Мабыць, толькі таму яе і засмучала адзінота — шкада, што няма каму навучыць яе плаваць. Але ўсё-такі так добра, калі ні ад кога не залежыш! Праўду казала Эн! Колькі Мэгі сябе помніць, яна ніколі адна не заставалася ў хаце. А гэта такая палёгка, такі спакой. I яна ніколечкі не адчувае адзіноты, ніяк не сумуе без Эн і Людвіга, без Джасціны і Люка, першы раз за тры гады яна нават не тужыць па Драгедзе. Стары Роб ніколі ёй не замінае: пад’едзе перад захадам сонца, прыпыніцца воддаль на дарозе, і калі яна прыветліва махне яму з веранды — бачыце, жывая і здаровая, — паварочвае машыну і едзе дахаты, а побач сядзіць яго надзіва мілавідная «гаспадыня», панурая і грозная, быццам гатовы да стральбы кулямёт. Аднойчы Роб пазваніў Мэгі па тэлефоне; ён вязе пару другіх пастаяльцаў катацца на лодцы з зашклёным дном, ці не спакусіць і яе такая прагулянка?
Гэта было як падарожжа на іншую, незнаёмую планету — праз шкло яна зазірнула ў дзіўны, кволы, поўны жыцця свет, дзе, аблашчаныя вадою, раслі, падымаліся з дна дзівосы незвычайнай, нябачнай красы. Выявілася, жывыя каралы афарбаваны зусім не так груба і крыкліва, як сувеніры, выстаўленыя ў вітрынах магазінаў. У вадзе яны пяшчотна-ружовыя, ці шэра-блакітныя, ці колеру кавы з малаком, і вакол кожнае галінкі, кожнага бугарка трапечацца прыгожая яркая вясёлка, быццам нейкі бачны подых. Вялізныя марскія анемоны, добрых дванаццаць цаляў у папярочніку, калышуць махрамі блакітных, чырвоных, аранжавых, ліловых шчупальцаў; белыя рубчастыя ракавіны, вялікія, як камяні, растульваюць апушаныя губы, завабліваюць неасцярожных плыўцоў зазірнуць усярэдзіну, дзе спакусліва мігае нешта яркае, неспакойнае; быццам на ветры, растапырыліся ў вадзе нейкія чырвоныя карункавыя вееры; палошчуцца, калышуцца ярка-зялёныя стужкі водарасцяў. Ніхто з чатырох у лодцы не здзівіўся б, убачыўшы русалку — чаму б і не прамільгнуць шаўкавістым грудзям, хуткаму хвасту ў бліскучай лусцэ, размыўнаму воблаку валасоў, вабнай усмешцы, што зачароўвае маракоў... А рыбы! Тысячамі праносяцца яны пад празрыстым дном, быццам жывыя каштоўныя камяні — круглыя, як кітайскія ліхтарыкі, прадаўгаватыя, як куля, зіхацяць усімі фарбамі, якім вада надае незвычайную яркасць, бляск і чысціню, — адны гараць залатою і пунсоваю лускою, другія — серабрыста-блакітныя, халаднаватыя на выгляд, трэція — яркія плывучыя стужкі, пафарбаваныя страката і груба, як папугаі. Тут і марскі шчупак з носам вострым, як іголка, і тупарылая фахака, і зубастая баракуда, у каралавай пячоры цьмяна відзён марскі акунь з вялізнаю зяпаю, які затаіўся ў засадзе, а адзін раз пад лодкаю павольна, нячутным гнуткім ценем праплыла вялізазная шэрая акула.
— Вы не палохайцеся, — сказаў Роб. — Якія небяспечныя, тыя так далёка на поўдзень не заплываюць, у нас на Рыфе толькі адзін забойца і ёсць — скарпена. Так што па каралах босыя не хадзіце.
Дзіва што, Мэгі радавалася, што паехала. Але зусім не прагнула яшчэ раз выправіцца на такую прагулянку ці заводзіць дружбу з параю, з якою вазіў яе на лодцы Роб.
Купалася, гуляла, грэлася на сонейку. Дзіва, яна не сумавала нават па кнігах, чытаць не хацелася — навокал і без таго нямала цікавага, ёсць на што паглядзець.
Яна ўспомніла параду Роба і стала абыходзіцца без сукенкі. I на першым часе яна асцерагалася, быццам трусік, які ў кожным подыху ветрыку чуе пах дынга: трэсне сучок, грукнецца аб зямлю какосавы арэх з высокае пальмы — і яна кідаецца ў сховішча. Але прайшло некалькі дзён непарушнае адзіноты, і Мэгі супакоілася — праўда, ніхто блізка не падыдзе. Уолтэр не ашукаў, гэты куток належыць ёй адной. I яна забылася на ўсякую баязлівасць. Блукала па сцежках, ляжала на пяску, плюхалася ў цёплай салёнай вадзе і адчувала сябе звярком, які нарадзіўся і вырас у клетцы і раптам апынуўся на волі ў ціхім, сонечным, прасторным і прыветлівым свеце.
Далёка ад мацеры, ад братоў і Люка, ад усяго таго, што бяздумна і без жалю распараджалася яе жыццём, Мэгі зрабіла адкрыццё — ёсць на свеце забава, свабода, бяздзейнасць; і быццам у калейдаскопе, у яе свядомасці сталі складвацца, мяняючы адна адну, зусім новыя думкі і ўяўленні. Першы раз розум яе паглынуты быў не толькі працаю. I яна са здзіўленнем зразумела, што няспынная чыста фізічная праца — самая моцная перашкода, якую здольныя паставіць людзі, каб не даць сабе папраўдзе думаць.
