— Заходзьце, заходзьце! — сказала гаспадыня з характэрным аўстралійскім вымаўленнем.
Мэгі імгненна павесялела — яна рыхтавалася пачуць нямецкі гаварок. Люк паставіў чамадан на падлогу, абмяняўся поціскам рук з гаспадыняй, калі тая зняла правую руку з мыліцы, і панёсся ўніз па прыступках — спяшаўся да зваротнага рэйса аўтобуса. У дзесяць гадзін Арнэ Свенсан будзе чакаць яго каля піўной.
— Як вас завуць, місіс О’Ніл?
— Мэгі.
— Цудоўна. А мяне — Эн, і вы лепш так мяне і завіце — Эн. Мне было вельмі самотна пасля таго, як месяц назад ад нас пайшла дзяўчына, другую памочніцу знайсці цяпер нялёгка, давялося самой неяк упраўляцца. Мы тут толькі ўдваіх, я і Лудзі, дзяцей у нас няма. Спадзяюся, у нас вам спадабаецца, Мэгі.
— Ага, вядома, місіс Мюлер... Эн...
— Хадземце, я пакажу вам ваш пакой. З чамаданам вы справіцеся? Насіць я, на жаль, не вельмі магу.
Пакой быў абстаўлены строга і проста, як і ўвесь дом, але выходзіў на той адзіны бок, дзе позірк не ўпіраўся ў якую-небудзь жывую заслону ад ветру, і на тую ж веранду, што і гасціная, якая між іншым здалася Мэгі нейкай голай — плеценая мэбля, ніякай драпіроўкі.
— Для аксаміту ці паркалю ў нас тут вельмі горача, — паясніла Эн. — Жывём вось так — з трысняговай мэбляй і апранаемся лёгка — абы прыстойнасць захаваць. Давядзецца і вас гэтаму навучыць, a то прападзяце. На вас страх колькі ўсяго панадзявана.
Сама яна была ў блузцы без рукавоў і з вялікім выразам і ў кароценькіх шорціках, з якіх бездапаможна звісалі хворыя, скрыўленыя ногі. Як вокам міргнуць апынулася Мэгі ў такім самым убранні — прыняла часова ад Эн, а там, можа, удасца ўгаварыць Люка купіць ёй што-небудзь такое. Прыніжэннем было тлумачыць, што муж зусім не дае ёй грошай, але затое гэтае абразлівае адчуванне крыху прытупіла пачуццё няёмкасці ад таго, што на ёй цяпер так мала адзежы.
— Што ж, на вас мае шорты выглядаюць прыгажэй, чым на мне, — сказала Эн і працягвала жыва тлумачыць: — Дроў вам Лудзі прынясе, самой калоць вам іх і па лесвіцы цягаць не давядзецца. На жаль, у нас няма электрычнасці, як у тых, што жывуць бліжэй да Данглаў, але ўлады тутэйшыя, як смаўжы, марудлівыя. Магчыма, налета лінію дацягнуць да Хімельхоха, а пакуль што ў нас вось толькі гэтая старая гадасць — печка. Але пацярпіце, Мэгі! Як толькі дадуць ток, у нас умомант паявіцца электрычная пліта, асвятленне і халадзільнік.
— Я прывыкла абыходзіцца без усяго гэтага.
— Так, але там, адкуль вы прыехалі, гарачыня сухая. Тут нашмат, нашмат горш. Я баюся нават, каб вы не захварэлі. Тут у нас гэта часта здараецца з жанчынамі, што нарадзіліся і выраслі не ў гэтай мясцовасці, — нешта з крывёю. Мы, ведаеце, на той жа шыраце на поўдзень ад экватара, як Бамбей і Рангун на поўнач ад яго, — клімат не вельмі спрыяльны ні для чалавека, ні для звера, калі яны не нарадзіліся ў нашых краях. — Эн усміхнулася: — Ох, якая я вам радая! Мы цудоўна з вамі зажывём. Вы кнігі чытаць любіце? Мы з Лудзі проста адарвацца ад іх не можам.
Твар Мэгі заззяў:
— I я таксама!
— Цудоўна! I вы не будзеце сумаваць без такога прыгожага, статнага мужа.
Мэгі прамаўчала. Сумаваць без Люка? I хіба ён такі ўжо прыгажун? Падумала: вось было б шчасце — ніколі больш яго не бачыць. Але ж ён сапраўдны яе муж, і па закону яна павінна да канца жыцця пражыць з ім. Яна ж сама, па сваёй волі, пайшла на гэта, каго ж вінаваціць, акрамя сябе самой? Але, можа, калі набярэцца даволі грошай і збудзецца мара аб ферме ў Заходнім Квінслендзе, яны ўвесь час будуць разам, добра ўладкуюцца, лепш пазнаюць адно аднаго і ўсё пойдзе на лад.
Наогул Люк чалавек не дрэнны і не прыкры, проста вельмі доўгі час пражыў адзін і не ўмее ні з кім дзяліцца. Ён чалавек просты, ідзе напралом да аднае мэты, не ведаючы ні жалю, ні мук сумнення. Тое, да чаго ён усёй душой імкнецца, рэч зусім канкрэтная, рэальная, хоць пакуль што толькі мара, — шчодрая ўзнагарода за ўпартую працу і гатоўнасць ісці на ахвяры. I за гэта яго мімаволі паважаеш. У Мэгі ні разу і ў думках не мільганула, што ён можа патраціць грошы на якія-небудзь свае ўцехі: што думаў ён, тое і гаварыў — грошы будуць ляжаць у банку.
