Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вось і ўсё, Мэгі О’Ніл. Бо я Мэгі О’Ніл, а не Мэгі дэ Брыкасар. Мэгі дэ Брыкасар — і гучыць яно непрыгожа. Трэба было б называцца Мэген дэ Брыкасар, а я заўсёды цярпець не магла імя Мэген. Ох, напэўна, я ніколі не перастану шкадаваць, што ў мяне няма дзяцей ад Ральфа! У гэтым уся сутнасць, ці не так? Паўтарай сабе, паўтарай бясконца: у цябе сваё жыццё, Мэгі О’Ніл, і няма чаго траціць яго на пустыя мары пра тое, каго ты не зможаш мець мужам, і пра дзяцей, якіх у цябе не будзе.

Вось як! Будзь ласкава, завучы гэта! Няма ніякага сэнсу думаць пра тое, што прайшло, пара паставіць на гэтым крыж. Будучыня — вось што важна, а будучыня — гэта Люк і Люкавы дзеці. У будучыні няма месца Ральфу дэ Брыкасару. Ён застаўся ў мінулым.

Мэгі павярнулася, легла ніцма, уткнулася тварам у пясок і заплакала, як не плакала з таго часу, калі ёй мінула чатыры гады, — моцна, наўзрыд, і толькі крабы ды птушкі чулі гэты выбух адчаю.

Эн Мюлер знарок выбрала Мэгі востраў Матлак і збіралася пры першай магчымасці паслаць туды Люка. He паспела Мэгі паехаць, як Эн дала Люку тэлеграму: ён неадкладна патрэбен Мэгі, калі ласка, няхай хутчэй прыязджае. Зусім не ў характары Эн было ўмешвацца ў чужыя справы, але яна любіла і шкадавала Мэгі, любіла капрызную ўпартую малечу — дачку Мэгі і Люка. Маленькай Джасціне патрэбна хата, патрэбны бацька і маці. Цяжка будзе з ёю расстацца, ды лепей разлука, чым цяперашняе жыццё Мэгі і дзіцяці.

Люк прыехаў праз два дні. Ён якраз выправіўся ў Сідней, на рафінадную фабрыку, нядоўга было зрабіць па дарозе невялікі круг. Пара ўбачыць сваё дзіця; калі б нарадзіўся ў яго сын, Люк адразу прыехаў бы на яго паглядзець, але вестка, што нарадзілася дзяўчынка, была яму жорсткім расчараваннем. Калі ўжо Мэг абавязкова патрэбны дзеці, няхай хоць нараджае будучых работнікаў Кайнунскай ферме. Ад дзяўчат карысці ні на капейку, чорт бы іх пабраў, адны расходы ды страты: поіш, корміш, а як вырастуць, іх і след прастыў, будуць працаваць на некага другога, не каб сядзець на месцы, як сыны, і памагаць бацьку на старасці.

— Як Мэг? — папытаўся Люк, падымаючыся на веранду. — Спадзяюся, не хварэе?

— Спадзеяцеся? He, яна не хварэе. Зараз усё рас* кажу. Але спачатку пайдзіце паглядзіце на сваю прыгажуню дачку.

Люк зірнуў зверху ўніз на малую — як здалося Эн, з цікаўнасцю, можа, нават з увагаю, але зусім без ласкі.

— Нейкія вочы ў яе дзіўныя, зроду такіх не бачыў, — сказаў ён. — У каго б гэта?

— Мэгі кажа, у яе сям’і ні ў кога такіх няма.

— I ў маёй таксама. Дзіўная дзяўчынка. Можа, у якую-небудзь прабабку ўдалася. На выгляд не вельмі яна вясёлая, га?

— А чаго ёй быць вясёлаю? — ледзь стрымліваючы гнеў, абарвала Эн. — Яна нават ні разу не бачыла роднага бацькі, у яе няма свае хаты і, відаць, не будзе, пакуль яна не вырасце, калі вы не возьмецеся за розум!

— Дык я ж збіраю грошы, Эн! — запярэчыў Люк.

— Лухта! Я ж ведаю, колькі ў вас грошай. Мае сябры з Чартэрс Таўэрс часам мне прысылаюць тамашнюю газету, я бачыла аб’явы, ведаю, пачым прадаецца зямля на захадзе, намнога бліжэй за вашу Кайнуну і ўрадлівейшая. Цяпер жа крызіс, Люк! Вы можаце купіць танна найлепшую сядзібу, на гэта зусім не патрэбна столькі грошай, колькі ў вас у банку, і вы гэта добра ведаеце.

— У тым вось і клопат! Цяпер крызіс, а на захад ад гор, ад Джуні да Айсы, страшэнная засуха. Ужо другі год няма дажджоў, ні кроплі не выпала. Галаву даю на адрэз, цяпер і ў Драгедзе кепска, а як, па-вашаму, вакол Блэкала і Уінтана? He, мне трэба пачакаць.

— Чакаць добрых дажджоў, каб зямля падаражала? Кіньце, Люк! Цяпер сама выгадна купляць. Пры тым, што ў Мэгі надзейныя дзве тысячы на год, вы можаце пратрымацца хоць дзесяць гадоў засухі. Проста пакуль што не заводзьце жывёлы. Жывіце на грошы Мэгі, а калі пачнуцца дажджы, тады і купіце авечак.

— Рана яшчэ мне пакідаць плантацыі, — упарта сказаў Люк гледзячы ў дзіўныя светлыя даччыны вочы.