Шмат гадоў назад айцец Ральф аднаго разу папытаўся ў яе, пра што яна думае, і яна адказала — пра тату з мамаю, пра Боба, Джэка, Х’югі і Сцюарта, пра меншых брацікаў і Фрэнка, пра хату, пра працу, пра дождж. Яна змаўчала пра тое, што першае месца ў яе думках заўсёды займае ён, Ральф. Цяпер да гэтага спісу прыбавіліся Джасціна і Люк, Людвіг і Эн, цукровы трыснёг, туга па доме і зноў-такі дождж. I канечне, палёгку, не, болей — выратаванне прыносілі кнігі. Але заўсёды думкі прыходзілі і знікалі без ніякай сувязі і паслядоўнасці, абрываліся, блыталіся; не было ні выпадку, ні ўмення, бо яе ніхто гэтаму не вучыў, спакойна сесці і падумаць — а што ж, па сутнасці, такое яна, Мэгі Кліры, Мэгі О’Ніл? Што ёй трэба? Дзеля чаго яна жыве на свеце? Цяпер яна горка шкадавала, што ёй не хапае такога ўмення, гэтага недахопу не кампенсуеш, колькі б вольнага часу ў яе ні было. I ўсё ж вось ён ёсць, вольны час, спакой, бяздзейнасць, адчуванне здароўя і чыста фізічнага шчасця — можна ляжаць на пяску і паспрабаваць сабрацца з думкамі.
Дык вось, Ральф. Невясёлая, горкая ўсмешка. He вельмі прыемна з гэтага пачынаць, але ж Ральф падобны на бога, ён — пачатак і канец усяму. З таго дня, калі ў чырвоным ад захаду сонца пыле на джыланбаўнскім вакзале ён стаў на калені і ўзяў яе за плечы, ён заўсёды быў у яе думках — і калі нават яна ніколі болей, да самае смерці, яго не ўбачыць, яе апошняя думка на краі магілы будзе пра яго, пра Ральфа. Як гэта дзіўна, што адзін-адзіны чалавек так многа значыць, так многа ў сабе ўвасабляе.
Як яна тады сказала Эн? Трэба ёй і хоча яна ўсяго самага звычайнага — каб былі муж, дзеці, свая хата і нехта, каго любіш! Як быццам даволі сціплыя жаданні, урэшце, амаль ва ўсіх жанчын усё гэта ёсць. Але ці многім жанчынам, у якіх усё гэта ёсць, гэтага і праўда даволі? Ёй дык, здаецца, было б даволі, але, можа, яна так думае таму, што ў яе ўсяго гэтага няма.
Глядзі праўдзе ў вочы, Мэгі Кліры, Мэгі О’Ніл. Табе патрэбен толькі адзін чалавек — Ральф дэ Брыкасар, а яго ты век не атрымаеш. I, аднак, здаецца, з яго ласкі ты страчана для ўсіх другіх мужчын. Што ж, няхай сабе. Будзем лічыць, што мужчыны, любага чалавека нам не дадзена. Застаецца любіць дзяцей і змірыцца з тым, што любіць цябе будуць толькі дзеці. А значыць, застаецца Люк і Люкавы дзеці.
О літасцівы божа! He, ніякі не літасцівы! Што даў мне бог? Адабраў у мяне Ральфа — і толькі. He, мы з госпадам богам не надта любім адно аднаго. I ведаеш што, божа? Ты ўжо не палохаеш мяне, як некалі. Ох, як я баялася цябе, твае кары! Усё сваё жыццё ад страху перад табою я не сыходзіла з дарогі дабрадзейнасці. А куды яна мяне прывяла? Было б ніколечкі не горш, калі б я парушыла ўсе твае запаведзі да адзінай. Ты ашуканец, божа, ты — дух запалохвання. Абыходзішся з намі, як з малымі дзецьмі, толькі і ведаеш, што пагражаць пакараннем. Але болей я цябе не баюся. I зусім не Ральфа трэба мне ненавідзець, а цябе. Няшчасны Ральф ні ў чым не вінаваты, гэта ўсё твая віна. А ён проста жыве ў страху божым, як заўсёды жыла я. Ніколі я не магла зразумець, як ён можа цябе любіць. He разумею, за што цябе любіць.
Але як жа мне разлюбіць чалавека, які любіць бога? Колькі ні стараюся, нічога ў мяне не выходзіць. Ён недасягальны, а я гэтага зразумець не магу. Што ж, Мэгі О’Ніл, як ні круці, а пара ўзяцца за розум. Хопіць з цябе Люка і Люкавых дзяцей, усімі праўдамі і няпраўдамі трэба будзе адарваць Люка ад праклятага цукровага трыснягу і пасяліцца з ім у краі, дзе нават дрэвы не растуць. Трэба будзе заявіць кіраўніку Джыланбаўнскага банка, каб надалей усе твае грошы залічваліся не на Люкава імя, а на тваё, і свой дом, не ахінуты ні адзіным дрэўцам, ты зробіш на гэтыя грошы зручным і ўтульным, бо сам Люк пра гэта і не падумае. I яшчэ на гэтыя грошы ты дасі Люкавым дзецям сапраўдную адукацыю і паклапоцішся, каб яны ні ў чым не мелі патрэбы.