Уся бяда ў тым, што ў яго не было ні часу, ні жадання зразумець жанчыну, ён, відаць, нават не падазрае, што жанчына скроена іначай і ёй патрэбна тое, што яму зусім не патрэбна, як і яму патрэбна тое, што не патрэбна ёй. Што ж, магло быць і горш. Ён мог бы прыстроіць яе на работу ў людзей не такіх ветлівых і ўважлівых, як Эн Мюлер. У гэтым доме на ўзгорку з ёю нічога благога не здарыцца. Але як далёка, ох як далёка адсюль Драгеда!
Драгеда зноў усплыла ў яе памяці, калі яны з Эн абышлі ўвесь дом і спыніліся на верандзе гасцінай, азіраючы далі Хімельхоха. Шырокія плантацыі цукровага трыснягу (усё ж меншыя за авечыя пашы Драгеды, якіх нельга было ахапіць вокам) пышна зыбаліся пад ветрам, няспынна пабліскваючы абмытай да глянцу зеленню, і па адложыстым схіле ўзгорка спускаліся да дзікіх зараснікаў на беразе вялікай ракі, шырэйшай за Баруан. За ракой зноў паката паднімаліся трысняговыя палі — ядавіта-зялёныя квадраты, перасыпаныя крывава-чырвонымі ўчасткамі папару, а далей, каля падножжа высачэзнай гары, уробленыя землі абрываліся, і лясныя нетры канчаткова ўступалі ў свае правы. За спічастай вяршыняй гары ўзнімаліся новыя горныя пікі, паступова расплываючыся ўдалечыні ліловымі плямамі. Сінеча неба тут была ярчэйшая, больш насычаная, чым у іх там, у Джылі, абсыпаная густымі белымі баранчыкамі воблакаў, і фарбы ўсе навокал — жывыя, яскравыя.
— Гара гэта называецца Бартл-Фрэр, — сказала Эн, паказваючы на адзінокую вяршыню. — Шэсць тысяч футаў над узроўнем мора. Кажуць, уся яна — чыстае волава, а здабываць яго немагчыма — скрозь непралазныя джунглі.
Раптоўны парыў ветру дыхнуў на іх моцным, моташлівым пахам, ад якога Мэгі не магла збавіцца з таго імгнення, як сышла з поезда. Пахла нейкай гніллю і не зусім гніллю — да прыкрасці саладжавы, уедлівы, неадчэпны пах, які не слабеў нават пры самым моцным ветры.
— Гэта мелесам пахне — чорнай патакай, — сказала Эн, заўважыўшы, як уздрыгваюць ноздры ў Мэгі, і закурыла цыгарэту «Ардат».
— Вельмі прыкры пах.
— Вельмі. Таму я і куру. Але ў нейкай меры прывыкаеш да яго, толькі, не як іншыя пахі, ён ніколі не вытыхаецца. Дзень пры дні, заўсёды, пахне мелесам.
— А што там за будынкі з чорнымі комінамі, каля ракі?
— Цукраварня. Там з трыснягу вараць цукар-сырэц. Адходы — сухія рэшткі трыснягу, у якіх няма ўжо цукру, называюцца жамерыны. I цукар-сырэц і гэтыя жамерыны адпраўляюць на поўдзень, у Сідней, на далейшую ачыстку. З сырцу вырабляюць мелес, светлую патаку, залацісты сіроп, мяккі карычневы цукар, рафінаваны цукар і вадкую глюкозу. А жамерыны прасуюць у будаўнічыя пліты накшталт фанеры. Нішто не ідзе ў глум, выкарыстоўваецца ўсё да апошняга. Таму вырошчваць цукровы трыснёг вельмі выгадна, нават цяпер, у гэты крызіс.
Арнэ Свенсан быў шасці футаў дзвюх цаляў ростам, акурат як Люк, і таксама вельмі прыгожы мужчына. Цела, заўсёды адкрытае сонечным промням, загарэлае, цёмна-залацістае, на галаве — капа кучаравых валасоў колеру спелай пшаніцы; характэрныя для шведаў рысы твару вельмі падобныя на рысы Люка — адразу відаць, як шмат скандынаўскай крыві цячэ ў жылах ірландцаў, не кажучы ўжо пра шатландцаў.
Люк паспеў змяніць свае малескінавыя штаны з белай кашуляй на шорты. Разам з Арнэ яны селі ў старэнькі, задышлівы адкрыты грузавічок і пакацілі ў Гундзі, дзе арцель секла трыснёг. Ужываны веласіпед, які Люк купіў з рук, і чамадан ляжалі ў кузаве; Люку карцела хутчэй узяцца за працу.
Астатнія члены арцелі працавалі са світання і нават галоў не паднялі, калі ад барака да іх пакрочыў Арнэ, ведучы за сабой Люка. Рабочая адзежа на ўсіх была адна — шорты, чаравікі з тоўстымі шарсцянымі шкарпэткамі і парусінавы капялюш. Прыжмурыўшы вочы, Люк разглядаў секараў — вельмі дзіўнае відовішча. З галавы да ног у вугальна-чорнай гразі, на грудзях, на руках, на спіне — ружовыя палоскі, прамытыя потам.