе, яна створана дзеля яго, ён жа сам яе стварыў; шаснаццаць гадоў ён ляпіў яе, і сам не здагадваўся, і зусім не здагадваўся, навошта ён гэта робіць. Цяпер ён не помніў, што адмовіўся ад яе некалі, што другі правёў яе да канца па дарозе, якой ён паклаў пачатак, якую сам выбраў і сабе, і ёй, яна ж — яго пагібель, яго ружа, яго стварэнне. Сон, ад якога яму ўжо не прачнуцца, пакуль ён — чалавек з плоці і крыві. О божа літасцівы! Я ведаю, ведаю! Я ведаю, чаму так доўга, так упарта думаў пра яе як пра вобраз без плоці, пра дзіця, калі яна даўно ўжо вырасла з гэтай цеснай абалонкі, — але чаму праз такі жорсткі ўрок адкрылася мне гэтае веданне?
Бо толькі цяпер ён нарэшце зразумеў, што заўсёды імкнуўся не быць усяго толькі чалавекам, мужчынам, — ён жадаў большага, лёсу непараўнана большага, чым даецца звычайным смертным. I вось чым усё кончылася — вось ён, яго лёс, пад яго далонямі, палае і млее разам з ім, жанчына — з мужчынам. Чалавек застаецца чалавекам. Божа літасцівы, няўжо ты не мог збавіць мяне ад гэтага? Я — чалавек і ніколі не стану богам, і маё жыццё, пошукі, спробы ўзвысіцца да большага — усё гэта было самаашуканне. Няўжо ўсе мы, слугі царквы, аднолькавыя і кожны прагне сам стаць богам? I таму адмаўляемся мы ад адзінага акта, які даказвае нашу чалавечую сутнасць?
Ён мацней абняў яе, вачыма, поўнымі слёз, пры слабым святле ў прыцемку прыгледзеўся — твар у яе ціхі, пяшчотныя губы прытуліліся, уздыхнулі дзіўна і шчасліва. Яна апляла яго рукамі і нагамі — жывымі, гнуткімі шаўкавістымі цянётамі, пакутліва, неразрыўна; ён унурыўся тварам у яе плячо, прытуліўся шчакою да яе пяшчотнае шчакі і без памяці аддаўся шалёнаму парыву, быццам змагаўся з самім лёсам. Думкі мітусіліся, мяшаліся, свядомасць затухла, і зноў асляпляльная ўспышка; на імгненне ён апынуўся ў сярэдзіне сонца, і вось бляск цямнее, шэрае змярканне, цемра. Гэта і значыць быць чалавекам, мужчынам. Большага не дадзена. Але боль не ад гэтага. Боль — у апошнім імгненні развязкі, у незваротнай, апусташальнай, безнадзейнай свядомасці: асалода знікае. Нясцерпна з ёю расстацца — расстацца цяпер, калі яна яму належыць, бо ён сам стварыў яе дзеля сябе. I ён адчайна, папраўдзе як тапелец за саломінку, хапаецца за яе, і неўзабаве новы вал, прыліў, які так хутка стаў знаёмы, падымае яго, і ён пакараецца нязведанаму чалавечаму наканаванню — наканаванню мужчыны.
Што такое сон — пыталася ў сябе Мэгі. Блаславенне, перадышка ў жыцці, водгалас смерці ці дакучлівая патрэба? Як бы там ні было, Ральф скарыўся — і спіць, прытуліўшыся галавою да яе пляча, абхапіўшы яе адною рукою, быццам нават у сне сцвярджаючы, што яна належыць яму. Яна таксама стамілася, але не дазволіць сабе заснуць. Быццам баіцца патураць розуму: раптам, калі вернешся да рэальнасці, Ральфа ўжо побач не будзе. Спаць яна можа пасля, калі прачнецца ён і гэтыя загадкава сціснутыя прыгожыя губы вымавяць першыя словы. Што ён ёй скажа? Ці пашкадуе пра тое, што адбылося? Ці прынесла яна яму такую радасць, што варта было дзеля гэтага ад усяго адмовіцца? Колькі гадоў ён змагаўся, не паддаваўся гэтай радасці, і яе прымусіў змагацца; і цяжка паверыць, што вось нарэшце ён ляжыць у яе абдымках — але ж уночы, пакутуючы ад свайго болю, ён гаварыў ёй словы, якімі закрэсліў тое доўгае ад яе адмаўленне.
А яна невыказна шчаслівая, за ўсё жыццё ёй не прыпомніць такога поўнага шчасця. З тае хвіліны, як ён перахапіў яе ў дзвярах, усё стала паэмаю плоці — абдымкі, рукі, целы, невыказная асалода. Я створана дзеля яго, дзеля яго аднаго... Вось чаму я амаль нічога не адчувала з Люкам! Яе несла дзевятым валам амаль ужо нясцерпнага жадання, і заставалася толькі адна думка — аддаць яму ўсё, усю сябе, гэта важней за само жыццё. Няхай ніколі, ніколі ён ні пра што не пашкадуе. Ён пакутаваў ад такога болю! Былі імгненні, калі і сама яна адчувала гэты боль. I ад гэтага станавілася яшчэ шчаслівейшая: ёсць жа і справядлівасць у тым, што яму балюча!
Ральф прачнуўся. Яна зазірнула яму ў вочы — і ў іх сіні ўбачыла тую самую любоў, што сагравала яе з дзяцінства, надавала сэнс яе існаванню, і з любоўю — непамерную, непраглядную стому. Тую, што азначае: стомлена не дела, без сілы засталася душа.