— А, вось у гэтым і загвоздка! Чаму не сказаць адкрыта, шчыра? Вам не патрэбна ні жонка, ні сям’я, Люк, вам хочацца жыць, як жывяце, без ніякай утульнасці, без жанчын, і надрывацца на працы, як катаржны, палавіна аўстралійцаў такія, я ведаю. I што за краіна такая праклятая, што тут за мужчыны — не жадаюць жыць дома, з жонкамі і дзецьмі, а прызнаюць толькі мужчынскую кампанію! Калі хочаце ўвесь век заставацца халасцяком, на які чорт вам жаніцца? Ведаеце, колькі кінутых жонак у адной нашай акрузе, у Дані? Як яны б’юцца, каб звесці канцы з канцамі і выгадаваць дзяцей без бацькоў? Ён, бачыце, толькі папрацуе на плантацыі, гэта нядоўга, хутка вернецца! Ха! I кожны раз, як прыходзіць пошта, няшчасныя жонкі тырчаць каля варотаў, усё спадзяюцца, можа, нягоднік паслаў ім хоць трошкі грошай. А ён не шле, а калі часам і прышле, дык толькі адчэпнага, каб жонка не зусім ад яго адмовілася.

Эн калацілася ад злосці, заўсёды пакорныя карыя вочы гарэлі гневам.

— Я чытала ў «Брысбен мэйл», Аўстралія займае першае месца ў цывілізаваным свеце па колькасці кінутых жонак, вы ведаеце гэта? Толькі ў гэтым мы і апярэдзілі ўсе краіны, нішто сабе рэкорд, ёсць чым ганарыцца!

— Асцеражней, Эні, я ж не кінуў Мэг, яна цэлая і здаровая і не памірае з голаду. Чаго вы раз’юшыліся?

— Мне моташна глядзець, як вы абыходзіцеся з жонкаю, вось чаго! Дзеля ўсяго святога, Люк, станьце нарэшце сталым чалавекам, успомніце хоць на нейкі час пра свае абавязкі! У вас жонка і дзіця. Дайце ім хату, будзьце мужам і бацькам, а не чужым дзядзькам, ліха на вас!

— Зраблю, усё зраблю! Толькі не цяпер, мне трэба яшчэ гадкоў два для пэўнасці папрацаваць на плантацыі. He хачу я жыць на грошы Мэг, а так яно выйдзе, калі не пачакаць лепшага часу.

Эн пагардліва скрывіла губы.

— А, сабачая брахня! Вы ж з ёю жаніліся з-за грошай, што, няпраўда?

Загарэлы Люкаў твар густа, плямамі, пачырванеў. He гледзячы на Эн, ён сказаў:

— Ну, праўда, я пра грошы таксама думаў, а толькі ажаніўся таму, што яна мне болей за ўсіх падабалася.

— Падабалася! Ды вы яе любілі?!

— Любоў! Што гэта за штука такая — любоў? Выдумкі, бабскія казкі, вось і ўсё. — Ён адвярнуўся ад калыскі, ад дзіўных вачэй, якія амаль палохалі: хто ведае, можа, з такімі вачыма і малое дзіця разумее ўсё, што пры ім гавораць. — Кончылі вы мяне прабіраць? Тады скажыце, калі ласка, дзе Мэг?

— Яна была хворая. Я выправіла яе трохі адпачыць. Ды не палохайцеся вы, не на вашы грошы! Я спадзявалася вас угаварыць, каб вы паехалі да яе, але, відаць, на гэта няма чаго спадзявацца.

— I думаць няма чаго. Мы з Арнэ сёння едзем у Сідней.

— Што сказаць Мэгі, калі яна вернецца?

Ён паціснуў плячамі, яму да смерці хацелася хутчэй змыцца.

— Што хочаце, тое і кажыце. Скажыце, няхай яшчэ трохі пацерпіць. Цяпер, калі ўжо ёй спатрэбіліся дзеці, я не супраць мець сына.

Апіраючыся аб сцяну, Эн падышла да плеценай калыскі, выняла малую, з цяжкасцю дабралася да ложка і села. Люк і не спрабаваў ёй памагчы ці ўзяць дзіця на рукі, здавалася, ён баіцца дачкі.

— Выбірайцеся, Люк! Вы не вартыя таго, што ў вас ёсць. Мне брыдка на вас глядзець. Выбірайцеся да вашага акаяннага Арнэ і праклятага трысця і гніце там спіну колькі ўлезе!

На парозе ён прыпыніўся.

— Як яе назвалі? Я забыўся.

— Джасціна, Джасціна, яе завуць Джасціна!

— Кепскае імя, — сказаў Люк і выйшаў.

Эн паклала дзяўчынку на ложак і залілася слязамі. Хай будуць праклятыя мужчыны, усе мужчыны, апрача Людвіга! Можа, Людвіг таму і ўмее любіць, што ён амаль па-жаноцку пяшчотны і чулы? Можа, Люк праўду кажа і любоў — проста выдумка, бабскія казкі? Ці любіць здольныя толькі жанчыны ды тыя мужчыны, у якіх ёсць нешта жаноцкае? Hi адной жанчыне не ўтрымаць Люка, ні адна і не магла яго ўтрымаць. Таго, што яму трэба, жанчына даць не можа.

Аднак на другі дзень Эн супакоілася і ўжо не думала, што дарэмна старалася. Раніцаю прыйшла ўцешная паштоўка ад Мэгі: ёй так падабаецца востраў Матлак і яна ўжо зусім здаровая! Значыць, гэтая задума дала карысць. Мэгі адчувае сябе лепей. Яна вернецца, калі аціхнуць мусоны, і ў яе хопіць сілы жыць далей. Але Эн вырашыла не расказваць ёй пра размову з Люкам.

91
{"b":"828993","o":1}