— Гэта ад сажы і вугальнай гразі, — растлумачыў Арнэ. — Трыснёг трэба спярша абпаліць, інакш не ссячэш.
Ён нахіліўся, падняў з зямлі два вялікія нажы, даў адзін Люку, другі пакінуў сабе.
— Трысняговы разак, — сказаў Арнэ, узважваючы ў руцэ свой нож. — Ім і сякуць трыснёг. Вельмі лёгка ўмеючы, — усміхнуўся ён і стаў паказваць, робячы выгляд, што сячы трыснёг сапраўды лягчэй, чым здаецца.
Люк паглядзеў на смертаносны сякач, які сціскаў у руцэ, зусім не падобны на вест-індскае мачэтэ. Лязо не звужалася на канцы ў тонкае вастрыё, а расшыралася ў двухбаковавостры трохвугольнік, адзін з выступаў якога загінаўся каварным крукам накшталт пеўневай шпоры.
— Мачэтэ занадта малое для паўночна-квінслендскага трыснягу, — сказаў Арнэ, скончыўшы паказваць, як сячы. — А вось гэта — цацачка што трэба, сам убачыш. Вастры толькі часцей. Жадаю ўдачы.
I пайшоў на свой участак, а Люк хвілінку пастаяў у нерашучасці. Потым паціснуў плячамі і ўзяўся за працу. I праз некалькі ўжо мінут зразумеў, чаму занятак гэты пакідаюць рабам і каляровым, якія праз цемнату сваю не ведаюць лягчэйшага спосабу зарабіць на хлеб; акурат як стрыжка авечак, падумаў ён, крыва ўсміхнуўшыся. Нахіліцца, ударыць нажом, моцна ўхапіць непадатлівае сцябло з грувасткай, абвіслай верхавінай, заціснуць у руках, правесці імі па ўсёй даўжыні, збіваючы лісце, акуратна пакласці ў кучу, ступіць да наступнага, нахіліцца, секануць, кінуць яшчэ адно ссечанае сцябло ў кучу...
Трыснёг кішыць усякай нечысцю — пацукамі, звычайнымі і буйнымі, прусакамі, жабамі, павукамі, змеямі ды яшчэ восамі, мухамі, пчоламі... Усяго, што балюча кусае і нясцерпна джаліць, не бракуе. Таму секары спярша абпальваюць трыснёг — лепш ужо чорная гразь ад абвугленых сцяблоў, чым гэтая драпежная напасць сярод жывой зеляніны. I ўсё роўна не абыходзіцца без укусаў, уколаў і драпін. Калі б не чаравікі, ногі Люка пацярпелі б больш за рукі, але ніводзін секар рукавіц не надзене. У іх не так спорна працуецца, а ў гэтай гульні час — грошы. Да таго ж рукавіцы — для мамчыных сынкоў.
Перад захадам сонца Арнэ падаў голасам знак, каб канчалі, і падышоў паглядзець, колькі Люку ўдалося насекчы.
— Ого, братка, някепска! — выгукнуў ён і паляпаў Люка па спіне. — Пяць тон — на першы дзень нядрэнна!
Да барака шлях недалёкі, але трапічная ноч настала імгненна, і яны прыйшлі ўжо ў цемры. He заходзячы ў памяшканне, забраліся галышом у агульную душавую і ўжо адтуль, перавязаўшыся ручнікамі, рушылі ў барак, дзе на стале іх чакалі горы яды: хто-небудзь з арцельшчыкаў па чарзе цэлы тыдзень гатаваў на ўсіх тое, што ўмеў. Сёння на талерках была смажаная ялавічына з бульбай, спечаныя ў прыску праснакі і пудынг з джэмам; секары прагна накінуліся на ежу і з воўчым апетытам аплялі ўсё да апошняй крошкі.
У доўгім, збітым з лістоў рыфленага жалеза пакоі ўздоўж сцен цягнуліся, адзін супраць аднаго, два рады жалезных нараў; уздыхаючы і пасылаючы праклёны трыснягу з такім красамоўствам, якому пазайздросціў бы любы пагоншчык валоў, людзі як былі голыя, так і паваліліся на прасціны з суравога палатна, зашмаргнулі маскітныя сеткі, і за марлевым полагам застылі іх цьмяныя цені.
Арнэ затрымаў Люка.
— Пакажы рукі. — Ён агледзеў яго далоні ў кроватачывых ранках, пухірах і слядах ад джалаў. — Перш-наперш пратры іх сінькай, тады намаж вось гэтай маззю. I мая табе парада: кожны божы дзень вечарам націрай какосавым алеем. Рукі ў цябе здаравенныя, а калі яшчэ і спіна выдужыць, ты станеш яшчэ якім секарам. Праз тыдзень рукі агрубеюць, не так балець будзе.
У дужым і складным целе Люка ўсе мышцы балелі, і кожная па-свойму, але ён адчуваў толькі адзін непамерны, нясцерпны боль. Змазаўшы і перавязаўшы рукі, ён расцягнуўся на адведзеным яму ложку, апусціў маскітную сетку, заплюшчыў вочы, і адразу быццам зніклі ўсе астатнія цесныя, душныя норы. Калі б раней ён хоць на мінуту ўявіў сабе, на што ідзе, ён нізавошта не растрачваў бы сябе на Мэгі; яе вобраз адсунуўся кудысьці ў закуткі свядомасці — пабляклы, непатрэбны і нежаданы. Люк зразумеў: пакуль ён сячэ трыснёг, яму будзе не да Мэгі.
