Цяпер была яе чарга задумацца — ад таго, што яна адкажа, залежыць яго рашэнне. Ці мае права чалавек наводзіць другіх на дарогу, якая невядома куды вядзе і невядома чым кончыцца? У яе адзін клопат — Мэгі, і, шчыра кажучы, яе ані не трывожыць, што стане з гэтым архіепіскапам. На свой лад ён не лепшы за Люка. Рвецца да нейкае свае вельмі мужчынскае мэты, і няма калі яму ці няма ахвоты паставіць на першае месца жанчыну; хапаецца за мару, гоніцца за прывідам, які, мусіць, толькі і жыве ў яго дзівацкай галаве. Прагне нечага не болей трывалага, чым вось гэты дым цукровага завода, што рассейваецца ў гэтым душным, прапахлым патакаю паветры. А яму болей нічога не трэба, і ён растраціць сябе і ўсё сваё жыццё на гэтую марную пагоню.
Як бы многа ні значыла яму Мэгі, здаровы сэнс яму не здраджваў. Нават дзеля Мэгі — а Эн ужо пачынала верыць, што ён любіць Мэгі болей за ўсё на свеце, апрача гэтай свае незразумелае мары, — не паставіць ён на карту магчымасць рана ці позна авалодаць тым, чаго так прагне. He, ад гэтага ён не адмовіцца нават дзеля Мэгі. I, значыць, калі сказаць яму, што Мэгі цяпер у якім-небудзь шматлюдным курортным атэлі, дзе яго, Ральфа дэ Брыкасара, могуць пазнаць, ён да яе не паедзе. Ён дык лепей за ўсіх разумее, што не застанецца незаўважаны ў любым натоўпе. Эн аблізала перасохлыя губы.
— У Мэгі домік на востраве Матлак.
— Дзе?
— На востраве Матлак. Гэта курорт каля праліва Уітсандзі, вельмі зацішны куточак. У гэтую пару года там не бывае ні душы. — I не вытрывала, дадала: — He трывожцеся, вас ніхто не ўбачыць!
— Вельмі ўцешна. — Ціхенька, асцярожна ён перадаў Эні соннае дзіця. — Дзякуй вам. — Ён пайшоў да лесвіцы. Потым азірнуўся, паглядзеў з хваляваннем, амаль з мальбою. — Вы глыбока памыляецеся. Я хачу толькі ўбачыць Мэгі, і болей нічога. Ніколі б я не зрабіў нічога такога, што можа загубіць яе душу.
— I вашу таксама, праўда? Што ж, едзьце пад выглядам Люка О’Ніла, яго там чакаюць. Тады ні вам, ні Мэгі напэўна няма чаго баяцца скандалу.
— А раптам ён таксама прыедзе?
— I не падумае. Ён выправіўся ў Сідней і не вернецца да сакавіка. Пра тое, што Мэгі на Матлаку, ён мог дазнацца толькі ад мяне, а я яму пра гэта не сказала, ваша праасвяшчэнства.
— А Мэгі чакае Люка?
— О не! — Эн нявесела ўсміхнулася.
— Я нічым не хачу ёй нашкодзіць, — настойліва сказаў Ральф. — Я толькі хачу ненадоўга ўбачыць яе, вось і ўсё.
— Я гэта добра ведаю, ваша праасвяшчэнства. Але папраўдзе вы зрабілі б ёй куды меней шкоды, калі б хацелі большага, — сказала Эн.
Калі старая Робава машына, чмыхаючы і лапочучы, пад’ехала па дарозе, Мэгі, як заўсёды, стаяла на верандзе і памахала яму рукою — знак, што ўсё ў парадку і ёй нічога не трэба. Роб прыпыніў машыну на звычайным месцы і толькі стаў заварочвацца, як з яе выскачыў чалавек у кашулі, шортах і сандалях, з чамаданам у руцэ.
— Шчасліва, містэр О’Ніл! — крыкнуў, ад’язджаючы, Роб.
Але ніколі болей Мэгі не зблытае Люка О’Ніла і Ральфа дэ Брыкасара. Гэта не Люк — нават зводдаль, у вячэрніх прыцемках нельга памыліцца. I вось яна стаіць ашаломленая і глядзіць, як ідзе да яе па дарозе Ральф дэ Брыкасар. Ага, значыць, усё-такі яна яму жаданая? Інакш чаго б яму прыязджаць да яе ў такое месца пад імем Люка О’Ніла.
Яна аслупянела, не слухаліся ні ногі, ні розум, ні сэрца. Вось ён, Ральф, ён прыйшоў да яе, чаму ж яна нічога не адчувае? Чаму не бяжыць насустрач, не кідаецца яму на шыю, чаму няма тае бязмежнае радасці, калі забываешся пра ўсё на свеце? Вось ён, Ральф, а толькі ж ён у жыцці ёй і патрэбен — хіба яна не старалася цэлы тыдзень пераконваць сябе ў адваротным? Няхай ён будзе пракляты, хай будзе пракляты! Якога ліха ён заяўляецца якраз цяпер, калі яна стала нарэшце выцясняць яго калі не з сэрца, дык хоць з думак? А цяпер усё пачнецца нанава! Аглушаная, злосная, упацелая, яна стаяла і тупа чакала і глядзела, як ён, высокі, зграбны, падходзіць бліжэй.
— Добрага здароўя, Ральф, — сказала яна скрозь зубы, не гледзячы яму ў вочы.
— Добрага здароўя, Мэгі.
— Занясі свой чамадан у пакой. Хочаш чаю? — сказала яна, гэтаксама не гледзячы, і пайшла паперадзе яго ў гасцёўню.
