Людвіг Мюлер нарадзіўся ў Аўстраліі, але ў ім выразна адчувалася нямецкая кроў; барвовы твар — ад з’яднанага націску сонца і піва, ледзь не квадратная галава з сівізной, бледна-блакітныя вочы прыбалта. Яму і яго жонцы Мэгі вельмі прыйшлася па душы, яны дзякавалі лёсу за такую памочніцу. Асабліва радаваўся Лудзі — ён бачыў, як павесялела Эн з таго дня, як па доме закружыла гэтая залацістая галоўка.
— Ну, як трыснёг сячэцца, Люк? — пацікавіўся Мюлер, лапаткай накладаючы на сваю талерку яечні з грудзінкай.
— А вы паверыце, калі скажу, што занятак гэты мне вельмі даспадобы? — засмяяўся Люк і таксама наваліў сабе поўную талерку.
Лудзі спыніў на прыгожым твары госця праніклівы позірк і кіўнуў галавой:
— Веру. У вас, на мой погляд, для гэтага і нораў акурат які трэба, і фізічны склад самы раз. I таму настроены вы лепш за іншых, адчуваеце сваю перавагу.
Звязаны сваёй спадчынай — плантацыямі цукровага трыснягу, справай далёкай ад навукі, пазбаўлены надзеі калі-небудзь памяняць адно на другое, Лудзі заўзята ўзяўся вывучаць чалавечую прыроду; ён штудзіраваў вялікія, тоўстыя тамы ў саф’янавых пераплётах з такімі імёнамі на карашках, як Фрэйд і Юнг, Гекслі і Расел.
— Я ўжо думала, вы ніколі не прыедзеце пабачыцца з Мэгі, — сказала Эн, памазком намазваючы на скібачку падсмажанага хлеба расталае топленае масла; толькі ў такім выглядзе можна ў гэтым краі есці масла — усё ж лепш, чым зусім нічога.
— Ды мы з Арнэ вырашылі крыху папрацаваць і па нядзелях. А заўтра перабіраемся ў Інгем.
— Значыць, бедная Мэгі зусім ужо рэдка будзе вас бачыць.
— Мэг усё разумее. Гэта ж толькі гадочкі на два так, а летам будзем рабіць перапынак. Арнэ абяцае на гэты час прыстроіць мяне на рафінадны завод у Сіднеі, і туды я вазьму з сабой Мэг.
— А што вымушае вас так упарта працаваць, Люк? — папыталася Эн.
— Трэба грошай сабраць, каб потым купіць участак на захадзе, дзе-небудзь каля Кайнуны. Мэг вам не казала?
— На жаль, наша Мэгі мала расказвае пра сябе і пра вас. Раскажыце вы нам, Люк.
Утраіх яны сядзелі і слухалі Люка, сочачы за ігрой мускулаў на яго загарэлым энергічным твары, за жывым бляскам ярка-сініх вачэй; з таго імгнення, як перад снеданнем Мэгі раптам убачыла Люка, яна не вымавіла ні слова. А ён усё гаварыў і гаварыў пра цудоўны край недзе за блізкім светам, пра сакавітую траву, пра вялікіх шэрых птушак-бролгаў, што манерна расходжваюць па пыльнай дарозе, адзінай у Кайнуне, пра тысячы тысяч лятучых кенгуру, пра гарачы, сухі жар сонца.
— I недалёкі той дзень, калі добры кавалак усяго гэтага перападзе мне. Мэг таксама ўклала крыху грошай у справу, і, калі і далей наша праца на плантацыях пойдзе такім ходам, больш як чатыры-пяць гадоў мне не спатрэбіцца. Можна і хутчэй, калі задаволіцца ўчасткам горшым, але цяпер я ведаю, колькі магу зарабіць секачом, і мяне бярэ ахвота папрацаваць крыху даўжэй, каб зямелька была ўжо што трэба. — Ён нахіліўся над сталом, абхапіў кубак з чаем шырокімі, у рубцах і шрамах, далонямі. — Ведаеце, днямі я амаль што абагнаў Арнэ. Адзінаццаць тон за адзін толькі дзень!