Праз тыдзень, як і было прадказана Люку, рукі яго агрубелі, і ён насякаў за дзень восем тон — абавязковую норму, якую Арнэ патрабаваў ад кожнага члена арцелі. I тады ён наважыў перасягнуць самога Арнэ. Намерыўся зарабляць болын за астатніх, a то і стаць партнёрам шведа. Але найвялікшае яго жаданне было, каб усе глядзелі на яго гэтак, як на Арнэ: Арнэ тут для ўсіх быў амаль як бог, бо ён найлепшы секар ва ўсім Квінслендзе, а значыць, бадай, найлепшы ў свеце. Калі суботнім вечарам секары выпраўляліся ў які-небудзь гарадок, мясцовыя мужчыны наперабой частавалі Арнэ ромам і півам, а жанчыны круціліся вакол яго шумлівым роем. У Арнэ з Люкам аказалася шмат агульнага. Абодва славалюбныя, абодвум вельмі падабаецца, што жанчыны ад іх у захапленні, але захапленнем усё і канчаецца. Ім не было чаго даць жанчынам — усё аддадзена трыснягу.
Для Люка ў такой працы была і прыгажосць, і пакута, гэтага ён, здавалася, прагнуў усё жыццё. Нахіліцца, разагнуцца, зноў нагнуцца ў нейкім рытуальным рытме, быццам удзельнік таінства, недаступнага простым смертным. Таму што, вучыў Люка Арнэ, прыглядаючыся да яго, стаць выдатным майстрам у гэтай справе — значыць, заняць высокае месца ў самым адборным на свеце атрадзе працаўнікоў; куды б ні занёс цябе лёс, ты можаш ганарыцца сабой, упэўнены, што амаль ніхто з тых, з кім сустракаешся, і дня не вытрымае на трысняговай плантацыі. Англійскі кароль і той не вышэйшы за цябе, і, калі б слава твая дайшла да яго, сам манарх прыйшоў бы ў захапленне. Можна з жалем і пагардай ставіцца да дактароў і адвакатаў, да розных пісак і пыхліўцаў. Сячы цукровы трыснёг так, як можа толькі белы чалавек, — сапраўдны подзвіг.
Седзячы, бывала, на краі ложка, Люк адчуваў, як на жылістых руках надзімаюцца буграмі і рабрынамі мускулы, пазіраў на свае мазолістыя, у свежых і старых рубцах далоні, на загарэлыя доўгія і ладныя ногі і ўсміхаўся. Хто можа справіцца з такой работай і не толькі выжыць, а яшчэ і палюбіць яе, той сапраўдны мужчына. Яшчэ пытанне, ці можа англійскі кароль сказаць тое самае пра сябе.
Мэгі зноў убачыла Люка толькі праз месяц. Кожную нядзелю яна пудрыла свой блішчасты нос і апранала прыгожую шаўковую сукенку (усё ж ад камбінацыі і панчох адмовілася — з імі адна пакута) і чакала мужа, а ён не паяўляўся. Эн і Лудзі Мюлер моўчкі назіралі, як згасае яе жвавасць, калі яшчэ адна нядзеля драматычна засцілаецца цемрай, быццам апускаецца заслона перад ярка асветленай, але пустой сцэнай. He сказаць, каб яна гарэла жаданнем бачыць яго, але ж ён належаў ёй, ці яна яму, ці як гэта там лепей сказаць. Ледзь толькі ў Мэгі мільгане думка, што ён зусім забыўся пра яе, у той час як яна ўсе гэтыя доўгія дні і тыдні чакае яго, ледзь толькі падумае пра гэта, яе захлістваюць гнеў, расчараванне, горкае пачуццё крыўды і прыніжэння, смутак. Якія б прыкрыя ні былі тыя дзве ночы ў данглаўскай гасцініцы, яна, прынамсі, была тады для Люка на першым месцы; і цяпер ёй стала ясна: хай бы яна лепш язык праглынула, чым крычала ад болю. У гэтым, бадай што, уся прычына. Яе пакуты данялі яго, атруцілі радасць. Злосць на Люка за яго абыякавасць да яе мук змянілася раскаяннем, і пад канец усю віну яна ўзяла на сябе.
У чацвёртую нядзелю Мэгі не прыбіралася і шлёпала па кухні басанож у безрукаўцы і шортах — гатавала гарачае снеданне Людвігу і Эн — раз у тыдзень яны дазвалялі сабе такую раскошу. Пачуўшы крокі на заднім ганку, Мэгі адвярнулася ад патэльні, на якой шыпела свіная грудзінка, і здзіўлена ўтаропілася на здаравеннага калматага бамбізу, што стаяў на парозе. Люк? Няўжо гэта Люк? Нібы высечаная з каменя статуя. Але статуя ажыла, прайшла па кухні, звонка пацалавала Мэгі і падсела да стала. Мэгі разбіла некалькі яек, выліла на патэльню і падбавіла свініны.
Увайшла Эн Мюлер, ветліва ўсміхнулася, хоць у душы злавала на яго. Нікчэмны чалавек, што ён сабе думаў — на гэтулькі часу закінуў сваю жонку!
— Добра, хоць успомнілі, што ў вас жонка ёсць, — сказала яна. — Хадземце на веранду, пасядзіце са мной і з Лудзі, усе разам паснедаем. Памажыце Мэгі, Люк, занясіце яечню. А кошычак з хлебам я як-небудзь сама, у зубах, занясу.