— З задавальненнем вып’ю, — такім самым ненатуральным, нацягнутым тонам адазваўся Ральф.
Ён прайшоў за ёю на кухню і глядзеў, як яна завіхаецца — наліла з-пад крана гарачай вады ў чайнік на заварку, уключыла электрычны чайнік, дастала з буфета кубкі, сподачкі. Падала яму вялікую пяціфунтовую каробку пячэння, ён высыпаў на талерку прыгаршчы, другія. Электрычны чайнік закіпеў. Мэгі выплюхнула ваду з маленькага чайніка, заварыла свежага чаю. I пайшла з чайнікам і талеркаю пячэння ў гасцёўню, Ральф панёс за ёю сподачкі і кубкі.
Усе тры пакоі адзін пры адным, спальня па адзін бок гасцёўні, кухня па другі, за кухняю — ванна. У доміку дзве веранды, адна ад дарогі, другая — ад берага. Седзячы насупраць, кожны мог глядзець не ў вочы другому, а некуды ўдалечыню. Сцямнела раптоўна, як заўсёды ў тропіках, але ў рассоўныя дзверы ўліваліся мяккае цёплае дыханне ветру, нямоцны плёскат хваляў, далёкі шум прыбою каля рыфа.
Яны моўчкі пілі чай, да пячэння не дакрануліся — не лезла ў горла; дапіўшы чай, Ральф перавёў вочы на Мэгі, а яна неадчэпна глядзела, як дурасліва махае лістамі маладзенькая пальма каля веранды, што выходзіла на дарогу.
— Што з табою, Мэгі? — папытаўся ён так ласкава, пяшчотна, што сэрца ў яе шалёна закалацілася і ледзь не разарвалася ад болю: папытаўся, як, бывала, некалі, як пытаецца дарослы чалавек у малога дзіцяці. Зусім не дзеля гэтага ён прыехаў на Матлак, каб убачыць сталую жанчыну. Ён прыехаў пабачыць маленькую дзяўчынку.
І любіць ён маленькую дзяўчынку, а не сталую жанчыну. Жанчыну ў ёй ён зненавідзеў з першае хвіліны, ледзь толькі Мэгі перастала быць дзіцем.
I яна адвярнулася ад пальмы, падняла на яго здзіўленыя, зняважаныя, гнеўныя вочы — нават цяпер, нават у гэтую хвіліну! Час спыніўся, яна не зводзіла з яго вачэй, і ў яго перахапіла дыханне, ашаломлены, ён міжволі сустрэўся з дарослым, жаночым паглядам гэтых празрыстых вачэй. Вочы Мэгі. О божа, вочы Мэгі!
Ён сказаў Эн Мюлер тое, што думаў, ён і напраўду хацеў толькі пабачыць Мэгі, не болей. Ён любіў яе, але зусім не дзеля таго ён прыехаў, каб стаць яе палюбоўнікам. Толькі ўбачыць яе, пагаварыць з ёю, быць ёй сябрам, пераначаваць на кушэтцы ў гасцёўні і яшчэ раз паспрабаваць вырваць з коранем вечную цягу да яе — ён здаўна зачараваны ёю, але, можа, калі дастаць гэтыя дзіўныя чары на свет божы, ён зможа сабрацца з духам і назаўсёды вызваліцца.
Нялёгка асвоіцца з гэтаю новаю Мэгі, у якое высокія грудзі, тонкі стан і пышныя клубы, але ён асвоіўся, бо зазірнуў ёй у вочы, і там, быццам лампада ў свяцілішчы, ззяла яго колішняя Мэгі. У непазнавальным целе, якое трывожна перамянілася, — той самы розум і тая самая душа, што неадольна прыцягвала яго з першае сустрэчы; і пакуль ён пазнае іх у яе паглядзе, можна прымірыцца з новаю абалонкаю, перамагчы цягу да яе.
Ён і ёй прыпісваў тыя самыя сціплыя жаданні і мары і не сумняваўся, што нічога іншага ёй ад яго не трэба, так ён думаў аж да нараджэння Джасціны, калі Мэгі раптам накінулася на яго, быццам раз’юшаная кошка. Дый тады, ледзь аціхлі гнеў і крыўда, ён вытлумачыў гэтую ўспышку яе пакутамі, болей духоўнымі, чым цялеснымі. Цяпер ён нарэшце ўбачыў яе такую, якая яна стала, і цяпер з дакладнасцю да секунды мог сказаць, калі адбылася перамена і Мэгі першы раз паглядзела на яго вачыма не дзіцяці, а жанчыны — у тую сустрэчу на драгедскіх могілках, у дзень нараджэння Мэры Карсан. У той вечар, калі ён растлумачыў, што не мог на балі быць да яе ўважлівейшым — раптам падумаюць, быццам ён па-мужчынску закахаўся ў яе. Яна неяк дзіўна паглядзела на яго тады і адвярнулася, а калі зноў паглядзела, незразумелага выразу ў вачах ужо не было. I толькі цяпер ён зразумеў, што з таго часу яна бачыла яго ў іншым святле; і яе пацалунак тады быў не мімалётнаю слабасцю, пасля чаго яна зноў стала абыходзіцца з ім, як і да гэтага, —гэта яму толькі здавалася. Ён старанна ашукваў сябе, цешыўся з гэтага самаашукання, з усяе сілы прыладжваў яго да свае раз і назаўсёды выбранай дарогі, адзяваўся ў самаашуканне, як у валасяніцу. А яна тым часам чыста па-жаноцку абстаўляла і ўпрыгожвала сваю любоў, быццам віла гняздо.