Ад шчырага захаплення Лудзі прысвіснуў, і яны з Люкам пусціліся разважаць, колькі можна вырабіць за дзень. Мэгі маленькімі глыточкамі піла чай, густы, чарнаваты, без малака. Ох, Люк, Люк! Спачатку казаў гадочкі два, а цяпер ужо чатыры-пяць, і хто ведае, колькі гадоў ён назаве наступны раз, калі пачне строіць планы. Гэтая праца Люку на радасць, справа ясная. Дык ці кіне ён яе, калі надыдзе назначаны час? Ці захоча? Невядома толькі, ці пажадае яна чакаць так доўга, каб даведацца. Мюлеры людзі вельмі добрыя, і праца ў іх не такая ўжо і цяжкая, але калі ёй усё роўна даводзіцца жыць без мужа, дык няма лепшага месца, чым Драгеда. За месяц, што пражыла ў Хімельхоху, яна ні дня не адчувала сябе зусім здаровай — ежа ў рот не лезла, мучылі паносы, не адступалася вяласць і санлівасць, і Мэгі ніяк не магла стрэсці іх з сябе. Раней яна заўсёды адчувала сябе добра, і гэтае, нейкае няпэўнае, недамаганне пачало трывожыць яе.
Пасля снедання Люк памог Мэгі памыць пасуду, потым павёў яе прагуляцца да бліжняга поля цукровага трыснягу і ўсю дарогу толькі і гаварыў што пра цукар, пра трыснёг і як яго сякуць, як дзівосна жыць на свежым паветры, якія ў арцелі ў Арнэ дзівосныя хлопцы і што сячы трыснёг зусім, зусім не тое, што стрыгчы авечак, нашмат лепш.
Яны павярнулі назад і зноў падняліся на ўзгорак; Люк павёў Мэгі ў прыемную прахалоду пад домам, між слупоў-апор. Эн развяла тут цэлую аранжарэю — панастаўляла невялікіх абрэзкаў керамічных труб рознай вышыні і шырыні, насыпала ў іх зямлі і пасадзіла павойныя і раскідзістыя расліны — архідэі ўсіх парод і афарбоўкі, папаратнікі, экзатычную паўзучую і куставую зеляніну. Зямля пад нагамі была мяккая, патыхала смалістай стружкай; зверху, з бэлек, звісалі вялікія драцяныя кошыкі з папараццю, архідэямі і туберозамі; на слупах у гнёздах з кары дрэў раслі рагулькі; вакол труб ярка стракацелі пышныя бегоніі. Тут было любімае сховішча Мэгі, зацішны куток, — адзінае, што палюбілася ёй у Хімельхоху больш за што б там ні было ў Драгедзе. У Драгедзе ніколі не вырасла б так шмат усяго на такім маленечкім участку — вельмі мала там вільгаці ў паветры.
— Як цудоўна тут, Люк, праўда? Як ты думаеш, гады праз два маглі б мы наняць мне домік? Страх як хочацца самой зрабіць што-небудзь такое.
— Чаго табе так закарцела жыць адной у цэлым доме? Ты не Джылі, Мэг, тут жанчыне жыць адной рызыкоўна. У Мюлераў ты на ўсім гатовым. Табе ў іх кепска?
— Мне добра, Люк, наколькі можа быць добра ў чужым доме.
— Паслухай, Мэг, ты ўжо мірыся з тым, што ёсць, пакуль мы не перабяромся на захад. He можам жа мы траціцца — арандаваць дамы і каб ты жыла нідзе не робячы, ды яшчэ грошы адкладаць. Ясна табе?
— Ясна, Люк.
Ён так расхваляваўся, што забыўся нават, чаго павёў яе сюды, пад дом, — хацеў пацалаваць. Замест гэтага ён неяк рассеяна пляснуў яе ніжэй спіны, але чамусьці крышачку занадта моцна і балюча, і пайшоў па дарозе — туды, дзе стаяў яго прыслонены да дрэва веласіпед. Каб пабачыцца з ёю, ён дваццаць міль круціў педалі, абы не траціцца на поезд і аўтобус, і цяпер трэба было зноў націскаць на педалі цэлых дваццаць міль.
— Бедная дзяўчынка! — сказала Эн мужу. — Сваімі рукамі забіла б яго!
Надышоў і мінуў студзень, самы бяздзейны месяц для секараў трыснягу, а Люк не паказваўся. Тады, у свой прыезд, ён нешта прамямліў пра тое, што возьме Мэгі з сабой у Сідней, але замест гэтага паехаў туды з Арнэ адзін. Арнэ быў халасцяк, яго цётка мела свой дом у Разелі, адтуль можна было прайсці пеша (не трэба траціцца на трамвай — яшчэ некалькі медзякоў у скарбонку) да рафінаднага завода. За гэтымі высачэзнымі бетоннымі сценамі, што нагадвалі крэпасць на ўзвышшы, секарам, у якіх былі знаёмствы, заўсёды знаходзілася работа. Люк з Арнэ складалі мяхі з цукрам у роўныя штабелі, а ў вольны час купаліся ў моры, плавалі, каталіся на дошцы на хвалях прыбою.
Мэгі так і засталася з Мюлерамі ў Данглаў і прамучылася ўсё макроцце — так тут называлася пара мусонных дажджоў. Суш доўжылася з сакавіка да лістапада і ў гэтай частцы аўстралійскага мацерыка была не такая ўжо і сухая, але ў параўнанні з макроццем час гэты здаваўся благаславенным. У пару макроцця нябёсы нібы разяўляліся і вылівалі патокі вады — не цэлымі днямі, а парывамі, прыступамі, і ў прамежках між гэтых патопаў усё навокал дымілася парай, вялікія белыя клубы паднімаліся над цукровым трыснягом, над зямлёю, над дзікімі зараснікамі, над гарамі.
Міналі дні, і Мэгі ўсё мацней тужыла па роднай Драгедзе. У Паўночным Квінслендзе, цяпер яна ўжо цвёрда ведала, яна ніколі не адчуе сябе як дома, — магчыма, таму, што амаль усё жыццё пражыла ў сухой мясцовасці. Ёй моташна было ад адзіноты, ад мужавай бяздушнасці, ад неадчэпнага гнятлівага здранцвення і апатыі. Моташна ад гэтай плоймы насякомых і паўзуноў — вялізных жаб, тарантулаў, тараканаў, пацукоў; кожная ноч была ёй пакутай, ніякая сіла не магла іх выгнаць з дому, смяротны страх яны наводзілі на яе. Усе такія вялізныя, агрэсіўныя, галодныя. Больш за ўсё яна ўзненавідзела «дані» — так на мясцовым дыялекце называліся прыбіральні, і гэтак жа гучала памяншальная назва акруговага горада Данглаў — Дані, што было вялікай уцехай тамашнім дасціпнікам і давала ім падставу для бясконцых жартаў і каламбураў. Усё нутро выварочвала ад гэтых даньскіх «дані»; капаць ямы ў тым клімаце было нельга — усё цячэ і расцякаецца, не мінуць брушнога тыфу і іншых кішэчных хвароб. I замест ямы ўжывалі абмазаны варам вялікі бляшаны бак, ад якога ішоў смурод, раі мух асаджалі яго і моцна гулі, а сам ён кішма кішэў чарвямі і рознай іншай поскуддзю. Раз у тыдзень бак вывозілі і замянялі пустым, але раз у тыдзень — гэта вельмі ўжо рэдка.